Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Прыгоды фаварытаў і першая перамога Panis Racing. Нечаканасцей на 4 гадзінах Монцы было багата

Прыгоды фаварытаў і першая перамога Panis Racing. Нечаканасцей на 4 гадзінах Монцы было багата

Перамогу на чацвёртым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман у італьянскай Монцы павінны былі разыграць экіпажы каманд G-Drive Racing і United Autosports, а дасталася яна ў выніку Жульену Каналю, Уільяму Сцівэнсу і Джэймсу Алену з Panis Racing. Як сераднякам удалася стрэліць?

Прыгоды фаварытаў і першая перамога Panis Racing. Нечаканасцей на 4 гадзінах Монцы было багата

Перамогу на чацвёртым этапе Еўрапейскай серыі Ле Ман у італьянскай Монцы павінны былі разыграць экіпажы каманд G-Drive Racing і United Autosports, а дасталася яна ў выніку Жульену Каналю, Уільяму Сцівэнсу і Джэймсу Алену з Panis Racing. Як сераднякам удалася стрэліць?

На сённяшні дзень мацнейшыя калектывы ELMS – гэта Orlen Team WRT, G-Drive Racing і United Autosports. Апошні, нагадаю, з’яўляецца і дзейсным чэмпіёнам серыі, аднак у гэтым годзе яго экіпажы не атрымалі пакуль што аніводнай перамогі. У адрозненні як раз ад двух першых, чыі гоншчыкі падымаліся на вяршыні подыумаў два разы і адзін адпаведна. Таму этап у Монцы быў важны для кожнага з іх, але Фартуна ў выніку ўсміхнулася іншым.

Дакладней, спачатку тую ўсмешку пабачылі як раз фаварыты. Дваццаць шосты экіпаж G-Drive Racing у складзе Рамана Русінава, Франка Калапінта і Мікела Йенсэна заваяваў поўл, Філ Хансан, Джонатан Абердэйн і Том Гамбл з дваццаць другога United Autosports стартавалі другімі, а Роберт Кубіца, Луі Дэлетраз і Е Іфэй з сорак першага Team WRT трэцімі. Здавалася б, і казачцы амаль што канец – у каго будзе лепей стратэгія піт-стопаў і хто будзе хутчэйшым у гонцы, той і малайчына.

Аднак у доўгіх гонках, як я ўжо не аднойчы адзначаў, ніяк і без элементарнага шанцавання. І першым па ходу чатырохгадзіннай гонцы – ужо праз сорак хвілін пасля яе старту – не пашанцавала як раз Русінаву, якому ў камандзе традыцыйна аддалі стартавы адрэзак. Лідарам ён на той момант ужо не быў – яго за сем хвілін да гэтага (у пачатку дваццатага круга ў звязцы Rettifilo) абагнаў Хансан. Але па-сапраўднаму гонку яму разбурыў аўтамабіль бяспекі.

Прычынай яго з’яўлення на трасе стаў вылет семдзесят сёмага Porsche 911 RSR-19 каманды Proton Competition (экіпаж Крысціана Рыда, Купера МакНіла і Джанмарыі Бруні). А наступствам – закрыццё ўезду на піт-лэйн на тры кругі, каб перавагі не атрымалі тыя, хто да яго бліжэй, а таксама па меркаванням бяспекі. Так што экіпаж Team WRT, у якога ужо амаль скончылася паліва, змог толькі правесці кароткую экстранную дазапраўку (гэта правілы дазваляюць), а вось G-Drive Racing…

Русінаў на трасе вырашыў застацца, бо, паглядзеўшы на дадзеныя на экране на стырне свайго прататыпу Aurus 01 (тая ж самая Oreca 07, нагадаю, што і ў астатніх прадстаўнікоў старэйшай катэгорыі LM P2, толькі па-іншаму названая), вырашыў, што яму паліва як раз хапае. А дадзеныя гэтыя, як высветлілася пазней, былі ілжывымі. І перад самым рэстартам у апошнім павароце Parabolica расіянін раптоўна запаволіўся, бо ў баку яго машыны заставаліся хіба што пары бензіну. Да боксаў Русінаў даехаў, ды толькі на ўездзе і ўстаў.

На яго шчасце, на піт-стоп у гэты момант як раз накіроўваўся Рычард Брэдлі з дваццаць чацвёртага экіпажу сяброўскай каманды Algarve Pro Racing, у якім таксама выступаюць Дыега Менчака і Фердынанд Габзбург. Брытанец дапамог расіяніну, натуральна дапхаўшы да боксаў яго прататып сваім, так што з дыстанцыі Раман са сваімі калегамі не сышоў, хіба што абодва экіпажы атрымалі за такія дзеянні па пяцісекундным штрафе.

Толькі гонка для дваццаць шостай машыны G-Drive Racing была ўсё роўна страчаная – Русінаў, Калапінта і Йенсэн фінішавалі толькі восьмымі, напаткаўшы ў Монцы няўдачу другі раз запар. Неабходнасць пазней правесці паўнавартасны піт-стоп не дазволіла паспрачацца за перамогу і Кубіцы, Дэлетразу і Іфэю, хоць чацвёртае месца экіпаж Team WRT у выніку заняў. А каму на той момант пашанцавала, дык гэта камандзе United Autosports.

Хансан, Абердэйн і Гамбл у мінулы ўік-энд адстойвалі гонар свайго калектыву адны, бо Йоб ван Уітэрт напярэдадні адправіўся на самаізаляцыю праз станоўчы тэст на каронавірус, што разам з ім на ўсялякі выпадак зрабілі і яго калегі па трыццаць другім экіпажы Нікаля Жамэн і Мануэль Мальданада. Затое перад дваццаць другой машынай United Autosports аўтамабіль бяспекі проста раскаціў дывановую дарожку да перамогі.

Каманда заклікала Хансана ў боксы на планавы піт-стоп адразу пасля вылету семдзесят сёмага Porsche, бо было зразумела, чым небяспечны выезд пэйс-кару на трасу. І да моманту, калі дырэктар гонкі Эдуарду Фрэйташ аддаў адпаведны загад, дваццаць другі прататып ужо быў запраўлены і пераабуты.

Перамога была калі не ў кішэні, то на шляху туды. Заставалася хіба што абагнаць шэсцьдзесят пяты экіпаж Panis Racing які выдатна праводзіў гонку. Пачалі яе Жульен Каналь, Уільям Сцівэнс і Джэймс Ален з восьмай пазіцыі, аднак у пачатку гонкі адыгралі некалькі пазіцый самі, а няўдачы экіпажаў G-Drive Racing і Team WRT дапамаглі ім прасунуцца не проста ў групу лідараў, а на першую пазіцыю.

Сцівэнс займаў яе і пасля перадапошняга піт-стопу, апярэджваючы Гамбла на 10 секунд. Той, праўда, дыстанцыю скарачаў дыстанцыю, і перад фінальным візітам у боксы меней чым за гадзіну да сканчэння часу паміж двума брытанцамі было ўжо меней пяці секунд. Усё ішло да таго, што дваццаць другі экіпаж United Autosports перарве беспераможную серыю, што ўжо моцна зацягнулася.

Крыху болей чым за сорак хвілін да сканчэння гонкі Гамбл саступаў Сцівэнсу крыху болей за дзве секунды, і пераможны абгон меўся адбыцца з хвіліны на хвіліну. Але Том раптам вымушаны быў выехаць за межы трасы ў Lesmo, каб пазбегнуць сутыкнення з прататыпам Duqueine M30-D08 будучых пераможцаў малодшай катэгорыі LM P3 – чацвёртага экіпажу каманды DKR Engineering, за які ў Монцы выступалі Лорэнц Хёр і дэбютант серыі Мацьё дэ Барбуа.

Іх развярнула ў першым павароце звязцы ў выніку кантакту з машынай канкурэнтаў – Ligier JS P320 Нікаласа Адкока, Осціна МакКаскера і Макса Кёбольта з шостага экіпажу Nielsen Racing, які ў выніку таго інцыдэнту апынуўся ў гравіі. Дзе таксама пабываў і Гамбл, але не захрас там у адрозненні ад машыны Nielsen Racing.

Том здолеў хутка вярнуцца на трасу і не згубіў на гэтай непрыемнасці шмат часу, але яна дазволіла Сцівэнсу павялічыць адрыў ад пераследніка зноў да 10 секунды. А правесці аператыўную контратаку Гамблу не дазволіў абвешчаны для эвакуацыі шостага прататыпу рэжым жоўтых сцягоў па ўсёй трасе.

Канечне, пасля рэстарту за паўгадзіны да клецістага сцягу Гамбл усё ж такі прыняўся скарачаць адставанне ад Сцівэнса, аднак фінішаваў усё роўна ў пяці секундах ззаду суайчынніка з Panis Racing, які разам са сваімі калегамі атрымаў першую перамогу ў Еўрапейскай серыі Ле Ман. Дваццаць другі экіпаж United Autosports задаволіўся ў выніку толькі другім месцам, а трэцяе заняў восемдзесят другі экіпаж каманды Jota – Джазмэн Джафар і Шон Гелаэль, якія стартавалі аж адзінаццатымі.

У малодшай катэгорыі прататыпаў LM P3, як гаварылася вышэй, перамаглі Лорэнц Хёр і Мацьё дэ Барбуа з чацвёртага экіпажу DKR Engineering. Гонку яны пачыналі з поўлу і па ходу чатырох гадзін спаборнічалі за перамогу з трынаццатым экіпажам Inter Europol Competition (Марцін Хіпэ, Маціа Пазіні і Уга дэ Вільдэ) і другім United Autosports (Уэйн Бойд, Роберт Уэлдан і Эдуард Кагоп).

Напрыклад, Бойд, які на першых кругах прарваўся з пятай пазіцыі на трэцюю, на адзінаццатым адабраў у дэ Барбуа і другую (першую малады француз да таго моманту ўжо аддаў Хіпэ). Аднак удалая стратэгія піт-стопаў і пісьменнае карыстанне рэжымамі аўтамабіля бяспекі і жоўтых сцягоў (у тым ліку пасля таго самага інцыдэнту з шостым экіпажам), дазволіла экіпажу DKR Engineering атрымаць другую перамогу запар. Другое месца дасталася Бойду, Уэлдану і Кагопу, Хіпэ, Пазіні і дэ Вільдэ фінішавалі трэцімі.

У катэгорыі LM GTE перамога у Монцы дасталася пяцьдзесят пятаму экіпажу каманды Spirit of Race на Ferrari 488 GTE Evo – Данкану Кэмерану, Алесандра П’еру Гуідзі і Дэвіду Перэлу, якія стартавалі з поўлу. Аднак галоўнымі героямі сталі не яны, а васьмідзясяты экіпаж Iron Lynx, які заняў другое месца.

Яго гоншчыкі Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Мігель Маліна, якія таксама выступаюць на Ferrari, стартавалі дзявятымі і апошнімі, аднак ужо за першыя пяць кругоў апынуліся ў першай тройцы. Подзвіг гэты здзяйсняў Мастранардзі, які на шостым кругу пакінуў ззаду і Кэмерана, які ў сваю чаргу кругам раней саступіў лідарства Франсуа Перадо з восемдзесят восьмага экіпажу AF Corse, у якім таксама выступаюць Эмануэль Калар і Алесіа Равэра (стартавалі яны, дарэчы, з другой пазіцыі).

Перадо Мастранардзі незадоўга да перыяду аўтамабіля бяспекі таксама паспеў «з’есці», каб пазней патрапіць пад уціск з боку будучых пераможцаў, якія ўзвінцілі тэмп і пачалі адыгрывацца. За паўтары гадзіны да сканчэння часу гонкі П’ер Гуідзі абагнаў Калара і падняўся на другую пазіцыю, а затым хутка наблізіўся да Маліны.

Лідарства пяцьдзесят пяты экіпаж у васьмідзясятага (Перэл у Маліны) перахапіў на адным з піт-стопаў, аднак далёка не з’ехаў, і барацьба паміж імі працягвалася да самага фінішу. Прадстаўнікі Spirit of Race у выніку перамаглі з меней чым трохсекунднай перавагай над супернікамі з Iron Lynx, якія занялі другое месца. Перадо, Калар і Равэра фінішавалі трэцімі.

Пасля чатырох этапаў Еўрапейскай серыі Ле Ман у камандным заліку LM P2 працягвае лідзіраваць калектыў Team WRT, у якога 75 ачкоў. Сваю перавагу над G-Drive Racing ён павялічыў да дзевяці балаў. United Autosports усё так жа замыкае першую тройку, маючы 57 ачкоў. У Кубіцы, Дэлетраза і Іфэя, якія займаюць першую пазіцыю у заліку гоншчыкаў, тыя ж 75 ачкоў, што і ў іх каманды. Калапінта і Русінаў засталіся на другой пазіцыі з 64 ачкамі, а вось Нік дэ Врыс, які ў Монцы з імі не выступаў, цяпер замыкае першую тройку, маючы 57 ачкоў (як і Хансан, Абердэйн і Гэмбл, якія займаюць чацвёртую пазіцыю).

Сярод каманд LM P3 лідзіруе па-ранейшаму Cool Racing (у Монцы яго пілоты Нікаля Маліні, Мэцью Бэл і Ніклас Круэтэн фінішавалі чацвёртымі), які мае 80 ачкоў. DKR Engineering размяшчаецца на другой пазіцыі і паступова скарачае адставанне – у яго 67 ачкоў. Inter Europol Competition з 42 баламі цяпер замыкае першую тройку. Столькі ж ачкоў адпаведна маюць у асабістым заліку і гоншчыкі гэтых каманд: Бэл, Маліні і Круэтэн, якія лідзіруюць, Хёр, які адзін займае другую пазіцыю, і Хіпэ з дэ Вільдэ, якія замыкаюць першую тройку.

У LM GTE барацьба робіцца шчыльнейшай. Лідзіруюць ў камандным заліку па-ранейшаму Iron Lynx, у якіх 83 ачкі, але Spirit of Race яны цяпер апярэджваюць толькі на шэсць балаў. AF Corse застаюцца трэцімі з 56 ачкамі. Адпаведна, з такімі ж колькасцямі ачкоў Крэсоні, Мастранардзі і Маліна лідзіруюць у асабістым заліку, Кэмеран і Перэл займаюць другую пазіцыю, Перадо, Калар і Равэра размяшчаюцца на трэцяй.

Еўрапейская серыя ле Ман пасля Монцы бярэ адпачынак, а свой наступны этап на трасе Спа-Франкаршам у Бельгіі правядзе толькі 17-19 верасня. Аднак доўгія гонкі працягваюцца, і працягваюцца ў той жа Монцы – ужо заўтра ў Храме хуткасці свой трэці этап пачынае чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць.

Надыходзячая шасцігадзінная гонка стане фінальнай рэпетыцыяй перад сутачным марафонам у Ле Мане ў канцы жніўня. «Гоначная псіхапатыя» абавязкова прасочыць і за яе падзеямі, негледзячы на насычаны ўік-энд, каб расказаць аб іх сваім чытачам.

Нажаль, у гэтым годзе WEC зноў не паедзе ў Японію на трасу Фудзі. Прычына, як не цяжка здагадацца, пандэмія, якая пакуль што працягваецца. І, дарэчы, ставіць пад пытанне і правядзенне японскага Гран Пры Формулы-1. Ну а сусветныя гонкі на цягавітасць зробяць дадатковы візіт у Бахрэйн, дзе этапы пройдуць 28-30 кастрычніка і 4-6 лістапада.

Другие посты блога

Все посты