Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Лакальныя поспехі Тарквіні і Вервіша і стратэгічны прарыў Эрлашэ. Падводзім вынікі этапу WTCR у Іспаніі

Лакальныя поспехі Тарквіні і Вервіша і стратэгічны прарыў Эрлашэ. Падводзім вынікі этапу WTCR у Іспаніі

У мінулы ўік-энд Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг правёў на трасе Motorland Aragon свой трэці этап. І хоць яго дзейсны чэмпіён Ян Эрлашэ аніводнай перамогі на ім не атрымаў, менавіта ён выступіў найбольш эфектыўна з турнірнага гледзішча.

Лакальныя поспехі Тарквіні і Вервіша і стратэгічны прарыў Эрлашэ. Падводзім вынікі этапу WTCR у Іспаніі

Фота: fiawtcr.com

У мінулы ўік-энд Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг правёў на трасе Motorland Aragon свой трэці этап. І хоць яго дзейсны чэмпіён Ян Эрлашэ аніводнай перамогі на ім не атрымаў, менавіта ён выступіў найбольш эфектыўна з турнірнага гледзішча.

Перад візітам сусветнага Турынга ў Іспанію Эрлашэ не ўваходзіў нават у першую пяцёрку асабістага заліку. Яго каманда Cyan Racing Lynk & Co па-ранейшаму незадаволеная канкурэнтаздольнасцю сваіх Lynk & Co 03 TCR, ужо не новых, хоць і чэмпіёнскіх. Кітайскія бірузовыя седаны заўважна саступаюць у максімальнай хуткасці ўсёй астатняй тэхніцы: і ўжо нагружаным баластам Hyundai Elantra N TCR і Honda Civic TCR (другія пры гэтым нават старэйшыя за іх), і зусім лёгкім Audi RS3 LMS.

Не, гоншчыкі на Lynk & Co, канечне, супраціўляюцца. І адзін з іх у Арагоне ў кваліфікацыі паказаў другі вынік. Вось толькі быў гэта не Эрлашэ і не яго напарнік па камандзе і дзядзя – чатырохразовы чэмпіён яшчэ WTCC Іван Мюлер, а прадстаўнік сяброўскага калектыву Cyan Performance Lynk & Co Тэд Б’йорк. Тым не менш ужо не скажаш, што ў гоншчыкаў Cyan не атрымліваецца зусім нічога, і вынікі іспанскіх гонак мусяць настройваць іх як раз на пазітыў.

У канкурэнтаў, праўда, усё таксама атрымліваецца нядрэнна. Асабіста ў тых, каго баластам за перамогі пакуль што не нагрузілі. Вось Хонды яго цяпер на сябе нясуць, і таму Цьягу Мантэйру, Аціла Тасі, Нэстар Жыраламі і Эстэбан Гер’еры ў мінулы ўік-энд не спаборнічалі не тое што за перамогі, а нават і за ачкі. Лепшае, чаго яны (а менавіта Жыраламі) дамагліся ў мінулы ўік-энд – гэта дванаццатае месца ў другой гонцы.

Іх канкурэнтам на Hyundai значна прасцей, бо Элантры – самыя новыя машыны ў пелатоне. І лідару чэмпіянату Жану-Карлу Вернэ з каманды Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team нават удалася кваліфікавацца пятым. Італьянскі ветэран Габрыэле Тарквіні, які выступае на такім жа аўтамабілі за калектыў BRC Hyundai N LUKOIL Squadra Corse, такім хуткім не быў, аднак дзясяты вынік дзякуючы рэверсіўнай стартавай рашотцы ў першай гонцы дазволіў яму стартаваць у ёй з першай пазіцыі.

Што ў сваю чаргу дазволіла Габі атрымаць першую перамогу ў WTCR за два гады. Гонку ён кантраляваў ад старту да фінішу на пару з мясцовым героем Мікелам Ацконай з каманды Zengő Motorsport Services KFT. Яго Купра таксама была дастаткова хуткай, іспанскі гоншчык упэўнена заняў другое месца. Да сапраўднай барацьбы з Тарквіні справа не дайшла, але Том Каранэль, які фінішаваў трэцім, адстаў ад Ацконы амаль на шэсць секунд.

Нідэрландскі ветэран, дарэчы, выступае ў складзе каманды COMTOYOU DHL TEAM AUDI SPORT на Audi RS3 LMS. І ў першай гонцы ён абагнаў як раз… Эрлашэ! І не толькі ён, але і яго малады французскі напарнік Натанаэль Бертон. Апошняму нават дазволілі на шостым кругу абысці Каранэля, каб паспрабаваць угнацца за Ацконай і Тарквіні, аднак гэта Бертону не ўдалася, і пазней ён вярнуў трэцюю пазіцыю Тому.

Нажаль, паўтарыць свой поспех у другім заездзе ў Каранэля не атрымалася – ён сышоў з дыстанцыі на восьмым кругу, спыніўшыся на трасе і выклікаўшы тым самым аўтамабіль бяспекі. Затое гэта была зорная гадзіна для прадстаўніка каманды, партнёрскай у дачыненні да яго – COMTOYOU TEAM AUDI SPORT. Фрэдэрык Вервіш і поўл заваяваў напярэдадні, і ў перамогу яго пераўтварыў паспяхова, гэтаксама як і Тарквіні раней пралідзіраваўшы ад старту да фінішу.

Першая тройка ўвогуле фінішавала на тых жа пазіцыях, на якіх стартавала: Б’йорк заняў другое месца, а напарнік Вервіша Жыль Магнус трэцяе. Нязменнай магла б аказацца і ўся першая пяцёрка, калі б у напарніка Тарквіні Норберта Міхеліса ў другой палове гонкі не пачаліся праблемы з пярэдняй левай шынай, праз якія вугорац спачатку згубіў некалькі пазіцый, а на перадапошнім кругу, калі пакрышка канчаткова разбурылася, сышоў з дыстанцыі.

Так што чацвёртым у выніку фінішаваў Вернэ, які ў першай гонцы заняў дзявятае месца, а па выніках усяго іспанскага этапу ўтрымаў лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго цяпер 82 ачкі. Бліжэйшы пераследнік цяпер саступае яму не пяць балаў, а восем, аднак пераследнікам гэтым з’яўляецца Эрлашэ, які у першай гонцы фінішаваў пятым, а ў другой сёмым. Мюлер цяпер замыкае першую тройку, маючы 67 ачкоў, а імкнуцца апярэдзіць пляменніка ён дакладна не будзе.

І вось вам і адставанне: абодва калектыву Cyan пасля гонак у Арагоне апынуліся ў першай тройцы каманднага заліку! Cyan Racing Lynk & Co пры гэтым лідзіруе, маючы 141 ачко, а Cyan Performance Lynk & Co замыкае тройку са 112 баламі. Паміж імі размясцілася каманда Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team, у якой 121 ачко.

Сезон WTCR раскручваецца і працягнецца 31 ліпеня – 1 жніўня ў італьянскай Адрыі, дзе дасягне свайго экватару.

Другие посты блога

Все посты