Мова Спартова
Блог

Віншаванне БАТЭ з чэмпіёнствам і сціплы адказ на прабеларускі верш Андрэя Вашкевіча ФОТА

Напачатку сезона я звяртаўся да ўсіх клубаў Вышэйшай лігі больш шырока ўжываць беларускую мову і самы кранальны і арыгінальны адказ прыйшоў з БАТЭ за аўтарствам яго Генеральнага сакратара Андрэя Вашкевіча:

 

Шаноўны Iгар! 

У першую чаргу, 

Вялiкi дзякуй Вам за вiншаваннi! 

Зiмовую маркоту і тугу 

Мы гналi ад сябе падчас чакання 

Сезона новага. Нарэшце, вось i ён 

Пагрукаўся i ў нашае акенца! 

I клуб наш — шматразовы чэмпiён — 

Ужо адчынiў сваёй»Арэны» сенцы. 

I Ваш зварот — вясновая прыкмета — 

Прыйшоў да нас ужо ў чацвёрты раз. 

Канешне, мы ўдзячныя за гэта 

I пiшам Вам чарговы наш адказ.

 

Над ужываннем роднай мовы нашай 

Мы ўсе ў БАТЭ працуем кожны дзень 

Стараецца i Валадзько наш Саша, 

Стараецца i Лiхтаровiч-Дзед. 

У Дудзiнцы — толькi «ранiца», не «утро». 

У Дудзiнцы не «арбуз» якi — «кавун»! 

I хутка скажа «Смачна есцi!»Дубра, 

I «Дзякую!» адкажа наш Мiлун. 

Не ўсё так проста, але не сумуем, 

I спадзяемся, будзе толькi лепш. 

Мы мовай карыстаемся, працуем, 

Пакуль не iдэальна, не, але ж…

 

На форме мова ў Лiзе чэмпiёнаў, 

У сацсетках нашых мова часцяком. 

Прафесар наш, Вiталька Радзiвонаў, — 

Ён мовы правадыр у кожны дом. 

Наш шчыры дзякуй Вам за прапановы, 

Iх будзем усебакова разглядаць. 

Барысаўшчына — край народнай мовы, 

Яе тут прагнуць людзi зберагаць. 

Напрыканцы жадаем вам здароўя — 

Яго ж анi купiць, нi намяняць 

(Вы ж разумееце: калi ўжо Дэвiд Боўi… 

Дык што тады яшчэ пра нас казаць?).

 

Жадаем мiру блiзкiм, шчасця ў хату, 

У гарбаце цукру, у гаманцы — лавэ! 

Наступным годам Ваш чакаем пяты 

Зварот да клуба. 

Шчыра Ваш, А.В.

 

Таму калі БАТЭ ўзяў у матчы з Гранітам чэмпіёнства, я не мог яго з гэтым не павіншаваць.

 

Прывітанне, наймацнейшы клуб Беларусі і ўсе, хто робіць яго такім!

Віншую з чарговым чэмпіёнствам і, здаецца, яно ў Вас далёка не апошняе і не хутка Вы яшчэ саступіце дарогу іншаму беларускаму клубу – але так і павінна быць – лепшыя заўсёды павінны быць на вышыні.

Дзякуй, што ў наступным сезоне будзеце больш шырока ўжываць беларускую мову – Барысаўшчына сапраўды край народнай мовы, як пісаў слынны паэт і Ваш Генеральны сакратар, шаноўны Андрэй Вашкевіч. Нездарма яго цудоўны верш быў надрукаваны 15 красавіка 2016 года ў “Нашай Ніве”, у якой пачыналі друкавацца класікі беларускай літаратуры, на адной паласе з тэкстам аб Святлане Алексіевіч – нашага першага беларускага нобелеўскага лаўрэата.

Спадзяюся, беларуская мова дапаможа Вам і ў Лізе Чэмпіёнаў – шчыра жадаю Вам новых перамог і посьпехаў у гэтым турніры. Бо калі я вучыўся ў Эстоніі, мае сябры і знаёмыя з розных краін калі я казаў, што я з Беларусі, узгадвалі не стандартны набор ведомых фактаў аб нашай краіне, але называлі і Вашу каманду, што прыемна – хочацца, каб аб Беларусі было вядома як мага больш і толькі лепшае.

Я не такі таленавіты ў вершаскладанні як пан Андрэй, таму скончу ліст па-японску:

ВЕЦЕР АСЕННІМ ЛІСТОМ

ШАМАЦІЦЬ

ЗНОЎ БАТЭ

Шчыра Ваш, І.С.

 

Спадзяюся, калі перад пачаткам сезона-2017 я буду зноў звяртацца да ўсіх клубаў з прапановай яшчэ больш ужываць беларускую мову, фантазіі ў мяне хопіць больш чым на 3 радкі хоку (калі канечне гэта можна ім назваць), а хоць бы на тры слупкі :)

 

 

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья