Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Амерыканскія горкі. Менавіта іх у мінулыя выхадныя нагадаў трэці этап чэмпіянату MXGP у Італіі

Амерыканскія горкі. Менавіта іх у мінулыя выхадныя нагадаў трэці этап чэмпіянату MXGP у Італіі

Галоўная асаблівасць згаданых ў загалоўку атракцыёнаў – іх пад’ёмы і спускі. Іх багата і на трасе Маджыора Парк, якая ў мінулы ўік-энд прыняла трэці этап чэмпіянату свету па мотакросе. Зрэшты, аналогія пасуе і выступу некаторых удзельнікаў гонак у абедзвюх катэгорыях.

Амерыканскія горкі. Менавіта іх у мінулыя выхадныя нагадаў трэці этап чэмпіянату MXGP у Італіі

Фота: mxgp.com і з асабістага архіву аўтара

Галоўная асаблівасць згаданых ў загалоўку атракцыёнаў – іх пад’ёмы і спускі. Іх багата і на трасе Маджыора Парк, якая ў мінулы ўік-энд прыняла трэці этап чэмпіянату свету па мотакросе. Зрэшты, аналогія пасуе і выступу некаторых удзельнікаў гонак у абедзвюх катэгорыях.

Поўнач Італіі – сапраўдны гоначны рай. Паблізу ад цэнтральнага горада рэгіёну Ламбардыя Мілану размясціўся сусветна вядомы Храм хуткасці – Нацыянальны аўтадром Монца. У суседнім рэгіёне П’емонт, цэнтрам якога з’яўляецца Турын, ёсць гарадок Навара, ад якога, зрэшты, бліжэй як раз да Мілану і ў якім размясцілася мотакросавая траса Маджыора Парк.

Яе канфігурацыя значна адрозніваецца ад такой у брытанскім Матэрлі Байсіне, дзе чэмпіянат MXGP гасцяваў тыднем раней. Маджыора карацейшая – яе працягласць складае 1 730 метраў. Аднак яна дакладна не меней цікавая! Супертэхнічная, з нейкім неверагодным перападам вышынь, галавакружнымі пад’ёмамі і спускамі, а таксама складанымі паваротамі. Чаго варты адзін толькі шосты ў сярэдзіне другога сектару – павольная шпілька на склоне.

Не дзіўна, што гоншчыкі любяць прыязджаць сюды. І шкада, што апошні раз чэмпіянат свету наведваў Маджыору аж у 2016 годзе, калі на ёй адбыліся гонкі Мотакросу нацый. У гэтым годзе непаразуменне была выпраўленае – траса вярнулася ў каляндар MXGP. І гонкі на ёй сваім вар’яцтвам адпавядалі яе канфігурацыі.

Шкада толькі, што барацьбы за перамогі гэта не тычылася, прынамсі, у малодшай катэгорыі MX2. Першую ў адны вароты пасля стартавага хол-шоту выйграў француз Цібольт Беністан з каманды Monster Energy Yamaha Factory Racing. Ды і мясцовы герой Маці Гуаданьіні з Red Bull KTM Factory Racing, які заняў другое месца, саступіўшы Беністану дзевяць з паловай секунд, уціску з боку супернікаў не адчуў.

Вось ззаду ў яго падзей было шмат. Самым актыўным быў іспанскі гоншчык Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс, які на той момант з’яўляўся лідарам чэмпіянату. Стартаваў ён не так удала як Цібольт і Гуаданьіні, адкаціўшыся на восьмую пазіцыю, але затое прарываўся рашуча. І фінішаваў у выніку трэцім, амаль дагнаўшы Гуаданьіні захаваўшы віртуальнае лідарства ў асабістым заліку.

Менавіта што віртуальна, зрэшты. Таму што другая гонка прайшла пад дыктоўку ўжо Гуаданьіні, а вось Фернандэс… Аднак спачатку не пашанцавала трыумфатару першага заезду Беністану, які праз пару паваротаў пасля старту сутыкнуўся з адным з супернікаў, упаў і страціў шмат пазіцый, фінішаваўшы затым толькі на чатырнаццатай.

Ну а амаль адразу пасля яго бяды аналагічная насцігла і Фернандэса. Адыгрываліся Рубэн і Цібольт пасля гэтага фактычна на пару, ледзь не разам абганяючы супернікаў. Але іспанцу ў выніку пашанцавала крыху болей – ён фінішаваў дванаццатым.

Гуаданьіні ж у галаве пелатона хутка – на тым жа першым кругу – разабраўся з французскім прадстаўніком завадской Ямахі Максімам Рэно, які ўзяў хол-шот, неўзабаве адарваўся ад яго на некалькі секунд. Пераможца брытанскага этапу і сам гэтаму паспрыяў, дапусціўшы памылку, але другую пазіцыю не саступіў нікому, на ёй гонку і скончыўшы. Трэцім да фінішу прыйшоў нідэрландзец Роан ван дэ Моосдайк з каманды F&H Kawasaki Racing Team MX2.

Нажаль, пераможца першага этапу ў Расіі Том Віаль на старт другога заезду не выйшаў. Ён стартаваў у першым, але скончыў яго датэрмінова. Відаць што траўма рукі, якую француз атрымаў у Матэрлі Байсіне, пакуль што яму перашкаджае.

Так што выніковая перамога на італьянскім этапе Гуаданьіні, чыім напарнікам на завадскім калектыве KTM Віаль і з’яўляецца, была надзвычай своечасовай. У тым ліку і для самога Маціа – свой дэбютны трыумф у сусветным мотакросе ён адсвяткаваў на роднай зямлі. Другое месца ў Маджыоры заняў Рэно, а трэцяе – нямецкі гоншчык Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртс, які фінішаваў у першай гонцы чацвёртым, а ў другой пятым.

Гуаданьіні ж пасля гонак ў Маджыора Парку выйшаў і ў лідары чэмпіянату ў MX2, дзе ў яго 113 ачкоў. Аднак барацьба па-ранейшаму шчыльная, і Рэно, які застаўся другім, саступае яму ўсяго два балы. Фернандэс, які апусціўся на трэці радок, адстае ад Маціа на пяць ачкоў.

Адпаведна, KTM застаўся лідарам у заліку вытворцаў у MX2, дзе ён мае 140 ачкоў. У Ямахі, якая паднялася на другую пазіцыю, іх цяпер 124, а ў Kawasaki, што апусцілася на трэцюю, 113.

Гонкі галоўнай катэгорыі MXGP і на гэты раз нагадвалі такія ў малодшай. Прынамсі, другая гэтаксама стала пакутам для трыумфатара першай, якім стаў Рамэн Фэвр.

Французскі гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team выйграў старт яе, а затым не падпусціў блізка да сябе пераследнікаў, галоўнымі з якіх былі прадстаўнікі завадскога KTM Хорхе Прада і Антоніа Кайролі. Іспанец і італьянец таксама калі з кім і спаборнічалі па ходу заезду, то хіба што адзін з адным. Ды і тое фінішавалі яны другім і трэцім адпаведна з інтэрвалам у некалькі секунд.

Негледзячы на тое, што Італія – гэта поўдзень Еўропы, надта спякотна ў Маджіоры ў нядзелю, калі і праходзілі гонкі MX2 і MXGP, не было. Насупраць, неба было зацягнутае хмарамі, а адразу пасля фінішу другога заезду MX2, які праводзіцца паміж дзвюма гонкамі MXGP, пайшоў дождж.

Працягваўся ён і падчас другой стартавай працэдуры MXGP, робячы грунт усё болей слізкім і вязкім. І яшчэ аднаго хол-шоту ў Фэвра не атрымалася – ён пасля першага павароту размясціўся на сёмай пазіцыі. Але не фінішаваў і на ёй, двойчы памыліўшыся і ўпаўшы па ходу заезду. Адмашку клецістым сцягам Рамэн у выніку атрымаў толькі дванаццатым.

Ну а перамог у другой гонцы той, каму не пашанцавала ў першай – яшчэ адзін завадскі пілот KTM Джэфры Херлінгс. У першым заездзе ён быў хуткім, але фінішаваў толькі шостым праз уласную памылку пры карыстанні заднім тормазам, праз якую спыніўся на трасе і згубіў некалькі пазіцый. Аднак у складаных надворных умовах нідэрландзец быў хутчэйшы за ўсіх.

Паспрачаўся з ім толькі яго суайчыннік з завадской Ямахі Глэн Колдэнхоф. Ён і старт выйграў, і адрыў ад Херлінгса доўгі час трымаў у межах 3-4 секунд. Аднак Джэфры паступова падбіраўся ўсё бліжэй, і на дванаццатым кругу абагнаў Колдэнхофа, які другую пазіцыю захаваў да фінішу.

Адначасова з абгонам Херлінгса, які прынёс яму перамогу, Кайролі пасля працяглай барацьбы з нямецкім гоншчыкам каманды JM Honda Racing Генры Якобі змог адваяваць у яго трэцюю пазіцыю. На ёй італьянскі ветэран і шматразовы чэмпіён сусветнага мотакросу і фінішаваў.

Ну а Херлінгсу дасталася і выніковая перамога на трэцім этапе чэмпіянату. А паколькі выступае ён у складзе KTM, то і над Маджыорай, як і над трасай Red Bull Ring у аўстрыйскім Шпільбергу ў той жа дзень, гралі гімны спачатку Нідэрландаў, а затым Аўстрыі. Колдэнхоф заняў другое месца, Кайролі трэцяе.

Цікава, што ўсе трое набралі ў Італіі роўную колькасць ачкоў – па 40. Але болей за ўсё іх па-ранейшаму ў Ціма Гайсэра – 124. У Італіі дзейснаму чэмпіёну з завадской Хонды было складаней чым у Расіі і Вялікабрытаніі, і сваіх прарываў ён не паўтарыў, фінішаваўшы пятым у першай гонцы і шостым у другой. Так што Херлінгс, які захаваў другую пазіцыю, наблізіўся да славенца, скараціўшы адрыў ад яго да шасці ачкоў. Сваю пазіцыю – трэцюю – захаваў і Фэвр, у якога 107 балаў.

KTM цяпер першы ў заліку вытворцаў і ў MXGP, дзе ён мае 134 ачкі, на дзевяць апярэджваючы Хонду, якая апусцілася на другую пазіцыю. Kawasaki, у якой 107 ачкоў, захавала за сабой трэцюю.

Наступны этап чэмпіянату MXGP стане хатнім для Херлінгса і Колдэнхофа – ён пройдзе на трасе ў нідэрландскім Осе 16-18 ліпеня. Ну а блог «Гоначная псіхапатыя» свой першы Дзень Нараджэння святкуе акурат сёння!

Роўна год таму ён пачаў сваю гісторыю з агляду першага ў мінулым сезоне этапу Формулы-1 – Гран Пры Аўстрыі. Які неяк адразу спадабаўся чытачам, што моцна натхніла мяне як яго аўтара. Ад пачатку задумаўшы блог шырокапрофільным, я стаў пісаць на ім і пра іншыя сусветныя гоначныя серыі, у тым ліку матацыклетныя, а таксама пра беларускія гонкі. А з гэтага году мы асочваем і падзеі ў тым жа сусветным мотакросе і ў серыі GT World Challenge Europe.

Веру, што і гэта для майго дзіцяці не мяжа! Віншую яго са святам і шчыра дзякую маім чытачам – вам, шаноўныя. Дзякуй, што прыходзіце і чытаеце мае артыкулы. Дзякуй, што любіце гонкі і нашу родную мову. Дзякуючы вам я веру і ў тое, што хутка ў нас пераможа дабрыня і выйдуць на волю і будуць шанаванымі грамадзянамі новай прыгожай Беларусі Віктар Бабарыка, Аляксандр Івулін і ўсе астатнія палітзняволеныя.

Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Другие посты блога

Все посты