«Порою блажь великая»
Блог

Зборная абыякавых людзей адчувае сваю адзіноту. Ліст да футбаліста, які гуляе за «народ» і «зямлю, на якой нарадзіўся», а гэта нікому не патрэбна

Як нацыянальная каманда аказалася нелегітымнай.

Руслан (Хадаркевiч, гулец салiгорскага «Шахцёра» i зборнай Беларусi – Tribuna.com), вітаю. Вось вырашыў табе напісаць, бо паслухаў тваю гутарку на падкасце «Уся соль», і не тое, каб уразіўся, але штосьці мяне зачапіла, і ў галаве пачалі скакаць розныя думкі. Некаторымі захацеў з табой падзяліцца.

Увогуле, апошнім часам я пішу вельмі абмежаванаму колу людзей: або тым, хто за кратамі, або калегам. Праўда, часам даводзіцца пісаць калегам, якія знаходзяцца за кратамі, і гэта вельмі балюча. Добра, што з дзейных футбалістаў ніхто не сядзіць за палітыку. Росцік Шавель – хлопец, які не так даўно быў паміж дублем і асновай «Гарадзеі» – атрымаў хатнюю хімію, але зараз такое нават не лічыцца.

Хачу адразу падступіцца да галоўнага. Твае словы ідэальна накладаюцца на тое, што раней казаў Мікалай Золатаў, і мы атрымалі пацверджанне сумнага факта: нацыянальная зборная па футболе – вельмі самотная каманда. Магчыма, нават самая самотная ў краіне. Два гульцы зборнай наўпрост канстатуюць, што яна амаль нікому не патрэбная, што яе амаль ніхто не падтрымлівае і нават наадварот.

Руслан, ну як можна было дакаціцца да такога жыцця, каб стаць чужынцамі для ўсіх?

У прынцыпе, гэты феномен ужо атрымаў пэўнае вытлумачэнне, але, на жаль, самі футбалісты зборнай на гэты конт асабліва не разважаюць. Ну хіба што на ўмовах ананімнасці і неяк вельмі ўжо блытана. Вы канстатуеце, што такая з’ява існуе, і даяце зразумець, што яна вас калі і клапоціць, то не надта, і вы і надалей маеце намер адгукацца на запрашэнні з Дома футбола.

Многие беларусы не могут больше болеть за сборную ни в футболе, ни в хоккее, ни где-то еще – и это просто объяснить

После кошмара в Бельгии футболистов лупят и пропагандисты, и те, кто за перемены (никто не щадит!), – вот почему так происходит

Ты, Руслан, тлумачыш сваю адданасць зборнай тым, што гуляеш «за краіну, за народ, якія б там ні былі абставіны ў нас у краіне, усе цудоўна разумеюць, але ў любым выпадку ты гуляеш за зямлю, дзе ты нарадзіўся». Ух, якая шматслойная і парадаксальная фраза ў цябе атрымалася! Парадаксальная яна ў тым, што ты кажаш, што гуляеш за народ, і ты таксама кажаш, што народ вас не падтрымлівае. То-бок можна нават сказаць, што народ не выдаў вам мандата, каб вы яго прадстаўлялі. Атрымліваецца нейкая нелегітымная зборная ў краіне з нелегітымнай уладай – у прынцыпе, гарманічна.

Але, магчыма, я проста не разумею, які народ вы зараз прадстаўляеце. Так, нягледзячы на Год «адзінства» (хаця, хутчэй, гэта год адзіноты перад беззаконнем і каранавірусам), у Беларусі можна налічыць некалькі народаў – той, які за, той, які супраць, і той, які дзесьці паміж з вялікай колькасцю адценняў шэрага. Хачу паказаць табе такое фота, яму дзесьці год (зроблена 19 кастрычнiка 2020-га – Tribuna.com).

Адразу звярні ўвагу на вотармарку TUT.BY (ты чытаў там навіны ці не?). Гэта азначае, што фатаграфія – экстрэмісцкая, і калі ты яе захаваеш або каму перашлеш, барані Божа, то можаш атрымаць або штраф, або суткі. Увогуле, увесь TUT.BY зараз экстрэмісцкі, як і ўся «Трыбуна», таму я нават спадзяюся, што ты гэты ліст і не прачытаеш, каб не было якіх наступстваў.

Тым не менш, бачыш, Руслан, на здымку – беларусы, але пытанне ад таго не здымаецца: за які народ гуляе зборная? За які народ гуляеце вы з Золатавым? А раптам ты чуў пра сітуацыю ў Гродне, дзе людзей затрымалі толькі за тое, што яны не ўсталі падчас выканання дзяржаўнага гімна? Вы гуляеце за тых, хто затрымліваў, або за тых, каго затрымалі?

Ці, можа, вы гуляеце выключна за сябе, проста не хочаце аб гэтым сказаць услых? Тады навошта словы пра народ і зямлю, дзе нарадзіўся?

Я, напрыклад, нарадзіўся ў Маладзечне – гэта прыкладна 80 кіламетраў ад Мінска, у якім нарадзіўся ты. Апошні год пра родны горад я думаю выключна ў такім рэчышчы:

- хлопцы, якія падчас збору подпісаў штурхаліся з нейкімі балаклаўшчыкамі, да гэтага часу сядзяць за кратамі, хаця калі толькі быў агучаны прысуд увосені мінулага года, прысутныя ў залі казалі хлопцам, што яны хутка выйдуць. Не выходзяць;

- кіроўца аўтобуса, якому пасля выбараў у спіну прыляцела светлашумавая граната, аказваецца, быў маладзечанскі. Быў, таму што нядаўна ён памёр – можа, гэта не абмінула тваёй увагі?

- былая аднакласніца працуе настаўніцай і пасля выбараў з мужам трапляла на суткі. Хаця я не ўпэўнены, што яна па-ранейшаму працуе настаўніцай;

- выкладчык, які вёў у мяне гісторыю, быў звольнены з пасады дырэктара, таму што не стаў фальсіфікаваць выбары;

- у дзяўчыны з паралельнага класа, шматдзетнай мамы, муж сядзіць за тое, што не дазволіў сябе збіваць. Завуць яго Аляксей Кудзін – думаю, ты ведаеш гэтага хлопца.

Шкада, Руслан, ты ў падкасце падрабязна не распавёў пра сваю зямлю. Што там зараз адбываецца? Як жывуць людзі? Было б цікава даведацца. Бо пэўнай часткі Мінска, у якім жыў я, больш няма. Штосьці закрылі і забаранілі, хтосьці з’ехаў. Калі б нашыя футбалісты разляталіся па свеце так, як разлятаюцца мае знаёмыя, то была б фантастычная з’ява, а так – з’ява трагічная. Ты адчуваеш гэтую трагедыю?

Заўзятары ў зборнай былі, але яны кудысьці раптоўна падзеліся. Думаю, не памылюся, калі скажу, што сярод зніклых заўзятараў хапае і «пісакаў» з УКантакце, як ты іх называеш, а разам з тым падкрэсліваеш, што табе ўсё роўна на іх. Увогуле, Руслан, твая катэгарычнасць наконт іншых уражвае і не вельмі вяжацца з тваімі ўласнымі паводзінамі. Ты кажаш, што ў нашых людзей няма свайго меркавання (досыць смелае абагульненне), а зборную яны не падтрымліваюць выключна таму, што хтосьці яшчэ заявіў, што не збіраецца рабіць гэта.

А давай прыгадаем мінулы год. Больш за месяц пасля выбараў футбалістам, у тым ліку табе, спатрэбілася, каб выціснуць з сябе патрабаванне спыніць гвалт. Вы нават не наважыліся сказаць, хто яго ажыццяўляе. Не наважыліся нічога сказаць пра самі выбары. За той час, пакуль вы наважаліся, гвалт распачаўся, быў згорнуты, а пасля і запушчаны на новы круг. Дзе тады была твая катэгарычнасць? Дзе тады было тваё меркаванне? У трох словах: «Мы супраць гвалту»? Насамрэч, гэта больш, чым нічога, але і не многа, будзем шчырымі.

Так склалася сітуацыя, што безумоўная падтрымка футбольнай зборнай не гарантавана. Яе, натуральна, можна неяк атрымаць, але для гэтага трэба нешта зрабіць. Самы бяспечны варыянт, у якім дакладна не будзе аніякіх наступстваў акрамя рэпутацыйных, – зганяць на фестываль «Вытокі» з чырвона-зялёным сцягам або павіншаваць правільнага чалавека з днём нараджэння (праўда, тут чакаць амаль год і хакеістаў пераплюнуць будзе складана). І тады вам падгоняць на трыбуны атрад бээрэсэмаўцаў або прадзяржаўных фрык-блогераў, якія атачалі скакуна Недасекава пасля вяртання з Алімпіяды, а той і рады быў.

Але ж чамусьці вы не рухаецеся ў гэтым кірунку.

І ў адваротным не рухаецеся таксама. Вось дзіўна, што ад белфутбола, ад таго крыла, што стаілася, пра сітуацыю ў краіне найбольш сумленна выказаўся Арцём Мілеўскі. Не інтэлектуал, калі меркаваць па яго відэароліках, затое сфармуляваў досыць зразумела: «У мяне жывуць у Беларусі бацькі, і гэтым усё сказана». Можна назваць Мілеўскага баязліўцам, прыстасаванцам, яшчэ нешта прыплесці, але ён гэтага хаця б не хавае. А футбалісты зборнай, атрымліваецца, увогуле не абазначаюць сябе. Магчыма, вы лічыце, што вам не пасуе роля Мілеўскага, але ж на іншыя ў вас таксама не хапае духу.

Яшчэ раз вярнуся да тваёй шматслойнай фразы. Глядзі, які ты прыдумаў зварот, каб замяніць класічнае «вы же сами всё понимаете»: «Якія б там ні былі абставіны ў нас у краіне, усе цудоўна разумеюць». Пакуль вы, футбалісты, не пачнеце казаць пра абставіны наўпрост і неяк праяўляць сваё разуменне – вас не будуць падтрымліваць адны. Пакуль не пачнеце размахваць чырвона-зялёнымі сцяжкамі – вас не будуць падтрымліваць другія. Вы завіслі ў паўпазіцыі, таму атрымліваеце з усіх краёў.

А абыякавым і на зборную абыякава. Нават калі ў ёй гуляюць абыякавыя людзі.

Фота: instagram.com/fcshakhterby

 

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные