Tribuna/Футбол/Блоги/«Порою блажь великая»/Людажэры ад белспорту выйшлі на міжнародны ўзровень, Недасекаў мае прыкметы дурня найвышэйшага гатунку

Людажэры ад белспорту выйшлі на міжнародны ўзровень, Недасекаў мае прыкметы дурня найвышэйшага гатунку

Простыя словы аб сітуацыі ва Украіне.

7 марта 2022, 05:00
4
Людажэры ад белспорту выйшлі на міжнародны ўзровень, Недасекаў мае прыкметы дурня найвышэйшага гатунку

Простыя словы пра сітуацыю ва Украіне.

Мне піша Зарана з Луцка (ух, якія імёны можна сустрэць ва Украіне! Неяк экскурсію па Львове мне ладзіла Рамана – бабуля гадоў 70, якая проста захацела паказаць замежніку горад). У мужа Зараны я арандаваў кватэру, з іх сынам мой сын займаўся ў адной секцыі дзюдо са смешнай назвай суполкі ў Вайберы «Дзюдзікі». У арандаванай мною кватэры зараз няма мяне, але там ёсць перасяленцы з цэнтральнай Украіны. Так, вайна. Зарану цікавіць, ці разумеюць беларусы, што адбываецца насамрэч на яе Радзіме, і просіць расказваць маім суайчыннікам праўду, каб яны не дазволілі Лукашэнку адправіць беларускія войскі на ўкраінскую тэрыторыю.

Расказаць бы я расказаў, але хто слухаць будзе? Тыя, каму варта было б нешта пачуць, заліплі ў расійскай прапагандзе, якая, як нi дзіўна, ніякім чынам не пагражае нацыянальнай бяспецы Беларусі. Калі ў апошнія дні натыкаюся на рэплікі пра тое, што Пуцін гвалціць Украіну, пра сябе дадаю: дык і Беларусь ён гвалціць, а Расію ўжо згвалтаваў сваёй прапагандай да бяспамяцтва, і тая нават стала адчуваць асалоду. Тут з Віталём Гурковым не паспрачаешся.

Тыя, каму я магу нешта сказаць, і так усё добра ведаюць і разумеюць. Іншая справа, што цывілізаванага інструменту ўплыву на сітуацыю гэтыя людзі не маюць. Пасля так званага рэферэндуму былі мітынгі, былі сотні затрыманняў, але ці ёсць вынік? Ці зменшылася пагроза Украіне з боку Беларусі? Не ўпэўнены, хаця сілавікі Лукашэнкі да гэтага часу не выбраліся за мяжу.

Чалавек, у якога псіхіка больш-менш у парадку, наўрад ці хоча ваяваць. Напрыклад, я па ўласнай ахвоце пайшоў бы на перадавую толькі з адной мэтай: каб дакаціць да крайняга рэдута вазок з Аляксеем Талаем. Так ён ужо перажывае за ДНР і ЛНР, так ужо захапляўся мілітарысцкай прамовай Лукашэнкі, калі той звяртаўся да падданых, што склалася адчуванне, быццам сам збіраецца на фронт, каб выканаць саюзніцкі абавязак перад Расіяй. На шчасце, наўрад ці такое магчыма, хаця час зручны – на Паралімпіяду ехаць не выпадае, можна і паваяваць.

Калі што, я і сам «паралімпіец» ладны – пераканаўся ў гэтым як раз ва Украіне, дзе, пакуль чакаў сям’ю, вырашыў падналегчы на спорт. У Адэсе некалькі месяцаў адхадзіў на бокс. Адразу скажу, што фашыстаў не бачыў, затое бачыў шмат рускамоўных людзей. Большасць з іх казалi, што рускіх яны не чакаюць, і калі што, то будуць Радзіму бараніць. Не схлусілі – у тэрытарыяльную абарону ўжо запісалася каля 100 тысяч чалавек. Знаёмая беларуска, якая жыве ва Львове, разам з мужам разлівае кактэйлі Молатава – сардэчна вітаем, рускі свет!

Нават тыя, хто нарадзіўся ў Расіі (а ў залі бокса былі і такія), зазначалі, што Расія ім не патрэбная. Але многія хлопцы не верылі, што будзе вайна, што напад магчымы. Пацікавіўся нядаўна ў трэнера справамі і атрымаў у адказ усяго два словы: «Ми переможемо!» Раней ён мне пісаў выключна па-руску.

Дай Бог, каб перамаглі.

Ёсць у Адэсе і іншыя рускамоўныя. Яны казалі пра наркамана Зяленскага, пра ўкраінскіх салдат, якія на перадавой гуляюць у рускую рулетку і рагочуць, калі камусьці вышыбае мазгі (дзе яны бяруць гэту інфармацыю, так і не зразумеў), пра тое, што дзяржава патрэбная не для таго, каб клапаціцца пра грамадзян, а каб яе паважалі і баяліся ў свеце. Напэўна, гэта іх зараз «вызваляюць».

У Луцку са мной здарыўся канфуз. Выбіраючы секцыю непадалёк ад дома, купіўся на прыгожую назву – бразільскае джыу-джыцу. Прыкладна ведаў, што гэтая нейкая барацьба, але без дэталяў. Дзяўчына на рэсэпшэне штосьці па-украінску сказала пра зборную. Так, у Луцку ўсе гавораць па-украінску, і гэта нейкае дзіва. Усяго 200 кіламетраў ад Брэста, дзе амаль усе мовяць па-руску, і вось перасякаеш мяжу – і трапляеш у сапраўдную аўтэнтычную Украіну, дзе рускую мову мала хто ведае і ўвогуле з цяжкасцю разумее. Тэрмінова трэба «дэнацыфікаваць», ага.

Дзяўчына на рэсэпшэне штосьці кажа пра зборную, але запэўнівае, што і такая нулёвачка, як я, можа хадзіць. Па зборнай яна ўдакладняе, што гэта не так сур’ёзна, маўляў, звычайныя хлопцы, і гэта мяне супакойвае, але дарэмна. Праз некалькі заняткаў, падчас якіх адчуваў сябе мехам беларускай бульбы, які любы тузае, як яму ўзбрыдзе ў галаву, цікаўлюся ў трэнера, ці не лішні я ў залі. Трэнер адказвае, што не лішні, але тлумачыць, што да чаго: усё ж такі гэта зборная клуба, тут пара чэмпіёнаў Украіны, ён сам браў узнагароды на міжнародных спаборніцтвах. Так выпадкова на ўласны досвед даведаўся, і што такое кімура, і што такое задушэнне, і што такое болевы на локаць. Ну што сказаць – цікавыя адчуванні, тэлевізар дакладна не перадае ўсіх дэталяў. Хаця і задача ў тэлевізара сёння зусім іншая.

Хлопцы з клуба расійскія пагрозы абмяркоўвалі, але надта не турбаваліся: ну што там можа сказаць той Пуцін? Ён ужо сто разоў нешта гаварыў. Ды і калі хто да нас прыйдзе, то мы ўцякаць не збіраемся. Гэта наш дом. Страшна, але возьмем у рукі зброю – іншага выйсця няма. А наступным ранкам горад прачнуўся ад выбухаў. Цікава, а якая матывацыя расійскіх салдат, акрамя бздуры ў галаве іх прэзідэнта? Чым яны хочуць Украіне дапамагчы?

Вось мне ўкраінцы сапраўды дапамагалі. І нюансы джыу-джыцу тлумачылі (марна), і ў побытавых пытаннях спрыялі, як маглі. У Адэсе гаспадыня кватэры дала сваю скакалку і ровар мужа, каб я быў зусім ЗЛЖ. У Луцку хлопцы з клуба падказвалі, дзе набыць смачны хлеб і дзе прадаецца найлепшае ў горадзе піва – мы на яго так і не выбраліся, на жаль.

Так што, Зарана, я і не ведаю, хто з беларусаў і што разумее. Магу сказаць за сябе: яшчэ пасля беларускіх выбараў-2020 гісторыі пра спорт здаваліся недарэчнымі, а зараз дык і пагатоў. Цяжка працаваць, не хочацца працаваць. Незразумела, як даваць заданні калегам, якія скачуць з кватэры ў бомбасховішча ды назад па некалькі разоў на дзень. Як у такіх умовах прасіць штосьці напісаць пра футбольны Суперкубак або «Дынама» у плэй-оф КХЛ?

А ці могуць напоўніцу зараз працаваць самі спартоўцы? Ці здольныя яны трэніравацца і не думаць пра тое, што адбываецца ў пары соцень кіламетраў ад іх з людзьмі, якіх на вока ад нас не адрозніць, ды і па мове часам бывае поўнае супадзенне? Некаторым, падобна, усё ж такі баліць (у тым ліку тым, хто маўчаў пасля выбараў). Футбаліст Мікалай Золатаў тут добры прыклад, каму спатрэбілася ўсяго адна вайна, каб скінуць маску абыякавасці. Ды што тут – нават да Паўла Савіцкага нешта дайшло, хаця ён усю кар’еру прыкідваўся чалавекам, так бы мовіць, не вельмі сур’ёзным.

Але мы назіраем і іншую з’яву. Дакладней, яе мы назіралі і раней, але зараз яна ззяе новымі фарбамі.

Ведаеце, у публіцыстыцы звычайна не прынята пісаць наўпрост, нават калі штосьці вельмі не падабаецца. Лепей намёкамі, лепей крыху закруціць, каб людзі самі дайшлі да тваёй думкі, а яшчэ лепей – каб надумалі нешта сваё. Аднак у гэтыя дні, лічу, можна абысціся без выкрутасаў.

Дык вось, побач з болем і абгрунтаванай трывогай мы назіраем фантастычную тупасць і фантастычную душэўную чэрствасць, якія замяшаныя ці то на генетычным халуйстве, ці то на сквапнасці, ці то яшчэ на чым. Героі – усё тыя ж, але раней яны саліравалі на фоне таго, як людзей саджаюць і катуюць, а зараз – на фоне таго, як людзей сотнямі і тысячамі забіваюць. Гэта зусім іншы антураж.

Бываюць сітуацыі, калі лепей памаўчаць, што б ты там сабе нi думаў, нават калі лічыш, што з табой абыходзяцца несправядліва. Гэта не пра тое, што трэба быць «цярпілай» – гэта пра такт. Напрыклад, у кагосьці здарылася бяда, памёр блізкі, і чалавек на эмоцыях нагаварыў такога, чаго і не думаў казаць. Ці варта ўступаць у палеміку або лезці ў бойку? Бадай, што не. Як мінімум – па гарачых слядах. А ўявіце, што блізкія паміраюць штодзень і не па аднаму, а дзясяткамі і нават сотнямі, як тое зараз адбываецца ва Украіне.

Сярод падпісантаў за Лукашэнку ёсць свая эліта. Яна не ведае ні такта, ні спачування. Гэта адборнае войска яшчэ нядаўна з рогатам пераступала праз знявечаных беларусаў. Трупы ўкраінцаў яго таксама не бянтэжаць. Беларускія селекцыянеры ў некаторых накірунках дасягнулі значных поспехаў. Шкада, што селекцыя вядзецца ў адваротным кірунку. Замест культурных раслінаў гадуецца пустазелле – вось на такое не шкадуюць грошай з бюджэту.

Для біятланіста Смольскага датэрміновае завяршэнне сезона – правакацыя, для скакуна Недасекава – змова і подкуп. Ці падтрымалі яны хоць словам украінцаў? Можа, папрасілі спыніць вайну? Або публічна пашкадавалі пра тое, што падтрымалі чалавека, які ўцягнуў Беларусь у агрэсію супраць Украіны? Вядома, не!

Нават такія кароткія рэакцыі пераконваюць, што са стартаў гэтых таварышаў знялі правільна. Вы не здольныя нават выціснуць з сябе элементарнага чалавечага спачування, хаця вашыя подпісы за Лукашэнку спрыялі таму, каб ён загнаў Беларусь пад Расію. Можа, вам цяжка гэта зразумець, тады зразумейце іншае: некаторым спартоўцам можа быць агідна з вамі спаборнічаць. Нельга выключаць, што зараз вам часам спачуваюць, але калі замежнікам перакласці вашыя словы, патлумачыць, што вы і як робіце, то з вялікай верагоднасцю многія ад вас адвернуцца. Ну, або будуць шкадаваць як шалапаватых. Па спасылцы – гісторыя ў тэму са спартыўнай журналістыкі.

Спадзяюся, Недасекаў не пакрыўдзіцца, калі я прызнаюся, што лічу яго людажэрам. Проста раней ён быў людажэрам хатнім, а зараз выйшаў на міжнародны ўзровень. Штосьці вярзе пра кавід, пра забітых ва Украіне (маўляў, не так і шмат загінула адносна пандэміі). Не на кожную тэму варта разумнічаць. Ва ўсіх гэтых развагах бачныя прыкметы дурня найвышэйшага гатунку – яго адметнымі рысамі з’яўляюцца непрабівальнасць і бязмерная ўпэўненасць у сабе.

Не горш за Недасекава выглядае скакуха ў даўжыню Мірончык-Іванова. Нават не ведаю, як яна даўмелася напісаць спартоўцы з ахопленай вайной Украіны: «Галоўнае, каб вашы даляцелі», – на нейкія там спаборніцтвы летам. Наста, не гэта зараз галоўнае. Галоўнае – каб ва Украіне скончылася вайна, каб перасталі гінуць людзі, каб Расія прыбрала сваіх вайскоўцаў і сваю тэхніку. Няўжо цяжка зразумець такія банальныя рэчы?

На жаль, не толькі мёртвым не баліць.

І як патлумачыць дзяўчыне з Луцка, што такое можа быць?

Алімпійскі чэмпіён у скачках на батуце Літвіновіч – добры аргумент на карысць таго, каб не аддаваць дзяцей у вялікі спорт, бо хочацца, і каб у галаве нешта было. Раней вілейчаніна не клапацілі пакуты зрэпрэсаваных беларусаў, а цяперака спартовец кажа, што яго меркаванне па сітуацыі ва Украіне не ўлічваецца, таму ён і маўчыць. Ну як жа не ўлічваецца, Іван? Ваша меркаванне, як і ваш медаль, знаходзяць адлюстраванне ў лічбах на маніторы банкамата. Хіба не гэта асноўная прычына «рэжыма цішыні» і боязі хаця б паспрабаваць асэнсаваць сітуацыю?

Але чаго патрабаваць ад Літвіновіча, які няхай і прызыўнога ўзросту, але адносна далёка ад месцаў, дзе забіваюць. Назваць рэчы сваімі імёнамі баяцца нават тыя, чыіх сваякоў проста зараз бамбяць. Так, гучыць дзіўна, але каментатарцы канала «Беларусь 5» Дарыне Запольскай без розніцы, хто там атакаваў Умань, побач з якой жыве яе дзядуля (здаецца, ніякіх крыўдаў і прэтэнзій). Але за такой фармулёўкай можна шмат чаго пабачыць.

Падобна, спадарыня Запольская цудоўна разумее, хто каго атакуе і чаму, проста не наважваецца сказаць гэта ўслых. Ну, так, канал, на якім яна працуе, пэўна, не ўхваліць публічныя развагі на такую далікатную тэму, як і не ўхваляе акцыі падтрымкі на адрас Украіны ў АПЛ. Да таго не ўхваляе, што здымае матчы з эфіру. Быць напалову ўкраінкай і баяцца выказацца ў падтрымку Украіны – да якіх кульбітаў нi змушае жыццё!

Хаця пераплюнуць біятланістку Зубрылаву ў гэтым сэнсе складана – катацца на лыжах і ўсміхацца побач з чалавекам, з дазволу якога бамбяць тваю Радзіму, не кожны зможа. Олена даўно стала Еленой, а між тым у Сумскай вобласці, дзе нарадзілася Зубрылава, ідуць баі. Так што, Зарана, дзівакоў хапае не толькі сярод беларусаў.

***

Як і многім беларусам, мне зараз сорамна. Але не таму, што з нашай тэрыторыі бамбяць Украіну. Беларускія сілавікі аказаліся ўсяго толькі сілавікамі Лукашэнкі і здалі нашую краіну без адзінага стрэлу. То-бок спачатку здрадзілі народу, а пасля і тэрыторыі, якую захапілі. Бяззбройным людзям на такія рэчы было цяжка паўплываць.

Мне сорамна таму, што я зараз не ва Украіне. Гэта зямля, якую варта бараніць. Якую яшчэ можна адстаяць і наблізіць вяртанне Беларусі беларусам. Вось за гэта я мог бы папрасіць прабачэння ў цябе, Зарана, і ў тваіх землякоў.

Але куды больш складана тут выбачыць самому сабе.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты