Блог Yellow card

«Наш футбол як ніякі іншы спорт надае ўвагу сімвалам і мове». Зборная Беларусі зноў мяняе імідж

Стваральнік «Арт-Сядзібы» і symbal.by – пра супрацу з АБФФ.

 На днях футбольная федэрацыя сумесна з анлайнавай крамай symbal.by і культурніцкай арганізацыяй «Арт-Сядзіба» анансавала прэзентацыю новай формы зборнай Беларусі. Імпрэза адбудзецца 3 верасня ў 19.30 каля Нацыянальнага мастацкага музея. Гэта ўжо не першы прыклад супрацы АБФФ і крамы symbal.by. Два гады таму быў створаны брэнд «Белыя крылы», а летась прайшоў конкурс «Мова. Музыка. Футбол». Пра рэбрэндынг іміджа зборнай гутарым са стваральнікам праектаў «Арт-Сядзіба» і symbal.by Паўлам Белавусам.

- Павел, як наогул пачалося супрацоўніцтва з футбольнай федэрацыяй?

– Супрацоўніцтва пачалося, калі з’явіліся «Белыя крылы». Які гэта год быў… Здаецца, 2016-ы. Так, калі федэрацыя футбола запусціла рэбрэндынг нацыянальнай зборнай і паднесла ўсю ідэю з «Белымі крыламі», нам вельмі спадабалася, паколькі гэта супадала з дзейнасцю, якой займалася наша крама.

Яшчэ цікавы факт: памятаеце зорку на форме «Белыя крылы»? Калісьці, колькі гадоў таму, мы ўзялі зорку з таго арнаменту для лога symbal.by. Мы жартавалі, што сталі тытульным спонсарам зборнай па футболе :). Тады яшчэ не было моды ствараць лагатыпы на аснове арнаментальных сімвалаў. Мы, мабыць, першыя, хто ўзяў адзін элемент з арнаменту і ўпісаў яго ў лагатып нашай кампаніі.

Паколькі ў федэрацыі ёсць жаданне прасоўваць беларускую мову і нацыянальныя сімвалы, з’явілася ідэя, чаму б не паспрабаваць зрабіць што-небудзь сумесна. Я проста напісаў у Фэйсбуку Дзмітрыю Герчыкаву: «У нас ёсць ідэя запусціць конкурс «Мова. Музыка. Футбол», каб беларускія гурты напісалі песні на тэму падтрымкі беларускай зборнай. І усё гэта разам сфармаваць у такую кампанію».

Як ні дзіўна, Зміцер адрэагаваў вельмі хутка, мы сустрэліся з кіраўніцтвам федэрацыі і пачалі гэтую справу. Нам даслалі некалькі дзясяткаў кампазіцый, з іх адабралі лепшыя. Пасля было галасаванне, запіс у студыі, і ў выніку мы выпусцілі дыск. Завяршэннем той кампаніі стаў канцэрт перад  фіналам Кубка Беларусі-2017 у Гродне. Самае цікавае, што ўсё адбывалася з імпэтам, у нас не было асаблівага бюджэту, даводзілася звяртацца да розных партнёраў. Зрабілі ўсё, бо просто гарэлі гэтым, і нам падабалася ідэя: нацыянальны футбол, ён як ніякі спорт у Беларусі надае ўвагу сімвалам і мове. Сёлета, здаецца, толькі дзве каманды вышэйшай лігі не маюць надпісаў гульцоў на беларускай мове. Гэты факт сведчыць аб тым, што і ў заўзятараў ёсць падтрымка. Сярод усіх відаў спорту беларуская тэма найбольш праяўляецца менавіта ў футболе.

На фінале Кубка Беларусі ў Гродне мы пазнаёміліся з Сяргеем Румасам. Тады абмяняліся меркаваннем, што беларускую тэму трэба развіваць надалей. Федэрацыя прапаноўвала запусціць другую частку конкурсу «Мова. Музыка. Футбол», але мы падумалі, што адно і тое ж паўтараць будзе не вельмі цікава.

Некалькі месяцаў таму з Дэпартамента маркетынгу федэрацыі да нас звярнуліся і сказалі, што хутка пачнецца Ліга нацый, у зборнай будзе новая форма, давайце нешта зноў будзем рабіць разам. У выніку пачалі новы этап супрацоўніцтва.

- Ці былі знаёмыя з Герчыкавым, калі пісалі яму?

– Мы былі сябрамі ў фэйсбуку, але асабіста знаёмыя ніколі не былі. Гэта была проста спантанная ідэя: каму напісаць? О, напішу Змітру, бо ведаю, што ён там працуе. А пасля гэта ўсё перерасло ў праект. Пачыналі супрацоўнічаць з федэрацыяй, калі кіраўніком Дэпартамента маркетынгу быў Уладзімір Беражкоў. Цяпер ім з’яўляецца Юрый Садоўскі. Абмяркоўваем з ім наўпрост усе ідэі і пытанні.

- Калі вы абмяркоўваеце ідэі, ці лёгка федэрацыя ідзе на кантакт? 

– Мы збіраліся працоўнай групай «Арт Сядзіба» і symbal.by з аднаго боку, федэрацыя – з другога. Амаль усе ідэі, што мы прапаноўвалі, падтрымліваліся. Файна, што не толькі з’явіўся арнамент і прэс-рэлізы. Афішы АБФФ таксама пачала рабіць па-беларуску. Нас як арганізацыю, што ў першую чаргу займаецца папулярызацыяй мовы і нацыянальных сімвалаў, гэтыя крокі натхняюць, каб што-небудзь рабіць разам з федэрацыяй. У нас няма задачы нешта зарабіць, наша мэта – перадаць свой досвед у арганізацыі мерапрыемстваў, прома-акцый, а таксама базу кантактаў, ідэй, каб у выніку атрымалася нешта годнае.

Цяпер навідавоку прыклад Харватыі. Маленькая краіна, прыкладна параўнальная з Беларуссю, са сваёй культурай, унутраным стрыжнем, якая змагла паказаць сябе ўсяму свету. Мая ідэальная мара, каб беларуская зборная і яе падтрымка ўсё лепшае бралі, напрыклад, ад Харватыі. Такія перамогі і дасягненні вельмі аб’ядноўваюць нацыю і папулярызуюць краіну. Зразумела, што чырвона-белая шашачная форма стала брэндам. Хочацца, каб футбольным візуалам, па якім будуць пазнаваць Беларусь, стаў беларускі арнамент. Таму ён прысутнічае і на форме, і ў друкаванай прадукцыі, і ў фан-атрыбутыцы. Магчыма, ён сапраўды зможа стаць пазнавальным сімвалам Беларусі.

- Якія ўражанні ад знаёмства з Румасам? 

– Усе пытанні наконт праектаў і раней, і цяпер мы вырашаем з Дэпартаментам маркетынгу, але з Сяргеем Румасам было проста аднаразовае знаёмства. Прыемна, што тая ініцыятыва па заданні нацыянальнага каларыту, якая сыходзіць ад нас і ад федэрацыі, не ідзе пад прымусам, а сапраўды ад душы. Такі кірунак цалкам падтрымлівае і сам спадар Румас. 

Францішак Вячорка, Сяргей Румас і Павел Белавус.

- З прыходам Румаса на пасаду прэм’ер-міністра многія пачалі спрачацца, ці пачнецца беларусізацыя. На ваш погляд, ёсць  перадумовы? 

– Цяжка сказаць, ці зменіць цвёрдая беларусізацыя мяккую. Калі я даведаўся аб прызначэнні Румаса прэм’ер-міністрам, зразумеў для сябе, што гэты чалавек пазітыўна і лаяльна ставіцца да беларускай мовы і сімвалаў. Ставіцца да іх як да нацыянальных, а не апазіцыйных. Румас мае нармальную здаровую пазіцыю наконт беларускіх сімвалаў, таму мне здаецца, што горш дакладна не павінна стаць. Была такая гісторыя калі ён размаўляў з міністрам унутраных спраў на тэму цішотак з «Пагоняй» і чырвона-белага сцяга на матчах. Пры Румасе мы ўбачылі, што на адборачных гульнях нацынальнай зборнай людзі спакойна трымалі гістарычныя сімвалы. Некалькі гадоў таму маглі ўзнікнуць праблемы. А ў апошні час я не чуў такіх гісторый. Так адбываецца дзякуючы яго адэкватнай пазіцыі як наконт гістарычных нацыянальных сімвалаў, так і сучасных дзяржаўных – гэта ўсё побач, і з’яўляецца нашай агульнай гісторыяй.

- Федэрацыю не бянтэжыла тое, што раней на «Арт Сядзібу» аказваўся ціск? У краме былі ператрусы, вы некалькі разоў мянялі офіс...

– Ператрусы ў краме ніколі не праводзіліся. Да нас прыходзіла міліцыя і цікавілася, хто мы такія і што робім. Асабліва у symbal.by ніколі не было такіх гісторый, каб на нас ціснулі. Нядаўна была цікавая гісторыя: да нас прыехаў супрацоўнік міліцыі і кажа:

– На вас прыйшла ананімка.

– Што за ананімка? – пацікавіліся мы.

– Паскардзіліся, што ў вас прадаецца забароненая нацысцкая сімволіка.

– А ў нас такого няма. Можаце праверыць. Ёсць гістарычныя сімвалы Беларусі. У тым ліку, калі гаварыць пра «Пагоню» і бела-чырвона-белы сцяг, мы не кажам, што гэта апазіцыйныя сімвалы. Як бы пасля ні змянялася ўлада, кіраўнікі, палітыкі, у гісторыі назаўжды застанецца, што гэта першыя дзяржаўныя сімвалы Беларусі, пад якімі краіна атрымала незалежнасць.

Міліцыянер выслухаў, праз некалькі дзён нам прыйшла папера, што справа спыненая з-за адсутнасці злачынства. Такія гісторыі ў нас здараліся, а каб нехта на нас ціснуў, такога ніколі не было. Калі толькі пачынался «Арт Сядзіба», мы пераязджалі з месца на месца, бо ціснулі на ўласнікаў памяшканняў. Але дзякуючы таму, як мы правялі першы-другі дзень вышыванкі (а пасля гэтую ідэю падхапіла дзяржава), нарадзілі з федэрацыяй першы праект, арганізавалі вялікае свята да 100-годдзя БНР, сваімі дзеяннямі мы паказалі, што мы не ворагі краіны. Мы ўсё робім дзеля таго, каб беларусы адчулі сябе беларусамі, зразумелі, што ў нас ёсць гісторыя, традыцыі, сімвалы, якія аб’ядноўваюць нацыю. Футбол –  раўно патрыятызм. Калі ты заўзееш за сваю краіну, гэта вялікая праява патрыятызму. Гэта ад нас ужо не залежыць, але вельмі хочацца, каб і зборная перамагала. Першая гульня «Дынама» з «Зенітам» натхніла беларусаў на тое, што мы можам. Але як гэта бывае, за цудам ідзе абвал у два разы горшы. Хочацца, каб гэтыя цуды здараліся часцей.

- Вы супрацоўнічаеце не толькі з федэрацыяй.

– Так. За апошнія два гады мы таксама дапамагалі і мінскаму «Тарпеда», і «Іслачы» рабіць івэнты. Яны да нас звярталіся, мы прапаноўвалі некаторыя гурты, якія потым выступалі перад матчамі на стадыёнах. Летась супрацоўнічалі з «Крумкачамі», мінскім «Дынама». Нават наш банер вісеў на стадыёне «Трактар». На дзень вышыванкі гульцы «Дынама» выйшлі ў вышыванках. Усе гэтыя клубы, шчыра кажучы, самі да нас звярталіся, прыходзілі і казалі: давайце штосьці зробім разам. З «Тарпеда» рабілі сумесную пляцоўку на фестывалі «Наш дзень». Таму з футболам завязаныя не толькі праз зборную, але і з клубамі таксама працуем. Самыя патрыятычна накіраваныя праявы менавіта ў футбольных заўзятараў. Як прыклады: перфомансы «Дынама-Брэст» і «Нёмана» да 100-годдзя БНР і гісторыя з абанементамі «Тарпеда-Мінск» з хэштэгам #бнр100.

- У вас атрымалася папрацаваць з футбалістамі. Якія ўражанні?

– Калі падводзілі вынікі конкурсу «Мова. Музыка. Футбол», у нас было журы, у тым ліку мы апытвалі футбалістаў, ад усіх была пазітыўная рэакцыя. Магу ўзгадаць Арцёма Быкава. Па ім сапраўды бачна, што ён патрыёт Беларусі. Файны прыклад Віталя Радыёнава, які не раз выступаў у падтрымку беларускай мовы і ўдзельнічаў у мерапрыемствах. Але хочацца, каб больш футбалістаў выказваліся ў падтрымку мовы і нацыянальных сімвалаў. Ведаю, што федэрацыя плануе працаваць у гэтым кірунку.

- Вы ўжо бачылі новую форму зборнай, зразумела, што вам нельга гаворыць пра яе, але ўсё-такі, яна вам спадабалася?

– Вось пра форму, на жаль, мяне папрасілі не казаць ніякіх уражанняў. Не магу нічога распавядаць да прэзентацыі, каб сапраўды была інтрыга, людзі прыйшлі, убачылі яе і самі ацанілі, наколькі яна атрымалася.

- Добра. 3 верасня пройдзе прэзентацыя формы нацыянальнай зборнай. Што гэта за мерапрыемства?

– Трэба пачаць з таго, што першы матч у Лізе нацый стартуе 8 верасня. Па маіх адчуваннях, федэрацыя вельмі сур’ёзна ставіцца да турніру. Гэта сапраўдны шанец для нашай зборнай выйсці на Еўра-2020. Таму і гэтае мерапрыемства – адна з прома-акцый не толькі трох бліжэйшых матчаў. Мы пастараемся данесці, чаму важна падтрымліваць зборную і прыходзіць на стадыён.

Для Беларусі гэта будзе даволі новы фармат, калі прэзентацыя формы нацыянальнай зборнай адбываецца публічна з заўзятарамі. Усё пачнецца у 19:30, мы запрасілі вулічны тэатр, бубначоў, якія будуць падтрымліваць футбалістаў. Будзе фотазона, аквагрым, музычная праграма з выступам вядомага гурта, які мы вырашалі пакуль не рассакрэчваць, каб людзі ў першую чаргу прыйшлі дзеля формы, а не музыкі. Заўзатары змогуць задаць любое пытанне футбалістам зборнай і сфоткацца з імі. Можна будзе набыць квіткі на Лігу нацый і новую форму, наколькі я ведаю, па зніжаных коштах. Мы, symbal.by асаблівага дачынення да формы не маем, гэта праект Macron і БФФ, але мы прапанавалі федэрацыі распрацаваць заўзятарскую атрыбутыку: цішоткі, заплечнікі, кепкі, шалікі – усё гэта прэзентуем трэцяга чысла.

- Якія планы на будучыню?

– Наша задача вельмі простая: паказаць, што футбол – адзін з элементаў патрыятычнага выхавання беларусаў. Падтрымка зборнай, сваіх клубаў сапраўды важная. Калі ты падтрымліваеш сваіх, у галаве ёсць разуменне, што падтрымліваеш Беларусь. Хочацца, каб футбол, беларуская мова і культура ішлі побач.

Фота: euroradio.fm, symbal.by, omflc.comФК Нёман, старонка Паўла Белавуса ў Facebook

Автор

Комментарии

  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья