Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Інтрыга ў сусветным Супербайку! У Донінгтане яго дзейсны чэмпіён Джонатан Рэй страціў лідарства

Інтрыга ў сусветным Супербайку! У Донінгтане яго дзейсны чэмпіён Джонатан Рэй страціў лідарства

Для Джонатана Рэя ўік-энд на трасе Донінгтан Парк скончыўся стратай лідарства ў чэмпіянаце, якое цяпер належыць Топраку Разгітліоглу – пераможцу дзвюх гонак з трох. Інтрыга, якую мы ўжо рыхтаваліся хаваць, раптам ачуняла.

Інтрыга ў сусветным Супербайку! У Донінгтане яго дзейсны чэмпіён Джонатан Рэй страціў лідарства

Для Джонатана Рэя ўік-энд на трасе Донінгтан Парк скончыўся стратай лідарства ў чэмпіянаце, якое цяпер належыць Топраку Разгітліоглу – пераможцу дзвюх гонак з трох. Інтрыга, якую мы ўжо рыхтаваліся хаваць, раптам ачуняла.

На самой справе, не раптам. Яшчэ на папярэднім этапе WSBK на трасе імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана было бачна, што супернікі шасціразовага і дзейснага чэмпіёна мабілізаваліся і навязалі яму барацьбу. Аналізуючы падзеі таго ўік-энду, я зрабіў здагадку, што ім дапамагла канфігурацыя трасы, якую ніяк не назавеш суперхуткаснай, а таму аддача рухавіка вырашальнай ролі не іграе. І спрагназаваў, што на падобным па характарыстыках Донінгтан Парку ўік-энд таксама можа стаць цікавым і непрадказальным.

І ён такім і стаў! Спачатку ўсё ішло па звычным сцэнарыі – Рэй быў хуткім і на свабодных практыках, і ў кваліфікацыі. Заваяваць поўл яму не перашкодзіла нават традыцыйна складанае для Англіі надвор’е – траса была мокрай пасля дажджу, але пакрысе сохла. Да старту першай гонкі яна амаль высахла, але відавочна заставалася даволі халоднай, што, магчыма, і перашкодзіла Джонатану канвертаваць поўл у перамогу.

Лідарства на старце брытанскі гоншчык Kawasaki Racing Team WorldSBK захаваў, аднак ужо на другім кругу яго абагнаў канкурэнт з Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK Топрак Разгітліоглу, які пачынаў гонку… з трынаццатай пазіцыі! У першы паварот на першым кругу турак пры гэтым увайшоў, займаючы ўжо пятую, ну а затым за адзін круг апярэдзіў і ўсіх астатніх супернікаў і ў выніку атрымаў перамогу.

Рэю зусім не было чаго супрацьпаставіць Разгітліоглу, а на трэцім кругу ён яшчэ і памыліўся на выхадзе з другога павароту, зрабіўшы візіт за межы трасы. Чым быў скарыстаўся Міхаэль ван дэр Марк, гоншчык яшчэ адной завадской каманды BMW Motorrad WorldSBK Team. Праўда, яго BMW M 1000 RR пакуль што не настолькі канкурэнтаздольны, каб доўга стрымліваць Kawasaki ZX-10RR чэмпіёна ззаду, таму Рэй хутка абагнаў ван дэр Марка і адарваўся ад яго.

Міхаэль пасля гэтага доўгі час спаборнічаў са сваім напарнікам Томам Сайксам. Аднак у іх барацьбу хутка ўмяшаліся гоншчыкі на яшчэ адным Kawasaki і яшчэ адной Yamaha YZF R1. Першая была завадской і належала Алексу Лоўсу, які без асабістых цяжкасцей справіўся за абодвума прадстаўнікамі BMW. Другой кіраваў амерыканец Гарэт Герлаф з каманды GRT Yamaha WorldSBK Team. Ён паспяхова на пару з Лоўсам спачатку ван дэр Марка, а ў канцы чатырнаццатага круга ў апошнім павароце амаль ў адзін засед Сайкса і самога Алекса!

Праўда, толькі для таго, каб праз два кругі ў тым жа апошнім павароце ўпасці і фінішаваць сёмым, а ніжнюю ступень подыуму аддаць Лоўсу. Які ў сваю чаргу сам упаў у ранішнім нядзельным спрынце, скончыўшы яго на чатырнаццатым месцы. Крыўдна, бо на момант сваёй непрыемнасці на другім кругу Алекс займаў другую пазіцыю і ціснуў на свайго тытулаванага напарніка па Kawasaki, які ў гонцы-суперпоўле у выніку і перамог.

А Сайкс з ван дэр Маркам нарэшце прынеслі BMW першы для гэтай маркі подыум з другой гонцы на Нюрбургрынгу ў 2013 годзе. А для Сайкса, які заняў другое месца, гэты подыум стаў першым за 645 дзён. Апошні перад гэтым чэмпіён таго ж 2013 года заваяваў на трасе Маньі-Кур у 2019-м.

Для Герлафа нядзельная спрынтэрская гонка скончылася крыху лепей за суботнюю – ён заняў пятае месца, на адно апярэдзіўшы учарашняга трыумфатара Разгітліоглу. Паўтарыць свой прарыў у Топрака не атрымалася, хоць надвор’е, здавалася б, гэтаму зноў спрыяла – траса, як і ў суботу, падсыхала пасля дажджу (па гэтай прычыне амаль усе стартавалі на прамежкавай гуме).

Тым не менш турэцкі гоншчык і ачкі важныя зарабіў, і забяспечыў сабе лепшую стартавую пазіцыю ў фінальным заездзе (яго стартавая рашотка, нагадаю, як раз вынікам спрынта і адпавядае).А там яму дапамог і сам Рэй. Ненаўмысна, канечне. Разгітліоглу на старце прарваўся на другую пазіцыю, але Джонатан пасля гэтага стрымліваў яго тры з паловай кругі, пакуль на чацвёртым канкурэнт з Ямахі не абышоў яго ў восьмым павароце Coppice.

Рэй пры гэтым здолеў павіснуць на заднім коле матацыкла Топрака і ўжо яго падлавіў на памылцы ў том жа Coppice на дзясятым кругу, вярнуўшы сабе лідарства. А на наступным кругу ў гэтым жа месцы ўпаў і фінішаваў на апошнім дваццатым месцы, падарыўшы перамогу Разгітліоглу. Другое месца заняў Герлаф, а Сайкс на гэты раз фінішаваў трэцім.

І па выніках этапу на Донінгтан Парку Рэй саступіў Разгітліоглу і лідарства ў чэмпіянаце. Саступае ён турку, праўда, усяго два ачкі, маючы 181. Першую тройку па-ранейшаму замыкае гоншчык Aruba.it Racing-Ducati Скот Рэдзінг, у якога 117 ачкоў. Для яго мінулы ўік-энд быў надзвычай цяжкім: падзенне ў суботу, няслушны выбар шын у нядзелю раніцай (Скот стартаваў як раз на дажджавых) і, як следства, фініш на апошняй пазіцыі, і толькі ў фінальным заездзе адносны поспех – чацвёртае месца.

У тым ліку праз гэта Ducati у заліку вытворцаў апусцілася з першай пазіцыі на трэцюю – у маркі з Борга-Панігале 174 ачкі. Kawasaki, наадварот, лідарства захапіла і мае 191 ачко, аднак Yamaha, што займае другую пазіцыю, адстае ўсяго на чатыры балы.

Звышвысокіх хуткасцей не бывае не толькі ў Мізана і Донінгтане, але і ў нідэрландскім Асэне, дзе мы ў гэтым годзе ўжо былі разам з MotoGP і дзе нас здзівіў Марк Маркес. І дзе свой наступны этап 23-25 ліпеня правядзе і сусветны Супербайк.

Які, дарэчы, у дапандэмійныя часы, як і Формула-1 часцей за ўсё, пачынаў свой сезон у Аўстраліі. Аднак праз каронавірус гонка на трасе Філіп Айлэнд не адбылася ні ў мінулым годзе, ні ў гэтым. MotoGP і тая ж Формула-1 свае візіты на Зялёны кантынент пры гэтым планавалі (мотагонкі мусілі прайсці на тым жа Філіп Айлэндзе, а формульныя – на трасе Альбер Парк у Мельбурне), але сёння абодва чэмпіянаты скасавалі свае аўстралійскія этапы.

Формула-1, нагадаю, спачатку перанесла свой Гран Пры Аўстраліі з вясны на восень, а цяпер разглядае яму замену. Ёй могуць стаць этапы ў Кітаі, дадатковы ў амерыканскім Осціне, а таксама на змененай канфігурацыі трасы ў Бахрэйне, якая ў мінулым годзе прыняла Гран Пры Сахіра.

А ў MotoGP ужо апублікавалі абноўленую версію календара. Гран Пры Малайзіі на трасе Сепанг цяпер адбудзецца на тыдзень раней – 22-24 кастрычніка, праз тыдзень пасля Гран Пры Тайланда. Ну а замест Аўстраліі чэмпіянат яшчэ раз адправіцца ў партугальскі Парціман, дзе этап адбудзецца 5-7 лістапада.

Спадзяемся, сусветны Супербайк свае запланаваныя на гэты год этапы адмяняць не будзе. Надта ўжо цікава тут пачалі разгортвацца падзеі!

Другие посты блога

Все посты