Tribuna/Футбол/Блоги/Сто адзін адсотак/Не горшы варыянт. Меркаванне аб гульні зборнай Беларусі

Не горшы варыянт. Меркаванне аб гульні зборнай Беларусі

Беларусь - Францыя - 0:0. Скажы вам пра такі вынік матча да пачатку гульні, як бы вы да яго паставіліся?

7 сентября 2016, 12:06
2
Не горшы варыянт. Меркаванне аб гульні зборнай Беларусі

Беларусь - Францыя - 0:0.

Скажы вам пра такі вынік матча да пачатку гульні, як бы вы да яго паставіліся? Стадыён пасля фінальнага свістку ўзарваўся авацыямі, можа нават крышачку больш, чым трэба, калі твая каманда не перамагла. Але гледачы, якія не засталіся ля экранаў ТБ, а прыйшлі на стадыён, задаволеныя - значыць усё так, як мае быць. Дарэчы, наконт гледачоў - Барысаў-Арэна была практычна цалкам запоўненая заўзятарамі, і гэта несумненны поспех федэрацыі і каманды. Было немала размоваў пра тое, што частка квіткоў была размеркавана “адміністратыўным” метадам, але і гэта ў рэшце рэшт неважна, калі ўсе іх гаспадары такі патрапілі на трыбуны. Застаецца толькі спадзявацца, што і ў наступным матчы зборнай будуць карыстацца вялікім попытам.

Акцыя з белымі цішоткамі таксама зайшла даволі ўдала. Адсоткаў 90-95 былі “у белым”, і гэта выглядала прыгожа. Праўда, нейкіх там “мурашак па скуры” гэтае відовішча не выклікала. Можа таму, што белы колер, як мне здаецца, мусіць быць “чыстым”. А тут атрымаліся такія шэрыя трыбуны, бо акрамя цішотак людзі былі з большага ў адзежы цёмных колерах, і гэта крыху змазала ўражанне. Можа быць чырвоны стадыён, калі працягваць традыцыю фан-сектара зборнай Б-12, выглядаў бы і больш эфектна. Але не будзем бурчэць - і людзям, і гульцам гэта спадабалася. І гэта галоўнае. Тым больш, што федэрацыя ўжо зрабіла свой “белакрылы” выбар. Пытанне толькі адно - ці ўбачым мы нешта падобнае ў наступных гульнях, калі спонсарскія цішоткі ўжо не будуць чакаць кожнага заўзятара на яго месцы? У гэтай сітуацыі (“брэнд” зборнай, белыя цішоткі, “белыя крылы” і г.д.) вельмі важным было дасягнуць прыстойнага рэзультата на полі, бо ўсе ўражанні ад “каляфутболу” можна перакрэсліць няўдалай гульнёй каманды. Улічваючы, супернік якога рангу супрацьстаяў беларусам, яно атрымалася. Так, наша каманда ніводнага разу не пацэліла ў вароты французаў (тыя ж - дзесяць разоў) і большую частку гульні хутчый білася, чым гуляла ў футбол. Але можа быць у дадзены канкрэтны момант яно і важней - біцца?! Біцца за гэты нацыянальны арнамент, гэтых людзей, якія “пабялілі” Барысаў-Арэну, і тых людзей, якія засталіся вернымі колеру чырвону і запальвалі на матчы ў прамым і пераносным сэнсе?! Біцца за Радзіму, у рэшце рэшт! У гэтым выпадку - усё атрымалася. І ў гэтым сэнсе да гульцоў няма амаль ніякіх пытанняў.

Акрамя аднаго: дзякаваць трыбунам трэба як след. Адпачнуць у раздзявальні вы паспееце, а абыйсці няспешна ўсе трыбуны, і падыйсці да фан-сектара ўсёй камандай - гэта мае быць пасля кожнай гульні. І нават не зважаючы на рэзультат. Тады можна спадзявацца, што і трыбуны дарастуць да большага, чым 2-3 разы за матч праскандаваць “Беларусь-Беларусь”, і “фан-сектар” будзе не палову сектара, а ўся “заваротка”. Будзем спадзявацца, што гэтая гульня дала пачатак чамусьці вельмі цікаваму і захапляльнаму ў гісторыі зборнай Беларусі і яе заўзятараў.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов