«Порою блажь великая»
Блог

Украінец шукае апраўданні для былых партнёраў па «Дынама», а дарэмна – яны паводзяць сябе як м###кі (ды і сам ён яшчэ нядаўна быў такім жа, але пачалася вайна)

Мёртвым не баліць, а ці жывы беларускі спорт?

Інтэрв’ю ўкраінскіх спартоўцаў, напоўненыя болем за Радзіму, я чытаю ўсё ж такі з радасцю. І радуюся не таму, што ў суседа ўмоўна «дохне карова» – вось гэта, наадварот, вельмі сумна. А радуюся таму, што здагадка (або надзея), якую, напэўна, і па сёння носіць унутры шмат хто з нас, аказалася слушнай.

Габовда о войне в Украине: «Работники «Торпедо-БелАЗ» смотрели российские новости. Я не выдержал: «Еще раз, #####, увижу эту пропаганду, я ## ### разобью телевизор!»

Яны – не сляпыя. Яны – не глухія. Яны – не тупыя. Яны ўсё бачаць, чуюць і разумеюць. Няма ніякага ізаляванага спартыўнага свету. Усе гэтыя «гы-гы, нам няма калі сачыць за навінамі, бо ў нас зборы, трэніроўкі, спаборніцтвы, без каментароў» – гэта ўсяго толькі дымавая завеса, адгаворкі, за якімі хаваюцца людзі, і ў сваёй большасці людзі з мазгамі, здольныя разабрацца, што да чаго. Мазгі, натуральна, не адмаўляюць наяўнасці эгаізму, хітрасці, сквапнасці або нейкіх іншых сумнеўных якасцяў. Уласна, вось адкуль усе гэтыя спробы прыкінуцца дурнем, зрабіць выгляд «я тут ні пры чым».

І стратэгія гэта не постсавецкая, не славянская, а ўніверсальная. Хоць Хусэйн (так, Бернд Штанге?), хоць Лукашэнка з Пуціным (нават сёння ў расійскіх спартыўных лігах процьма легіянераў, якія, канешне, выключна з меркаванняў глыбокага прафесіяналізму не сыходзяць са сваіх клубаў) – калі ёсць магчымасць атрымаць добрую капейчыну, то ахвотныя гэта зрабіць заўжды адшукаюцца, у тым ліку ў краінах, дзе пануе дэмакратыя.

Дык вось, хавацца пад маскай блазна можна доўга, але роўна да таго часу, пакуль вельмі моцна не забаліць. «Дзякуючы» вайне ў родным краі ўкраінцам стала максімальна балюча, і мы бачым, што і эгаісты, і скнары, і цынікі могуць быць патрыётамі ў высокім, а не пошлым значэнні гэтага слова.

Хаця некаторыя прыкметы ўказваюць на тое, што легіянеры, якія гулялі ў Беларусі, яшчэ недастаткова адышлі ад сваёй «спартыўнай рэлігіі». У выказваннях Андрэя Бацулы, былога абаронцы мінскага «Дынама», амаль што адчуваецца падваенне асобы. Ён быццам бы прайшоў шлях да сапраўднага грамадзяніна, але футбольная натура часам нагадвае пра сябе ў выглядзе парадоксаў, якія немагчыма (ды і не трэба) сумяшчаць у адной галаве.

Как в «Динамо» Минск заставляли любить Лукашенко и что за психология у игроков-молчунов. Объясняет украинец, которого экс-партнеры боятся поддержать во время войны

Мала хто з былых партнёраў па «Дынама» звязаўся з Бацулам пасля пачатку вайны ва Украіне, каб неяк паспачуваць або падтрымаць, хаця абаронца адзначае, што ў калектыве ў яго з усімі былі добрыя стасункі. Пры гэтым былы дынамавец кажа, што ні на каго не крыўдуе, а літаральна праз пару сказаў прызнае, што яму ўсё ж такі крыўдна, што так адбываецца. Бацуле хочацца падтрымкі, але ён разумее, чаму яе няма.

Разумее, на маю думку, таму, што сам да таго, як прачнуўся 24 лютага ў Палтаве ад выбухаў расійскіх ракет, быў такім жа, як тыя, чыіх слоў ён чакае.

Бацула добра тлумачыць псіхалогію прафесійнага футбаліста. Яна цалкам эгаістычная. Нічога не страціць, нічым не рызыкнуць, не паставіць сябе пад удар (калі коратка, то проста не вытыркацца) – для большасці гэта абсалютны прыярытэт. У іх жа сем’і! І, што дзівіць, нават зараз, у такі экзістэнцыйны для свету і Радзімы час, украінец быццам бы прымае такія паводзіны за норму, і таму ён хоць і з крыўдай, але з паразуменнем ставіцца да маўчання колішніх беларускіх таварышаў на тэму Украіны (а яшчэ апраўдвае Івана Бахара, які падпісаўся за Лукашэнку пад пагрозай прызыву ў армію, але што, калі Бахар выкажацца на тэму Украіны, арміяй яму пагражаць не будуць?).

Ставіцца, як па мне, дарэмна.

У інтэрв’ю «ЧестнОКу» мне не хапіла ўсяго толькі аднаго прызнання ад Бацулы. Калі быў бы яго спічрайтэрам, то сфармуляваў бы прыкладна так: «Беларусы, у 2020-м я паводзіў сябе як м###к. Я хацеў зарабляць грошы ў «Дынама» і таму маўчаў, калі вас збівалі. Зараз я цалкам разумею, што так нельга было сябе паводзіць. Гэта няправільна. Гэта амаральна. Зло патрэбна называць злом, дзе б яно ні чынілася. Беларусы, я прашу ў вас прабачэння, а яшчэ прашу не паводзіць сябе як м###кі, калі такое адбываецца ва Украіне, дзе вы, напэўна, не раз бывалі і добра ведаеце, што за людзі там жывуць». 

Не думаю, што гэтыя словы кранулі б тых, хто зараз знаходзіцца на кантракце ў «Дынама», але вось тады парадыгма дакладна была б поўнай. Добрае развітанне з сабой былым, ці не так?

Асабіста мне ўжо надакучыла слухаць мантру пра сям’ю, быццам наяўнасць сям’і выбачае любое паскудства – здраду, баязлівасць і ўсё астатняе. Амаль у кожнага ёсць сям’я. Амаль усе мы так ці інакш з’яўляемся членамі сям’і, а часам і не адной – і тыя, хто б’е, і тыя, каго збіваюць, і тыя, хто працуе на заводзе, і тыя, хто гуляе ў футбол. Людзі з сем’ямі сыходзяць у стачку. Людзі з сем’ямі ідуць добраахвотнікамі ва ўкраінскую армію і гінуць у імя свабоды. Так што калі б у мяне была размова з Бацулам, я сказаў бы яму: «Андрэй, не трэба нічога разумець. Твае былыя таварышы вядуць сябе як м###кі. І наяўнасць семʼяў ніякім чынам іх не выбачае. Нават наадварот». І тут пайшоў бы разгон пра лепшую будучыню для дзяцей, за якую менавіта мы, дарослыя, павінны змагацца.

Пачытайце і паслухайце, што зараз пішуць ды гавораць украінцы Аляксандр Наёк, Юрый Габоўда, Арцём Мілеўскі па пашпарце (во як, нават да яго палітыка дабралася!), той жа Бацула. I давайце прыгадаем, што яны пісалі і гаварылі ў 2020-м пасля выбараў у Беларусі. Ды нічога яны не пісалі і не гаварылі, хоць і гулялі ў той час у беларускім чэмпіянаце. Ну так, вядома, сваё баліць куды мацней, чым чужое. Ды і сем’і, канешне, трэба карміць (сарказм).

Пішу гэта не для таго, каб прыдумаць беларускім спартоўцам нейкае выбачэнне, а якраз наадварот: мне цікава, што павінна здарыцца, каб у іх – у тых, хто зараз спакойна гуляе ў футбол, хакей і гэтак далей – забалела? За паўтары гады Беларусь скацілася з палітычнага крызісу ў халодную грамадзянскую вайну. У паветры то мацней, то слабей адчуваецца пах сапраўднай вайны на баку Расіі. Ды і неабвешчаную акупацыю можна абмяркоўваць на поўным сурʼёзе. Нічога з гэтага ніяк не ўзрушыла маўклівую большасць. Замест гэтага мы назіраем дзіўную з’яву, калі санкцыі з боку міжнародных федэрацый хвалююць, а забойствы мірных грамадзян у пары сотняў кіламетраў ад нас – не.

Наш класік неяк напісаў: мёртвым не баліць. І ўнутры мяне даўно паўстала пытанне: а спорт у Беларусі дакладна жывы? І наколькі жывыя мы, беларусы?..

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные