Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дождж, праколы і нечаканыя пераможцы першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

Дождж, праколы і нечаканыя пераможцы першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

У мінулыя выхадныя свой новы сезон распачала і серыя GT World Challenge Europe. Першая гонка ў фармаце Endurance (доўгая, трохгадзінная) прайшла на трасе Монца і была насычаная падзеямі.

22 апреля 2021, 18:08
Дождж, праколы і нечаканыя пераможцы першага этапу серыі GT World Challenge Europe у Монцы

У мінулыя выхадныя свой новы сезон распачала і серыя GT World Challenge Europe. Першая гонка ў фармаце Endurance (доўгая, трохгадзінная) прайшла на трасе Монца і была насычаная падзеямі.

Гонкі GT у свеце надта папулярныя. З адносна невялікімі бюджэтамі ў іх могуць удзельнічаць гоншчыкі самага рознага ўзроўню, ад прафесіяналаў да аматараў, гэткіх джэнтльмен-драйвераў. Спрыяе гэтаму і тэхнічны ўзровень – гоначныя машыны ствараюцца на базе серыйных спорткараў.

Хто хоча, удзельнічае ў гонках класу GT4, дзе адрозненні гоначных машын ад серыйных аналагаў мінімальныя. Тыя ж, у каго ўзровень вышэйшы, пераходзяць на болей магутную тэхніку GT3, на якіх і праходзяць гонкі GT World Challenge па ўсім свеце.

У такіх машын адрозненняў ад іх серыйных версій болей, але яны ўсё роўна зразумелыя шырокаму колу ўдзельнікаў. Напрыклад, тут захоўваюцца электронныя памочнікі – антыблакіровачная сістэма тармазоў і трэкшн-кантроль.

Пры гэтым рухавікі ў гэтых машын магутныя – іх аддача складае 500-600 конскіх сіл і рэгулюецца арганізатарамі ў індывідуальным парадку. Так што па выніку сілы ва ўсіх роўныя, не гледзячы на часам значную розніцу ў канфігурацыі матораў на розных машынах.

Ну і арганізатар у GT World Challenge дасведчаны. Бізнэсовец Стэфан Ратэль займаецца арганізацыяй гонак GT болей за 25 гадоў, і ведае, як зрабіць іх цікавымі. Цікавымі ў тым ліку і для ўдзельнікаў з вытворцамі. Ратэлеўская кампанія SRO Motorsports Group мае свае прадстаўніцтвы і офісы па ўсім свеце: у Лондане, Парыжы, Льежы, Гонконге, а таксама ў ЗША.

Так што серыя Fanatec GT World Challenge Europe Powered by AWS – толькі адна з тых, якія Ратэль арганізуе. Проста яна геаграфічна бліжэйшая, а таму і найбольш актуальная да нас. І тыя, хто цікавіцца рознымі гонкамі (кшталту псіхапата, які стварыў і вядзе гэты блог), сустракаюць тут болей знаёмых імёнаў, сярод якіх даволі шмат і вядомых, уладальнікі якіх маюць досвед ледзь не ў Формуле-1.

Канечне з сур’ёзнымі і знакамітымі гоншчыкамі джэнтльмен-драйверам спаборнічаць бывае цяжка. Таму ў серыях GT World Challenge удзельнікі спаборнічаюць не толькі ў абсалюце, але і ў асобных заліках па ступені майстэрства: Pro Cup для экіпажаў, якія цалкам складаюць прафесіяналы, Pro-AM Cup для змяшаных і Silver Cup для тых самых джэнтльмен-драйвераў. Апошнім, зразумела, ніхто не забараняе біцца і за абсалют, што яны часам і робяць і нават перамагаюць.

Аднак на першым этапе сезону 2021 году ў італьянскай Монцы, дзе стартавалі 42 экіпажы, запатрабаваныя былі як раз досвед і прафесіяналізм. Дый нават яны не гарантавалі поспеху.

Бо, напрыклад, для Мірка Барталоці, Марка Мапэлі і Андрэа Кальдарэлі, якія выступаюць у складзе каманды Orange 1 FFF Racing Team на Lamborghini Huracan GT3 Evo пад нумарам 63 і якія ў суботу заваявалі поўл, гонка скончылася вельмі хутка. Дакладней, яны фінішавалі, але на далёкім дваццаць чацвёртым месцы.

Пры гэтым іх непрыемнасці былі звязаныя з тэхнічнымі непаладкамі. Прынамсі, часткова, таму што праблемы з электрыкай, праз якія іх аўтамабіль проста згубіў здольнасць рухацца, маглі быць абумоўленыя моцным дажджом, які паліўся на Нацыянальны аўтадром Монца хутка пасля старту.

Многія ж астатнія ўдзельнікі гублялі пазіцыі альбо праз уласныя памылкі, альбо праз праколы, якіх таксама было надзвычай шмат. Асабліва шмат пытанняў узнікла да дажджавых шын, якія не заўсёды вытрымлівалі нагрузкі нават на мокрай трасе, не кажучы ўжо пра перыяд, калі асфальт падсыхаў. Найбольш часта разбураліся заднія левыя пакрышкі.

А вы ж разумееце, што такое разбураная шына на гоначным аўтамабілі. Шмаццё, ў якое яна пераўтвараецца, пакуль аўтамабіль рухаецца, знішчае элементы кузава і аэрадынамікі, і да боксаў машына часта дабіраецца моцна пашкоджанай.

Альбо ўвогуле не дабіраецца, як Audi R8 LMS GT3 трыццаць другога экіпажу каманды Team WRT у складзе Дрыса Вантора, Кевіна ван дэр Ліндэ і Шарля Віртса. Яны прэтэндавалі на перамогу і на момант свайго зыходу праз прыкладна гадзіну і дзесяць хвілін пасля старту займалі другую пазіцыю. Але пашкоджаная як раз задняя левая шына нанесла аўтамабілю такі ўрон, што ван дэр Ліндэ які ў той момант быў за стырном, не змог нават дабрацца да боксаў.

І не ў апошнюю чаргу шанцаванне стала закладам перамогі пяцьдзесят чацвёртага экіпажу – прадстаўнікоў Dinamic Motorsport Матэа Кайролі, Клаўса Бахлера і Крысціяна Энгельхарта на Porsche 911 GT3-R (991.II). Ніхто не ставіў на іх пасля кваліфікацыі, у якой яны паказалі толькі адзінаццаты вынік. Аднак у гонцы яны і непрыемнасцей пазбеглі, і рухаліся ў высокім тэмпе, абагнаўшы шэраг моцных экіпажаў канкурэнтаў. Пасля паловы гонкі яны займалі чацвёртую пазіцыю і саступалі лідарам – Мара Энгелю, Луке Штольцу і Вінсэну Абрылю з каманды HRT на Mercedes-AMG GT3 пад нумарам 4 – усяго 2,344 секунды.

А вось апошнія праколу (і зноў левай задняй шыны!) як раз не пазбеглі, саступіўшы праз гэта прыкладна на той жа сярэдзіне гонкі лідарства канкурэнтам з Akka ASP – восемдзесят восьмаму экіпажу Рафаэле Марчэла, Даніэля Хункадэльі і Жуля Гунона на такім жа Mercedes-AMG GT3. Непасроднымі пераследнікамі якіх на той момант былі як раз будучыя пераможцы.

І на другой палове гонкі, калі свае змены праводзілі Хункадэлья і Кайролі, другі падлавіў першага на памылцы на выхадзе з Параболікі, перазапіўшы і лідарства ў гонцы, што і стала вырашальным эпізодам. Хоць далёка восемдзесят восьмы экіпаж пераможцаў і не адпусціў, фінішаваўшы на другім месцы ў 2,886 секунды. Трэцімі сталі прадстаўнікі каманды Emil Frey Racing    на Lamborghini Huracan GT3 Evo – Алекс Фантана, Рольф Інайхен і Рыкарда Фелер з заліку Silver Cup, якія выступаюць пад нумарам 14.

У турнірнай табліцы, зразумела, удзельнікі размяшчаюцца такім жа чынам, як і ў фінішным пратаколе першай гонкі. Бахлер, Энгельхарт і Кайролі лідзіруюць з 25 ачкамі, у Гунона, Хункадэльі і Марчэла 18 ачкоў і другая пазіцыя, Фелер, Інайхен і Фантана замыкаюць першую тройку, маючы 15 ачкоў.

Dinamic Motorsport узначальвае камандны залік і мае 25 ачкоў. На другой пазіцыі з 20 ачкамі размяшчаецца Akka ASP, калектыў Emil Frey Racing, у якога 18 ачкоў, трэці. Адзначу толькі, што гаворкі ў выпадку з асабістым і камандным залікамі ідуць пра абсалют, бо ў серыях GT World Challenge гэтых залікаў увогуле вельмі шмат.

Другі этап GT World Challenge Europe пройдзе на трасе Маньі-Кур у Францыі 7-9 мая. І ён будзе ўжо спрынтарскім – у суботу і нядзелю адбудзецца па адной гадзіннай гонцы з асобнымі кваліфікацыямі.

Другие посты блога

Все посты