Tribuna/Футбол/Блоги/Город солнца и футбола/Сяргей Дараховіч: Я не трымаюся за пасаду трэнера, сам буду гледачом, абы толькі Маладзечна іграла

Сяргей Дараховіч: Я не трымаюся за пасаду трэнера, сам буду гледачом, абы толькі Маладзечна іграла

Інтэрв’ю галоўнага трэнера «Маладзечна» мясцовай «Рэгіянальнай Газеце» аб усім вакол футбольнага клуба.

Автор — GWC
14 августа 2017, 10:30
1
Сяргей Дараховіч: Я не трымаюся за пасаду трэнера, сам буду гледачом, абы толькі Маладзечна іграла

Размова з галоўным трэнерам ФК “Маладзечна” Сяргеем Дараховічам у нас атрымалася, хочацца думаць, шчырая. Пра перспектывы каманды, пра гульцоў і амбіцыі.

А ведаеце чаму шчырая? Таму што сам Сяргей больш за ўсё ў жыцці і футболе ненавідзіць абыякавасць.  А яшчэ галоўны трэнер вельмі далікатны чалавек.  І прычыны няўдач у камандзе бачыць перш за ўсё у самім сабе.

– Першым кругам незадаволены. Шмат пытанняў у плане гульні. Недапрацавалі, не вылажыліся на 100 працэнтаў. Той, хто не разумее кажа, што мне трэба быць больш жорсткім, патрабавальным. А я не магу. Таму што мы не прафесійны клуб, хлопцы прыходзяць на трэніроўкі, адпрацаваўшы на нагах цэлую змену, яны не могуць выкладвацца так, як хачу я. Каб я мог штрафаваць іх, караць рублём, я думаю, тады б і самі хлопцы на гульнях газон грызлі, дамагаліся выніку. А так…

Нават з трэніровачным працэсам узнікаюць пытанні:

– Калі я рыхтуюся да трэніровак, распісваю іх на цэлы тыдзень, арыентуюся на 20 чалавек.  А бывае, што даходзяць 12, 13. Ну што тут зробіш?

– А самі не хочаце выйсці на поле? Ёсць жа прыклады гуляючых трэнераў.

– Куды? Смяшыць людзей? Хаця, магчыма, каб патрэніраваўся.  І то не. Я скажу праўду, я памыліўся, калі пераканаў Андрэя Іваненку ўзяць усіх мясцовых, магчыма, каб прыйшлі іншыя, то вынік быў бы другі. Хаця я цяпер не падзяляю футбалістаў на мясцовых і не. Мы адна каманда “Маладзечна”, нам і адказваць за вынік.

У мяне няма прэтэнзій да Сіякі, які выходзіць на поле, іграе, каціцца, б’ецца. А вось мясцовая моладзь наогул не гарыць жаданнем іграць у футбол. Далёка за прыкладам не трэба хадзіць: Антона Талстога я не бачыў на трэніроўках ужо паўтара месяца. А вось Лукашоў з Магілёва прыязджае, хоча іграць.

– То бок, вы лічаце, што не ўсе выкладваюцца падчас гульні?

– Выкладвацца? На полі паміраць трэба.

Я гэта бачыў толькі ў адной гульні. На Кубак. Тады да мяне суддзі падыходзілі, казалі, што гульня нашай каманды вартая лепшых гульняў з першай лігі. Ну павінна быць каманда з Маладзечна ў першай лізе!

– Так, ад вас усе чакаюць першай лігі.

– Ну хто ўсе? Нашы балельшчыкі хіба? Тады так. Я футбалістам сваім кажу, вы паглядзіце, хто вас падтрымлівае. Чаму нашы балельшчыкі лепшыя ў другой, ды нават і першай лізе, а вы толькі пятыя? Пасля хатняй гульні выпаўзаць са стадыёна трэба дзеля такіх балельшчыкаў.

– Хто прыйдзе ў каманду ў другім крузе?

– Калі ўсё складзецца, то 2-3 чалавекі прыйдуць. Іграе ў нас Сяргей Кошаль Віталь Макрыцкі просіцца ў каманду, думаю, яго яшчэ памятаюць у Маладзечне.  Хацелася б узмацніць атаку. Лавора ў нас больш няма, ён пайшоў у міні-футбол. Да абароны ў мяне пытанняў меней. Я наогул думаў, што з такой абаронай мы мінімальна прапускаць будзем. Аднак ляпы бываюць у кожнага. Прыязджае Сяргей Дрозд толькі па суботах, ён не трэніруецца. Але яшчэ не ўсё страчана. Пяць ачкоў ад другога месца – гэта не разрыў.

– А не напружвае, што каманда з Чысці апярэджвае вас у турнірнай табліцы?

– Не, ніякай рэўнасці да Чысці ў мяне няма. Я даўно прапаноўваў сесці разам з трэнерамі Чысці, з гарадскімі ўладамі за стол перамоваў і стварыць адзіную каманду, якая б магла іграць у вышэйшых дывізіёнах.

І я не трымаюся за пасаду трэнера. Хоча Мятліцкі быць галоўным, – калі ласка. Я з задавальненнем буду сядзець на трыбуне, як глядач. Я проста хачу, каб каманда з майго горада гуляла! Уяўляеце, якая б каманда была? Але насустрач мне ісці не хочуць. Ну што, я паўгода толькі трэнер, я яшчэ сам вучуся.

– У каго вучыцеся?

– Канешне, хацелася б з’ездзіць на стажыроўку, але ў мяне сям’я, двое дзяцей, работа. Іх трэба карміць. Якія тут стажыроўкі? Раюся з Кандрацьевым, з Валодзем Карыцькам. Цяжка, канешне, тым больш з непрафесійнымі футбалістамі. Ведаеце, што ў нас маглі гуляць у камандзе гульцы з Жыткавічаў. Той жа Лагуцін, танк на полі, але я зрабіў стаўку на сваіх. Але свае крыху падводзяць. Ігара Нарожніка, калі вы заўважылі, у камандзе больш няма. Ігар сам падыйшоў да мяне і сказаў, што ў яго не атрымоўваецца і ён сыходзіць з футбола. Даіграў першы круг і вырашыў, што работа для яго важней. Ігар Талькоўскі на мяне пакрыўджаны за тое, што я яму высказаў за незабіты з аднаго метра гол у Мар’інай Горцы. Не трэба крыўдзіцца, трэба даказваць, што ты нечага варты. Добрая футбольная школа  ў Радзівона Субача. Галгоўскі добры  варатар,  самавучка. Але вось гаварыць не можа. Радзівон размаўляе, Антону трэба было “школу дыктараў” закончыць. Не падказвае гульцам, маўчыць.

– У суполцы ФК “Маладзечна” вам таксама задавалі пытанні неабыякавыя гледачы. Вось хлопец, напрыклад, спытаўся: “Ці звяртаецеся вы запарадамі да калег па “цэху”?

– Я ў памочнікі браў чалавека, з якім змагу раіцца,якому буду давяраць, які мне не здрадзіць, не падставіць.Мікалай Татун – 100 % мой аднадумца. Я яму веру і спадзяюся, што ён не падставіць. Мы вучымся адзін у аднаго. Вучуся ў Клоппа, вельмі яго стыль падабаецца. Усё жыццё заўзею за “Ювентус”. Таму за працай Алегры таксама сачу.

– У чым асноўная прычына няўдач у першым крузе? 

– Напішыце, што ў ва мне. Я недапрацаваў. Калі праігрываем, часам хочацца заляцець у распранальню, кінуць бутэлькай, накрычыць і нават ударыць гульца, але стрымліваю сябе.

Разумею, што не маю на гэта права. Я прашу толькі, каб больш аддаваліся гульні. Каб выпаўзалі з поля. Кажу ім: не зможаце ісці, я вас вынесу. Нельга так абыякава ставіцца да футбола. Магчыма, самі гульцы баяцца той першай лігі. Нарожнік, калі сыходзіў, сказаў: “Ну а што? Я ж у першай лізе іграць не буду”. Магчыма і так, бо я таксама думаю, што калі каманда выйдзе ў першую лігу, там змогуць гуляць 2-3 чалавекі з усёй каманды.

– Во спецыялісты , – усміхаецца Сяргей і папраўляе кепачку. – Напішыце, што схемы традыцыйныя: 4:2:3:1; 4:1:4:1. Спрабавалі іграць 3:5:2 – не атрымоўваецца. У мяне, бывае, нават рукі апускаюцца, калі я стараюся, распісваю схемы трэніровак, імкнуся нешта данесці, а ім, груба кажучы, на ўсё на***ць.

Вось і атрымоўваецца, што каманда выйграла, а трэнер прайграў.

Арыгінальны тэкст: http://www.rh.by/by/449/60/17945/

Аўтар: Наталля Тур