Трибуна

Куартарара – чэмпіён? Атрымаўшы перамогу ў Асэне, Фабіа замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце MotoGP

Пасля неадназначнага мінулага сезону ў складзе Petronas Yamaha SRT Эль Д’ябла выдатна выступае ў гэтым ужо ў завадской камандзе Monster Energy Yamaha MotoGP. Ці ў стане хтосьці з канкурэнтаў кінуць яму выклік?

Куартарара – чэмпіён? Атрымаўшы перамогу ў Асэне, Фабіа замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце MotoGP

Фота: motogp.com

Пасля неадназначнага мінулага сезону ў складзе Petronas Yamaha SRT Эль Д’ябла выдатна выступае ў гэтым ужо ў завадской камандзе Monster Energy Yamaha MotoGP. Ці ў стане хтосьці з канкурэнтаў кінуць яму выклік?

Трэба глядзець праўдзе ў вочы: на папярэдніх Гран Пры Каталоніі і Германіі Фабіа Куартарара ініцыятыву не страціў. Не перамог, так, але ўсё роўна набіраў дастаткова ачкоў, каб заставацца лідарам чэмпіянату. . Да таго ж, на Гран Пры Іспаніі ў Херэсе, як мы памятаем, маладога француза падвёў фізічны стан, а ў Барселоне – яго камбінезон. Ну а Заксэнрынг, так ужо гістарычна склалася, ёсць тэрыторыяй Марка Маркеса.

Толькі перамогі шасціразовага чэмпіёна з завадской каманды Honda на нямецкай трасе і Мігеля Алівейры з завадскога ж калектыву KTM на іспанскай – гэта ўсё іх лакальныя поспехі. На чэмпіёнства ні іспанец, ні партугалец не прэтэндуюць. Тое ж можна сказаць і пра завадскога гоншчыка Ducati Джэка Мілера, якога перамогі ў Херэсе і французскім Ле Мане не вывелі нават у першую тройку ў чэмпіянаце.

Куартарара пры гэтым атрымаў з першую палову бягучага сезону ўжо чатыры перамогі – на адну болей, чым за ўвесь мінулы. Папрацаваўшы над сабой у міжсезонні і атрымаўшы ад Ямахі ўдала дапрацаваны матацыкл, Эль Д’ябла стаў цяжка дасягальным для сваіх канкурэнтаў. Сведчаннем таму і пяць поўлаў у гэтым годзе.

Шостага, праўда, у Асэне не атрымалася – там у кваліфікацыі першынстваваў напарнік Фабіа Маверык Віньялес. Але, як часта гэта бывае асабліва з Топ Ганам, гонка склалася для яго складаней, і поўл у перамогу ён не канвертаваў.

Хоць і праваленым для яго Гран Пры Нідэрландаў назваць нельга – Маверык адваяваў некалькі пазіцый, фінішаваўшы ў выніку на другой. Толькі ў сядле завадской YZR-M1 яму па-ранейшаму не так камфортна, як Куартарара. І таму ўчора ён і Yamaha аб’явілі аб датэрміновым скасаванні кантракту. Віньялес пакіне каманду па сканчэнні гэтага сезону, хоць мусіў выступаць за яе да канца 2022 года.

Куды ён пойдзе – пытанне адкрытае. Магчыма, мы пабачым Топ Гана ў сусветным Супербайке. А можа, ён апынецца і ў складзе Aprilia, якая ў наступным годзе прыйдзе ў прэм’ер-катэгорыю MotoGP паўнавартаснай завадской камандай. Другі варыянт, зрэшты, сам Віньялес назваў плёткамі, але і не абверг.

Не меней цікава, дарэчы, і хто стане напарнікам Куартарара. Адным з найбольш верагодных кандыдатаў бачыцца яго мінулагодні калега па Petronas Yamaha SRT і дзейсны віцэ-чэмпіён Франка Марбідэлі, які праз вывіх калена, атрыманы ім яшчэ на французскім этапе, прапускаў нідэрландскі. У пятніцу італьянец перанёс паспяховую аперацыю, і цяпер будзе аднаўляць фізічны стан цягам васьмі тыдняў, таму не факт, што мы пабачым яго на старце Гран Пры Штырыі ў жніўні.

У Асэне замяняў Франка, дарэчы, вядомы нам па таму ж сусветнаму Супербайку амерыканец Гарэт Герлаф. Дэбют ў MotoGP сенсацыйным для яго не стаў – ён фінішаваў сямнаццатым. Зрэшты, шматразовы чэмпіён Валянціна Росі, які таксама выступае ў SRT, увогуле скончыў Гран Пры Нідэрландаў заўчасна праз падзенне.

Якое, магчыма, падштурхне Доктара да рашэння аб завяршэнні мотагоначнай кар’еры (але не гоначнай увогуле – яго вабяць аўтамабільныя гонкі Gran Turismo). Ды і роля мэнэджэра ўласнай каманды, якая прыйдзе ў галоўны клас MotoGP у наступным годзе (ужо вядома, што яе зброяй стануць Ducati Desmocedici), наўрад ці будзе сумяшчальным для італьянца з працай на трасе, тым больш у складзе іншай каманды.

Ну а што ж галоўны герой чэмпіянату і яго лідар? Няўжо ж зусім няма каму ўскладніць яму жыццё? Зусім не! У Асэне гэта амаль атрымалася ў прадстаўніка Ducati Франчэска Баньяі. Італьянец на першых кругах спрачаўся за лідарства з Куартарара.

Яны некалькі разоў абмяняліся пазіцыямі, але Фабіа ў выніку захапіў разам з першай пазіцыяй і ініцыятыву, скарыстаўшыся лепшымі рысамі сваёй YZR-M1 – яе паводзінамі ў паваротах, ад якіх толку выявілася болей, чым ад перавагі Desmocedici GP21 на разгонах на прамых.

У спрэчку Аль Д’ябла і Пека паспрабаваў быў умяшацца японскі гоншчык LCR Honda Такаакі Накагамі. Прынамсі, з Баньяяй за другую пазіцыю ён спрачаўся ўпэўнена і быў здольны фінішаваць на подыуме. Толькі, відаць, у барацьбе з Франчэска моцна знасіў шыны, і потым страціў шмат пазіцый, фінішаваўшы толькі дзявятым.

Не склалася гонка і ў Баньяі, а дакладней, ва ўсёй Ducati. Франчэска быў пакараны праездам па штрафной зоне за парушэнне меж трасы і заняў шостае месца, а Мілера суддзі прымусілі сысці з дыстанцыі, паказаўшы яму чорны сцяг с аранжавым кругам – сігнал аб тым, што яго матацыкл мае тэхнічныя праблемы, з якімі далейшы ўдзел у гонцы небяспечны. Джэк пашкодзіў байк, упаўшы на пятнаццатым кругу ў пятым павароце. Аўстраліец паспрабаваў працягнуць рух, але і без суддзяў было зразумела, што з машынай нешта не тое.

У тым ліку і непрыемнасці ў супернікаў дапамаглі Віньялесу фінішаваць другім. А яго суайчынніку і пакуль што дзейснаму чэмпіёну Жоану Міру – трэцім. Праўда, гоншчык Team Suzuki Ecstar і сам быў хуткім па ходу гонкі. Стартаваў з дзясятай пазіцыі, а затым здзейсніў шэраг абгонаў. Больш уразіў толькі яшчэ адзін іспанец – Марк Маркес, які пачынаў гонку з дваццатай пазіцыі (кваліфікацыя напярэдадні ў яго не задалася), а фінішаваў на сёмай. Усё ж такі, яго поспех на Заксэнрынгу тыднем раней быў не выпадковым.

Толькі глабальна ў MotoGP нічога не памянялася. У чэмпіянаце лідзіруе, як ужо неаднаразова адзначалася, Куартарара, у якога цяпер 156 ачкоў. Яго суайчыннік з Pramac Racing Жоан Зарко, які ў Асэне фінішаваў чацвёртым, маючы 122 ачкі і займаючы другую пазіцыю, зараз больш спаборнічае з Баньяяй, які застаўся трэцім і мае 109 ачкоў.

Але ёсць і добрыя навіны: Зарко з Баньяяй атрымаюць магчымасць пахістаць лідарства Куартарара на двух наступных этапах у аўстрыйскім Шпільбергу, дзе зараз працягвае гасцяваць Формула-1. Тамтэйшыя доўгія прамыя і хуткія павароты дазволяць бліснуць ужо іх Desmocedici GP21.

Падрыхтавацца да гэтага ў абодвух часу будзе дастаткова – MotoGP бярэ паўзу болей чым у месяц. Гран Пры Штырыі (як і ў выпадку з Формулай-1, ён у MotoGP у гэтым годзе стаіць у календары перад Гран Пры Аўстрыі) пройдзе 6-8 жніўня.

Так што падводзіць канчатковыя вынікі галоўнага мотачэмпіянату планеты яшчэ дакладна зарана. А вось прамежкавыя – самы час, што мы і зробім хутка. Сачыце за публікацыямі на «Гоначнай псіхапатыі»!

Другие посты блога