Tribuna/Футбол/Блоги/Город солнца и футбола/Лепшыя футбалісты лепшага горада: Сяргей Лавор

Лепшыя футбалісты лепшага горада: Сяргей Лавор

Футбаліст Сяргей Лавор: на галодны страўнік гуляць не магу

Автор — GWC
10 июля 2017, 23:42
Лепшыя футбалісты лепшага горада: Сяргей Лавор

Вось хто-хто, а Сяргей Лавор дакладна можа прэтэндаваць на званне самага яркага ва ўсіх сэнсах гульца каманды “Маладзечна-ДЮСШ-4”.

Ну хто не ведае гэтага “рыжыка”? Малады, эмацыйны, дзёрзкі, амбіцыйны, нахабны і азартны.

– А ў футболе, кажа Сяргей, толькі такім і трэба быць.

Сяргею цяпер 23 гады. Ён прыйшоў у рэдакцыю раніцай, пасля апошняга экзамену.

Вучыцца Сяргей у БНТУ, будзе інжынерам-кантралёрам.

– Засталося год адвучыцца. Але па спе­цыяльнасці працаваць не буду, мару жыццё звязаць з футболам. З міні-футболам.

Акрамя гульні за ФК “Маладзечна”, Сяргей уваходзіць у зборную БНТУ па міні-футболе. І іх каманда станавілася сярэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі.

– Мне міні-футбол падабаецца больш, ён больш тэхнічны. Ёсць прапановы ад камандаў, у якія запрашаюць гуляць. Паглядзім.

Але і да футбольнага клуба “Маладзечна” Сяргей не ставіцца як да хобі.

– Ну якое ж гэта хобі, гэта частка жыцця ўжо 13 год.

Аднак магло атрымацца, што мы б з вамі не ведалі Лавора-футбаліста, бо да 10 год Сяргей усур’ёз займаўся танцамі.

– Так, было і такое, – усміхаецца Сяргей. –  Танцаваў і народныя, і бальныя танцы. Не ведаю, так атрымалася, зразумеў, што гэта не маё. Цяпер сябе ў ансамблі не бачу. Я выбраў калектыў футбалістаў.

Акрамя танцаў, падчас вучобы ў маладзечанскай 12 школе, Сяргей займаўся ў тэатральным гуртку, гуляў у КВЗ.

Артыстычныя навыкі Сяргею, як аказалася, спатрэбіліся і ў футболе.

– Прызнаюся, сімуляваў. Гады два таму была гульня, футбаліст з каманды-саперніка мяне крыху зачапіў ці лёгка ўдарыў па твары. Я тады, добра памятаю, сыграў невыносны боль. Прыгожа ўпаў. Суддзя, здаецца, таму футбалісту паказаў чырвоную картку.

Здараліся ў Сяргея і жоўтыя карткі за размовы з суддзямі.

– Ну, яны ж суддзі, яны бачаць гульню крыху інакш. Але я, калі бываю занадта рэзкім, магу першы папрасіць прабачэння. І ў футболе, і ў жыцці.

Цяпер ФК “Мала­дзечна” рыхтуецца да гульні з “Крумкачамі”, якая адбудзецца 8 ліпеня на гарадскім стадыёне.

– Я думаю, мы можам выйграць. Усё ж у гульні шмат чаго залежыць ад удачы, ад настрою. Вось у гульні супраць Жыткавічаў не змаглі забіць у першым тайме, і баявы настрой прапаў. Галоўнае, своечасова забіць свой мяч.

Што датычыцца чэмпіёнства ўвогуле, то Сяргей глядзіць у будучыню з аптымізмам.

– І ў “Рэала” не адразу атрымалася стаць чэмпіёнам. Уявіце, і яны прайграюць.

“Рэал” – гэта любімая каманда Сяргея.

– Вельмі мару трапіць на матч “Рэала” на стадыён Санцьяга Барнабэу. Ну, як мару, хутчэй планую.

Прытым, што Сяргей марыць пра Іспанію, але і ў Беларусі прыгажосцю гарадоў захапляецца.

– Вельмі Гродна падабаецца і Магілёў. Калі выязджаем на матчы, таксама бывае хочацца пасля матча, пакуль ёсць паўгадзінкі часу, прайсціся па невядомым горадзе. Але толькі пасля матча. Перад ім хочацца толькі аднаго – выйграць.

У прыкметы і забабоны Сяргей не верыць, затое абавязкова перад гульнёй з’ядае шакаладку.

– Ну, не магу я гуляць на галодны страўнік! Перад гульнёй абавязкова абедаю ці з’ядаю шакаладку.

Што яшчэ трэба ведаць пра Сяргея Лавора?

Ну, напрыклад, тое, што ён на спрэчку перафарбаваўся ў бландзіна.

Але рудыя вейкі ўсё адно выдаюць з галавой гэтага дзёрзкага, гарэзлівага паўабаронцу №37 ФК “Маладзечна-ДЮСШ-4”.

AЎТАР(Ы): НАТАЛЛЯ ТУР

Лучшее в блогах
Больше интересных постов