Гоначная псіхапатыя
Блог

Дамінатар Рэй: супадзенне ці сістэма?

Фота: worldsbk.com

Другі этап сусветнага Супербайка у партугальскім Эштарыле спачатку падарыў надзею на інтрыгу і непрадказальнасць, а потым адабраў яе.

Чэмпіянат WSBK зараз нагадвае самыя сумныя перыяды Формулы-1. Дамінаванне аднаго гоншчыка і адной каманды цягнецца ўжо сёмы год, і, здаецца, у 2021-м нішто не перашкодзіць ім – у дадзеным выпадку Джонатану Рэю і Kawasaki – перамагчы ізноў.

Адразу агаваруся, што да брытанца і яго японскага калектыву прэтэнзій ніхто не мае. Яны проста лепшыя, і не вінаватыя ў тым, што канкурэнты раз за разам не могуць нічога ім супрацьпаставіць.

У 2019 годзе падалося, што завадская Ducati ў асобе Альвара Баўцісты, які цяпер выступае за завадскую ж Хонду, здолелі зрабіць гэта – амаль першую палову сезона іспанец і італьянская каманда штампавалі адну перамогу за адной.

Але пасля для іх пачалася чорная паласа, Баўціста тры разы не фінішаваў, а калі фінішаваў, то часта ўнізе ачковай зоны, толькі зрэдку даязджаючы да яе верху. І стаў у выніку толькі віцэ-чэмпіёнам. А чэмпіёнам, дакладней, чэмпіёнамі – Джонатан Рэй і Kawasaki! Якія мала давалі шанцаў канкурэнтам у мінулым годзе, і пакуль што толькі павялічваюць сваю перавагу ў гэтым.

Першы этап у іспанскім Арагоне выйграць у адну брамку ім перашкодзіў толькі Гарэт Герлаф з GRT Yamaha WorldSBK Team, які сутыкнуўся з Рэем у другой гонцы. Роўна праз тыдзень – на другім этапе ў партугальскім Эштарыле – амерыканец таксама ў другой гонцы знайшоў для сябе новую мішэнь, тады як Рэй…

Толькі спачатку падалося, што цяжка бывае і Джонатану. Поўл-та у кваліфікацыі ён заваяваў, што дазволіла яму стартаваць першым у суботняй доўгай гонцы і нядзельным ранішнім суперпоўл-спрынце. Аднак у той самай суботняй гонцы дамінаваў яго галоўны пераследнік у чэмпіянаце і суайчыннік з Aruba.it Racing-Ducati Скот Рэдзінг.

Яе старт Рэй прайграў і яму, і турэцкаму гоншчыку Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK Топраку Разгітліоглу. Ды і першы круг у Джонатана неяк не заладзіўся – яго нагнаў нават італьянскі напарнік Рэдзінга па камандзе Мікаэль Рубэн Рынальдзі, які на другім кругу абагнаў Рэя.

Брытанец, зрэшты, паспяхова контратакаваў Рынальдзі на наступным кругу, вярнуўшыся ў першую тройку. Аднак Рэдзінг сваёй лідарскай пазіцыі так нікому і не саступіў. Хаця Разгітліоглу з Рэем, якія занялі, адпаведна, другое і трэцяе месцы, далёка яго не адпусцілі.

Так што як мінімум на гэты раз дакладна проста падалося, і Рэй з Kawasaki па-ранейшаму найлепшыя у сусветным Супербайке. Напоўніцу яны гэта даказалі ў нядзелю, атрымаўшы перамогі і ў спрынце, і ў другой доўгай гонцы.

На гэты раз Джонатан адбіў двайную атаку з боку Рэдзінга, Разгітліоглу і Рынальдзі ў першым павароце. І хоць Рэдзінг усё ж здолеў абысці яго на першым кругу, а Разгітліоглу ў пачатку другога, заадно захапіўшы і лідарства, Рэй ад іх не адстаў і хутка пачаў аднаўляць статус-кво. На чацвёртым кругу ён адыграў адну пазіцыю, скарыстаўшыся памылкай свайго суайчынніка з Ducati ў шостым павароце. А на мяжы пятага і шостага на галоўнай прамой пакінуў ззаду і турка, каб затым перамагчы.

Разгітліоглу фінішаваў у выніку другім, Рэдзінг, які пасля той сваёй памылкі прапусціў наперад яшчэ і Герлафа, здолеў затым абагнаць амерыканца і замкнуў першую тройку. І гэтыя вынікі для ўсіх траіх (Герлаф фінішаваў чацвёртым) былі зусім не найгоршыя за ўік-энд.

Першыя два ў сваіх памылках мусяць вінаваціць толькі саміх сябе. Абодва дапусцілі фальстарт, і пазней былі пакараныя. У Разгітліоглу ён быў болей відавочны, таму ён яшчэ па ходу гонкі быў вымушаны двойчы праехаць па штрафной зоне. Парушэнне Рэдзінга было не настолькі яўным, таму з ім суддзі разбіраліся доўга, і рашэнне аб налічэнні яму дадатковых шасці секунд вынеслі ўжо пасля фінішу.

Па выніку Рэдзінг страціў дзве пазіцыі, перамясціўшыся… з чатырнаццатай на шаснаццатую. Старт Скот, дзякуючы ў тым ліку джамп-старту, выйграў, узначаліўшы пелатон. Толькі канвертаваць гэта калі не ў перамогу (штраф потым усё роўна пазбавіў бы яе брытанца), то ў проста высокую пазіцыю ў яго не атрымалася.

Рэй пры гэтым на першым кругу патрапіў пад атаку з боку Рынальдзі і быў вымушаны пашырыць траекторыю ў чацвёртым павароце, прапусціўшы і Мікаэля Рубэна, і Разгітліоглу, і Герлафа, і гоншчыка RC Squadra Corse Юджына Лавэрці (матацыкл BMW M 1000 RR). Аднак Герлаф і Рынальдзі самаліквідаваліся ўжо на другім кругу – Гарэт памыліўся на тармажэнні перад шостым паваротам і вынес гоншчыка Ducati. Рэй жа без асабістых цяжкасцей спачатку абышоў Лаверці, дачакаўся праезду Разгітліоглу па штрафной зоне і пачаў набліжацца да Рэдзінга.

Схвоснуліся ў барацьбе брытанцы на чатырнаццатым кругу, і ўжо на пятнаццатым Рэй абагнаў Рэдзінга ў трэцім павароце. Скот паспрабаваў контратакаваць у наступным, аднак скончылася гэта падзеннем, якое адкінула яго за межы ачковай зону. Рэдзінг затым вярнуўся быў у яе, абагнаўшы пад канец гонкі двух гоншчыкаў на Kawasaki ZX-10RR – француза Лукаса Маяса з Kawasaki Puccetti Racing і іспанца Ісаака Віньялеса (стрыечнага брата гоншчыка MotoGP Маверыка Віньялеса) з Orelac Racing VerdNatura, але пакаранне за фальстарт зноў выбіла яго адтуль.

Рэй жа ў выніку атрымаў чарговую пераканаўчую перамогу. Другое месца заняў гоншчык Team GoEleven, а Разгітліоглу пасля ўсіх падзей на трасе здолеў фінішаваць трэцім. І цяпер менавіта ён з’яўляецца галоўным пераследнікам Рэя ў чэмпіянаце, займаючы другую пазіцыю і маючы 75 ачкоў.

Джонатан, вядома, свой адрыў толькі павялічыў, і апярэджвае Топрака на 35 балаў. Рэдзінг апусціўся на трэцюю пазіцыю і саступае турку тры ачкі. Kawasaki ў заліку вытворцаў, які і ўзначальвае, мае столькі ж ачкоў, колькі Рэй у асабістым – 110. Ducati з 96 баламі на другой пазіцыі, Yamaha, у якой 78 ачкоў, замыкае першую тройку.

Трэці этап сусветнага Супербайка пройдзе ў італьянскай Імале 11-13 чэрвеня. І калі фактычнае дамінаванне Рэя і Kawasaki працягнецца і там, гэта ўжо дакладна будзе не супадзеннем, а сістэмай.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные
  • Друзья