Tribuna/Футбол/Блоги/Мова Спартова/Крумкачы - Дынама Мінск: калі дзень гульні як свята, якое цягне нават з Гомелю

Крумкачы - Дынама Мінск: калі дзень гульні як свята, якое цягне нават з Гомелю

Наведаць гульню Крумкачоў у Вышэйшай лізе збіраўся ўжо даўно: у двух выпадках нават прыйшлося здаваць квіткі на цягнік, калі ўзнікалі абставіны, што вымушалі застацца ў паўднёвай сталіцы Беларусі Гомелі. 17 траўня нічога не перашкодзіла і цягнік прывёз мяне ў халодны, на погляд жыхара беларускага поўдню, Мінск.

Автор — Ігар Случак
19 мая 2016, 20:23
6
Крумкачы - Дынама Мінск: калі дзень гульні як свята, якое цягне нават з Гомелю

Наведаць гульню Крумкачоў у Вышэйшай лізе збіраўся ўжо даўно: у двух выпадках нават прыйшлося здаваць квіткі на цягнік, калі ўзнікалі абставіны, што вымушалі застацца ў паўднёвай сталіцы Беларусі Гомелі. 

17 траўня нічога не перашкодзіла і цягнік прывёз мяне ў халодны, на погляд жыхара беларускага поўдню, Мінск.

Памятаю мінулыя гульні Крумкачоў, на якіх давялося пабываць у мінулым годзе, калі каманда гуляла ў Рэчыцы з Рэчыцай-2014, якой ужо, дзякуючы добрай палітыцы развіцця футболу ў Гомельскім рэгіёне, ужо няма, і на гульні з Гомельчыгункатрансам, які ў гэтым сезоне зноў гуляе ў 1-й лізе і гуляць у ёй будзе пакуль у БЧ будуць сродкі, але ніколі ў ВЛ не заявіцца, бо гэта чыгуначнікам не патрэбна.

У тых гульнях на стадыёне збіралася па чалавек 100 - 120 і было крыху няёмка і вельмі прыемна, калі на гульні з Гомельчыгункатрансам каманда Крумкачоў вітала мяне і сяброў (я быў з клубным шалікам) - такога чалавечага падыходу ад футбалістаў я раней ніколі не сустракаў.

Дарэчы, шалік мне на гэты той матч прывёз Аляксей Важнік, з якім ужывую пашчасціла пазнаёміцца на папярэдняй гульні ў Рэчыцы.

Да чаго я гэта распавядаю? Каб паказаць той велізарны прагрэс у развіцці клуба, што адбыўся за мінулы год. Але гэты прагрэс не зрабіў каманду меньш чалавечнай і душэўнай.

Парабіўшы ўсе справы, што неабходна было зрабіць у нашай шэрай сталіцы, да 18 гадзін я ўжо быў на Камвольшчыку, шлях да якога абазначалі міліцыянеры, што выпаўзалі з падвароцен, паказваючы накірунак руху да стадыёну.

Прыйшоўшы на стадыён адразу пабачыў Аляксея, які кіраваў працай валанцёраў і быў як заўжды ў працы. Ён мне даў тэлефон Максіма Паршуты, з якім ужывую я таксма пазнаёміўся ў той самай Рэчыцы, гэтай мілай старонцы, што засталася без футболу.

Максім вынес мне акрэдытацый пачку, каб я забраў сваю і астатнія занёс у назад у Прэс-цэнтр. Я так і зрабіў, але ўсё ж цяжкі дзень мяне надламіў і я адразу пайшоў у кавярню стадыёна каб крыху асвяжыцца, а ў Прэс-цэнтр мне ўжо было не прайсі, бо бармэн сказаў, што спажываць можна толькі на тэрыторыі кавярні. Тым не менш, пасля нядоўгіх ваганняў я вырашыў, што доўг перад Максам больш значны чым парада бармэна і зрабіў марш-кідок у Прэс-цэнтр, дзе Макс ужо мяне расшукваў, бо трэба было перадаць карткі і іншым акрэдытаваным журналістам і блогерам.

Канечне, калі акрэдытоўваеш шмат людзей без накладак не абыхозіцца - у гэты раз налажылася на мяне. Хоць, магчыма, гэта звычайная случайка-абдрукоўка. Або проста калі ёсць крумкачы, то і чайкі павінны таксама быць. Карацей, думаю - супадзенне.

Дарэчы, што да ўваходу на стадыён - праз тое, што сам я прыйшоў за 1,5 гадзіны да пачатку гульні, то ў чарзе на дагляд стаяць не давялося, але вобшук ад мінскай міліцыі быў яшчэ больш пільны, чым ад гомельскай - а там яшчэ тыя рабяты. Прамацалі нават ногі і што больш мяне здзівіла, залезлі ў карманы і выцягнулі самі (!) тое, што ў іх было. Нават у Гомелі такога не бывае (бывае іншае).

Але плюс у параўнанні з Гомелем (на гульні якога я быў напярэдадні, 15 траўня), гэта тое, што на Камвольшчыку міліцыя на стадыёне амаль на вочы не траплялася і прысутнічала ў мінімальнай (у параўнанні з Гомелем) колькасці. Хоць можа для вас, мінскіх, іх таксама было зашмат.

Было б добра, каб міліцыі на стадыёнах наогул не было, і калі гэта здарыцца, упэўнены, што першымі са стадыёна як самы прагрэсіўны клуб іх прыбяруць Крумкачы, бо як кажуць у народзе "Разам зможам перамагчы!".

Гэта вядома словы, якія з гімна Крумкачоў не выкінеш і якія праспявалалі ўжывую можа разоў 7 ці 8 за дзень гульні музыканты гурта Re1ikt. Як каранны гамяльчанін, што нарадзіўся ў Сьвяцілавічах Веткаўскага раёна, хачу заўважыць, што Re1ikt - гурт гомельскі, хоць пачынаў ён у Светлагорску, ну а зараз у Мінску і шмат яшчэ дзе. Але гамельчукоў былых не бывае.

Дужа мне спадабаліся гэтыя жывыя выступы - пад апошні мы ўжо з сябрам спявалі замест "Крумкачы" "Гомель", ну і зразумела, вы самі ведаеце, адкуль "хлопцы з тутэйшых мясцін". 

Карацей, далі палескім суайчыннікам  зразумець, што "Гамяльчук - ты не адзін!", патрымалі нашых таленавітых музыкаў.

Пасля мы пайшлі ўжо на іншую трыбуну, але і там відаць нешта не тое пачалі рабіць, бо пачалі на нас не так глядзець - відаць нельга было паддавацца вялікай радасці за Крумкачоў пры ліку 3:0 і крычаць "Толькі Гомель - толькі пабеда!". Прыйшлося ісці на тую трыбуну, з якой сышлі хвілін 15 да гэтага. Бо мы хоць і ведаем, што мы не адны (а ўдвох), але што паробіш, калі побач яшчэ 3100 хлопцаў з тутэйшых мясцін.

Наогул атмасфера на матчы была дужа файная. І сам стадыён і ўсё гэта вось гэта вось усё мне нагадала часы, калі я хадзіў на футбол у Тарту у свае эстонскія часы. Праўда там збіралася на гульню па чалавек 300 - 500, але ўсё было таксама па-хатняму і па-сямейнаму як і на стадыёне Крумкачоў (хоць чамусці яго і завуць стадыёнам ФК Мінск).

Толькі на стадыёне Тарту Таммекі міліцыі зусім не было (і нават паліцыі не было, і нават не было эмчээснікаў, што ганялі курцоў, каб тыя смалілі свае піпкі каля сметніц, як тое было на гульні з ФКДМ), а было толькі 2 (два) сцюарды. 

На стадыёне вольна прадавалі піва, а фанаты маглі паліць фаеры і іншую дымавуху.

Дарэчы, на Камвольшчыку таксама можна было папіць піва (нават двух гатункаў, з якіх выйграваў цёмны культ лічнасці, які можна было выдаваць за квас і браць на трыбуну) (вядома, ніхто так не рабіў, гэта я атветственна і ўбедзіцельна заяўляю)). Тым не менш, ніхто не бляваў і не валяўся, не біў бліжняга свайго і нават дальняга таксама, што кажа аб тым, што піва на беларускіх стадыёнах мае права на жыццё, беларусы не быдла, за якое нас чамусці ўпарта спрабуюць выдаць, шкада толькі што толькі адзінкавыя стадыёне дазваляюць яго продаж. 

Дарэчы, піва скончылася за 30 хвілін на сканчэння матчу (тэг: "арганізатарам на заметачку")

У тым жа Гомелі папіць піва можна толькі каля стадыёна, але не на самой арэне, што выглядае глупствам. Але прагрэсіўнай грамадскасцю Гомеля і гэта было ўспрынята як вялікае дасягненне ў дэмакратызацыі футбольнага заўзятарскага жыцця. Можа так і трэба.

Вяртаючыся да арганізацыі гульні, то адзначу, што пры жаданні і атрыбутыку без праблем можна было набыць, і дзецям было чым заняцца - і кловун з гумавымі вырабамі іх весяліў і маскот Крумка, з якім было грэх не сфатаграфавацца і не пажмякаць.

Як чалавек, што займаецца насаджэннем беларускай мовы (с) у Беларусі, хочу звярнуць увагу, што беларуская мова ў Крумкачоў выкарыстоўваецца шырока: праграмкі, гімн, афішы, прозвішчы на майках гульцоў, дыктар і некаторыя рэкламныя дошкі - усё гэта было па-беларуску. Дынамаўцы таксама гулялі ў беларускамоўнай форме, таму смела можна казаць, што я пабываў на сапраўднай гульні чэмпіянату Беларусі.

Адзінае, трэба яшчэ табло беларусізаваць.

Я шчыра ўпэўнены, што гульня і дзень матчу пакінулі б у заўзятараў Крумкачоў тыя ж пазітыўныя эмоцыі, нават калі б лік быў 4:1 на карысць Дынама - галоўнае тут была атмасфера свята і свободы, роўнасці і братэрства, як казалі французкія мужыкі крыху раней.

Пры такой арганізацыі гульняў і ўзаемаадносінах каманды з заўзятарамі прыхільнікі ў Крумкачоў будуць толькі  расці, нават калі яны будуць толькі прайграваць.

Бо шчырасць і ўзаемапавага - гэта тое, чаго нам усім так не хапае ў сённяшнім свеце.

Перамог і посьпехаў Крумкачам! 

А мне гульня спадабалася - сярод соцен футбольных матчаў, што наведаў у Беларусі, гэта была першая гульня, калі я пабываў на футболе, на сапраўдным футбольным свяце.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

2018 ЧАРНАВІК ТОП-150
28 января 2019, 18:40
#случакуслуцку
15 января 2018, 10:05
Все посты