Tribuna/Бокс/Блоги/«Порою блажь великая»/Хакейнаму «Дынама» зараз можна ўсё: не шкадуюць грошай, хочуць Кубак Гагарына і «забілі» на зборную. Здаецца, гэта не проста так

Хакейнаму «Дынама» зараз можна ўсё: не шкадуюць грошай, хочуць Кубак Гагарына і «забілі» на зборную. Здаецца, гэта не проста так

Не вельмі зразумела, навошта ўсё гэта, але ёсць гіпотэза.

18 октября 2021, 10:37
6
Хакейнаму «Дынама» зараз можна ўсё: не шкадуюць грошай, хочуць Кубак Гагарына і «забілі» на зборную. Здаецца, гэта не проста так

Вось якая гіпотэза.

Такое адчуванне, што беларускі спорт, уласна, як і ўвогуле беларусы, якія забіраюць валюту з банкаўскіх рахункаў, паціху рыхтуецца да «цяжкага паходу». У Паўночнай Карэі – магчыма, узорнай краіне для рэжыму Лукашэнкі – такім высакамоўным словазлучэннем называюць няпростыя часы, у якія нават даводзіцца галадаць. Канешне, наконт голаду я ўтрырую, але ў тым, што цяжкасці набліжаюцца, сумневаў мала. Эканамісты даюць трывожныя прагнозы на наступны год па ВУП, бо тут і санкцыі, і ўзрастаючая здольнасць дзяржкіраўнікоў ламаць дровы, а не толькі іх прадаваць, – цэлы комплекс праблем.

Карацей, спорт зараз не жыруе. У футболе клубам рэкамендавана пераглядзець заробкі гульцоў у адпаведнасці з новымі, больш сціплымі лімітамі. У гандболе, як кажуць, большасць каманд толькі марыць пра 500 долараў. Такое адчуванне, што ўся галіна знаходзіцца ў нейкай дэпрэсіі – і па фінансах, і па выніках. Тых жа футбалістаў ужо надакучыла пляжыць. Пра алімпійскі антырэкорд таксама шмат чаго сказана. Аднак нават у такой сітуацыі ў белспорце ёсць праект, які можна назваць праменьчыкам надзеі і пэўнай аддушынай.

Вось толькі незразумела, для каго створаная гэта надзея і аддушына.

Гаворка, зразумела, пра мінскае «Дынама». Зараз хакейны клуб знаходзіцца ў зусім нетыповым для сябе стане. Калі навокал усім цяжка, то ў «Дынама», здаецца, лепей не прыдумаеш.

Не так шмат мінула часу з той пары, як спадар Баскаў на чале клуба ламаў галаву, дзе б здабыць грошай, – і гэта штурхала да нечаканага. Напрыклад, да думак аб прыватызацыі клуба, няхай тыя фантазіі і гучалі смешна. Але ж трэба было штосьці рабіць, бо пагражалі пазбаўленнем падтрымкі ад «Беларуськалія». Баскаў запрашаў да супрацоўніцтва прыватных прадпрымальнікаў, і ніхто не мог падумаць, што гэта выльецца ў такую вычварную схему: праблемы ў бізнесе або пазбаўленне свабоды – грошы на хакей – палёгка. Перад гэтым сезонам «Дынама» займела сабе ў спонсары сетку гіпермаркетаў «Грын», саўладальнік якой чатыры месяцы правёў за кратамі. У будаўнічай кампаніі А-100 напярэдадні супрацы з кахаэлаўскім праектам у сезоне-2020/21 таксама ўсё было няпроста.

Сёння ў клубе, на зайздрасць усім, не бачна ніякіх прыкмет фінансавых праблем. Там відавочна не эканомяць, але каб сваім шчасцем не раздражняць іншых, на словах дэманструюць ашчаднасць і руплівасць, але ж хто ў гэта паверыць?

Ростэр клуба ломіцца ад легіянераў (іх там ажно 15), а генменеджар дынамаўцаў Андрэй Парфімовіч, па маіх адчуваннях, лісліва прыбядняецца. Маўляў, зарплатны бюджэт крыху перавышае «пол заробкаў» КХЛ, які знаходзіцца на ўзроўні 4,3 мільёна долараў. У гэта можна было б паверыць, калі б селекцыянеры «зуброў» дзесьці адшуквалі зусім невядомых бычкоў – гэтакіх «цёмных кабылак». Але не, падпісваюцца амаль спрэс вядомыя выканаўцы, якія паспрабавалі на смак КХЛ/НХЛ і ведаюць ужо, што такое грошы. Свежы зліў ад «Спорт-Экспрэса» яшчэ больш наводзіць на думку, што дынамаўскі бюджэт досыць прыстойны.

Бо толькі тройка навічкоў – канадзец Тэйлар Бэк і шведы Лукас Бэнгтсан і Мальтэ Стромваль – агулам атрымліваюць пад два мільёны долараў на год: 672, 600 і 557 тысяч адпаведна. Астатнія легіянеры зарабляюць да 350 тысяч на год. Рускія – меней, еўрапейцы і заходнеамерыканцы болей, беларусы, як заўжды, самыя сціплыя. Па прыкідках тэлеграм-канала «Хакейны бульбаш», заробкі зжаруць з бюджэту «Дынама» да 6 мільёнаў долараў у гэтым сезоне. Па мерках КХЛ, вядома, далёка не фантастыка, а па мерках белспорту – проста космас.

Або вы ведаеце зараз праекты, якія могуць за сезон спакойна і без абавязкаў перад Радзімай спаліць такую суму?

Што цікава, раней у дынамаўскім офісе любілі казыраць тым, як умоўнага Чычу падпісалі на больш сціплыя грошы, чым давалі іншыя, бо Мінск – гэта не Расія, а амаль Еўропа, і ўвогуле горад топ-топ-топ. Але ж вядома, колькі сённяшнiя лідары клуба па заробках атрымлівалі ў папярэдніх месцах. Ведаеце колькі? А столькі ж, колькі зараз у «Дынама». То бок менеджары «зуброў» не змаглі выбіць аніякага дысконту, а плацяць гэтак жа, як Стромвалю і Бэнгтсану плаціў фінансава непрыстойны СКА, а Бэку – таксама шчодрая «Магнітка». Зазначым, што першым двум плаціць меней у беларускім шоу-клубе і не маглі, бо правы на іх у Піцера выменьвалі, а таму павiнны былi захаваць умовы кантрактаў. Гэта сведчыць толькі пра тое, што дарагіх гульцоў падпісвалі асэнсавана.

Не дае спакою іншы момант: а чаму расіяне развіталіся з легіянерамі, якія апынуліся пасля ў «Дынама»? Ці не вырашылі, што іх унёсак не адпавядае заробкам? Бэку як раз выдалі такога «кухталя» на развітанне ў Магнітагорску. Або дырэктар клуба пагарачыўся?

У тым, што «Дынама» дазваляе сабе паўтараць выплаты клубаў, што фінансава дамінуюць у КХЛ, як мне падаецца, таксама бачны пэўны адбітак амбіцый. Раней мінчане сціпла марылі пра плэй-оф, ну хаця б пра другі яго раўнд, а зараз разважаюць пра Кубак Гагарына. Прычым у мінулыя сезоны ніхто ад іх такога ўсур’ёз не патрабаваў. Куды больш усіх турбавала іншае пытанне, але цяпер яно адсунутае кудысьці вельмі далёка. Пра гэта пытанне нічагусенькі не чуваць.

Якая карысць ад «Дынама», якое ўсмоктвае значную частку спартыўнага бюджэту краіны, зборнай і беларускаму хакею?

То адвечная дыскусія, ад якой раней шмат у чым залежыла жыццё клуба. Бо клуб імкнуўся разарвацца паміж вынікам і падрыхтоўкай хакеістаў для нацкаманды – і часта здаралася так, што такі падыход заводзіў у турнірную бездань і балельшчыцкі адчай.

У часы, калі пра хакей яшчэ не было сорамна пісаць, пра сэнс жыцця ў клубных босаў рэгулярна пыталіся журналісты «Трыбуны», TUT.BY – ужо тады ад іх тхнула экстрэмізмам. Былі нязручныя людзі і ў «Прэсболе» – не тое, што зараз. Такая цікавасць (а хваляваліся, вядома, не толькі рэпарцёры) пабуджала хакейных босаў шукаць формулу шчасця, разважаць пра тое, як спалучыць беларусаў і легіянераў, у якой прапорцыі, каб усяго дасягнуць і нідзе не праваліцца.

Зараз не бачна, каб такая дылема існавала. На пляцоўку можна выпусціць хоць 12 легіянераў, і спартыўны вынік, трэба прызнаць, такі падыход пакуль дае. Але што гэта дае зборнай Беларусі? Няшчаснай зборнай Беларусі, якая праваліла і чэмпіянат свету, і алімпійскую кваліфікацыю. Той самы Парфімовіч разважаў пра гэтыя няўдачы так, быццам яны ніякім чынам ні яго, ні клуба не датычацца.

Раней было інакш. Менеджэры-папярэднікі змушана шукалі сабе апраўданні, тлумачылі, як гэта «Дынама» не дапамагло зборнай. Але ж цяпер такімі пытаннямі ніхто не дурыць галаву.

Беларускі прадстаўнік у КХЛ цішком разарваў повязь са зборнай і стаў эрзацам беларускага спорту – з’явай, якая беларускі спорт сабой падмяняе, выступае ў ролі яго вонкава прыстойнага ўвасаблення, хоць пры гэтым і мае дачыненне да беларускага спорту аддаленае. «Дынама» не адпавядае ні яго фінансаваму стану, ні сапраўдным мэтам. Або вы лічыце, што гэта сапраўдная мэта белспорту – узяць Кубак Гагарына высілкамі легіянераў?

«Дынама» сваім сённяшнім фармаваннем нагадвае спробу рэабілітацыі – не, не нацызму, барані Божа, а беларускага хакея і спорту ўвогуле. Для такой мэты ўсе абцяжарвальныя дробязі накшталт зборнай і максімальна шырокай гульнявой практыкі для беларусаў адкінутыя ўбок. Адкінутыя, каб у рэшце рэшт можна было сказаць: так, хакеісты ў нас не суперскія, але ж і не толькі прайграюць. Не ўвесь жа час рагатаць праз гэта з Аляксандра Рыгоравіча.

Экс-кіраўніка Нацыянальнага алімпійскага камітэта прыгадваю тут не проста так. Без яго дазволу такі банкет яму ж на радасць быў бы немагчымы. Ну не паверу, што прадпрымальнік Баскаў запусціў руку ва ўласную кішэню і зладзіў зялёны дождж, каб падтрымаць небараку з «Грына». Хаця сенатары – людзі дзіўныя, могуць сабе і не такое дазволіць. Дык вось, такі падарунак Лукашэнку можа быць аплачаны толькі з яго ж згоды, як і па яго волі астатнія клубы і віды спорта зацягваюць паясы. Пакуль астатнія эканомяць, «Дынама» папраўляе рэпутацыю белхакея. Ну а што за гэта трэба крыху пераплаціць – ну і халера з імі, з тымі грашыма. Як кажуць, з сабою грошы на той свет не забярэш.

Праўда, нават гэтыя інвестыцыі па волі лёсу працуюць вельмі па-беларуску. Пару гадоў таму з такімі вынікамі на «Мінск-Арэне» ўсё б бурліла і віравала, кожны неаншлаг быў бы паразай аддзела маркетынгу, а сёння мы маем кавід ды зашквар (затрыманне заўзятара за вокладку пашпарта – добрая ілюстрацыя таго, на чым грунтуецца сённяшні хакейны поспех і ў імя каго ён).

Знаёмыя, якія даўно ходзяць на арэну, звяртаюць увагу на спецыфічнасць цяперашняй дынамаўскай аўдыторыі. Не падобная яна на тую, што сама набывае квіткі. З бясплатнымі запрашэннямі прыязджае люд з розных гарадоў і арганізацый, але нават такія нацыянальныя вымудры не дазваляюць трымаць наведвальнасць на высокім узроўні.

І галоўны заўзятар да гэтага часу так і не выбраўся, каб паглядзець, што там у клуба атрымліваецца. Ну, і для каго ўсё рабілася? Тым больш што ў спорце сітуацыя змяняецца імкліва, яркі моцны адрэзак у «Дынама» ужо выдала, а ці здарыцца новы – невядома.

Дзіўны хакейны праект чакае свайго ўладара, які ўсё ніяк не засвоіць моладзевую мудрасць: хайпаваць і посціцца трэба своечасова. Бо хакеісты і не такое могуць сапсаваць.

Другие посты блога

Все посты