Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Не кажы «гоп»!

Не кажы «гоп»!

На Гран Пры Іспаніі ў Херэсе ў мінулую нядзелю даволі нечакана перамог Джэк Мілер, хаця галоўным фаварытам лічыўся Фабіа Куартарара. Пытанне аб чэмпіёне MotoGP 2021 году па-ранейшаму адкрытае.

Не кажы «гоп»!

Фота: motogp.com

На Гран Пры Іспаніі ў Херэсе ў мінулую нядзелю даволі нечакана перамог Джэк Мілер, хаця галоўным фаварытам лічыўся Фабіа Куартарара. Пытанне аб чэмпіёне MotoGP 2021 году па-ранейшаму адкрытае.

Як тут не ўспомніць мінулагоднія Гран Пры Іспаніі і Андалусіі, што прайшлі адзін за адным на гэтай жа трасе імя Анхеля Ніета ў Херэсе! На абодвух у адны вароты перамог як раз Куартарара, пасля чаго ўсім падалося, што ў адсутнасць Марка Маркеса імя новага чэмпіёна вядомае ўжо на старце сезону.

Аднак што было з вынікамі Эль Д’ябла пасля, мы ўсе добра памятаем. Таму і пасля дзвюх яго перамог на Гран Пры Дохі і Партугаліі ў гэтым годзе казаць пра яго адназначнае дамінаванне было заўчасна. Што і выявілася на першым з іспанскіх этапаў гэтага года.

Зноў ад пачатку ўсё складалася на карысць французскага гоншчыка Monster Energy Yamaha MotoGP. Зноў ён першынстваваў у кваліфікацыі ў суботу. І зноў быў найхутчэйшым падчас першай паловы нядзельнай гонкі. Хай сабе і прапусціў на старце трох супернікаў, лічачы таго ж Мілера, які стартаваў трэцім, але ўзяў хол-шот і ўзначаліў пелатон. Але хутка стаў адыгрывацца, і за некалькі кругоў вярнуў сабе лідарства.

Вось толькі на шаснаццатым кругу тэмп Фабіа раптоўна ўпаў. Тады яго абагнаў Мілер, які да гэтага ўпэўнена ўтрымліваў другую пазіцыю. Спачатку падалося, што праблемы ў Куартарара абумоўленыя зносам гумы, але нават гэтым цяжка было б тлумачыць тое, як імкліва ён пачаў прапускаць аднаго суперніка за адным і фінішаваў у выніку трынаццатым.

Скрыўлены твар француза, які перадала пасля фінішу камера, усталяваная на яго матацыкле, нікога пасля гэтага не здзівіў – тут любы быў бы засмучаны. Аднак была для гэтага і яшчэ адна прычына, якая стала вядомай пасля. Кіраваць яго Ямахай YZR-M1 яму перашкаджалі раптоўныя праблемы з рукой, якая моцна балела. Праз іх ён нават прапусціў учарашнія тэсты ў тым жа Херэсе, вырашыўшы сканцэнтравацца на вырашэнні праблемы перад яго хатнім Гран Пры Францыі ў Ле Мане.

Траўмаваны зноў жа на трасе імя Анхеля Ніета Марк Маркес на мінулагоднім Гран Пры Іспаніі, дарэчы, ў гэтых тэстах удзел узяў, аднак праехаў толькі сем кругоў, і таксама вырашыў падлячыцца перад наступным этапам. Мінулы ўік-энд складаўся для шасціразовага чэмпіёна прэм’ер-катэгорыі складана: падзенне падчас трэцяй трэніроўкі, пасля якога ён наведаў дактароў, няпростая гонка, у якой ён фінішаваў дзявятым (зрэшты, пры старце чатырнаццатым, так што гэта ўсё адно поспех). Карацей, клопат аб уласным здароўі, пра які Марк паведаміў у сваіх сацсетках, цалкам слушны.

Ну а Джэку Мілеру ў нядзелю пасля непрыемнасцей, што абрынуліся на Куартарара, нічога не заставалася акрамя як перамагаць. Што аўстралійскі гоншчык завадской каманды Ducati і зрабіў, другі раз у кар’еры падняўшыся на вяршыню подыуму.

Дарэчы, Джэк сам зусім нядаўна меў тыповыя для мотагоншчыка праблемы з цягліцамі рукі, якімі часткова і быў абумоўлены складаны для яго старт гэтага сезону. Каля месяца таму яны нават запатрабавалі аператыўнага ўмяшання, але Мілер хутка аднавіў фізічны стан, зноў здабыўшы здольнасць перамагаць.

Яго напарнік Франчэска Баньяя таксама правёў Гран Пры Іспаніі па-баявому. Стартаваўшы чацвёртым, італьянец прынёс камандзе пераможны дубль, фінішаваўшы другім. Ды яшчэ і асабісты залік чэмпіянату ўзначаліў!

Замкнуў першую тройку дзейсны віцэ-чэмпіён Франка Марбідэлі з паўзавадскога калектыву Petronas Yamaha SRT. Вельмі прыемна, што італьянец вяртаецца ў вялікую гульню пасля цяжкага старту сезону. У Херэсе ён стартаваў з другой пазіцыі, і абодвум дукацістам саступіў у выніку не так і шмат – крыху болей за дзве з паловай секунды. І гэта на матацыкле мінулагодняй спецыфікацыі з усімі хібамі!

Нельга не звярнуць увагу і на выдатную гонку ў выкананні Такаакі Накагамі і Жоана Міра. Малады японец з LCR Honda Idemitsu стартаваў пятым, а фінішаваў чацвёртым, не саступіўшы ў гонцы нікому. А дзейсны чэмпіён з Team Suzuki Ecstar замкнуў Топ-5, хаця пачынаў заезд толькі дзясятым.

Відавочна, байкі GSX-RR па-ранейшаму добра збалансаваныя і ў гоначным рэжыме хутчэйшыя чым у кваліфікацыйным. Аднак за перамогі сваім наезнікам бароцца пакуль што не дазваляюць – надта ўжо вялікія крокі наперад зрабілі ў міжсезонні каманды-канкурэнты. Зрэшты, непераканаўчы вынік другога гоншчыка завадской Suzuki Алекса Рынса (дваццатае і апошняе месца) абумоўлены падзеннем іспанца на трэцім кругу яго хатняга этапу.

Пасля Гран Пры Іспаніі можна казаць, што чэмпіянат MotoGP стартаваў нанова. Да Мілер, які падняўся на шостую пазіцыю і мае 39 ачкоў, падцягваецца групы лідараў. У якой усё вельмі шчыльна! Жоана Зарко, які ў нядзелю фінішаваў шостым, а ў чэмпіянаце размяшчаецца на пятай пазіцыі, 48 ачкоў – на адно меней чым у Міра, які чацвёрты, і на два чым у Маверыка Віньялеса, які замыкае першую тройку (хатні этап ён скончыў на сёмым месцы). Лідарам жа, як было адзначана вышэй, цяпер з’яўляецца Баньяя, у якога 64 ачкі, аднак Куартарара, які апусціўся на другую пазіцыю, саступае яму усяго два балы.

Можна не сумнявацца, аднак, што Эль Д’ябла пойдзе ў контратаку на наступным этапе. Як таксама згадвалася вышэй, ім стане хатні для яго Гран Пры Францыі ў Ле Мане, які пройдзе 14-16 мая. Заўчасна казаць «гоп» Фабіа і сам не будзе, але не рэкамендавана рабіць гэта і нікому з яго канкурэнтаў. У MotoGP па-ранейшаму магчыма ўсё і перамагчы можа кожны!

Другие посты блога

Все посты