Tribuna/Хоккей/Блоги/«Порою блажь великая»/Беларускі хакей прадае рэшткі гонару. Мы некалі думалі, што там мужыкі, а гэта – сімулянты, горшыя за Неймара

Беларускі хакей прадае рэшткі гонару. Мы некалі думалі, што там мужыкі, а гэта – сімулянты, горшыя за Неймара

Ну і як тут паважаць?

27 декабря 2021, 16:02
1
Беларускі хакей прадае рэшткі гонару. Мы некалі думалі, што там мужыкі, а гэта – сімулянты, горшыя за Неймара

Ну і як тут паважаць?

Маё стаўленне да хакея сфармавалася даўно і ў апошнія гады застаецца такім жа ўстойлівым, як і дасягненні хакейнай зборнай на міжнароднай арэне. Калі коратка, чужы гэта для нас від спорту. Цалкам штучны. Яму ў нашай краіне не спрыяюць ні надвор’е, ні эканоміка. Каб не спартыўная дэвіяцыя Аляксандра Лукашэнкі, упэўнены, хакей у Беларусі знаходзіўся б дзесьці на ўзроўні канькабежнага спорту, арэн у райцэнтрах не было б (а яны там трэба?), а з вялікіх палацаў збудавалі б хіба адзін (і дакладна не пазакінуты хакейны помнік у Бабруйску).

Шчыра дзіўлюся бацькам, якія набываюць амуніцыю дзецям за сотні долараў і цягнуць іх на каток праз увесь горад, наймаюць дадаткова лёд і плацяць трэнерам за прыватныя заняткі. Яны прысвячаюць гэтай справе жыццё і трацяць сур’ёзныя грошы з разлікам, што сын праб’ецца ў НХЛ, ну або як мінімум у КХЛ. У некаторых, трэба прызнаць, гэта атрымлiваецца. І яшчэ не стану адмаўляць, што з хакея можна ладзіць вялікае шоу (у Беларусі абавязкова стратнае) і што ў хакеі могуць здарацца натхняльныя поспехі. Але да гэтых жа поспехаў можна ісці і праз іншыя віды спорту, толькі з меньшымі выдаткамі.

Ну а зараз мяне куды больш чапляе іншае – пэўная амаральнасць, уласцівая хакею ў Беларусі. Не ведаю, як з гэтым у іншых краінах, але менавіта ў нашай з’ява абазначыла сябе досыць кантрастна.

У прынцыпе, разважаць пра этыку і мараль у спорце досыць дзіўна, але натуральна, калі нагледзеўся савецкіх мульфільмаў і цалкам прыняў на веру сцверджанне, што «трус не играет в хоккей» (дзякуй песне Пахмутавай на вершы Дабранравава і Грабеннікава). Вось з гэтага ўсё пачалося.

Песня выставіла да хакеістаў павышаныя патрабаванні. Прывучыла правяраць, ці адпавядаюць яны гэтым патрабаванням, ці годна сябе паводзяць, ці сумленна. І знешняя карцінка доўга была досыць прывабнай (а для некаторых і зараз застаецца такой): здаровыя суровыя дзядзькі, не баяцца траўмаў, не прыкідваюцца на лёдзе і гэтак далей.

Але за ўсім гэтым у Беларусі мільгацяць іншыя праявы.

Яшчэ да выбараў мяне здзіўляла стаўленне хакеістаў да дагаворных матчаў. Злачынцаў, што дурылi партнёраў і заўзятараў, калі хто і асуджаў, то без імпэту. У беларускім футболе хаця б на словах, няхай і вельмі гнутка, займаюць больш непрымірымую пазіцыю, ды і дзейнічаюць больш актыўна пад наглядам УЕФА. А вось у хакеі хітрыкі не выглядаюць чымсьці непрымальным. Махінатараў не караюць вельмі строга і нават імкнуцца выбачыць датэрмінова ледзьве не ўсіх разам. У нячыстых на руку гульцоў не ўзнікае праблем з працаўладкаваннем пасля дыскваліфікацыі – ніякіх наступстваў для рэпутацыі!

Чаму так? Паспрабую адказаць на гэта пытанне крыху ніжэй (насамрэч усё проста), а тут толькі адзначу, што рэакцыя на дагаворныя гульні загадзя сігналізавала пра маральны заняпад, які мы пабачылі ў хакеі пасля выбараў-2020.

У час, калі ў краіне было вельмі горача, са мной звязаўся адзін вядомы гулец, які засвяціўся і ў зборнай Беларусі. Вельмі яго абуралі выказванні прадстаўнікоў розных відаў спорту пра хакеістаў – што ў іх няма яек ды ўсякае такое (бачыце, высокія патрабаванні да «лядовых рыцараў» не толькі ў мяне). У прыватнасці, прэтэнзіі агучваліся да гандбольнага трэнера Канстанціна Якаўлева, які ў спорце «ніхто, але хайпуе». Гулец мне гадзіну тлумачыў, чаму хакеісты маўчаць, але што яны ўсё разумеюць і не ўхваляюць дзеянняў рэжыму. Даводзіў, што яго калегі – нармальныя хлопцы, якія ўсяго толькі кормяць сем’і, і быццам бы толькі гэта іх утрымала ад таго, каб падпісацца супраць гвалту.

Я пацікавіўся ў суразмоўцы, а чаму ён сам не падпішацца як чалавек, які выступае па-за межамі краіны. Але адказ быў абцякальны з такім сэнсам: ну што зараз падпісвацца, калі ўсе лупцуюць хакеістаў? Будзе выглядаць, быццам я прагнуўся, а я прагінацца не хачу.

Ну а праз пару месяцаў мы пабачылі, як нармальныя хлопцы поўнымі складамі сталі падпісвацца за гвалт у дачыненні да бяззбройных беларусаў. Кавалак хлеба раздавіў смельчакоў. Так мы даведаліся, што баязліўцы такі гуляюць у хакей, прычым баязліўцы вельмі сквапныя. Магчымасць зарабіць апраўдвае для іх усё – любы крок і любое бяздзеянне. Уласна, вось чаму і дагаворныя матчы хакейнай супольнасцю ўспрымаюцца лайтова: а што такое? Мы проста рабілі грошы. А выявілася, што тыя, хто здаюць гульні, з лёгкасцю могуць здаць і народ.

Па-другому зараз асэнсоўваю і ячшэ адзін момант, які заўважыў, калі актыўна працаваў рэпарцёрам: хакеісты куды менш гаваркія на фоне прадстаўнікоў іншых гульнявых відаў спорту. Калі яшчэ не было ніякіх рэгламентаў, якія патрабуюць па сканчэнні матча выказвання ад пары-тройкі хакеістаў, яны папросту маглі ўсім складам прадыбаць міма па гумавых дарожках з выглядам, што не чуюць ніякіх воклічаў.

Хакеісты любяць адмаўчацца не толькі пасля матчаў, але і ў вострых сітуацыях. Нейкія канфлікты, праблемы, крыўды не прынята абмяркоўваць у прэсе. Недаплацілі? Маўчы. Незразумела чаму выкінулі са складу? Маўчы. Дурань-дырэктар? Тым больш маўчы!

Напачатку ў гэтым мне бачылася праява мужнасці. Ну як жа, брутальная маскуліннасць або маскулінная брутальнасць – такія асілкі (а ў каньках і ў амуніцыі хакеісты выглядаюць вельмі мажнымi) не жаляцца на лёс. Вядома, яны не плачуць.

Але ў апошні час я падазраю, што справа зусім у іншым, і брутальнасць з маскуліннасцю тут ні пры чым.

Рэсурсы ў беларускім хакеі вельмі абмежаваныя, і каб мець да іх доступ, вельмі важна не выпасці з тусоўкі. Трэба быць, як усе, а рэпутацыя скандаліста, нязручнага чалавека не спрыяе доступу да раздачы. Таму і маўчаць і хакеісты, і трэнеры, і ўсе астатнія. І падпісваюць, што загадаюць. Вы ж не раз чулі пра кармленне з карыта. Вось у хакеі гэта цалкам слушная метафара. Корм – дзяржаўны, барацьба вядзецца нават за яго крыхі. Не трэба думаць, што з карыта ўсім дастаецца пароўну. Але людзі цэняць і магчымасць выхадзіць на лёд, і магчымасць працаваць адміністратарам, і магчымасць патрапіць у трэнерскі склад – усё гэта рэсурс, якога могуць пазбавіць неакуратныя словы. Толькі ўзгадайце, як адразу зжэрлі тых, хто выступіў на баку звычайных людзей у 2020-м.

Пры гэтым хакей дае магчымасць ад аднаго карыта (нават карытца) перакінуцца да іншага, куды больш глыбокага. Упэўнены, пра такі шлях марыць не адзін майстар клюшкі. Узоры – перад вачыма. Калі вельмі старанна маўчаць, а яшчэ лепей – казаць тое, што хочуць пачуць, то можна стаць і бізнесменам, і акцыянерам, і забудоўшчыкам. І атрымаць кавалак зямлі, ільготны крэдыт і іншае спрыянне ў дзелавых і побытавых пытаннях. У Беларусі сапраўдная хакейная кар’ера толькі пачынаецца пасля сыходу з прафесійнага спорту. Толькі трэба адпавядаць пэўным характарыстыкам. Перш за ўсё – сачыць за языком.

Да мінулай серады ў хакеістаў заставалася апошняя дабрадзейнасць, якую яны не зганьбілі – уменне трываць. Без яго не ляжаш пад шайбу, не скінеш крагі, не рызыкнеш праскачыць паміж супернікам і бортам. Нават калі табе выбілі пару зубоў – проста выплюнь і гуляй далей. Гэта хакейны стандарт – рабіць выгляд, што табе не больна, нават калі вельмі баліць.

Але ўсё сапсаваў гімн.

Пасля прыкрай памылкі дыджэйкі «Хартвал арэны» прадстаўнікі хакейнага бамонду пахапаліся хто за сэрца, хто за галаву, хто яшчэ за што, і ўсе разам паваліліся на лёд ды пачалі там выкручвацца, быццам у іх усяліўся д’ябал. Глядзіце, што яны нарабілі, глядзіце, як нам балюча! Але ўсе бачылі, што кантакт быў мінімальны. Можна сказаць, што яго ўвогуле не было.

Калі б Неймар даведаўся пра тую глыбіню пакут, якую на роўным месцы сумелі выціснуць з сябе Баскаў, Башко, Сушко ды іншыя, ён бы зарокся сімуляваць, бо так у яго ні за што не атрымаецца.

Незразумела да канца толькі адно: калі Неймар імітуе падучку дзеля таго, каб зарабіць штрафны або пенальці, то чаго дамагаюцца беларускія хакейныя функцыянеры? Хаця вось мая здагадка: гэта патрэба манетызаваць рэшткі гонару, які беларускаму хакею больш не патрэбны.

Бацькі, ці ў той від спорту вы ведзяце сваіх дзяцей?..

Другие посты блога

Все посты