Блог Мова Спартова

Сяргей Пузанкевіч: Гурэнка сказаў, быццам футбалісты выказаліся за рускую мову, але ў іх ніхто не цікавіўся

Давайце пагуляем у асацыяцыі. БАТЭ — Анатоль Капскі і Дзмітрый Ліхтаровіч, мінскае "Дынама" — Юрый Чыж і пастаянныя адстаўкі трэнераў, "Шахцёр" — Юрый Вяргейчык… А з чым асацыюецца жодзінскае "Тарпеда", чацьвёртая каманда Беларусі па выніках сезону-2014? З галоўным трэнерам Ігарам Крывушэнкам і — правільна! — беларускамоўным дыктарам Сяргеем Пузанкевічам. Ён для аўтазаводцаў даўно стаў велічынёй, якую ў дакладных навуках часам пазначаюць скарачэннем "const". Карэспандэнт pressball.by сустрэўся з легендарным жодзiнскiм прэс-аташэ і паразмаўляў пра "Тарпеда", чэмпіянат Беларусі, традыцыі футбола, заўзятараў, ну і, вядома ж, родную мову.

Як усё закруцілася

Сяргей, як усё закруцілася?

У сэнсе, любоў да футбола… У нашым гарадку футбол — адна з нешматлікіх забаваў. Разам з сябрамі класе ў чацвертым завіталі на матч. Спадабалася. Прыйшоў у секцыю Пятра Іванавіча Міхеева. Адзаймаўся паўтара месяцы. Тады таксама трэніраваліся Алег Кубараў, Міхаіл Хлус, Віталь Лясун, Саша Міхальчанка – усе яны пайшлі ў вялікі футбол. А я зразумеў, што знакамітым гульцом не стану, і на гэтым мая кар’ера завяршылася. Але вялізнае жаданне быць як мага бліжэй да футбола засталося. На старэнькім стадыёне "Тарпеда" я назіраў за працай дыктара. Генадзь Барысавіч Окунеў заўсёды прыходзіў загадзя, падключаў мікрафончык у разетачку, а я сядаў у пары радоў за ім і назіраў.У 93-м добра знаёмы мне яшчэ з дзяцінства Вадзім Бразоўскі прапанаваў стаць дыктарам на нашым стадыёне. Сергей Пузанкевич

Пры якіх абставінах?

Цікавая гісторыя. Едзе аднойчы каманда з Брэсту, прайграла мясцовым дынамаўцам. Настрой не самы лепшы. Галоўны трэнер на той час Іван Іванавіч Кавалёнак гаворыць у аўтобусе: "Вось у берасцейцаў ўсё як у людзей. Стадыён нармальны, дыктар беларускамоўны…" Тады якраз быў пачатак 90-х, велізарная цікавасць да роднай мовы, уздым самасвядомасці. А ў Жодзіна дыктарам працаваў азербайджанец, які з акцэнтам абвяшчаў склады каманд. І тут Бразоўскі кажа Кавалёнку: "У мяне ёсць сябра, настаўнік у школе, на мове шпарыць як трэба і футбол ведае".Так мяне і запрасілі быць дыктарам. Прычым у 93-м, калі мяне прымалі на працу, карыстанне беларускай мовай было адной з умоваў. Ужо ў канцы 90-х была спроба "перакласці" мой голас на рускую, але я заўпарціўся. На гэты конт у мяне ёсць жарт, ці як я кажу "шутка гумару". Я ім сказаў: "Будзеце плаціць мне ў расійскіх рублях па курсе 1 да 1 з беларускім — адпрацую матч на рускай мове. Заплаціце ў амерыканскіх далярах зноў жа па курсе 1 да 1 з беларускім рублём — папрацую па-ангельску. А раз не жадаеце мне з такой канвертацыяй плаціць, то я па-ранейшаму буду працаваць на роднай мове". І ўсё — пасля таго пытанні зніклі. Ну а прэс-аташэ я стаў пры Якаве Міхайлавічы Шапіра. Яму спатрэбіўся афіцыйны работнік клуба з такімі функцыямі, і мне прапанавалі заняць вакансію. Фанаты Торпедо Жодино

Да гэтага вы служылі ў арміі.

О-о, гэта надта цікавы перыяд! Прызваны ў савецкую армію я быў у 83-м годзе восенню. Ужо з прызывам звязаны смешны эпізод. А тады забіралі "ў боты" прама з вучобы. І вось мне, студэнту другога курса, прыходзіць позва, паводле якой трэба з’явіцца на службу 11-га лістапада. У ваенкамаце я кажу, што 11-га не прыду. А трэба ж разумець — савецкі час, усё строга, а тутака нейкі салабон вушасты такое кажа. Палкоўнік пагражае, што пасадзіць, а я яму тлумачу, што 11-га не прыду, бо 18 гадоў мне будзе толькі 15-га чысла. Ну, раз я вырашыў пажартаваць, то і палкоўнік не адстаў. Узяў і выправіў 11-е чысло на 15-е, так сваё 18-годдзе я сустрэў на прызыўным пункце.Служыў я у ваенна-касмічным комплексе, які тады яшчэ так не называўся, а "вучэбку" праходзіў у Сімферопалі. Служба ў сакрэтнай часці, 30 км да Усурыйска, 30 км да Кітаю. І зусім без звальненняў, а куды там у звальненні хадзіць?! Я быў камандзірам аддзялення антэншчыкаў, мы трымалі сувязь з пілатуемымі касмічнымі караблямі. Тое, што людзі слухаюць, як касманаўты гавораць з Зямлёй, — гэта і былі мае функцыі, забяспечыць такую сувязь. Даваў падпіску на некалькі год аб сакрэтнасці інфармацыі.Армія дала мне вельмі шмат у плане псіхалогіі, потым навыкі спатрэбіліся ў школе (я працаваў настаўнiкам). Я зразумеў, што нельга ўсіх людзей часаць пад адно, да кожнага трэба мець індывідуальны падыход.

Горад

Здараецца такое, што нехта ў горадзе вас не пазнае?

Бывае, бывае. Хаця праз мяне як настаўніка прайшлі многія, у тым ліку футбалісты "Тарпеда". З апошніх прыкладаў — Ілля Алексіевіч. Увогуле 6-я школа Жодзіна знакамітая на футбольныя кадры. А ў горадзе мяне часцей пазнаюць, чым не. Прычым гэтая папулярнасць гуляе як са знакам "+", так і са знакам "-".Напрыклад, у суботу "Тарпеда" прайграла, а ў нядзелю не хочацца нават выходзіць на вуліцу. Спыняюць людзі і запытваюць: "Сяргей, ну як жа так прайгралі?" На гэты конт маю ўжо дзяжурны жарт: "Ну вы ж бачыце, што мяне на замену не выпусцілі. Далі б згуляць, дык "Тарпеда" выйграла б". Жодзіна – горад невялічкі. Чым ён жыве? Тут можна паставіць пытанне, хто і што кім жыве. Альбо горад заводам, альбо завод горадам. Паміж гэтымі словамі можна паставіць знак роўнасці. БелАЗ – горадаўтвараючае прадпрыемства, калі на заводзе праблемы, гэта адбіваецца на ўсім. Калі завод працуе спраўна — зноў жа па горадзе можна адчуць. Ну і блізкасць Мінска. Многія маладыя працуюць там, але праблемы таго ж БелАЗа адлюстроўваюцца нават на тых людзях, якія не маюць ніякага дачынення да завода. Зараз кажуць пра тое, што сацыяльная сфера БелАЗа пяройдзе гораду, але, на мой погляд, гораду будзе вельмі цяжка ўтрымаць тое, што ўтрымлівае завод. Па маіх дадзеных, бюджэт аднаго стадыёна "Тарпеда", за які адказвае БелАЗ, большы за гарадскі бюджэт на ўвесь спорт горада. І таму нас вельмі хвалюе гэтая сітуацыя. Міжнародныя матчы ў Жодзіне праводзіліся, але велізарнага ажыятажу сярод мясцовых жыхароў не выклікалі. Чаму? Некалькі абставінаў. Што датычыцца гульні Беларусь — Японія. У кантракце быў прапісаны час 15.15 у працоўны дзень, ну і як тут сабраць поўны стадыён?А вось за матч з Чарнагорыяй мне сапраўды сорамна. Не дапрацавалі. На гульню з чарнагорцамі я сам расклеіў каля 100 афіш па горадзе. Але можна было больш якасна прывабіць людзей на арэну. Калі б жодзінец — а я яго лічу менавіта жодзінцам — Ян Цігараў асабіста заклікаў бы гараджан на матч, людзі б ведалі, на каго ім можна прыйсці. Што замінае беларусам наведваць стадыёны рэгулярна? Шмат фактараў. Сёння ў чалавека, напрыклад, больш магчымасцей цiкава правесцi час. Назаву яшчэ адзiн з асноўных. На матчах чэмпіянату БССР па 5 тысяч гледачоў збіралася. І гэта было звычайнай з’явай. Але трэба ведаць, што ў тыя гады больш за 50% гульцоў каманды былі мясцовыя, вось людзі і хадзілі на сваіх. Футбалісты гулялі ў адным клубе па 10, па 15 гадоў, такога цяпер немагчыма сабе ўявіць! Ідзе футбаліст дадому пасля паразы, а яго каля пад’езду сустракаюць мужыкі і пачынаюць чыхвосціць, ды так, што гульцам часам сорамна было ў вочы гэтым мужыкам глядзець. А цяпер у клубе старажыламі лічацца Часноўскі, Шчагрыковіч, Васькоў, Яцкевіч, якія правялі ў "Тарпеда" па тры гады. І іх ужо лічаць сваімі. Вось калі яны яшчэ гадоў пяць будуць гуляць, то і людзей на трыбунах стане больш. Мець як мінімум 1-2 сваіх хлопцаў вельмі важна. На іх будуць хадзіць, іх будуць вылучаць з усяго складу ў размовах, і любіць будуць больш. А большасць сучасных футбалістаў ходзяць з каманды ў каманду амаль штогод, дык на каго людзям глядзець? Ці варта дазволіць алкаголь на трыбунах? Размова ідзе пра культуру піцця. Свіння паўсюль знойдзе, дзе выкачацца. Напіўся чалавек на трыбунах, страціў адэкватнасць — вывядзіце яго са стадыёна. І людзі будуць бачыць, што піць на стадыёне дазваляецца, аднак існуюць акрэсленыя рамкі паводзінаў, якія пераступаць нельга. Забараняючы, мы заганяем людзей піць у падваротні.Дык хай той, хто хоча выпіць таго ж піва, вып’е яго на трыбуне на матчы, чым злы вып’е ў горадзе і пачне выплёскваць свой негатыў на іншых. Тыя ж жодзінскія мужыкі часам прыходзяць да касы стадыёна, бачаць цэннік "20 тысяч" і вырашаюць скінуць па такой суме, але не на квіткі, а на бутэльку. А калі б існавала магчымасць ужыць крыху алкаголю на трыбуне і культурна паглядзець матч, усё было б лепш. Сяргей Пузанкевіч

Усім вядома, што большасць футбалістаў "Тарпеда" жыве ў Мінску. А хто не паддаўся на агні сталіцы і абраў Жодзіна?

У гэтым годзе ўсе трое ўкраінскіх легіянераў здымалі тут кватэры. Раней жылі іспанцы. Жыве ў горадзе Арцём Васькоў са сваёй сям’ёй. Нават сказаў: "якімі ж мы былі дурнямі, калі жылі ў Мінску! Тут так спакойна!" Дзіцяці Арцёма прыладкавалі ў садок. Пакуль партнёры едуць да Ўручча, а потым дабіраюцца ў свае мінскія кватэры, Арцём праз 15 хвілін пасля трэніроўкі ўжо дома.

Каманда

У мінулым сезоне "чорна-белыя" ледзь не заваявалі бронзавыя медалі. Ці лунае ў жодзінскім паветры расчараванне ад чацвертай пазіцыі?

Пачну з агульнай атмасферы, якую выклікала гульня каманды. На апошнія матчы прыходзілі цэлымі сем’ямі, бабулі і дзядулі з унукамі, на атрыбутыцы клуба. У крамах прадавачкі размаўлялі паміж сабой пра футбол! Неверагодна! Добрая гульня жодзінцаў на другім этапе вярнула на трыбуны нават тых людзей, якія там даўно не былі. А што тычыцца эмоцый, то расчараванне ёсць у мяне асабіста. Я як прэс-аташэ ў чацверты раз стаў чацвертым. Задумваешся аб нейкім праклёне. Але ўсе гэтыя месцы ўспрымаліся па-рознаму. У 2005-м не выходзіць з памяці апошні матч з МТЗ-РІПА, калі нам забіў Жапалэу, а гол Зуева не залічыў Дупанаў. У 2007-м абгулялі той жа МТЗ, але і "Гомель" з "Шахтай" перамаглі ў гасцях, і мы засталіся на 4-м месцы. Тады заўзятары высыпалі на поле, бо яшчэ не ведалі астатнія вынікі. Тое чацвертае месца было прагрэсам, але я запомніў вочы Валодзі Бушмы, які па заканчэнні гульні спытаў: "Сяргей, няўжо мы зноў чацвертыя?" Гэтым разам я лічу, што "Тарпеда" зрабіла ўсё, што ад яго залежала. Ігар Крывушэнка другі год працуе з камандай і прадэманстраваў, што з гэтым калектывам можна дабівацца поспеху. Некаторыя футбалісты клуба шчыра выказваліся ў прэсе пра фінансавыя запазычанасці клуба перад імі. Сітуацыя ўжо ў мінулым? Практычна ўсе клубы вышэйшай лігі маюць нейкія запазычанасці перад сваімі футбалістамі. І ўлетку шмат казалі пра праблемы ў "Тарпеда". Жодзіна пайшло па цяжэйшым шляху — сёлета клуб не атрымаў ні капейкі бюджэтнага фінансавання, бо летась не выканаў славутыя 20%. Клуб заплаціў усе зарплаты, прэміяльныя, бонусы за мінулагодняе пятае месца. А гэта немалыя грошы. Старыя даўгі цалкам выплацілі, аднак накацілі новыя праблемы. Тым не менш, ёсць цвёрдае слова генеральнага дырэктара, што ўсе грошы будуць. Падзел на шасцёркі выклікаў палеміку. На вашу думку, ці трэба было праводзіць розыгрыш па такой схеме надалей? Калі толькі збіраліся першы год згуляць па такой схеме, я быў упэўнены, што такі падзел не патрэбны. Аднак у выніку мяне ўзрадавала, які інтарэс выклікалі матчы на другім этапе. Зрэшты, "Тарпеда" двойчы гуляла менавіта ў першай шасцёрцы, ня ведаю, што я сказаў бы, калі б мы апынуліся ў другой. Вячаслаў Глеб даў даволі скандальнае інтэрв’ю "Прессболу", у якім засяродзіўся на грашовых пытаннях "Тарпеда" і на сваім браце, якога не выклікалі ў зборную. Вячаслаў цяпер заўсёды не шукае словы ў кішэні ці ёсць і больш эмацыйныя людзі ў камандзе? Слава, так бы мовіць, прадукт індывідуальны. Мы і самі яго на 100% не ведаем. Ён пастаянна адкрывае новыя таямніцы. Такіх футбалістаў, якія прама аб усім кажуць, у камандзе не павінна быць многа, іначай хто будзе тады гуляць? (смяецца). Перад пачаткам сезона былі на прыёме ў генеральнага дырэктара БелАЗа, і калі ён запытаў, ці ёсць у каго-небудзь да яго пытанні, то яны знайшліся толькі ў Славы Глеба. Ну а яшчэ ў "Тарпеда" ёсць чалавек, згадваючы якога, часта жартуюць з мяне. Кажуць, што хутка я сваю працу страчу, бо ёсць замена. Я кажу пра Васіля Хамутоўскага. Цудоўны суразмоўца, які ўмее гаварыць, ніколі не адмаўляецца ад інтэрв’ю. Канфлікт у гэтым сезоне быў з фанацкім сектарам. Не сумняюся, вы ведаеце аб гэтым куды больш за іншых… Лічу, што тая праблема не каштавала выедзенага яйка. На гасцявы кубкавы матч у Гарадзею прыехалі нашы фанаты. Каманда прайграла ў серыі пенальці. Футбалісты ў роспачы падышлі да сектару, і пачулі ў свой адрас, "хто яны такія на самай справе". Каманда не стала маўчаць, і ў сваю чаргу закранула словамі фанатаў. Адсюль і пачаўся незразумелы мне байкот матчаў з боку фан-сектару. Я сустракаў некаторых актыўных заўзятараў у горадзе і казаў ім, што так ніхто не робіць. Дамовіліся пра сустрэчу з камандай.І вось тэлефануе мне дырэктар клуба і напаўжартам пытаецца, ці справімся мы з фанатамі, бо каля 100 чалавек маюць прыйсці на трэніроўку. Запэўніваю яго, што ўсё будзе ў парадку. У выніку размова адбылася, трывала яна хвілін 15. У адным баку каманда, у другім фанаты. Вынікам стала тое, што лідэры фанатаў паціснулі руку галоўнаму трэнеру. Вельмі прыгожа павёў сябе Арцём Васькоў. Паўабаронца выйшаў наперад і сказаў: "Хлопцы, вы ж мяне ведаеце, я жыву ў Жодзіне, сярод вас. Калі нешта не так — сустракайце мяне, біце!" На гэтыя словы заапладзіравалі і самі фанаты, і футбалісты. На наступны дзень усе бакі атрымалі станоўчыя эмоцыі, хоць "Тарпеда" і прайграла "Шахцёру". Фанаты ўбачылі самаадданасць футбалістаў ад 1-й да 90-й хвіліны, а каманда пачула магутную падтрымку з сектару. Ігар Крывушэнка стаў адным з найлепшых трэнераў сезону. Але ён цікавы журналістам яшчэ і прэс-канферэнцыямі. А раней быў Вадзім Бразоўскі. Хто яшчэ з трэнераў запомніўся вам нетрывіяльнымі "прэсухамі"? Безумоўна, Якаў Шапіра. Мы з ім на пару пастаянна жартавалі. Аднойчы я папрасіў яго прынесці сшытак, куды ён занатоўвае свае крылатыя выразы. Ужо пасля яго смерці выявілася, што такі сшытак сапраўды існаваў, яго прынёс мне сын Якава Міхайлавіча. "Прэсухі" ў Шапіра былі проста неверагоднымі! Пытаецца аднойчы журналіст: "што здарылася з Дзянісам Каролікам?" Адказ трэнера: "У яго страсенне мозга. Але гэта добра". Ва ўсіх выкаціліся вочы, што ж ён кажа? А Шапіра дадае: "…бо гэта сведчыць аб тым, што ў маіх футбалістаў ёсць мазгі". Альбо ягоная фраза пасля перамогі над "Дырыдай" Уладзіміра Курнева: "Лягчэй знайсці яўрэя-аленевода, чым дачакацца, пакуль "Дарыда" пераможа "Тарпеда". Дарэчы, за ўвесь час свайго існавання "Дарыда" так і не здолела перамагчы жодзінцаў. Шапіра быў супермэнам, чалавекам, які на дзесяць год апярэдзіў свой час. А то і болей. Вельмі цікавым быў Алег Кубараў, яго цяжка разгаварыць, але па знаёмстве ён робіцца досыць адкрытым чалавекам. З Бразоўскім працаваць было лягчэй за ўсіх, бо мы знаёмыя з дзяцінства. Нельга забыць пра Сяргея Гурэнку. Здаралася, я прасіў яго не надта праяўляць эмоцыі адразу пасля гульняў, паказваў яму знакі на прэс-канферэнцыях. Увогуле, на прыкладзе Гурэнкі ясна, што прэс-канферэнцыі нельга праводзіць адразу пасля матчу, трэнеры не паспяваюць адысці ад падзей і спакойна разважаць пра гульню, часам кажуць нешта на эмоцыях.

Мова і традыцыі

Некалькі гадоў таму "Тарпеда" насіла чырвона-сінія колеры. Чаму так здарылася і як адбылося вяртанне да чорна-белых?

Вельмі проста. Чорна-белыя колеры — гістарычнае спалучэнне для "Тарпеда". Але калі ў каманду прыйшоў Якаў Шапіра, колеры змяніліся на чырвона-сінія. Справа ў тым, што Шапіра верыў у розныя прымхі, астралогію. А паколькі спонсараў для каманды шукаў пераважна сам трэнер, колеры неўзабаве сапраўды былі змененыя. Так цягам шасці сезонаў "Тарпеда" выступала ў чырвона-сініх футболках. Ужо потым Шапіра пайшоў у іншы свет, і кіраўніцтва змянілася. Старая эмблема Торпедо ЖодиноАлег Кубараў гуляў яшчэ за чорна-белае "Тарпеда", таму вярнуліся да гістарычных колераў. А з эмблемай усё было так. Паклікаў мяне дырэктар клуба і сказаў рабіць усё што хачу, але каб эмблема адпавядала чорна-белым колерам клуба. Мы селі разам з цяперашнім менеджарам па маркетынгу Віктарам Глушко прыдумляць новы герб. Пакідаць на ім толькі чорны і белы колеры было б непрыгожа, і таму я прапанаваў "падфарбаваць" аранжавым. Прыношу на зацвярджэнне дырэктару, а той запытвае, навошта там аранжавы колер. Я кажу — яскрава выглядае. Так і застаўся ён на афіцыйнай эмблеме каманды, у нас нават трэці камплект формы быў аранжавы. Эмблема Торпедо Жодино

А атрыбутыка тады актыўна стваралася?

Так, у мяне недзе яшчэ ляжыць вымпел клуба ў чырвона-сініх колерах. Шапіра ўмеў прыдумляць розныя цікавыя рэчы. Выпусцілі мы спецыяльныя хусткі, якія трэба было павязваць на шыю. Такі сабе дрэс-код каманды. І ўвесь калектыў ехаў на матч у гэтых хустках на шыі, у тым ліку і сам Якаў Міхайлавіч. Ого! У Наваполацку мы паспрачаліся на 300 даляраў. Шапіра сказаў мне, што аддасць гэтыя грошы, калі я пагалю галаву, а бараду з вусамі пафарбую напалову ў чырвоны, а напалову ў сіні колер і прахаджу ў гэтым два тыдні. Жонка спачатку з энтузіязмам успрыняла гэтыя словы, але потым узгадала, што ў яе неўзабаве дзень нараджэння. А куды з такім "рознакаляровым" мужам пойдзеш? І ўсё-ткі я зрабіў гэта. А на паголеную галаву павязаў гэтую тарпедаўскую хустку як бандану і так ад таго моманту хадзіў. Але ў гэтай вясёлай гісторыі даволі сумны канец. Шапіра перад гульнёй быў у шоку, як і ўся каманда. Ён адвёў мяне ў бок і запытаў, няўжо я сур’ёзна сабраўся прахадзіць два тыдні з такой знешнасцю. Я сказаў, што так. Тады ён папрасіў, каб я на наступны дзень усё гэта змыў, а пасля матчу ён аддасць мне грошы. Аднак якраз на той гульні з Якавам Міхайлавічам здарылася бяда, з інфарктам яго адвезлі ў бальніцу. Я ў суседнім пакоі назіраў, як яму ўжо ўручную заводзілі сэрца, але гэта, на вялікі жаль, не дапамагло. Доўгія гады я не ўспамінаў пра гэтую гісторыю, але цяпер штогод на турніры памяці Якава Міхайлавіча я павязваю на галаву чырвона-сінюю бандану, гэта мая даніна памяці вялікаму трэнеру… Ці не сам Шапіра прыдумаў ідэю таго календару, на якім уся каманда была голай і прыкрывала свае важныя месцы мячамі? Ён. Сустракае мяне напярэдадні: "Сяргей, купляй заўтра "Прессбол" — "А што будзе?" — "Убачыш". А там надрукаваны вось такі каляндар! Яшчэ на календары быў слоган: "Всегда стоять и так держать!" Гэтым фотаздымкам Шапіра хацеў прыцягнуць увагу да клуба. Не адзін тыдзень у горадзе аб гэтым гаманілі. Быў яшчэ адзін — з сярэднявечнай зброяй. Але і па сёння, калі я паказваю новы плакат "Тарпеда" ў той жа федэрацыі, адусюль чуюцца падколкі: "А дзе ж вашы голыя?" Шапіра быў вельмі крэатыўным чалавекам. А чаго варты танец усёй каманды пасля выхаду ў вышэйшую лігу? Футбалісты цэлы месяц яго рэпетавалі, каб потым пасля матчу прадэманстраваць гледачам, усе былі ў шоку! Нават да цяперашняга часу ніхто нічога падобнага не зрабіў! Той самы каляндар з "голым"

Тарпеда Вяртанне беларускай мовы ў футбол паволі адбываецца ўжо некалькі гадоў, аднак ці можна казаць пра істотныя зрухі наперад?

Цяпер усё залежыць ад добрай волі кіраўніцтваў клубаў. Для мяне праца менавіта па-беларуску даўно стала традыцыяй, ад гэтага адступіць нельга. Выдатна, што федэрацыя накіравана ў гэты бок. Мне давялося двойчы працаваць дыктарам на "Барысаў-Арэне" падчас матчаў нацыянальнай зборнай.Я адразу сказаў: "Вы ж разумееце, што я буду рабіць абвесткі на беларускай мове?" А мне: "Так нам па-беларуску і трэба!" Я быў прыемна здзіўлены гэтым. З дыктарам з Гомеля я асабіста знаёмы, у веданні беларускай мовы і непасрэдна дыктарскай працы ён стаіць значна вышэй за мяне. Мала хто заўважае, што беларускую мову выкарыстоўвае і дыктар у Брэсце — ён пажылы чалавек, аднак ад 90-х гадоў і па сёння карыстаецца беларускім словам. Хачу падкрэсліць і працу бабруйскай "Белшыны". Я магу пажадаць хлопцам толькі адно — не спыняцца на гэтым, а надалей прапагандаваць нашу мілагучную мову. І мінскае "Дынама" стараецца. Калі раней я быў ледзьве не адзіным, хто працаваў дыктарам на беларускай мове, то цяпер яна гучыць на многіх стадыёнах краіны. Вельмі добра, калі мне пасля інтэрнэт-трансляцый, якія я каментую, тэлефануюць і ўказваюць на памылкі. Патэлефанаваў нават сябра з-пад Жлобіна і па пунктах расклаў мне, дзе і ў чым я памыляўся. Мовы стала больш, і гэта трэба развіваць, пашыраць. А мае каронныя фразы пайшлі ў народ, на вуліцы часам кажуць: "ДзякуйЗаГульню, прывітанне!"Але не магу забыць і негатыў. Цяпер гісторыя Беларусі ў школах выкладаецца на рускай мове, гэта нонсэнс! Трэба вяртацца да таго, што гісторыя і геаграфія Радзімы павінны весціся выключна на беларускай мове. Цяпер да людзей дайшло, што мова — не праява нейкай вясковасці ці апазыцыйнасці, а прыкмета таго, што чалавек шануе сваю родную зямлю. Жодзінскае "Тарпеда" нядаўна славілася на ўсю Беларусь тым, што прозвішчы футбалістаў на майках падпісваліся на роднай мове. Каманда магла нават гуляць кепска, аднак пра "Тарпеда" дзякуючы мове ўсё адно гаварылі. Хто ўсё-ткі вырашыў адмовіцца ад беларускай мовы на футболках? Гэта мая недапрацоўка, бо я мусіў пераканаць кіраўніцтва клуба ў тым, што нам не толькі важна адраджаць мову, але і ў тым, што яна стала сапраўднай "фішкай" нашай каманды. Па беларускай мове "Тарпеда" пазнаюць. З 2007 па 2011 гады мы гулялі з надпісамі па-беларуску, прычым за гэта рашэнне прагаласавала большасць заўзятараў на афіцыйным сайце клуба. Потым Сяргей Гурэнка сказаў мне, што футбалісты выказаліся за рускую мову, але маё асабістае апытанне паказала тое, што такога апытання перад усёй камандай ніхто не ставіў. Перад гэтым сезонам ужо дырэктар клуба Міхаіл Яўгенавіч Хлус сказаў, што трэба па-руску. На жаль, я не пераканаў яго, хаця Крывушэнка быў ня супраць. Трэба было пажартаваць у размове з дырэктарам. Варта было сказаць яму: "Добра, напішыце і сваё прозвішча на рускай мове". А потым спытаць у футбалістаў: "Хлопцы, чым вы думаеце? Як вы можаце падпісваць кантракты з дырэктарам па прозвішчы Хлус, перакладзіце гэтае слова на рускую мову, няўжо ня страшна?!"Так, мова, на якой падпісаны прозвішчы, не прымусіць каманду гуляць лепш ці горш, але я веру, што мы вернемся да беларускамоўнага напісання, гэта наша "фішка". Можна сказаць, ува мне сядзяць дзве стрэмкі, адна — гэта чацвертае месца, другая — тое, што прозвішчы гульцоў падпісаны не на роднай мове. Тарпеда па-беларуску

Небезпадстаўна можна сцвярджаць, што вяртанне роднай мовы павінна пачынацца са школы. Ці можна разглядаць у гэтым кантэксце футбол?

На яго прыходзяць дзеці, чуюць голас Сяргея Пузанкевіча і ўжо не ўспрымаюць мову як нешта такое, што можна чуць толькі па радыё… Калі мы хочам застацца незалежнай краінай, іншага шляху, акрамя вяртання беларускай мовы, у нас няма! Школа толькі адзін з інструментаў развіцця мовы. І футбол толькі адзін з інструментаў, ён паступова прыходзіць да нашай мовы. Я ні ў школьныя, ні ў студэнцкія гады на беларускай мове не размаўляў, ды і вольна размаўляць стаў толькі недзе на трэці год выкладання ў школе. Дзеці актыўна падказвалі мне, дзе я раблю памылкі. А ўжо ў канцы 90-х я часам "тармазіў", калі трэба было сказаць нейкае рускае слова, бо думаў ужо на беларускай. Мая жонка выкладала ў школе хімію на беларускай мове. Чалавек, які гаворыць на беларускай мове не дасць Бацькаўшчыну ў крыўду. Нельга адмаўляць і сучасных абставінаў, бо як толькі па-беларуску загаворыць прэзідэнт, мовай імгненна пачнуць карыстацца чыноўнікі ўсіх узроўняў і любога паходжання. Пакуль жа мы давялі краіну да такога стану, што адбываецца скарачэнне колькасці настаўнікаў беларускай мовы, такога не павінна быць. Сяргей Пузанкевіч

 

Арцём СІЗІНЦАЎ

Автор

КОММЕНТАРИИ

Комментарии модерируются. Пишите корректно и дружелюбно.