Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Трылер Мілера

Трылер Мілера

Прыгоды гоншчыка Ducati Джэка Мілера на Гран Пры Францыі – двайны штраф, а потым перамога ў гонцы – уражваюць гэтак жа як і ўвесь чэмпіянат MotoGP. І яшчэ раз дэманструюць яго непрадказальнасць.

Трылер Мілера

Прыгоды гоншчыка Ducati Джэка Мілера на Гран Пры Францыі – двайны штраф, а потым перамога ў гонцы – уражваюць гэтак жа як і ўвесь чэмпіянат MotoGP. І яшчэ раз дэманструюць яго непрадказальнасць.

Мушу прызнацца, выдумваць назвы для аглядаў цікавых гонак – справа нялёгкая. Кожную такую хочацца назваць трылерам, як, напрыклад, нядаўняе ралі Харватыі. Тым больш што і WRC, і чэмпіянат MotoGP даюць дастаткова падстаў для гэтага. Вось і гонка Гран Пры Францыі, што прайшла ўчора, падарыла нам усё, за што мы і любім MotoGP.

І зноў, як і ў выпадку з мінулагодняй гонкай на трасе ў Ле Мане, у ход падзей умяшалася надвор’е. Мінулы французскі этап MotoGP праходзіў восенню, але і вясной прырода часта капрызнічае, хістаючыся паміж пагодай і цеплынёй і дажджамі з холадам. Аднак заўзятары гонак зусім не супраць гэтага!

Як, дарэчы, і гоншчыкі. Напрыклад, шасціразовы чэмпіён прэм’ер-класу Марк Маркес як раз быў не супраць дажджавой гонкі. Апроч таго што яна больш цікавая і непрадказальная за сухую, фізічныя нагрузкі на гоншчыка падчас яе ніжэйшыя. А іспанцу з завадской Хонды гэта ў прамым сэнсе на руку – на тую самую правую, якую ён так няўдала траўмаваў на мінулагоднім хатнім Гран Пры, што адкрываў сезон.

Цяпер Марк паступова аднаўляе сваю форму, і ў Ле Мане яго прагрэс быў відавочным для ўсіх. Па выніках чацвёртай свабоднай практыкі ён аўтаматычна патрапіў у фінал кваліфікацыі (якая, дарэчы, таксама праходзіла ў зменлівых надворных умовах), а там ужо даволі ўпэўнена спаборнічаў за поўл.

Найхутчэйшым, праўда, усё роўна ў чарговы раз стаў Фабіа Куартарара. І ў чарговы раз даводзіцца прызнаць, што завадскі калектыў Monster Energy Yamaha MotoGP у міжсезонні дамогся сур’ёзнага прагрэсу ў параўнанні з мінулым годам. Сведчаннем таму стаў другі вынік Маверыка Віньялеса, які саступіў напарніку ўсяго 0,081 секунды (час Эль Д’ябла склаў 1:32,600) і наважваўся развіць поспех у гонцы.

Ну а Марк Маркес стаў толькі шостым, адстаўшы ад Куартарара на 0,437 секунды. Што, канечне, усё роўна было выдатным вынікам і таксама адлюстроўвала яго памкненні фінішаваць на высокім месцы. Як і гоначны тэмп Марка, які дазволіў яму на старце адыграць адну пазіцыю, а ўжо на пятым кругу, калі нябёсы над Ле Манам і ўмяшаліся ў ход гонкі, нават узначаліць пелатон.

Пры гэтым перад стартам гонкі яна была аб’яўленая сухой, і прайшла па звычным сцэнарыі: Мілер, які стартаваў з трэцяй пазіцыі, адразу вырваўся наперад, абагнаўшы Куартарара з Віньялесам. І амаль адразу пачаў секчыся з імі за лідарства. які

Тут трэба зноў звярнуць увагу на ўласны прагрэс Куартарара. Па-першае, ён цалкам аднавіў свой фізічны стан пасля праваленага праз праблемы з рукой папярэдняга этапу ў Херэсе. Паміж ім і хатнім Гран Пры Фабіа нават пабываў на аперацыйным стале ў бальніцы, але ў Ле Мане ўжо быў як новенькі.

Па-другое, тую гонку на гэтай жа трасе імя Эторэ Бугаці мінулай восенню Эль Д’ябла праваліў з большага праз недахоп досведу выступлення ў дождж. Зараз жа, ужо на завадской Yamaha YZR-M1, Фабіа і на мокрай трасе амаль нікому не саступаў.

Лідарства сабе, праўда, ён вярнуў не адразу. Спачатку Мілера на другім кругу абагнаў Маверык, а Куартарара на чацвёртым кругу, калі ўжо пачынаўся дождж, толькі паспрабаваў быў адным манеўрам пакінуць ззаду напарніка з аўстралійцам, якія біліся адзін з адным. І толькі на восьмым кругу Фабіа вярнуў сабе першую пазіцыю, чаму папярэднічаў цэлы вал падзей.

Спачатку на чацвёрптым кругу суддзі вывесілі белыя сцягі, даўшы дазвол гоншчыкам перасесці з матацыклаў, настроеных на сухую гонку і абутых у слікі, на настроеныя пад дождж і на адпаведных шынах. Адным з першых на піт-лэйн адправіўся Віньялес, саступіўшы лідарства Мілеру, а на пятым гэта ж адначасова зрабілі Куартарара і Марк Маркес.

Пры гэтым іспанец абагнаў француза перад самым уездам у боксы, перад ім жа – на першай пазіцыі! – і вярнуўшыся на трасу! У гэты момант балелі за Марка нават тыя, хто яго фанатам ніколі не быў, таму што ён пачаў адразу дэманстраваць свой талент язды ў складаных умовах.

Толькі скончылася лідзіраванне Маркеса на восьмым кругу вельмі непрыемным хайсайдам у апошнім павароце. На шчасце, Марк пазбег траўм (а прызямліўся ён на сваё пашкоджанае правае плячо) і працягнуў гонку на васямнаццатай пазіцыі. Але толькі для таго, каб на васямнаццатым кругу ўпасці яшчэ раз ужо ў шостым павароце. І хоць гэта быў лоўсайд (падзенне на адносна невялікай хуткасці ў нахіле), пасля яго Маркес канчаткова аформіў сход з дыстанцыі.

І менавіта пасля гэтага Куартарара і вярнуў першую пазіцыю сабе. Аднак свае планы на яе былі і ў Мілера. Гоншчык Ducati пасля візіту на піт-лэйн вярнуўся на трасу чацвёртым. Толькі акрамя Маркеса і Куартарара перад ім быў яшчэ прадстаўнік Suzuki Алекс Рынс. Але і для яго гонка скончылася заўчасна.

Іспанец, як і яго напарнік, суайчыннік і дзейсны чэмпіён Жоан Мір, кваліфікацыю праваліў (ён і Мір стартавалі пятнаццатым і чатырнаццатым адпаведна), аднак на першых кругах адыграў шмат пазіцый і ўдала змяніў матацыкл на тым жа пятым кругу, што і Маркес з Куартарара. Але ўпаў адразу пасля таго, як вярнуўся на трасу – у чацвёртым павароце. Гонку Алекс працягнуў, але на чатырнаццатым кругу ўпаў зноў, на гэты раз выбыўшы з гонкі.

Зрэшты, для Міра яна скончылася нават раней – яшчэ на пятым кругу. Дождж яго тады заспеў знянацку, пакуль ён быў на сліках. Усе гэта моцна ўскладніла яго становішча ў чэмпіянаце, дзе ён цяпер займае толькі шостую пазіцыю, маючы 49 ачкоў. Абарона тытулу цяпер з’яўляецца і канкрэтна для Жоана, і для ўсёй Team Suzuki Ecstar надзвычай складанай задачай.

Затое да чэмпіёнскай гонкі далучаецца Мілер. У перадсезонным прэв’ю я авансам аддаў перавагу яму, а не яго напарніку Франчэска Баньяі. І ўжо гатовы быў прызнаць сваю памылку, бо як раз для аўстралійца сезон пачаўся складана, тады як італьянец пасля Гран Пры Іспаніі ўзначаліў чэмпіянат.

Аднак Джэку на першых этапах заміналі праблемы з рукой, на якой ён, гэтак жа як і Куартарара пазней, перанёс аперацыю. І як толькі яны былі вырашаныя, Мілер паехаў так, як ад яго і чакалі, пачаўшы з перамогі на папярэднім этапе ў Іспаніі.

Вось і на ўчарашняй гонцы яго не запаволіў ні дождж, ні двайны штраф, які ён разам з Баньяяй атрымаў за перавышэнне хуткасці на піт-лэйне. Зрэшты, MotoGP – гэта не Формула-1, і праездам па піт-лэйне тут караюць рэдка. Хутчэй за ўсё гоншчык, які парушыў правілы, абавязаны праехаць па адмысловай штрафной зоне на трасе. Гэта можа быць шырокі радыус у адным з паваротаў альбо адмысловы ўчастак за межамі гоначнага палатна, як на трасе ў Ле Мане.

Так што калі на дзявятым і дзясятым кругах Мілер праехаў па штрафной зоне, моцна ад Куартарара, які на той момант быў лідарам гонкі, ён не адстаў. Болей за гэта, яго Desmosedici GP21 на сырой трасе быў хутчэй за Yamaha YZR-M1 Эль Д’ябла – яшчэ раз прызнаем і той факт, што італьянскія інжынеры таксама не марнавалі дарэмна час у міжсезонні і пабудавалі матацыкл, хуткі не толькі на прамых.

Таму пасля адбыцця сваіх пакаранняў Мілер толькі набліжаўся да Куартарара… Які таксама атрымаў штраф ад суддзяў! Падчас змены матацыкла француз спыніўся насупраць гаража Віньялеса, што, аказваецца, з’яўляецца парушэннем правілаў. Праўда, яго абавязалі праехаць па штрафной зоне толькі адзін раз, што ён зрабіў на дванаццатым кругу. Але і гэтага хапіла, каб прапусціць наперад Мілера, які паімчаўся за трэцяй у кар’еры і другой у сезоне (і запар) перамогай.

Толькі дождж, што пайшоў у першай палове гонкі быў кароткачасовым, і далей траса толькі сохла. Гэта значыла, што дажджавыя шыны працавалі ўсё горш, а на зусім сухім асфальце маглі б і проста сапсавацца, што магло б стаць прычынай новых падзенняў і сходаў. Аднак гума на матацыкле Мілера вытрымала.

Хаця важныя падзей ў гонцы на гэтым не скончыліся. Справа ў тым, што ў MotoGP дажджавыя шыны не адзіныя, а адрозніваюцца па ступені жорсткасці, як і слікі. І на матацыклах Мілера і Куартарара стаяў дажджавы Soft, тады як Жоан Зарко абраў Medium.

Менавіта французскі гоншчык Pramac пад канец гонкі быў самым хуткім, і за шэсць кругоў да фінішу абагнаў Куартарара ў спаборніцтве за другую пазіцыю, каб на ёй жа і фінішаваць і прынесці Ducati хай сабе і не чыста завадскі, але дубль. Куартарара ж заняў трэцяе месца.

Але Зарко і стартаваў пятым, таму яго поспех хоць і быў важным, аднак нікога не здзівіў. А вось Баньяя, для якога кваліфікацыя напярэдадні таксама выдалася складанай і які пачынаў гонку толькі шаснаццатым, скончыў яе ў выніку на чацвёртым месцы. Але усё саступіў Куартарара лідарства ў чэмпіянаце.

Праўда, Пека саступае Эль Д’ябла, у якога 80 ачкоў, усяго толькі адно. Не так далёка і Зарко, які падняўся на трэцюю пазіцыю і мае 68 ачкоў. Дый Мілер, у якога ўсяго на чатыры ачкі меней і які дабраўся да чацвёртай пазіцыі, цяпер гатовы далучыцца да спрэчкі за тытул чэмпіёну MotoGP 2021 году.

На нашае з вамі шчасце, прадказаць вынік гэтага спаборніцтва зараз не возьмецца ніхто. Сітуацыя можа самым нечаканым чынам змяніцца на любым этапе. Наступным стане Гран Пры Італіі, што пройдзе 28-30 мая на трасе Муджэла. І які застаўся ў календары, у адрозненні ад этапу ў Фінляндыі, які меўся адбыцца 9-11 ліпеня.

Ён, як стала вядома падчас уік-энду ў Ле Мане, адменены. А замяніў яго дадатковы этап на трасе Red Bull Ring у аўстрыйскім Шпільбергу. Як і ў мінулым годзе, ён будзе называцца Гран Пры Штырыі, але пройдзе на тыдзень раней Гран Пры Аўстрыі (6-8 жніўня), а не пасля яго, як у мінулым годзе.

Болей за гэта, Гран Пры Штырыі ў гэтым годзе зноў будзе і ў Формуле-1! Этап у Турцыі, які мусіў быў прайсці 11-13 чэрвеня і які сам замяняў сабой Гран Пры Канады, адменены праз пандэмійныя абмежаванні, да чаго ўсе рыхтаваліся яшчэ пасля Вялікага прызу Іспаніі. Аднак гонку ў Стамбуле ў сваю чаргу замяніў дадатковы этап не на трасе Поль Рыкар у французскім Ле Кастэле, а як раз у Шпільбергу.

Гэты Гран Пры Штырыі пройдзе 25-27 ліпеня, таксама на тыдзень раней за Гран Пры Аўстрыі. Праз гэта французскі этап Формулы-1, які будзе папярэднічаць першаму з аўстрыйскіх, пройдзе на тыдзень раней, чым планавалася папярэдне – 18-20 ліпеня.

Ну а Шпільберг мы цягам гэтага тыдня яшчэ будзем успамінаць, таму што ў мінулы ўік-энд ён прыняў другі этап Еўрапейскай серыі Ле Ман. Сачыце за публікацыямі на «Гоначнай псіхапатыі»!

Другие посты блога

Все посты