Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электрычны экстрым вакол Ружовага возера

Электрычны экстрым вакол Ружовага возера

Другі этап новай серыі гонак на электрычных пазадарожніках Extreme E ў Сенегале быў весялейшым за першы. Хоць некаторыя пытанні ўсё роўна засталіся.

Электрычны экстрым вакол Ружовага возера

Фота: extreme-e.com

Другі этап новай серыі гонак на электрычных пазадарожніках Extreme E ў Сенегале быў весялейшым за першы. Хоць некаторыя пытанні ўсё роўна засталіся.

Пра фармат уік-энду і асобных заездаў Extreme E я ўжо расказваў у артыкуле пра той самы першы ў яе гісторыі этап у Саудаўскай Аравіі. І тут арганізатарам серыі па-ранейшаму ёсць што паляпшаць. Напрыклад, варта даць дадатковыя магчымасці прарвацца ў фінал тым камандам, якім не пашанцавала ў адборачных гонках і кваліфікацыі.

Тым больш што няўдачы могуць падсцерагчы і моцныя экіпажы. На этапе Ocean X Prix у Сенегале, напрыклад, ужо другі раз запар гэта адбылося з іспанскім дуэтам Карласа Сайнса-старэйшага і Лаі Санц, якія прадстаўляюць каманду Acciona Sainz XE Team. Яны з барацьбы за высокія пазіцыі выбылі на гэты раз у кваліфікацыі, калі пасля скоку і жорсткага прызямлення ў выкананні вядомай мотагоншчыцы на іх з двухразовым чэмпіёнам свету па ралі Odyssey 21 узніклі праблемы, якія не дазволілі ім фінішаваць.

Пры гэтым Карлас і Лая нядрэнна выступілі ў заездзе Shoot Out, які праводзіцца сярод трох самых павольных каманд па выніках кваліфікацыі. Там яны занялі другое месца, а перамога дасталася ўжо амерыканскаму дуэту каманды Segi TV Chip Ganassi Racing – Сары Прайс і Кайлу Ледзюку.

Але ні яны, ні Санц і Сайнс, ні тым больш фінішаваўшая трэцяй каманда Andretti United Extreme E (саюз амерыканскіх калектываў Andretti Autosport і вядомага нам па ELMS і WEC United Autosports) у складзе брытанкі Каці Манінгс і шведа Цімі Хансана, чэмпіёна свету па ралі-кросе 2019 году, не атрымалі магчымасці патрапіць у фінал. Shoot Out усяго толькі вызначыў, у якім парадку яны размесцяцца на пазіцыях з сёмай па дзявятую.

Канечне, арганізатары Extreme E і самі былі б рады больш каманд дапускаць у нядзельныя паўфіналы і фінал. Але пакуль што колькасць саміх каманд невялікая – іх усяго толькі дзевяць.

Аднак каманда Алехандра Агага ўсё роўна імкнецца дапрацаваць фармат. І на трасе на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяну і вакол Ружовага возера, штопаблізу ад сталіцы Сенегала Дакара, дзе раней шмат гадоў фінішаваў аднайменны галоўны ралі-марафон планеты, быў зроблены так званы Super Sector – адрэзак трасы, найхутчэйшы час на якім па ходзе ўік-энду прыносіў яго аўтарам дадатковыя пяць ачкоў. Гэта стымулявала каманды атакаваць максімальна рызыкоўна.

Ды і канфігурацыя самой трасы ўжо болей спрыяла шчыльнай барацьбе. Пяску таксама было багата, але ён ужо не так уздымаўся ў паветра, як у Аль-Уле, што перашкаджала ўсім гоншчыкам за спінай лідара. Плюс пралягала яна сярод дрэваў і месцамі прапаноўвала розныя варыянты траекторый.

Праўда, гэта патрабавала і дадатковай асцярожнасці. Таму што, напрыклад, машына каманды Andretti United Extreme E у другой кваліфікацыі, калі за яе стырном быў Ледзюк, устала пасярод трасы. Выявілася, што за ветку яна зачапілася вонкавым аварыйным выключальнікам. З большага гэта і перашкодзіла Кайлу і Сары прабіцца ў паўфіналы і, магчыма, паспаборнічаць за перамогу.

Затое ў фінал на гэты раз патрапіла ўжо чатыры каманды. Пасля паўфіналаў выбылі Hispano Suiza Xite Energy Team (брытанец Олівер Бенэт і іспанка Крысцін Джамполі Зонка) і ABT Cupra XE (зорны склад з сусветнага майстра аўтаспорту Маціаса Эсктрома і немяцкай легенды Дакара Юты Кляйншмітд, якая замяняла сваю суайчынніцу Клаўдзію Хюртген, не прыняўшую ўдзел у другім этапе праз праблемы са здароўем) туды патрапілі JBXE, Veloce Racing, X44 і Rosberg X Racing.

Іншымі словамі, сваю барацьбу тут працягнулі чэмпіёны Формулы-1: сяміразовы і дзейсны Льюіс Хэмілтан, якому належыць X44 і яго былыя напарнікі – па McLaren Джэнсан Батан (JBXE), які ў Вялікіх прызах узяў тытул у 2009 годзе, і па Mercedes Ніка Росберг (Rosberg X Racing), чэмпіён 2016 году.

Толькі што Батан гэтым разам сам у гонцы не ўдзельнічаў – яго на сенегальскім этапе падмяніў малодшы брат Цімі Хансана і яго напарнік па камандзе ў WRX Кэвін. Аднак, нажаль, яму сесці за стырно электрапазадарожніка так і не давялося. Ужо на старце яго напарніца і суайчынніца Мікаэла Алін-Катулінскі сутыкнулася з машынай Veloce, якой кіраваў шматвопытны француз Стэфан Саразэн. Як, дарэчы, і іспанская гоншчыца X44 Крысціна Гуцьерэс.

У гэтым эпізодзе машыны каманд Батана і Хэмілтана атрымалі пашкоджанні падвесак і, магчыма, прывадных валоў, і не з’ехалі далей першага павароту. Так што Алін-Катулінскі не перадала змену Кэвіну Хансану, а Гуцьерэс не замяніў дзевяціразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Лёб. Больш за гэта, для эвакуацыі падраненых машын заезд прыйшлося спыняць чырвоным сцягам, а затым даваць паўторны старт.

Гэта звяло на не перавагу над Саразэнам, здабытую на старце аўстралійскай гоншчыцай Rosberg X Racing Молі Тэйлар. Так што яе шведскаму напарніку Йохану Крыстоферсану зноў прыйшлося дэманстраваць навыкі, якія дапамаглі яму стаць трохразовым чэмпіёнам свету па ралі-кросе. Хаця ўлічваючы, што Саразэна змяніла брытанка Джэймі Чадвік, дасведчаная найперш у кальцавых гонках, задача Крыстоферсана перамагчы выглядала даволі лёгкай.

Стартавалі, аднак, няблага абое. Йохан на прамой усё ж такі захапіў лідарства, але Чэдвік здолела не адпусціць яго далёка. І толькі на секцыі з паваротамі і трамплінамі дзяўчына пачала пакрысе саступаць Крытоферсану. Шведу дапамаглі і досвед, і большая фізічная сіла, якая мае вялікае значэнне для гоншчыкаў, і заваяванае лідарства – пыл, што яго машына ўздымала, усё ж замінаў Джэймі.

Так што Крыстоферсан і Тэйлар атрымалі другую запар перамогу ў Extreme E. Чадвік і Саразэн занялі другое месца, а трэцімі былі класіфікаваныя Алін-Катулінскі і Кэвін Хансан (Мікаэла перад сходам з дыстанцыі змаглі з’ехаць крыху далей за Крысціну Гуцьерэс).

Адпаведна, пасля двух этапаў каманда Rosberg X Racing замацавала сваё лідарства ў серыі – у яе 71 ачко супраць 57 у X44, якая паднялася на другую пазіцыю. Аднак хоць тут Росберг усё роўна пакуль што дамінуе над Хэмілтанам. Трэцяя пазіцыя цяпер за калектывам JBXE, чыі гоншчыкі (у тым ліку сам Джэнсан Батан) за два этапы набралі 44 ачкі.

Пасля гонак Extreme E ў Сенегале асабіста я параіў бы арганізатарам дадаць хаця б у фінальныя гонкі кругоў. Два, ды яшчэ на даволі кароткай трасе – гэта ўсё ж такі замала. Зараду батарэй на машынах павінна хапіць і на значна большую іх колькасць.

Можна таксама часцей мяняцца гоншчыкам і гоншчыцам, што дазволіць адыгрывацца камандам, якім не пашанцавала на старце ці ў іншай фазе заезду. Відовішчны патэнцыял у электрычных пазадарожных гонак вялікі, і яго можна было б больш поўна рэалізаваць такімі спосабамі.

Тым не менш другі этап серыі (які, дарэчы, прыцягваў увагу да павышэння ўзроўню сусветнага акіяну) ўжо болей нагадваў сапраўдныя гонкі, а не гоначнае шоу, на якое ў значнай ступені быў падобны першы. А гэта значыць, што серыя Extreme E развіваецца. Спадзяемся, арганізатары яшчэ дапрацуюць яе фармат да наступнага этапу, які 28-29 жніўня пройдзе на выспе Грэнландыя і зверне ўвагу на праблему раставання арктычных льдоў.

Другие посты блога

Все посты