Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Адным пофіг, за каго гуляць, а другім пофіг, хто гуляе. Як беларускі спорт жыве без нацыянальнай ідэі

Адным пофіг, за каго гуляць, а другім пофіг, хто гуляе. Як беларускі спорт жыве без нацыянальнай ідэі

9 ноября 2021, 03:00
3
Адным пофіг, за каго гуляць, а другім пофіг, хто гуляе. Як беларускі спорт жыве без нацыянальнай ідэі

Быць беларусам, прадстаўляць нацыю – то не натхненне, а функцыя.

Помню, як студэнтам факультэта журналістыкі пачуў светлую думку спадара Лукашэнкі пра неабходнасць стварыць у Беларусі ўласную ідэалогію. Падумаў тады: да ладна, сур’ёзна? Мяне бянтэжыла пара момантаў. Па-першае, само слова «ідэалогія» гучыць досыць брыдка. Здаецца, толькі выкараскаліся з СССР з яго маніяй канструяваць і навязваць дурнаватыя звышідэі грамадству – і вось калі ласка. І ўвогуле, звычайна, калі ўслых вымаўляеш слова «ідэалогія», як мінімум сам сабе дадаеш слова «таталітарная» – і наадварот. Як правіла, грубымі рукамі за такую тонкую матэрыю хапаюцца аўтакраты, і з улікам схільнасцяў Ляксандра Рыгоравіча не было аніякіх сумневаў, да якой ідэалогіі мы будзем імкнуцца.

Па-другое, тая заява сведчыла, што натуральным чынам нічога за дзесяць гадоў прасветленага кіравання не нарадзілася. Ёсць рэжым Лукашэнкі, і грунтуецца ён выключна на Лукашэнку, а падвесці пад гэта нейкі міф, каб стварыць эпас і веліч, не атрымлiвалася. Таму прыйшлося публічна заяўляць пра такую патрэбу. Ну а калі сядаеш на гаршчок, няхай нават пасудзіна хрустальная, ды пачынаеш жыліцца, вельмі рэдка калі выціскаеш з сябе алмаз. Так у рэжыму і атрымалася. На дно гаршчка ўпала куча ідэолагаў, якія палезлі па ўсіх шчылінах, а ідэалогіі як не было, так і няма.

І гэта даволі яскрава мы пабачылі ў спорце.

Сёння мы дзівімся непрыхаванаму цынізму некаторых спартоўцаў. У зборных, якія толькі называюцца нацыянальнымі, яны выступаюць для тых, хто вышэй, або (і) каб паказаць сябе і атрымаць магчымасць больш зарабляць. На колькасць заўзятараў і стаўленне суайчыннікаў ім пляваць. Павел Сядзько – ідэальная, але не двудушная ілюстрацыя. Крыўдна? Непрыемна? Але ці магло быць іначай?

Добра, калі ў нацыі ёсць повязь, якая аб’ядноўвае большую частку яе прадстаўнікоў. Гэту повязь можна назваць ідэалогіяй, але там, дзе цэняць чалавечае жыццё, звычайна ўжываюць словазлучэнне «нацыянальная ідэя». Якая яна ў беларусаў? На чым грунтуецца? Калегі з «Еўрарадыё» спрабавалі адшукаць адказы на гэтыя пытанні – і ў выніку іх кнігу прызналі экстрэмісцкай. Спроба хоць нейкім чынам асэнсаваць саміх сябе як нацыю ў Беларусі стаіць па-за законам.

Можна верыць толькі ў тое, што навязваецца зверху, але ідэолагі прапануюць такі няўежны паўфабрыкат, які нават у ёлупаў выклікае разуменне, што іх шпігуюць чымсьці зусім непрыдатным. Таму лепей увогуле без ідэалогіі і нацыянальнай ідэі. Вынік – кожны сам за сябе, што мы і бачым у спорце.

Што ж замяшана ў ідэалагічным паўфабрыкаце і што з ім не так?

Вялікая Айчынная вайна вышэйшага гатунку. Здаецца, трэба ганарыцца, але маем фарш са змолатых костак нашых продкаў. Нам прапануюць бразгаць зброяй, але многім наўзамен хочацца смуткаваць. І спартоўцаў спрабуюць натхніць вайной, для чаго водзяць на салдацкія могілкі і мемарыялы напярэдадні буйных стартаў. Але калі іх саміх будуць кідаць у бой гэтак жа, як кідалі дзядоў, то са спаборніцтваў будзе вяртацца адсоткаў 30 ад складу. Астатніх чакае брацкая магіла – і гэта перспектыва так сабе.

У беларусаў шчодра пхаюць савецкія тэзы пра доўг, Радзіму, самаахвяраванне. Аднак цяжка ва ўсё гэта верыць, калі ведаеш пра ГУЛАГ, НКУС, Курапаты. З папраўкай на адукаванасць спартоўцаў можна выказаць і такое меркаванне: варыянт самаахвяравання становіцца не такім прывабным і натуральным, калі маеш доступ да інтэрнэту і чытаеш расследаванні пра карупцыйныя схемы набліжаных да Лукашэнкі бізнесоўцаў, пра тое, як знянацку разбагацелы Баскаў набывае нерухомасць на сотні тысяч долараў, а чыноўнікі будуюць асабнякі ў Драздах. Такія гісторыі адбіваюцца на прыярытэтах. Ды і цяжка прасунуць «Дажынкі» са смажанкамі, калі можна пайсці ў караоке і замовіць добры бургер.

Раней павольна, а ў апошнія месяцы вельмі груба нас штурхаюць у бок самаадданай веры ў святога Лукашэнку. Паводле афіцыйнай міфалогіі, ён стварыў Беларусь і даў беларусам агонь, навучыў перабіраць бульбу і займацца спортам. Вось ужо 27-мы год мы жывем у раі. Але спартоўцы лепш за многіх ведаюць, як працуе боская сістэма. Як цяжка ад яе хоць нешта атрымаць, праз якія прыніжэнні дзеля гэтага трэба прайсці. Бог бывае помслівым, калі за яго своечасова не падпісацца. Ды і бацькі з сябрамі кажуць рознае.

Калі шчыра верыць у гэтага бога, то трэба прызнаць за норму і катаванні над суайчыннікамі, і махлярства на выбарах, і ўвогуле адмовіць сабе ў праве хаця б на нейкае меркаванне. І калі з апошнімі двума пунктамі спартовец можа яшчэ адносна лёгка пагадзіцца ўзамен на пэўныя фінансавыя ўмовы, то першы выклікае інтуітыўную трывогу: а што, калі на месцы тых, каго катуюць, выпадкова апынуся я? Таму падпісацца, вядома, можна, але верыць у такога бога ўсёй душой – выбачайце.

У выніку пасля выбараў высветлілася, што большасць спартоўцаў з заўзятарамі яднае выключна спорт і нічога акрамя яго. Адны праз яго рэалізоўвалі амбіцыі і зараблялі, другія – атрымлiвалі эмоцыі. У прынцыпе, гэтым жа можна займацца і паасобку.

Вось і ўся повязь, за якой няма ніякай глыбіні. Той жа нацыянальнай ідэі, напрыклад. У ёй, як па мне, хаваецца досвед нацыі, яго асэнсаванне і пэўная выснова, як нам з гэтым досведам жыць далей. Нейкія нашыя базавыя ўстаноўкі на развіццё. Гэтая ідэя робіць нас унікальнымі і адмяжоўвае ад іншых нацыянальных супольнасцяў.

Ці існуе такая ідэя на ўзроўні ўсяго беларускага грамадства або нейкай значнай яго часткі? Складанае пытанне. Наша зямля прайшла праз мноства войнаў і трагедый. Былі ў нас і слаўныя старонкі. Да чаго мы праз усё гэта прыйшлі? Ці ўсвядомілі свае памылкі? Ці зразумелі, у чым нашы каштоўнасці? Такія каштоўнасці, наконт якіх усе скажуць: о, ну гэта нам дакладна патрэбна! Мова, ВКЛ, камунізм, Расія або Еўропа, ядраны лукашызм і шмат чаго яшчэ – на ўзроўні грамадства ўсё гэта невытлумачана і вельмі супярэчліва. Ужо амаль 30 год, як мы не можам падступіцца да глабальнага абмеркавання гэтых пытанняў.

Таму ў айчынным спорце такая субстанцыя як нацыянальная ідэя ў колькі-небудзь значнай канцэнтрацыі адсутнічае. Гэта дазваляе спартоўцам, якія быццам бы і прадстаўляюць нацыю, лёгка адмахнуцца ад суайчыннікаў. Увогуле, права прадстаўляць беларусаў без цяганіны надаецца любому чалавеку ў шортах і майцы, які дэманструе хаця б мінімальна прыстойныя вынікі. Больш нічога і не трэба, каб стаць беларусам.

Паглядзіце на хакейнага касмапаліта Грабоўскага. Ён гатовы выдаць пачак свежааформленых беларускіх пашпартоў расіянам, незаптрабаваным дома. Чаму? Навошта? Яны дакладна нашыя? Ды якая розніца! Затое зборная, магчыма, перастане займаць апошнія месцы на чэмпіянатах свету – вось што важна. Наша беларуская супольнасць нават не імкнецца да элітарнасці і не мае ніякага культурніцкага дрэс-коду. Уваход дазволены амаль усім.

Бо беларус у спорце – гэта не грамадзянская, а выключна тэхнічная функцыя без нейкага ментальнага складніка. Магчыма, менавіта таму так цяжка дачакацца ад нашых зборных натхнення. Нават калі ў матчы Лігі нацый супраць грузін футбалісты падчас драматычных падзей на Радзіме маглі згуляць за народ, у выніку згулялі выключна за сябе.

Таму мы назіраем досыць цікавую сітуацыю: адным пофіг, для каго гуляць (Сядзько), а другім пофіг, хто гуляе (Грабоўскі). У прынцыпе, у нейкім сэнсе гэта нават натуральна. Спорт з маленства прывучае да эгаізму, і калі грамадства не здолела данесці сваю ідэю да спартоўцаў, то гэта выключна праблема грамадства.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты