Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электрапрыз Манака як рэабілітацыя Формулы Е

Электрапрыз Манака як рэабілітацыя Формулы Е

Сёмы этап Формулы Е ў Манака, на якім перамог Антоніу Фелікс да Кошта, быў цікавым, падзейным і непрадказальным. Хоць і зноў не абышоўся без судзейскага ўмяшання.

Электрапрыз Манака як рэабілітацыя Формулы Е

Сёмы этап Формулы Е ў Манака, на якім перамог Антоніу Фелікс да Кошта, быў цікавым, падзейным і непрадказальным. Хоць і зноў не абышоўся без судзейскага ўмяшання.

Яшчэ раз: калі па выніку кожнай гонкі ў вас адразу некалькі гоншчыкаў атрымліваюць дыскваліфікацыю, то не ўсё добра не з гоншчыкамі, а з правіламі вашых гонак. Дарэчы, прашу прабачэння ў сваіх чытачоў і падпісчыкаў за памылку ў аглядзе двух папярэдніх гонак у Валенсіі. У нядзельнай тады на трэцім месцы фізічна фінішаваў пілот ROKiT Venturi Racing Нарман Нато, але спагнанне ў выглядзе 5-секунднага штрафу (праўда, ужо за сутыкненне з супернікам) адкінула яго на пятую пазіцыю.

Нагадаю, што ў Валенсіі пакаралі і да Кошту – пілот DS Techeetah быў дыскваліфікаваны пасля суботняй гонкі за перарасход энергіі. Пры гэтым партугалец і так згубіў перамогу праз тое, што на апошнім кругу застаўся без даступнага зараду, які арганізатары самі скарацілі праз рэжымы аўтамабіля бяспекі.

У выразах на адрас суддзяў Антоніу Фелікс пасля той сітуацыі не надта сябе абмяжоўваў, і асабіста я яго разумею і цалкам з ім згодны. Затое ў Манака ён адказаў на гэта пераканаўчай перамогай, здабытай у напружанай барацьбе. І ў прыгожай і падзейнай гонкі, на якую мы і спадзяваліся пасля этапаў у Валенсіі.

Добра што на сёмым этапе судзейскія рашэнні пасля фінішу гонкі не краналіся хаця яе б прызёраў. Таму што і сам да Кошта, і Робін Фрайнс з Envision Virgin Racing, і Мітч Эванс з Jaguar Racing падарылі прыгожае і відовішчнае спаборніцтва. Даказаўшы заадно, што абганяць у Манака магчыма, нават на той жа самай канфігурацыі трасы, якая выкарыстоўваецца тут і падчас Гран Пры Формулы-1.

Дакладней, амаль на той жа самай – шыкана Nouvelle пасля вядомага тунэля на Электрапрызе ўсё ж была пераробленая. У Формуле-1 яна ўяўляе сабой звязку левы-правы-правы-левы, а ў Формуле электрычнай левы-правы-левы – кароценькі прамы кавалачак тут не выкарыстоўваецца.

Так што наўпрост параўноўваць час на кругу электрычных балідаў і монстраў з Формулы-1 не зусім карэктна. Але ўсё роўна: да Кошта, які стартаваў з першай пазіцыі, у Суперпоўле праехаў па трасе за 1:31,317, а час поўлу Льюіса Хэмілтана ў 2019 годзе (у мінулым, нагадаю, Гран Пры Манака быў адменены праз пандэмію) склаў 1:10,166.

І менавіта ў гэтым месцы падчас Электрычнага Прызу і адбылося некалькі важных абгонаў. Зрэшты, не толькі тут. Напрыклад, сапраўдная таўханіна – у прамым сэнсе! – адбылася на першым кругу ў шпільцы Grand Hotel, бадай, самым павольным і адным з самых цесных месцаў ва ўсім сусветным аўтапорце.

А ўжо на трэцім кругу на тармажэнні перад першым паваротам Sainte Devote змяніўся лідар гонкі – да Кошту абагнаў Фрайнс, які стартаваў другім. Аднак Антоніу Фелікс далёка нідэрландца не адпусціў ні адразу пасля таго, як саступіў яму, ні пасля таго, як першы з двух разоў актываваў рэжым максімальнай атакі. І калі тое ж самае зрабіў да Кошта, Фрайнс апынуўся ў яго ззаду.

Аднак зноў ненадоўга! На дванаццатым кругу, калі ў да Кошты скончыўся час карыстання дадатковымі 35 кілаватамі, Фрайнс мог карыстацца імі яшчэ амаль дзве хвіліны, і таму ў другі раз перад тым жа першым паваротам зноў абагнаў гоншчыка DS Techeetah і ўзначаліў пелатон.

Але на наступным кругу ўжо Фрайнс першым адправіўся на другую актывацыю рэжыму максімальнай атакі, зноў прапусціўшы да Кошту наперад. Ненадоўга, праўда, бо на тым жа трынаццатым кругу скарыстаўся дадатковай магутнасцю і абагнаў канкурэнта з DS Techeetah на выедзе з тунэля. Толькі на гэты раз ужо ў яго час рэжыму максімальнай атакі сканчаўся раней, тады як да Кошта яго яшчэ не актываваў.

А галоўнае, што, у адрозненні ад Фрайнса, да Кошта атрымаў ад заўзятараў фанбуст. І калі рэжым максімальнай атакі проста дазволіў яму наблізіцца да Робіна, то як раз дадатковыя 15 кВт дазволілі Антоніу Феліксу паспяхова атакаваць Фрайнса на шаснаццатым кругу ў тунэлі.

Толькі і на гэтым перастаноўкі ў групе лідараў не скончыліся. Бо Мітч Эванс, які стартаваў трэцім і доўга назіраў за барацьбой да Кошты і Фрайнса з-за іх спін, і энергію збярог эфектыўна, і момант другой актывацыі рэжыму максімальнай атакі адцягнуў максімальна.

За васямнаццаць хвілін да сканчэння часу гонкі менавіта пілот Jaguar Racing быў самым хуткім на трасе. І на васямнаццатым кругу ён спачатку перад першым паваротам абагнаў Фрайнса і амаль адразу ж – у Beau Rivage – і да Кошту!

Ад’ехаць ад пераследнікаў, праўда, Эвансу перашкодзіў гоншчык Audi Sport ABT Schaeffler Рэнэ Раст, чый балід спыніўся на трасе на выхадзе з першага павароту пасля таго, як ударыўся там аб бар'ер. Праз гэта на трасу выехаў аўтамабіль бяспекі, які нейтралізаваў усе адрывы. І пасля рэстарту за шэсць хвілін да сканчэння часу да Кошта прыняўся насядаць на Эванса.

Праўда, новазеландзец аказаўся крэпкім арэшкам, і стрымліваў дзейснага чэмпіёна да апошняга круга, на якім той усё ж пайшоў у рызыкоўную, але ўдалую атаку на тармажэнні перад шыканай Nouvelle. А ўжо на галоўнай прамой перад самым клецістым сцягам Эванса абагнаў і Фрайнс. Мітч у выніку фінішаваў на трэцяй пазіцыі, з якой і стартаваў. Але ён хаця б паспрабаваў!

Першая тройка, як і амаль увесь астатні пелатон, фінішавала літаральна на апошніх дзясятых долях працэнту зараду ў батарэях. Аднак прызёры, як было адзначана вышэй, спагнанняў за перарасход пазбеглі. І гэта дазволіла да Кошце ўшчыльную падабрацца да групы лідараў чэмпіянату і паўнавартасна ўзяцца за абарону свайго тытулу.

Пасля этапу ў Манака Антоніу Фелікс займае чацвёртую пазіцыю ў асабістым заліку, маючы 52 ачкі і роўна дзесяць саступаючы новаму лідару – Фрайнсу. Былы лідар Нік дэ Врыс у Манака да фінішу не дабраўся праз тэхнічныя праблемы, і ў чэмпіянаце апусціўся на другі радок. У яго па-ранейшаму 57 ачкоў. Эванс з 54 ачкамі замыкае першую тройку.

У камандным заліку па-ранейшаму лідзіруе Mercedes-EQ, аднак паколькі без ачкоў у Манака застаўся не толькі дэ Врыс, але і Стофель Вандорн, у нямецкага калектыву ўсё так жа 105 ачкоў – усяго на два меней чым у Ягуара, які захаваў другую пазіцыю. Але яго знізу падпірае каманда DS Techeetah, што ўзнялася на трэцюю пазіцыю і у якой 98 ачкоў (дзякуючы ў тым ліку Жану-Эрыку Верню, які ў Манака фінішаваў чацвёртым).

Удзельнікі электрычнага формульнага чэмпіянату свету працягнуць барацьбу 19 і 20 чэрвеня, калі ў мексіканскім Пуэбла адбудуцца восьмы і дзявяты этапы. Наперадзе яшчэ фактычна палова сезона, так што падзей будзе шмат, а лідар, не выключана, зменіцца не адзін раз.

Ну а ў Манака меней чым праз два тыдні прыедзе Формула-1. Трэба б яе пілотам паглядзець запіс гэтага Электрапрызу ў Княстве. Можа, тады і надыходзячы Гран Пры там будзе цікавым.

Другие посты блога

Все посты