Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Электраганьба. Этапы ў мексіканскай Пуэбле выявілі ўсе хібы Формулы Е

Электраганьба. Этапы ў мексіканскай Пуэбле выявілі ўсе хібы Формулы Е

Калі за дыскваліфікацыю гоншчыка выбачаецца нават арганізатар серыі, значыцца, на самой справе з правіламі нешта не так. Пры гэтым Паскаль Верляйн у Пуэбле быў пакараны двойчы.

Электраганьба. Этапы ў мексіканскай Пуэбле выявілі ўсе хібы Формулы Е

Фота: fiaformulae.com

Калі за дыскваліфікацыю гоншчыка выбачаецца нават арганізатар серыі, значыцца, на самой справе з правіламі нешта не так. Пры гэтым Паскаль Верляйн у Пуэбле быў пакараны двойчы.

Вытворцаў, якія пакідаюць Формулу Е альбо не спяшаюцца ў яе прыйсці, можна зразумець. Вось, напрыклад, McLaren. У наступным годзе брытанскі калектыў пачне выступаць у спаборніцтвах, якія арганізуе Алехандра Агаг. Толькі не ў Формуле Е, а ў пазадарожнай серыі Extreme E.

Што ж да электраформулы, то пра яе брытанцы пакуль што думаюць. І наўрад ці прымуць рашэнне прыйсці і ў яе, паглядзеўшы яе гонкі, што прайшлі ў мінулыя выхадныя на трасе імя Мігеля Абеда ў мексіканскай Пуэбле.

Да суддзяў і правілаў электрычнага чэмпіянату свету шмат пытанняў узнікла яшчэ ў Валенсіі. Там, напрыклад, гоншчык Mercedes-EQ Formula E Team быў пазбаўлены поўлу у нядзельнай гонцы за парушэнне правілаў маркіроўкі шын. Што, на самой справе, глупствам не выглядала толькі на фоне суботняга фарсу са шматлікімі штрафамі. Але глупствам гэта ўсё роўна з’яўляецца.

Так, фармальна гэта парушэнне. Толькі пілот у ім не вінаваты і нічога ад гэтага не выйграе. Усе шыны ў Формуле Е аднолькавыя, там няма ні больш мяккіх, ні больш жорсткіх, ні адмысловых дажджавых. Карыстаючыся больш зразумелай беларусам тэрміналогіяй, гэта адміністрацыйнае парушэнне, а не крымінальнае злачынства. І калі ўжо каго і як караць за яго, то каманду грашовым штрафам, а не гоншчыка пазбаўленнем чэсна здабытага на трасе выніку.

У Мексіцы адказныя асобы ўжо TAG Heuer Porsche Formula E Team забыліся пра рэгістрацыю камплекта гумы для Паскаля Верляйна. За што, вядома, зноў пацярпеў гоншчык, прытым вельмі крыўдна. Экс-пілот Формулы-1 стартаваў з поўлу і гонку правёў выдатна, пралідзіраваўшы ад старту да фінішу.

Паскаль і рэжымамі максімальнай атакі карыстаўся пісьменна і ўдала, не згубіўшы на гэтым рэальных пазіцый. Хоць на трасе імя Мігеля Абеда для яго актывацыі трэба было праехаць не проста па шырокай траекторыі аднаго з паваротаў, а па дадатковай пятлі за восьмым паваротам. Яе наведванне для брытанскага гоншчыка Jaguar Racing Сэма Бёрда за васямнаццаць з паловай хвілін да сканчэння часу заезду скончылася дрэнна – на выездзе з ім сутыкнуўся яго суайчыннік з Mahindra Racing Алекс Лін, у выніку чаго Бёрд сышоў з дыстанцыі за зламанай пярэдняй падвескай.

Верляйн такіх непрыемнасцей пазбег, і на фінішы гонкі меў адрыў ад супернікаў у некалькі секунд. Але, першым атрымаўшы адмашку клецістым сцягам, адразу быў дыскваліфікаваны за тое самае парушэнне каманды.

Пасля такога аналізаваць падзеі гонкі неяк ужо не хочацца. Які ў гэтым сэнс, калі пераможца і прызёры вызначаюцца не на трасе, а ў судзейскім пакоі? Ну, так, на старце пілот Nissan e.dams Олівер Роўланд згубіў другую пазіцыю, пасля чаго спрэчку за яе павялі напарнікі па BMW i Andretti Motorsport Максіміліан Гюнтэр і Джэйк Дэніс.

Спаборнічалі яны доўга, у другой палове абмяняўшыся пазіцыямі (брытанец выйшаў наперад), аднак за пяць хвілін да фінішу, скора пасля таго, як Дэніс у трэці раз адправіўся на актывацыю рэжыму максімальнай атакі, адкаціўшыся на сёмую пазіцыю, Гюнтэр прапусціў адразу і гоншчыка ROKiT Venturi Racing Эдуарда Мартару, і Лукаса ді Грасі з Audi Sport ABT Schaeffler.

На наступным кругу Гюнтэр саступіў і напарніку ді Грасі Рэнэ Расту, і свайму ўласнаму – Дэніс з павышанай магутнасцю адыгрываў пазіцыі. Сам Гюнтэр адкаціўся на шостую, але і на ёй утрымацца не змог, згубіўшы затым яшчэ шэсць.

А наперадзе назад адкочваўся Мартара. За паўтары хвіліны да сканчэння часу яго абагнаў ді Грасі, а на апошніх секундах і Раст. У такім парадку яны і фінішавалі, падняўшыся кожны на пазіцыю вышэй пасля дыскваліфікацыі Верляйна. Ді Грасі ў выніку перамог (калі гэта можна назваць перамогай), Раст заняў другое месца, Мартара трэцяе.

Пытанне да суддзяў толькі адно: калі так ужо трэба было пакараць Верляйна, чаму б было, напрыклад, не адправіць яго на праезд па піт-лэйне яшчэ па ходу гонкі? Ці пакараць мала, трэба яшчэ і прынізіць? Толькі прынізілі ў выніку і Агага, які прасіў прабачэння ў балельшчыкаў за гэтую сітуацыю.

Ну а для Паскаля пакуты на гэтым не скончыліся. Нядзельную гонку немец таксама правёў выдатна, стартаваўшы ўжо другім, другім жа і фінішаваўшы. Каб адразу атрымаць пяць штрафных секунд, якія адкінулі яго на чацвёртае месца ў пратаколе! Выявілася, што рэжым FanBoost ён задзейнічаў занадта позна – запасу энергіі ў батарэі яго баліда не хапіла, каб матор развіў неабходныя мінімальныя 240 кВт (326 к.с.)!

Іншымі словамі, за фактычна тэхнічную хібу зноў пацярпеў пілот! Тут пытанне ўжо да арганізатараў Формулы Е, якое многія ўжо задавалі раней: вашы гонкі пра што – пра хуткасць і барацьбу ці пра эканомнае кіраванне? Можа хопіць ужо караць пілотаў за перарасход энергіі і вось такія «страшэнныя» парушэнні, як у Верляйна ў нядзелю? Ды і абмежаванне даступнай энергіі за час пад аўтамабілем бяспекі таксама не спрыяе барацьбе на апошніх кругах.

Не дзіўна, дарэчы, што арганізатары Формулы Е, па некаторых звестках, плануюць адмовіцца ад фанбусту з наступнага сезону. Хіба што прычына тут іншая, аднак не меней паказальная. Прызнаецца, што маюць месца накруткі галасоў у заўзятарскім інтэрнэт-галасаванні, па выніках якога гоншчыкі і атрымліваюць дадатковыя кілаваты магутнасці, а змагацца з імі не прадстаўляецца магчымым.

Што ж да нядзельнай гонкі, то добра што пакаранняў пазбег хоць яе пераможца. Ім стаў Мартара. Пілот Venturi пачынаў гонку з трэцяй пазіцыі і на старце абышоў Верляйна. З поўлу стартаваў Роўланд, які гэтым разам пазбег праблем, утрымаўшы пазіцыю. Ён жа адным з першых на пачатковай стадыі гонкі адправіўся на першую актывацыю рэжыму максімальнай атакі, часова прапусціўшы Мартару з Верляйнам наперад.

І амаль адразу пасля таго, як брытанец застаўся без дадатковай магутнасці, ён паехаў атрымліваць яе ў другі і апошні раз, зноў апынуўшыся ззаду нядаўніх пераследнікаў. У гэты момант Роўланд, гледзячы па ўсяму, гонку і прайграў, бо дагнаць і абагнаць Верляйна і Мартару, у якіх перыш рэжым атакі яшчэ быў актыўны, ён не здолеў.

А ззаду на яго ўжо накочваў пілот Envision Virgin Racing Нік Кэсідзі. Новазеландзец стартаваў восьмым, аднак затым удала прарваўся да групы лідараў. І калі ён дабраўся да Роўланда, таму ўжо не было чым абараняцца. За дзевятнаццаць хвілін да сканчэння часу Олівера спачатку абагнаў Верляйн, а крыху болей чым за хвіліну і тое ж атрымалася і ў Кэсідзі. Якому ў выніку і дасталася трэцяе месца – першы подыум Ніка ў Формуле Е.

Натуральна, пасля другога за ўік-энд пакарання Верляйна яно стала другім, а Роўланд з чацвёртай пазіцыі падняўся на трэцюю. Паскаль жа мог фінішаваць першым ізноў – ён нейкі час ціснуў на Мартару, аднак пазней памыліўся і адпусціў яго, задаволіўшыся другім месцам. Хіба што губляць яго было не так крыўдна, як першае напярэдадні.

Так ці інакш, візіт Формулы Е ў Мексіку, як і раней у Іспанію, выйшаў, мякка кажучы, неадназначным. Спрэчкі вакол правілаў дакладна разлютуюцца, бо калі пілотаў працягнуць штрафаваць за ўсё, а замест барацьбы яны мусяць будуць займацца падлікам даступнай энергіі і думаць над тым, як яе зберагчы, толку не будзе.

Усё гэта тым больш крыўдна, што патэнцыял відовішчнасці ў электрычнай Формулы вялікі. Барацьбы на трасе і абгонаў у ёй звычайна хапае, а на перамогу шмат рэальных прэтэндэнтаў з самых розных каманд.

Як той жа Мартара, які пасля гонак у Пуэбле ўзначаліў залік пілотаў з 72 ачкамі. Робін Фрайнс з Virgin, для якога мінулы ўік-энд склаўся няпроста (шаснаццатае месца ў суботу і адзінаццатае ў нядзелю), апусціўся на другую пазіцыю і мае 62 ачкі. Дзейсны чэмпіён Антоніу Фелікс да Кошта з DS Techeetah, не гледзячы на неадназначны выступ у Мексіцы (шостае месца ў суботу, але сход праз аварыю ў нядзелю), у першую тройку вярнуўся і цяпер замыкае яе, маючы 60 ачкоў. Але па столькі ж у Раста і пілота Jaguar Мітчэла Эванса.

Сярод каманд лідар пакуль што ранейшы – Mercedes-EQ, у якога 113 ачкоў. Але ў калектыву DS Techeetah, які падняўся на другую пазіцыю, усяго на тры меней. І на адно болей чым у Ягуара, які апусціўся на трэцюю пазіцыю і саступае дзесяць балаў камандам Audi і Virgin.

Наступныя два этапы Формулы Е пройдуць таксама ў Паўночнай Амерыцы, але ўжо ў ЗША, у Нью-Йорку 10 і 11 ліпеня. Спадзяемся, там судзейства ў электрычных гонках будзе адпавядаць судам ЗША, а не Беларусі.

Другие посты блога

Все посты