Tribuna/Гандбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Івуліна змусілі ўзяць удзел у матчы-дамове. Азаронак на яго месцы выглядаў бы куды больш арганічна

Івуліна змусілі ўзяць удзел у матчы-дамове. Азаронак на яго месцы выглядаў бы куды больш арганічна

23 января 2022, 17:23
4
Івуліна змусілі ўзяць удзел у матчы-дамове. Азаронак на яго месцы выглядаў бы куды больш арганічна

Гіены, суддзя-бармен і гісторыя, якую Саша так хаваў.

Я не змог гэтага ні чытаць, ні слухаць, бо з кожным прачытаным ці пачутым словам і сказам мацнела адчуванне, што з’яўляюся сведкам чагосьці ненатуральнага і вычварнага. Чагосьці такога, пра што ў звычайным жыцці неадкладна паведамляюць у міліцыю, каб сістэма абароны грамадства ад зла або проста ад небяспечнай дэвіяцыі ўключылася і прыняла меры. Так паведамляюць пра эксгібіцыяніста, якога заўважылі ў парку побач са школай, або пра чалавека, які ў перыяд жорсткага абвастрэння псіхічнай хваробы ўпхнуў у рукі свайму непаўналетняму сыну аўтамат і загадаў бараніць бацьку ад тых, у каго ён скраў галасы.

На гэта непрыемна глядзець, і хочацца толькі аднаго – каб гэтых людзей спынілі.

Але бяда ў тым, што тэлефанаваць няма каму. Так званая міліцыя ўжо адыграла сваю ролю ў справе майго калегі Сашы Івуліна – пабачыла на яго балконе бел-чырвона-белы сцяг (упэўнены, вельмі прыгожы, наш, родны), якога больш не бачыў ніхто, і абгаварыла на суткі. Так званы Следчы камітэт бліскуча раскруціў крымінальную справу супраць самага папулярнага футбольнага блогера краіны. Так званая пракуратура перадала яе ў так званы суд Савецкага раёна Мінска – і вось па выніках сямі з паловай месяцаў напружанай працы ні ў чым не вінаваты чалавек сядзіць у клетцы перад зладзеямі, і яго вымагаюць апраўдвацца.

Уласна, гэта і ёсць сутнасць сённяшняй так званай праваахоўнай сістэмы Беларусі – караць невінаватых. З задачай яна спраўляецца бліскуча. Сваёй людажэрнасці не саромеецца.

Злодзеі задаюць вельмі складаныя пытанні, з падколкай. Адразу і не знойдзеш, што адказаць. Навошта вам сумленне? Чаму вам не падабаецца, калі вас, вашых сваякоў і сяброў падманваюць? А што вы маеце супраць катавання вашых суайчыннікаў? Як вы маглі абмяркоўваць гэта з іншымі?! 24-гадовая памочніца пракурора Настасся Маліко не разумее, як Івулін дакаціўся да такога дзіўнага светапогляду, і замаўляе ў 32-гадовага суддзі-бармена Сяргея Шацілы (той налівае столькі, колькі просяць, і ніколі не задае лішніх пытанняў) «двушку» у калоніі агульнага рэжыму для выпраўлення.

Маліко і яе босаў у так званай пракуратуры не зацікавілі фальсіфікацыі падчас выбараў-2020. Не зацікавілі факты збіцця беларусаў лукашэнкаўскімі сілавікамі. Утрыманне людзей у быдлячых умовах у розных ІЧУ і ЦIП, цалкам сфабрыкаваныя справы па палітычных матывах, неадэкватнае выкарыстанне неадэкватнага заканадаўства і дзікія прысуды – гэта таксама міма. Проста скажыце: вы прызнаяце сваю віну ў тым, што вам усё гэта не падабаецца? Кожны абірае свой шлях у гісторыю.

Такое немагчыма ні чытаць, ні слухаць без агіды (і не кожны можа агіду здужаць). Тэрмінова трэба кудысьці тэлефанаваць, але дакладна не ў міліцыю.

Сёння так званы беларускі суд прыніжае ўжо тым, што з ім прыходзіцца мець справу. Чаго варта хаця б тое, што да таго ж Шацілы трэба звяртацца выключна «высокі суд». Божухна, гэта фізічна цяжка зрабіць, бо язык, сэрца і розум адзіным фронтам аказваюць супраціў. Я ведаю, пра што кажу, бо бачыў суддзю-бармена ў справе. Падчас працэсу супраць майго таварыша-палітвязня ён і заліпаў у тэлефоне, і нават драмаў, а запомніўся хіба што бліскучымі туфлямі, што тырчалі з-пад мантыі. І, вядома, поўнай салідарнасцю з абвінаваўцай, якой ізноў-такі была Маліко.

І зараз, па сканчэнні працэсу, не магу ўявіць Івуліна ў так званым беларускім судзе. Гэты чалавек і гэтая сістэма – што паміж імі агульнага? Як яны перасякліся ў адным месцы і адным часе? Затое добра ўяўляю ў так званым беларускім судзе Рыгора Азаронка.

Ён бы мог размаўляць з Шацілам і Маліко цытатамі са сваіх праграм – і тое было б цалкам арганічна, натуральна. Упэўнены, што ніхто б не пакрыўдзіўся, бо да праграм Азаронка ні ў так званай пракуратуры, ні ў так званага суда няма пытанняў. На мове арыгінала дыялог можа выглядаць прыкладна так (усё ж такі хацелася б, каб Азаронак і суд аднойчы сустрэліся і нармальна пагаманілі).

– Григорий, вы признаете свою вину по предъявленным обвинениям?

– Извращенцы, убийцы, педофилы.

– Как вы оказались в районе проспекта Независимости в день митинга?

– Грязные лжецы, психопаты, содомиты.

– Что побудило вас принять участие в несанкционированной акции?

– Плесень человечества, дно жизни, бесы.

– Григорий, мы видим, что вы – честный человек. Освободить его немедленно!

У вялікі футбол Івулька прабіўся «по-честноку» (гэтае слова ён піша ў кожным сваім лісце). Прыйшоў у «Крумкачы» пацешным блогерам, але праз трэніроўкі, дзякуючы стараннасці, імпэту і шмат яшчэ якім якасцям, стаў сапраўдным гульцом, на якога, прынамсі, можна было разлічваць у першай лізе.

У так званым беларускім судзе ўсё не «по-честноку». Саша быў змушаны, як і сотні самых годных сыноў і дачок Беларусі, прыняць удзел у матчы-дамове. Саскочыць з гэтай гульні без наступстваў у выглядзе максімальнага тэрміна амаль немагчыма. Калі першых хрысціян выпускалі на арэну Калізея супраць ільвоў з вольнымі рукамі і часам нават са зброяй, то на беларускі судовы «Калізей» палітвязняў выносяць скаванымі ў ланцугі так, што нельга паварушыцца. Можна гаварыць, можна крычаць, але на вынік гэта не ўплывае. Бармен ужо прыняў замову, а на арэну замест ільвоў у Беларусі выбягаюць гіены.

Вельмі шкада, што менавіта ім Санёчак быў змушаны распавесці сакрэт, які так старанна хаваў ад усіх у рэдакцыі і па-за яе межамі – пра свайго цяжка хворага старэйшага брата. Патаемная гісторыя прагучала ў цалкам непрыдатным месцы, яе быццам апаганілі, і ад таго расповед асабліва балюча ўдарыў па сэрцы.

Але хіба словы могуць расчуліць гіен?

Добра, што Івулін – такі чалавек, што да яго нават пырскі ад так званага беларускага суда не ліпнуць. Мовіў апошняе слова, без ліслівасці і самапрыніжэння, зрабіў усё, каб атрымаць найменшы тэрмін, няхай і ні за што. Такая непасрэднасць як раз і робіць Сашу добрым рэпарцёрам: ён не баіцца размаўляць ні з тымі, каго пакрыўдзілі яго тэксты, ні з тымі, хто хоча пакрыўдзіць яго самога.

Думаю, нават пра беларускіх спартсменаў – што яны «класныя, крутыя, цудоўныя», што там шмат «годных асоб» – Івулін казаў цалкам ад душы. І добра, што ў яго ў СІЗА няма сацыяльных сетак. Бо сённяшні ўзровень беларускага футбола адпавядае і ўзроўню смеласці тых, хто ў ім удзельнічае, і колькасці ўзгадак пра прысуд дзеючымі гульцамі вышэйшай лігі ў Instagram – прыкладна каля нуля.

Без інтэрнэту сёння значна прасцей захоўваць веру ў людзей. І ў Сашы наперадзе яшчэ колькі месяцаў такога «шчасця».

Другие посты блога

Все посты