Tribuna/Футбол/Блоги/Мова Спартова/Як БАТЭ не акрэдытаваў блог «Мова Спартова»

Як БАТЭ не акрэдытаваў блог «Мова Спартова»

Цікава тут ня толькі гэта, але й умова атрымання акрэдытацыі не толькі афіцыйны ліст з подпісам і пячаткай, але і ўмова наведаць 8-10 матчаў з удзелам БАТЭ. Узьнікае пытаньне — клюб такое патрабаваньне і іншым акрэдытаваным выстаўляў? Карацей, бачна, што нягледзячы на словы ў лісьце, родным я для БАТЭ ня стаў, таму і за тыканьне прабачыць не магу. Але, магчыма, тут эксцэс выканаўцы: адзін з кіраўнікоў клюбу ўмее працаваць з грамадзкасьцю на пазытыўны імідж клюбу, а вось выканаўца «перабдзеў» у фармалізьме.

Автор — Ігар Случак
4 мая 2017, 11:41
14
Як БАТЭ не акрэдытаваў блог «Мова Спартова»

Ужо другі год запар адказ БАТЭ вызначаецца сваёй арыгінальнасьцю — генэральны сакратар клюбу Андрэй Вашкевіч дае яго ў вершаванай форме.

Пачынае пан Вашкевіч наступнымі словамі:

«Ігар, Ігар, як рады мы ўсе

Ў нашай пошце твой ліст пабачыць!

Родным стаў ты ўсім тут пакрысе,

Нас за „тыканьне“ мусіш прабачыць!»

Уступ цікавы, але ці сапраўды родным я стаў для клюбу? Напачатку сэзону я даслаў усім 16 клюбам Вышэйшай лігі прапанову афіцыйна акрэдытаваць мой блог «Мова Спартова», дзе падрабязна распавядаецца аб тым, як беларуская мова выкарыстоўваецца ня толькі ў беларускім футболе, але й наогул у спорце. На момант напісаньня гэтага тэксту 11 клюбаў акрэдытавалі «Мову Спартову», 2 адмовілі ў акрэдытацыі, а яшчэ 3 пакуль не паведамілі аб сваім рашэньні. Дык вось, сярод тых двух, хто палічыў, што блог аб беларускай мове ў спорце ня варты права асьвятляць футбольныя гульні, быў і БАТЭ. Вось як матываваў адмову прэс-сакратар БАТЭ Сяргей Дашкевіч (стылістыка захавана):

«Перш чым вырашаць пытаньне аб выдачы вам сэзоннай акрэдытацыі на хатнія матчы ФК БАТЭ, хачу зразумець, як часта вы плянуеце наведваць гэтыя гульні? Калі ў вашы пляны ўваходзіць наведваньне хаця б 8-10 такіх матчаў, то я ня маю прынцыповых пярэчаньняў супраць таго, каб вас акрэдытаваць. Але ёсьць адна важная ўмова: падставай для акрэдытацыі являеется афіцыйны ліст таго СМІ, якое вы будзеце прадстаўляць».

Паколькі адной з галоўных мэтаў атрыманьня акрэдытацыяў ад клюбаў была праверка таго, наколькі каманды адкрытыя для СМІ і блогер-фрэндлі для тых, хто асьвятляе беларускі чэмпіянат, які ня можа пахваліцца вялікай наведвальнасьцю, усім клюбам дасылаўся стандартны зварот з фотаздымкам, маімі дадзенымі й спасылкай на блог, то, вядома, ніякіх лістоў з подпісам і пячаткай я не прадстаўляў (а гэта было патрабаваньнем абсалютнай большасьці клюбаў), хоць пры жаданьні і мог бы. Тым ня менш, мінімум 11 з 16 каманд змаглі заплюшчыць вочы на адсутнасьць гэтай фармальнасьці. Але не БАТЭ.

Цікава тут ня толькі гэта, але й умова наведаць 8-10 матчаў з удзелам БАТЭ. Узьнікае пытаньне — клюб такое патрабаваньне і іншым акрэдытаваным выстаўляў? Карацей, бачна, што нягледзячы на словы ў лісьце, родным я для БАТЭ ня стаў, таму і за тыканьне прабачыць не магу. Але, магчыма, тут эксцэс выканаўцы: адзін з кіраўнікоў клюбу ўмее працаваць з грамадзкасьцю на пазытыўны імідж клюбу, а вось выканаўца «перабдзеў» у фармалізьме, чым перакрэсьліў усе высілкі свайго кіраўніка. Так часта ў Беларусі бывае — вярхі хочуць, а нізы — ня могуць.

Але працягнем знаёмства з адказам БАТЭ:

«Гэта пяты ж ужо твой зварот —

Юбілейны, клясычны, яскравы!

Хоць зьмяняецца ў ім толькі год,

Нам чытаць яго вельмі цікава!

Мы чытаем і бачым:

СлучакЖыў здароў, піша ды не сумуе,

І бывае ў яго вольны час,

І „Белпошта“ нармальна працуе».

Сапраўды ня першы год я вяду перапіску з БАТЭ і кожны год дасылаў адзін і той жа зварот. І не мая была ў гэтым віна — да 2017 году клюб амаль зусім не выкарыстоўваў беларускую мову.Але сёлета адбыліся некаторыя зрухі:

«Што ня зьнік у адвечнай журбе,

Не спыніў ты свой бой папяровы.

Мы паведаміць рады табе:

Нашы прозьвішчы будуць на мове!»

Камізэлькі рыхтуем цяпер:

«Палякоў», «Валадзько» на абновах.

Табе — наша падзяка звыш мер

За выдатныя прапановы!»

Кажуць, абяцанага тры гады чакаюць — у выпадку з БАТЭ гэтага прыйшлося чакаць 5 гадоў, але ж радуе, што шматразовы чэмпіён Беларусі ўсё ж прыйшоў да беларушчыны.

Дарэчы, сёлета 11 з 16 каманд Вышэйшай лігі будуць пісаць прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску. У 2016 годзе такіх было толькі 6, у 2015 — 3, а ў 2014 — не было зусім. Таму прагрэс ёсьць і даволі добры.

Але верш ад пана Вашкевіча яшчэ ня скончаны:

«Нібы золата зьзяе яна,

Наш маскот — грамавая маланка!

У дадатак зьявілася на

клюбным лога БАТЭ вышыванка.

Даспадобы такі падыход

Вышываначным патрыётам!

Усё сьведчыць:

сямнаццаты год

Беларускім тут будзе годам».

Сапраўды, новы маскот БАТЭ, што зьявіўся ў сэзоне-2017, мае беларускае імя Маланка, а на клюбным лога, што выкарыстоўваецца на форме каманды, і сапраўды зьявілася вышыванка.

Праўда, толькі на атрыбутыцы — афіцыйнае лога засталося старым, без вышыванкі й з расейскамоўным тэкстам. Але трэба аддаць належнае і заўважыць, што нават рэкляму на новай форме гульцоў у БАТЭ пераклалі на беларускую мову — добры прыклад для іншых каманд. І ня толькі спартовых каманд, але й вытворцаў тавараў і паслуг, а таксама Міністэрства гандлю, якое лічыць, што выкарыстаньне беларускай мовы можа прынесьці дадатковыя выдаткі. Хоць насамрэч ніякіх выдаткаў няма, а наадварот, толькі дадатковая карысьць і прыбыткі.

Скончваецца верш БАТЭ цудоўнымі словамі ў адрас беларускай мовы й адсылкай да «Пагоні» Максіма Багдановіча:

«У далёкіх краінах чужых

На тамтэйшых калег-чэмпіёнаў

З роднай мовай у сэрцах сваіх

Мы выходзім на ўсе стадыёны.

І калі на замежных палях

Зноў сустрэнем „Баварыю“ тую,

Успомнім пену на грозных канях,

Успомнім Вострую Браму сьвятую!»

Як бачым, у параўнаньні з папярэднімі гадамі ў БАТЭ ў выкарыстаньні беларускай мовы вялікі прагрэс, але яшчэ застаюцца шмат момантаў, дзе беларускай мовы нестае: няма беларускамоўнай вэрсіі сайту, афішы й праграмкі вырабляюцца па-руску, у сацыяльных сетках беларуская мова выкарыстоўваецца мінімальна, гукавое й візуальнае суправаджэньне на Барысаў-Арэне таксама расейскамоўнае, як расейскамоўная і эмблема клюбу. Будзем спадзявацца, што клюб ня будзе стаяць на месцы і беларускай мовы яшчэ ў гэтым сэзоне стане болей — усё цалкам магчыма, было б жаданьне.

Нельга забываць аб тым, што адным з амбасадараў беларускай мовы ў Беларусі зьяўляецца Віталь Радзівонаў, які шмат у публічных выступах выкарыстоўвае беларускую мову і ўдзельнічае ў шматлікіх беларускіх мерапрыемствах. Праўда, на закрыцьці футбольнага сэзону «Зорны Мяч-2016», што ўпершыню ў гісторыі беларускага футболу прайшоў цалкам па-беларуску, Віталь Радзівонаў, які быў прызнаны лепшым бамбардзірам сэзону-2017, чамусьці па-расейску выступаў, як яго вядучы Ўладзімер Навіцкі не ўгаворваў сказаць пару словаў па-беларуску.

Уладзімер Навіцкі

Магчыма, Віталь проста ня вытрымаў націску спартовага камэнтатара Ўладзімера, які калі ўжо пачынае па-беларуску размаўляць (што робіць надзвычай добра), то яго не разьбіць, не спыніць, не стрымаць, як кажуць у народзе.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

2018 ЧАРНАВІК ТОП-150
28 января 2019, 18:40
#случакуслуцку
15 января 2018, 10:05
Все посты