Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!
Блог

Цяжкае выпрабаванне Hyundai

Фота: wrc.com

Ралі Партугаліі парадавала многіх прыхільнікаў WRC, акрамя, бадай што, фанатаў каманды Hyundai. Затое Элфін Эванс з Таёты атрымаў перамогу і другі шанц.

Фінальны этап папярэдняга сезону чэмпіянату свету па ралі ў італьянскай Монцы быў і цікавым, і відовішчным, і непрадказальным, і драматычным. Асабіста драмы сербануў там Эванс, які праз аварыю на слізкай трасе не стаў чэмпіёнам. Але тая няўдача не зламала маладога валійца, і ў гэтым годзе ён зноў б’ецца за званне лепшага.

І зноў б’ецца са сваім напарнікам па камандзе – сяміразовым чэмпіёнам Себасцьенам Аж’е. Француз перамог на двух этапах з трох папярэдніх – на ралі Монтэ-Карла і Харватыі. Адпаведна, менавіта ён напярэдадні першага гравійнага этапу ў Партугаліі ўзначальваў асабісты залік.

Але часткова лідарства Себа сыграла супраць яго, бо ў WRC яно абавязвае свайго ўладальніка адкрываць спецучасткі ў першы спаборніцкі дзень. На гравіі гэта азначае страту тэмпу на пыльнай і не раскочанай трасе, а калі яшчэ супернікі лепей патрапяць у настройкі і ўгадаюць з выбарам шын то…

Тэмп армады Hyundai з раніцы пятніцы мала каго ў выніку здзівіў. Таётаўцы спачатку трымаліся ззаду яе шчыльнай групай, але Аж’е праз недахоп тэмпу пакрысе адкочваўся ўсе далей, ад недастатковай паварочвальнасці на ранішняй секцыі пакутавалі Кале Раванпэра (ён сышоў з дыстанцыі праз тэхнічныя праблемы ў нядзелю) з Такамота Катсутай. І толькі Эванс здолеў быць блізкім да Дані Сорда, Цьеры Нэвіля і Ота Цянака.

Тым больш што і тройца гоншчыкаў карэйскай каманды пераадольвала допы партугальскага этапу не без праблем. Цянака ледзь не развярнула ў адной са шпілек на першым спецучастку Lousã 1, а пазней злавіў пракол. Сорда, які ўжо быў захапіў лідарства ў ралі, на сёмым спецучастку Mortagua (перадапошнім з пятнічных) таксама ў шпільцы заглушыў рухавік свайго i20 Coupé WRC. А першым па-сапраўднаму сур’ёзным званочкам для Hyundai на тым жа допе стала аварыя Нэвіля.

У выніку залішне аптымістычнага ўваходу ў правы паварот аўтамабіль бельгійца зачапіў узгорак і перакуліўся на правы борт. Ні сам Цьеры, ні яго штурман Марцін Відагэ не пацярпелі, у адрозненні ад свайго транспартнага сродку – задняя правая падвеска i20 была разварочаная і рамонту на дарожнай секцыі не паддалася, у выніку чаго экіпаж сышоў з дыстанцыі.

Лідарам першы дзень скончыў Цянак, але, па-першае, Эванс, які прарваўся на другую пазіцыю, саступаў яму ўсяго шэсць секунд. А па-другое, От яшчэ не ведаў, што яго самога чакае назаўтра. Фатальным у суботу і для яго стаў перадапошні спецучастак Amarante 2, чатырнаццаты па ліку і самы даўгі на ўсім этапе – амаль 38-кіламетровы. На ім зноў жа падвеска задняга левага кола не вытрывала і на машыне эстонца.

Прычым у аварыі ён не трапляў – падвеска проста зламалася сама, вымусіўшы Цянака, які перад гэтым паспеў адарвацца ад Эванса болей чым на 22 секунды, спыніцца за чатыры кіламетры да фінішу і аформіць сход. Так у лідары ралі Партугаліі выйшаў ужо Эванс, які крыху пацярпеў ад непрыемнасцей Нэвіля – пыл, які падымаў пашкоджаны аўтамабіль Цьеры, прымусіў гоншчыка Таёты прытармазіць. Аднак пазней арганізатары кампенсавалі яму страчаныя секунды.

Элфін добра разумеў, што ўсякае можа здарыцца і з ім, таму ў нядзелю ехаў з пэўнай доляй асцярожнасці. І ўсё роўна павялічыў адрыў ад Сорда з 10,7 да 28,3 секунды на фінішы ралі, атрымаўшы чацвёртую ў кар’еры перамогу. Дані рабіў усё што мог, але мусіў толькі канстатаваць, што Эванс хутчэйшы за яго. Фінішаваўшы другім, ён наўрад ці чакаў, што прапусціць наперад брытанца з Таёты, а не кагосьці са сваіх партнёраў па Hyundai.

Ну а трэцяе месца, саступіўшы партнёру па камандзе, які перамог, 1:23,6, ўсё ж змог заняць Аж’е. Гэта дапамагло яму заваяваць лідарства ў чэмпіянаце, дзе паміж ім і Эвансам, які падняўся на другую пазіцыю, цяпер усяго два ачкі – 79 у Себасцьена і 77 у Элфіна.

Нэвіль апусціўся на трэцюю пазіцыю і займае яе з 57 ачкамі. Чатыры бонусных ён усё ж здолеў заваяваць, фінішаваўшы другім на фінальным суперспэшле Fafe 2, дзе перамог Цянак, які набраў за гэта 5 ачкоў, а ў чэмпіянаце мае 45, займаючы чацвёртую пазіцыю.

У камандным заліку ўпэўнена лідзіруе Toyota, у якой 183 ачкі. Hyundai са 146 ачкамі ўтрымлівае другую пазіцыю, а замыкае тройку M-Sport Ford, чыі гоншчыкі Гас Грынсміт і Адрыен Фурмо нядрэнна выступілі ў Партугаліі. Брытанцу нават пракол у пятніцу і праблемы з электронікай педалі акселератара і тармазамі ў суботу не перашкодзілі фінішаваць пятым. Француз, якога педаль газа таксама падводзіла, заняў шостае месца.

У малодшых катэгорыях драмы на ралі Партугаліі было менш. Напрыклад, у заліку WRC2, першая тройка якога размясцілася на пазіцыях абсалюту з сёмай па дзявятую, фін Эсапека Лапі перамог на сваім Volkswagen Polo GTI R5 у адны вароты. Свайго суайчынніка Цеему Сунінена на Ford Fiesta Rally2, які заняў другое месца, ён апярэдзіў на 1:42,8.

Частка гэтага адставання ў 23,6 секунды – наступствы праколу, які Сунінена падсцярог у суботу. Мадсу Остбергу давялося мяняць кола у пятніцу, прычым прама на спецучастку. І нават пасля гэтага яго нядаўна дапрацаваны Citroën C3 Rally2 не ехаў па гравіі так хутка, як трэба было нарвежцу, таму і трэцяе месца стала для яго поспехам.

Першая тройка катэгорыі WRC3 размясцілася ў абсалютным заліку на пазіцыях з трынаццатай па пятнаццатую, а перамогу ў ёй атрымаў Каетан Каетанавіч. Вось паляку прыйшлося пабароцца. Па выніках ранішняй пятнічнай секцыі (пасля ўсяго трох допаў) ён саступаў французу Йохану Расэлю на Citroën C3 Rally2 25,5 секунды.

Каетан паспрабаваў быў адыграцца, але ў суботу дапусціў разварот, згубіўшы на ім 23,6 секунды. Аднак у нядзелю, прышпорыўшы сваю Škoda Fabia Evo, перамог на трох допах і на этапе, апярэдзіўшы Расэля, які заняў другое месца, на 6,5 секунды. Трэцім фінішаваў брытанец Крыс Інграм, які таксама выступае на Шкодзе.

Прыязджалі ў Партугалію і прадстаўнікі моладзевага чэмпіянату, дзе ўсе выступаюць на аднолькавых пярэднепрывадных хэтчбэках Ford Fiesta Rally4. Тут трыумф адсвяткаваў латвіец Мартінс Сэскс, ад якога яго бліжэйшы пераследнік Самі Паяры з Фінляндыі адстаў ажно болей чым на тры хвіліны.

Паяры, праўда, пакутаваў ад непаладак узмацняльніка рулявога кіравання, таму нават выніковае другое месца не стала для яго расчараваннем. Тым больш што яму ў сваю чаргу эстонец Роберт Вірвес, які заняў трэцяе месца, саступіў болей чым восем з паловай хвілін (і амаль дванаццаць Сэсксу) – яму перашкодзілі два праколы ў пятніцу.

Наступны этап WRC пройдзе 3-6 чэрвеня. Ім стане італьянскае ралі Сардыніі на аднайменнай выспе ў Міжземным моры, якая вядомая сваім бязлітасным да шын гравіем. На палажэнне ў чэмпіянаце ён можа паўплываць самым нечаканым чынам.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные