Tribuna/Футбол/Блоги/Палёт Крумкачоў/«Калі мы выступалі з “Крумкачамі”, яны ніколі не прайгравалі». Гэты гурт спалучыў рок і спорт

«Калі мы выступалі з “Крумкачамі”, яны ніколі не прайгравалі». Гэты гурт спалучыў рок і спорт

Незалежная музыка ды спорт.

7 сентября 2020, 23:35
«Калі мы выступалі з “Крумкачамі”, яны ніколі не прайгравалі». Гэты гурт спалучыў рок і спорт

Кожны, хто хоць некалі прыходзіў на гульні “Крумкачоў”, ведае іх гімн – рокавую песню “Разам”. Ён быў створаны яшчэ ў 2016 годзе, але так палюбіўся гульцам ды фанатам “Крумак”, што гучыць на матчах і дагэтуль. Але хто стаіць за такім знакавым для менскай каманды спевам? Мы сустрэліся з двума з чатырох музыкаў знакамітага гурта “Relikt”, што некалі і запісаў трэк “Разам” – Аляксандрам Дземідзенка і Зміцерам Наркевічам. Пагутарылі пра тое, як гэта – пісаць гімны футбольных клубаў, а яшчэ пра сапраўднае жыццё незалежных музыкаў у Беларусі.

 - З чаго пачалася ваша гісторыя?

Аляксандр: Сам гурт пад назвай “Relikt” пачаў існаваць яшчэ ў 1999 годзе, калі мы былі зусім маленькія. Тады ў гурце быў я і яшчэ колькі людзей, з якімі мы ўжо нават даўно не камунікуем, проста светлагорскія хлопцы, што ўмелі іграць на гітары. ‘

Час ішоў, у 2005 годзе да нас далучыўся спявак Уладзімір Казлоў. Наступны важны этап – 2010 год, калі з’явіліся цяперашнія ўдзельнікі складу. Гэта гітарыст Віталь Макшун, басіст Зміцер Наркевіч ды я. На той час мы ўжо дастаткова шмат ігралі, выступалі ды запісвалі альбомы. Пачалося ўсё са Светлагорска, але зараз мы звязаныя з Мінскам.

Зміцер: Мы пазнаёміліся выпадкова, праз Інтэрнэт. Тады ўсё ў Сеціве было па-іншаму, знаходзілі музыку на нейкіх серваках.Здаецца, нават Ютуба не было, таму дзяліліся музыкай на форумах. Перасылалі адзін аднаму нейкія спасылкі на музыку, так і пазнаёміліся. Алесь тады жыў у Гомелі ў інтэрнаце, мы яшчэ тэлефанавалі адзін аднаму. Было цікава.

Аляксандр: Са Зміцерам мы даўно сустрэліся, але ў гурце ён пачаў граць у 2010 годзе. Да гэтага ён быў сябрам гурта, адміністратарам, дырэктарам, рабіў рэкламу – усё, што можна было зрабіць для гурта. Можна сказаць, што Зміцер вывеў гурт на ўзровень Мінска, да гэтага мы выступалі не так рэгулярна.

Зміцер: Мне проста мала што падабалася з лакальнай мінскай музыкі. Падабаўся “Relikt”, але яны былі не менскія, дык як наведаць іх канцэрт? Зрабіць яго самастойна.

Аляксандр Дземідзенка

 - Якая тады была у Менску музыка?

Зміцер: Нейкі поп-рок, хардкор, які не быў насамрэч хардкорам. Мне гэта ўсё не падабалася, і я прывёз “Relikt”.

Аляксандр: Са Зміцерам нас аб’яднаў агульны музычны густ, які быў дастаткова рэдкі на той час. Гэта зараз, калі з’явіўся Інтэрнэт, чалавеку можна даволі лёгка вывучаць новую музыку. А тады трэба было рабіць для гэтага нейкія высілкі, нельга было проста адшукаць, напрыклад, усю дыскаграфію Soundgarden. Да такіх рэдкіх запісаў даходзілі толькі адмысловыя прыхільнікі, гэта нас і зблізіла са Зміцерам. Вельмі мала людзей любілі такі набор гуртоў, як падабалася нам.

 - Як склаўся той музычны накірунак, у якім працуе “Relikt”?

Аляксандр: Думаю, перш за ўсё адыграла ролю наша жаданне граць тое, што больш ніхто не грае, музыку, не падобную да таго, што тады было ў іншых. Калі ты гэтага хочаш, да гэтага ідзеш, так і складалася. Плюс на нас уплываў наш музычны густ, тое, што мы слухалі. Гэта былі гурты Сіэтла, тое, што называлася гранжам, альтэрнатыўны рок канца 80х-пачатку 90х. Зараз гэтыя гурты могуць быць больш вядомыя праз наяўнасць Інтэрнэту, а ў наш час такую музыку трэба было шукаць самастойна, яна мела трохі іншую каштоўнасць.

 - Калі казаць пра наш час – у чым адметнасць гурта “Relikt” на беларускай музычнай сцэне?

Зміцер: Калі ўключыць наш апошні альбом, “Дрэва жыцця”,  яго слухаць проста, але музычна ён даволі складаны. Неяк мы рабілі акустычную праграму з віяланчэлісткай Ганнай Лукашык, дык для яе гэткая музыка аказалася ўвогуле іншым светам. Там свае музычныя памеры, стылістыка, і Ганне спатрэбіўся пэўны час, каб увайсці ў нашу атмасферу.

Зміцер Наркевіч

 - Ёсць свая вытанчанасць?

Зміцер: Хутчэй нейкая музычная нестандартнасць.

Аляксандр: Плюс шмат беларускіх музыкаў намагаюцца проста схапіць трэнд, нейкі чужы хайп, і на гэтым пабудаваць сваю музычную праграму. Напэўна, гэта працуе на прамысловым узроўні, калі ёсць нейкае агенцтва, адпаведная каманда і грошы на развіццё артыста. Тады можна выкарыстоўваць трэнды ў якасці натхнення для стварэння музыкі. Калі ты незалежны гурт, гэта стоадсоткава не спрацуе. Але, напэўна, будзе сэнс, калі ты станеш максімальна шчыра рабіць тое, што ты хочаш рабіць.

 - Вы сябе адносіце да незалежных гуртоў?

Аляксандр: Канешне. Нам ніхто не плоціць, у нас няма працадаўцы ці спонсара, акрамя нашых слухачоў, калі можна іх назваць спонсарамі, роўнеж у нас няма лэйбла. Часам былі спробы нейкага супрацоўніцтва, але мы бачылі, што карысць з гэтага невысокая, хутчэй нават адмоўная. Мы трацілі час на камунікацыю, але не атрымлівалі ніякага выніка ў матэрыяльным ці нематэрыяльным плане. Таму вырашылі, што на сённяшні дзень для нас больш правільны шлях – ствараць і ўзмацняць сваю каманду, не залежыць ні ад каго. У гэтым ёсць, канешне, мінусы, бо трэба шмат чаго рабіць самім. Але калі ўсё атрымліваецца, то чаму б і не?

 - І як зараз у Беларусі жывецца незалежным гуртам?

Аляксандр: Думаю, кожнаму па-рознаму. Ёсць гурты з большай колькасцю выступаў, продажаў, слухачоў, а ёсць тыя, у каго амаль што нічога няма. Але, мне здаецца, амаль што ні для кога музыка не прыносіць такі даход, як асноўная праца. З музыкі могуць жыць кавер-бэнды – гэта звязаная з тым, што яны дэмпінгуюць, і з музычным густам тых, хто іх замаўляе. Звычайна іх аўдыторыя не адчувае розніцу паміж арыгінальным гуртом і кавер-бэндам, роўнеж як паміж дарагім і танным кавер-бэндам. Звяртаюцца да іх для галачкі – проста каб нейкі кавер выступіў на карпаратыве. Яшчэ, напэўна, з музыкі ў нас можа жыць невысокая колькасць артыстаў, якія прыкладаюць для гэтага трохі больш намаганняў.

Зміцер: Тут тыя ж самыя гісторыі, як і ў выпадку з бізнесамі, старт-апамі, калі мы ведаем толькі пра тыя, што сталі вядомымі. Таксама і з гуртамі – невялікі адсотак з іх робяцца вядомымі, а пра астатнія проста ніхто не памятае.

 - Чытала на вашай старонцы, што вы шмат ездзіце на фэсты.

Аляксандр: Зараз, напэўна, праз каранавірус асабліва не ездзім. А так канешне, запрашаюць на розныя імпрэзы па краіне. Кожны год у нас ёсць канцэрты ў Польшчы. Калі ты добры, актыўны гурт, маеш свой досвед і знаёмствы, канешне, ты будзеш ездзіць на фэсты.

 - Самы незвычайны фэст, на якім вы былі?

Зміцер: Напэўна, гэта не зусім фэст. На возеры Селява ёсць выспа, на якой ужо гадоў дваццаць ладзіцца археалагічны летнік, і мы там часам граем у акустыцы. Нас туды вязуць на лодачцы, частуюць. Мінулым летам, калі плылі адтуль на лодачцы, падняліся велізарныя хвалі, была нават маланка. Памятаю, плылі на дзвюх лодках, заматаліся цалафанам, каб не прамокнуць. Навокал нічога не было бачна, такая сцяна з дажджу. А іншы раз мы прыехалі і пачалася моцная навальніца, мы пастаялі на беразе і паехалі назад :).

Аляксандр: Але гэта, канешне, не фестываль. Калі казаць пра фэсты, то зараз у нас, на жаль, нешмат часу, каб паглыбіцца ў іх атмасферу. Атрымлівалася так, што часта мы проста прыязджалі на фэст, выступалі, адпачывалі, садзіліся ў машыну і ехалі дахаты, бо, напрыклад, Уладзіміру трэба было на нейкую працу. Таму мы не мелі часу паслухаць іншыя гурты. Плюс, калі вельмі шмат гэтых выступаў, ты пачынаеш не ўспрымаць тое, што адбываецца, думаеш крыху пра іншыя рэчы.

 - Не атрымліваеш кайф?

Аляксандр: Не, ты, канешне, атрымліваеш кайф ад музыкі, выступу. Проста пачынаеш больш думаць пра арганізацыю, лагістыку. Узгадваю, як гадоў 15 таму мы так старанна рыхтаваліся да кожнага выступу, збіралі шмат клункаў, зараз усё трохі па-іншаму. На якасць нашай музыкі гэта ніяк не ўплывае, але гэта адбіваецца на ўспрыманні кантэксту. Факусіруешся толькі на музыцы, няма часу на ўсё астатняе.

 - Наколькі разумею, у членаў вашага гурта ёсць і асноўная праца?

Аляксандр: Мы ўсе, акрамя Уладзіміра, працуем у ІТ, у розных галінах распрацоўкі прадукта. Уладзімір спявае па рэстарацыях ды вяселлях, яшчэ дае вакальныя заняткі.

Проста справа ў выбары. Альбо ты працуеш на звычайнай працы 8 гадзін на дзень і ў цябе такі гурт, як ты хочаш, ты не хвалюешся наконт грошаў ці замоў і робіш такую музыку, якую хочаш рабіць, або ты займаешся толькі гуртом, але ён ператвараецца ў нешта кшталту кавер-бэнда, для якога галоўнае – атрымліваць у месяц нейкую адпаведную суму беларускіх рублёў. Тады ты ўжо працуеш не на творчасць, а на жыццё.

***

 - Якія ў вас адносіны са спортам?

Зміцер: Нейкі час хадзілі па спортзалах.

Аляксандр: Зараз няма часу на качалку, бо ў мяне маленькі дзіцёнак. Але калі ён падрасце, я вярнуся туды, бо мне вельмі падабалася ў зале. Пакуль выбіраю сына.

 - Што наконт гульнёвых відаў спорту, футбола?

Аляксандр: Калі быў маленькі, хадзіў на грэблю і баскетбол. Спартоўца з мяне быў дрэнны, хаця я вельмі жадаў стаць баскетбалістам, нават больш, чым займацца музыкай. Зараз думаю, што проста абставіны не склаліся, а з музыкай у мяне неяк склалася.

Зміцер: Гулялі ў футбол у двары, на фізкультуры. Аднойчы на “Трудавых рэзервах” (спартовы комплекс у Мінску – прым.) адбывалася нейкая адкрытая трэніроўка па футболе, і я туды прыйшоў. Трэнер сказаў разбіцца на дзве каманды і граць супраць адзін аднаго. Здаецца, ні разу да мяча не дакрануўся нават. Вось гэта і была ўся мая сувязь са спортам :). Часам гляджу футбол, але граць ужо не буду, бо здароўе не тое – калі атрымаеш траўму, будзеш моцна аднаўляцца. Праз наведванне спортзала ў мяне абвастрыліся праблемы са спіной. З імі атрымалася справіцца, але цяпер займаюся толькі нечым падобным да ЛФК :).

 - З чаго пачалося ваша знаёмства з “Крумкачамі”?

Аляксандр: З клубам працаваў Віктар Радзькоў, займаўся маркетынгам. Ён паслухаў наш альбом “Лекавыя травы” і прапанаваў Дзянісу Шунто, каб мы запісалі гімн “Крумкачоў”. Кіраўніцтва клуба было не супраць. Мы сустрэліся з Віцяй, пагутарылі, і ён сказаў – напішыце такі гімн, як вам хочацца, мы не будзем улазіць у вашу працу. Гэта правільны падыход, бо той тып кіраўніцтва, калі мэнэджэр хоча прыглядаць за ўсім, не заўжды працуе.

Мы напісалі песню, выпусцілі яе, і ўсё атрымалася. Людзі яе прынялі. Наколькі мне вядома, яе спяваюць і зараз.

Зміцер: Так, яна грае на кожнай гульні. Гляджу трансляцыю і чую, як яе спяваюць заўзятары. Смешна, што, калі з’явіўся гэты гімн, заўзятары іншых клубаў пісалі ў каментарах – шкада, што ў нашага клуба не такі гімн :). Бо, калі слухаеш гімны некаторых іншых футбольных каманд, думаеш – эмм, навошта?

 - Што вам не падабаецца ў тых песнях?

Зміцер: Здаецца, быццам іх дома на камп’ютары запісалі заўзятары, якім вельмі хацелася падтрымаць любімую каманду. Калі ведаць гісторыю песні, напэўна па-іншаму ўспрымалася б. Але ўсё роўна, на мой погляд, гэта не тыя творы, якія захапляюць і іх хочацца спяваць. У мяне тады не атрымалася нешта цікавае знайсці сярод беларускіх футбольных гімнаў. Калі нехта ведае класныя, абавязкова пішыце ў каментарах  - з радасцю паслухаю.

Аляксандр: Не чуў гімны іншых клубаў, таму нічога не магу пра іх сказаць. Але раскажу, як пісаў гімн для “Крумкачоў”. Калі пачынаў працу, вырашыў паглядзець, якія ёсць вядомыя футбольныя песні. Тады быў такі трэнд, што не маглі браць нейкую песню адмыслова для клуба. Гімнам бостанскіх клубаў была I’m shipping up to Boston у выкананні Dropkick Murphys, іншыя спартоўцы звярталіся да творчасць Мэрайі Кэры. Я вырашыў – ок, напішам як напішам.

Да таго часу я не наведваў футбольныя матчы і не ведаў, як там усё адбываецца. Першы раз апынуўся на футболе, калі мы выступалі на стадыёне перад матчам з “Дынама”. Але яшчэ падчас напісання гімну я разумеў, што яго сэнс – у яднанні клуба, гульцоў і заўзятараў, што яны павінны стаць нечым цэлым і падтрымліваць адзін аднаго. Як бы я сябе адчуваў на стадыёне? Што б хацеў пачуць, калі б з’яўляўся заўзятарам ці, наадварот, гульцом? Пра ўсё гэта я і напісаў. Разам з гуртом мы зрабілі паўнавартасную аранжыроўку песні, запісалі яе.

Наконт тых гімнаў, пра якія кажа Зміцер… Мне здаецца, што на той момант “Крумкачы”, як і гурт “Relikt”, былі нечым народным, незалежным. Адчуў, што клуб не быў нейкай фармальнай структурай, якая патрабавала б нешта штучнае, таму захацелася зрабіць з душой. Тым больш што “Крумкачы” вялі соцсеткі па-беларуску, карысталіся беларускай мовай. Сама назва клуба беларуская, плюс у ёй ёсць нешта рокавае, бо “Крумкачы” – гэта рокавы сімвал. Гэта не нейкая абрэвіятура, назва завода ці “Газмяс” :).

Зміцер: Нейкі час я жыў у Нясвіжы і хадзіў на матчы футбольнага клуба “Верас” – дарэчы, гэта была вельмі добрая каманда. Яна не трапіла ў вышэйшую лігу, але гуляла нядрэнна. Часам яшчэ мы глядзелі лакальныя матчы, і там удзельнічана каманда пад назвай “АФВіС-РШВСМ”. Гэта была аматарская ліга, каманда, здаецца, паходзіла з Мінскай вобласці. Вось для такога клуба, напэўна, можна было б напісаць цікавы гімн :). Мне было, здаецца, гадоў дзесяць, але назву той каманды запомніў на ўсё жыццё, буду ўнукам расказваць.

Дарэчы, зразумеў, што мне не падабалася ў шматлікіх футбольных песнях: быццам бы яны існуюць асобна, а каманда – асобна. Што дачытыцца “Крумкачоў”, атрымаўся такі DIY-прадукт, кіраўніцтва само пажадала рабіць гімн і яны сапраўды любяць футбол. Крыху, канешне, усё памянялася, але ў клубе засталіся людзі, якія любяць гэтую каманду і падтрымліваюць яе, каб гэта ўсё не развалілася і развівалася далей. Гэта вельмі цяжкая праца, але, наколькі бачу, мэнэджмэнт разлічвае свае сілы і робіць усё магчымае для каманды.

 - Раскажыце пра той самы выступ на кубкавым матчы з “Дынама” ў 2017 годзе.

Аляксандр: Гэта быў вельмі круты, натхняльны для нас дзень. Адыгралі некалькі сэтаў, выканалі гімн, заўзятары яго таксама спявалі. Мне здаецца, што ў тым ліку і праз песню, праз тую атмасферу каманда аказалася больш моцнай. Адбылася такая акумуляцыя энергіі і веры ў сябе, што, напэўна, праз гэта “Крумкачы” і перамаглі. Гэта было вельмі прыемна і крута, тым больш што да гэтага, памятаю, фанаты “Дынама” пісалі на сценах, як яны перамогуць “Крумкачоў”. Пісалі-пісалі, а потым бумс і прайгралі, гэта было прыкольна.

Зміцер: Гэта быў адзіны раз, калі мы паставілі на мяжы футбольнага поля апаратуру ды выступілі. Праз гэта дынамаўскі трэнер потым, здаецца, сказаў на прэс-канферэнцыі нешта такое: мы прайгралі, бо мне перашкаджаў гурт. Было вельмі смешна. Памятаю поўны стадыён ФК “Мінск”, хоць ён і невялічкі, атмасферу напружаных момантаў, абразлівыя крычалкі заўзятараў “Дынама”. Але выйграў той, хто больш хацеў выйграць :).

Аляксандр: Думаю, усе хацелі выйграць. Проста было нейкае адчуванне таго, хто тут станоўчы персанаж, а хто – адмоўны, і “Крумкачы” сябе тады лічылі станоўчым персанажам. Здаецца, пачуццё справядлівасці таксама надавала ім тады нейкую моц.

А яшчэ, калі мы выступалі з “Крумкачамі”, яны ніколі не прайгравалі, толькі адзіны раз адыгралі ўнічыю. Ведаю, што былі на матчах і іншыя музыкі, але калі яны спявалі, “Крумкачы” часам прайгравалі. Дарэчы, кіраўніцтву клуба трэба пра гэта падумаць :).

- Гэтая гісторыя з гімнам для “Крумкачоў” не прыцягнула вас да футбола?

Зміцер: Мы з Віталём Макшунам часам наведвалі матчы. Увогуле, я пачаў цікавіцца футболам у 1998 годзе, стаў заўзець за “Манчэстэр Юнайтэд”. У наступны год ён зрабіў трэбл. Пазней маё захапленне з футбола перайшло да музыкі, але дзякуючы “Крумкачам” я вярнуўся да футбола, працягваю заўзець за “Манчэстэр Юнайтэд”.

Аляксандр: Аднойчы мы наведвалі агульную адкрытую трэніроўку “Крумкачоў” і клуба па амерыканскаму футболу “Літвіны”. Выступілі там, адыгралі сэт і, здаецца, разыгрывалі нейкія квіткі для прысутных. Увогуле, трэба, канешне, рабіць больш розных імпрэзаў з музыкамі, футбалістамі.

Дарэчы, некалькі год таму, падчас прэзентацыі нашага альбому “Куфар”, мы выконвалі песню “Разам”. Тады на сцэну да нас вылез клубны талісман, Крумка, а сам канцэрт наведалі гульцы каманды. Такія калабарацыі паміж футболам і іншымі галінамі – гэта вельмі правільна і карысна для яднання людзей.

Лучшее в блогах
Больше интересных постов

Другие посты блога

Все посты