Гоначная псіхапатыя
Блог

Харвацкі трылер

Фота: wrc.com

Я не знаўца кіно і не ведаю, ці здымаюць якое ў Харватыі. Але калі экранізаваць этап WRC у гэтай краіне, то атрымаецца выдатны трылер, галоўную ролю ў якім будзе выконваць Себасцьен Аж’е, які і перамог.

Харватыя стала трыццаць чацвёртай краінай, якая прыняла ў сябе чэмпіянат свету па ралі. Асфальтаваныя дарожкі ў наваколлях сталіцы краіны Заграба былі новымі для ўсіх удзельнікаў, што ўраўноўвала іх шанцы і рабіла вынік спаборніцтва непрадказальным.

Непрадказальнасць WRC увогуле ёсць яго галоўнай станоўчай рысай, якая вынікае з яшчэ адной: тэхніка тут важная, аднак не меней важна, хто ёю кіруе. За лепшыя каманды выступаюць сапраўды лепшыя гоншчыкі, кожны з якіх варты перамог і здольны іх атрымліваць. Пры гэтым усе яны жывыя людзі, а таму могуць памыляцца.

Вось менавіта памылка і каштавала перамогі на ралі Харватыі прадстаўніку Hyundai Цьеры Нэвілю. А памыліўся ён з выбарам шын у суботу раніцай. Зачэпу на мясцовым асфальце моцна бракавала ўсім, а ў асобных месцах на гоначнае палатно з узбочын удзельнікі выносілі гравій. Таму знайсці аптымальны «абутак» для сваіх машын імкнуліся ўсе.

Праўда, малады гоншчык Таёты Кале Раванпэра, які напярэдадні старту харвацкага этапу ўзначальваў асабісты залік чэмпіянату, у пятніцу раніцай сышоў з дыстанцыі ў выніку памылкі ў пілатаванні. Фін проста «занёс» зашмат хуткасці ў правы паварот крыху меней чым праз пяць з паловай кіламетраў першага ж, што самае крыўднае, спецучастку Rude - Plešivica 1, не даехаўшы да фінішу меней чым паўтары кіламетры – яго Yaris WRC апынуўся ў кювеце.

Ні сам Кале, ні яго штурман Йонэ Хутунен, на шчасце, не пацярпелі. Аднак у асабістым заліку чэмпіянату яны разам апусціліся на пятую пазіцыю.

Ну а Нэвіль на сваім Hyundai i20 Coupé WRC у першы спаборніцкі дзень быў хутчэйшым за ўсіх. Праўда, канкурэнты з усё той жа японскай каманды моцна адарвацца бельгійцу не дазвалялі. Па выніках пятніцы сяміразовы і дзейсны чэмпіён Себасцьен Аж’е, які займаў другую пазіцыю, саступаў яму 7,7 секунды, а Элфін Эванс, які замыкаў першую тройку, адставаў ад Нэвіля роўна на восем секунд.

Можа, з гэтай прычыны Цьеры і вырашыў рызыкнуць у суботу, абуўшы пярэднія колы свайго аўтамабіля ў жорсткія шыны Pirelli P Zero, а заднія – у мяккія. Нэвіль спадзяваўся, што ранішняй прахалодай гэта дасць яму перавагу, аднак атрымалі яе як раз Аж’е і Эванс, якія пакінулі на ўсіх колах сваіх Ярысаў гуму жорсткага кампаунду. Што, на самой справе, не было дзіўна – стаяла пагода, таму дарогі былі сухія, а слупкі тэрмометраў толькі падымаліся цягам часу.

Быццам бы гэтага было замала, Нэвіль яшчэ заглух на старце дзясятага допу, а пад канец адзінаццатага на яго аўтамабілі ўзніклі праблемы з тармазамі. Так што ў пэўны момант яго былая перавага пераўтварылася ў адставанне ад лідара, якім стаў Аж’е, у адставанне ад яго ў 19,6 секунды, а сам Цьеры апынуўся на трэцяй пазіцыі.

І толькі пасля наведвання сэрвіс-парку хуткасць зноў да яго вярнулася, і бельгіец змог скараціць свой пройгрыш да 10,4 секунды, адзначыўшыся нават перамогай на чатырнаццатым спецучастку Stojdraga - Gornja Vas 2. Што, дарэчы, было яшчэ не так і дрэнна ў параўнанні са становішчам яго напарніка па камандзе Ота Цянака. Эстонец, які перамог на папярэднім этапе ў Фінляндыі, у Харватыі проста не мог угнацца за канкурэнтамі. Амаль усе ралі ён правёў на чацвёртай пазіцыі, на ёй жа і фінішаваў, саступіўшы пераможцу без пяці секунд паўтары хвіліны.

Ну а Нэвіль зусім і не думаў складаць зброю – крыху болей за дзесяць секунд цалкам магчыма адыграць за некалькі допаў, нават калі канкурэнты не трапляюць у непрыемнасці. А праколаў, напрыклад, у мінулы ўік-энд не пазбег нават Аж’е, які ў нядзелю раніцай стаў удзельнікам яшчэ і дарожнай аварыі!

Па дарозе на старт Себ, мяняючы паласу, сутыкнуўся з іншым аўтамабілем, які абганяў яго з правага боку. У гэтым здарэнні пацярпелі толькі машыны, а сам Аж’е са сваім штурманам Жульенам Інграсіяй крыху падрамантавалі сваю Таёту на месцы здарэння, шчасна прыбылі на старт і працягнулі гонку.

Праўда, праблем з мясцовай дарожнай паліцыяй і арганізатарамі WRC француз не пазбег. Першай ён сплаціў сем тысяч еўра штрафу, а ад другіх атрымаў адкладзеную дыскваліфікацыю з выпрабавальным тэрмінам у паўгода. Пакідаць месца ДТЗ не дазваляецца нават зоркам аўтаспорту.

Немаведама, ці паўплывалі пашкоджанні аўтамабіля Аж’е на яго гоначны тэмп (хутчэй за ўсё, не), але пасля другога з чатырох нядзельных спецучасткаў (васямнаццатым на ліку) ён саступіў лідарства Эвансу. А на наступным допе юны брытанец нават крыху павялічыў сваю перавагу – з 2,8 да 3,9 секунды.

Аднак на фінальным 14-кіламетровым суперспэшле Zagorska Sela - Kumrovec 2 чэмпіён пайшоў у рашучую контратаку, перамог на допе і вырваў перамогу з рук свайго партнёра, змясціўшы яго на другое месца – на фінішы ралі іх раздзялілі мікраскапічныя шэсць дзясятых секунды! Пэўную небяспеку для Эванса прадстаўляў і Нэвіль, але той памыліўся ізноў – на тым жа фінальным спецучастку Цьеры не ўпісаўся ў адзін з паваротаў, на чым згубіў некалькі важных секунд, так і фінішаваўшы трэцім.

У заліку WRC2 перамогу ў Харватыі атрымаў нарвежац Мадс Остберг, які ў абсалюце стаў дзявятым. Напачатку ён спаборнічаў за лідарства з расіянінам Мікалаем Гразіным, але ў суботу на яго Volkswagen Polo R5 узніклі праблемы з узмацняльнікам стырна, а ў нядзелю раніцай малады масквіч перакуліў свой аўтамабіль і сышоў з дыстанцыі.

Механічныя праблемы ў апошні спаборніцкі дзень узніклі і на Citroën C3 Rally2 Остберга – машына перастала нармальна тармазіць, аднак лідарства Мадс утрымаў. Другім фінішаваў фін Цеему Сунінен на Ford Fiesta Rally2, а замкнуў першую тройку балівіец Марка Буласія на Škoda Fabia Rally2.

У абсалютным заліку Буласія заняў дванаццатае месца, саступіўшы адно пераможцу заліку WRC3 Каетану Каетанавічу, які выступае на такой жа Шкодзе. Паляк дамінаваў увесь уік-энд – яго бліжэйшы пераследнік Эміль Ліндхольм з Фінляндыі, які таксама кіруе Фабіяй і заняў другое месца, саступіў яму без малага адну хвіліну і пятнаццаць секунд. Трэцім стаў француз Йохан Расэль на Citroën C3 Rally2.

Таксама ў Харватыі адбыўся першы ў сезоне этап юніорскага чэмпіянату, у якім усе ўдзельнікі выступаюць на аднолькавых пярэднепрывадных хэтчбэках Ford Fiesta. Тут першую ў кар’еры перамогу атрымаў брытанец Джон Армстранг. Цягам ралі ён спаборнічаў з фінам Лаўры Йоонай, але ў асноўным за другую пазіцыю.

Лідзіраваў доўгі час славак Марцін Кочы, але яго надзеі былі перакрэсленыя праколам у суботу, у выніку чаго ён фінішаваў толькі чацвёртым. Йоона ж, спачатку саступіўшы Армстрангу, пазней прапусціў наперад і латвійца Марцінса Сэскса, задаволіўшыся трэцім месцам.

Ну а ў галоўнай катэгорыі чэмпіянату новы лідар – як раз Аж’е, у якога 61 ачко. Нэвіль з 53 ачкамі захаваў другую пазіцыю, але яго ўжо падціскае Эванс, у якога ўсяго на два ачкі меней і які падняўся на трэці радок турнірнай табліцы.

Toyota ў заліку вытворцаў замацавалася на лідарскай пазіцыі – у яе 138 ачкоў супраць 111 у Hyundai, які застаецца другім. Замыкае тройку M-Sport Ford, у якога толькі 42 ачкі. Хоць харвацкае ралі гэты калектыў можа запісаць сабе ў актыў – француз Адрыен Фурмо, які выступае за яго, фінішаваў шостым, а яго брытанскі напарнік Гас Грынсміт заняў сёмае месца.

А яшчэ брытанцы першымі апублікавалі здымкі з тэстаў аўтамабіля новага пакалення – з гібрыднай сілавой устаноўкай. Нагадаю, на такую тэхніку WRC пераходзіць у наступным годзе. Бензінавыя 1,6-літровыя турбіраваныя рухавікі застануцца з намі, але ім будуць дапамагаць электрычная магутнасцю 100 кВт (136 к.с.), якія будзе пастаўляць нямецкая кампанія Compact Dynamics.

Аднак гэта справа хоць і бліжэйшай, але будучыні WRC. Наперадзе ж яшчэ значная частка бягучага сезону, наступны этап якога – ралі Партугаліі – пройдзе 20-23 мая.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья