Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Кладзіся! На этапе ў нідэрладнскім Осе гэтую каманду выконвалі многія ўдзельнікі чэмпіянату MX GP

Кладзіся! На этапе ў нідэрладнскім Осе гэтую каманду выконвалі многія ўдзельнікі чэмпіянату MX GP

Хто толькі не падаў на чацвёртым этапе чэмпіянату свету па мотакросе ў Нідэрландах! Затое прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул цяпер багата ў абедзвюх катэгорыях.

Кладзіся! На этапе ў нідэрладнскім Осе гэтую каманду выконвалі многія ўдзельнікі чэмпіянату MX GP

Фота: mxgp.com

Хто толькі не падаў на чацвёртым этапе чэмпіянату свету па мотакросе ў Нідэрландах! Затое прэтэндэнтаў на чэмпіёнскі тытул цяпер багата ў абедзвюх катэгорыях.

Ос – месца для сусветнага мотакросу новае. Не, у Нідэрланды чэмпіянат MX GP прыязджаў неаднаразова, але вось менавіта гэтую трасу наведаў упершыню. І будзе наведваць, у адпаведнасці з кантрактам, да 2025 года. Так што вывучыць трасу магчымасць будзе ва ўсіх удзельнікаў.

Вучыць ёсць што. Характар у мотадрома свой асабісты. Тут няма такога перападу вышынь, да якога прывычныя ўсе прыхільнікі мотакросу. У параўнанні з той жа Маджыорай, куды чэмпіянат прыязджаў двума тыднямі раней, Ос увогуле плоскі. Зразумела, трамплінаў хапае і на ім, аднак тых ашаламляльных пад’ёмаў і спускаў тут няма. Блізкія трасы хіба што па даўжыні – 1 650 метраў італьянская і 1 755 метраў нідэрландская.

На павароты ж багаты і Ос, але прыгоды з сусветнымі мотакрасмэнамі здараліся і на прамых. Праўда, нямецкі гоншчык DIGA Procross GasGas Factory Racing Сімон Лагенфельдэр, які ўзяў хол-шот у першай гонцы катэгорыі MX2, паваліўся менавіта ў павароце падчас барацьбы з бельгійцам Яга Гіртсам з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team на першых кругах.

Гіртс у той момант перахапіў у Лагенфельдэра лідарства, а затым і перамог. Сімон жа прапусціў яшчэ і гоншчыка Red Bull KTM Factory Racing Рэнэ Хофэра, пазней мясцовую зорку з F&H Racing Team Роана ван дэ Моосдайка, але і на гэтым не спыніў свой правал, фінішаваўшы толькі адзінаццатым.

Прэтэндэнтаў на подыум, зрэшты, хапала і так: і тыя ж Хофэр з ван дэ Моосдайкам, і яшчэ адзін мясцовы гоншчык Кай дэ Вольф з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing. Аднак утрымаўся ў першай тройцы, і тое замкнуўшы яе, толькі ван дэ Моосдайк. Усю гэту групу абагнаў аўстралійскі напарнік дэ Вольфа Джэд Бітан, які стартаваў не надта каб эфектыўна, але затое эфектыўна прарываўся з канца першай дзясятцы і заслужана фінішаваў другім.

Вось напарнік Хофэра па KTM, трыумфатар свайго хатняга італьянскага этапу і на той момант яшчэ лідар чэмпіянату Маціа Гуаданьіні дакладна не можа запісаць першую гонку сабе ў актыў. Ён і стартаваў няўдала, адразу апынуўшыся ў канцы трэцяй дзясятцы, а бліжэй да канца гонкі ўпаў, аднак змог прарвацца на чатырнаццатае месца.

Ну а падаў не толькі ён, але і іншыя фаварыты. Напрыклад, іспанец Рубэн Фернандэс з Honda 114 Motorsports памыліўся на прызямленні пасля трампліну, а ў дэ Вольфа на тармажэнні перад адной са шпілек уляцеў француз Цібольт Беністан з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team, заваліўшы і сябе, і суперніка. Хоць найбольш пацярпеў сам, фінішаваўшы трынаццатым, тады як дэ Вольф заняў пятае месца. Фернандэс прыйшоў да фінішу дзясятым.

Мотакрос варта глядзець хаця б за тое, што тут рэдка каму Фартуна ўсміхаецца два разы запар. Аднак і такое час ад часу бывае, і Яга Гіртс пераканаўчую перамогу атрымаў і у другой гонцы, якую пачаў хол-шотам. На першых кругах за першую пазіцыю з ім яшчэ паспрачаўся дэ Вольф, ненадоўга перахапіўшы лідарства ў бельгійца, але той даволі хутка аднавіў статус-кво і больш лідарства не губляў.

Дэ Вольф так другім і фінішаваў, а Бітан на гэты раз фінішаваў трэцім. Ван дэ Моосдайку, зрэшты, пашанцавала яшчэ меней – ён сышоў з дыстанцыі праз механічныя праблемы на першым жа кругу. Гіртс, атрымаўшы перамогі ў абедзвюх гонках, стаў і выніковым пераможцам этапу ў MX2. Другое месца заняў Бітан, трэцяе дэ Вольф. Завадскі гоншчык Ямахі Максім Рэно, які ў першай гонцы фінішаваў дзявятым, а ў другой чацвёртым, чацвёртае ж выніковае месца заняў і па выніках этапу ў Осе.

Аднак чэмпіянат, маючы 141 ачко, цяпер узначальвае менавіта француз. Гуаданьіні, які апусціўся на другую пазіцыю, аднак, блізка – у яго 136 ачкоў. Ну а яму ў сваю чаргу ўсяго тры балы саступае Фернандэс, які замыкае першую тройку. У заліку вытворцаў у MX2 Yamaha абагнала KTM, захапіўшы лідарства, але ачкоў у іх пароўну – па 174. Kawasaki са 145 баламі на трэцяй пазіцыі.

У MX GP, забягаючы наперад, лідар не змяніўся – ім застаўся дзейсны чэмпіён Том Гайсэр. Але для гэтага славенскаму гоншчыку завадской каманды Honda і самому пастарацца прыйшлося, і капрызная Фартуна яму дапамагла, не іначай.

Ну а чым яшчэ растлумачыць тое, як прыцэльна пасля скоку на трампліне італьянскі гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team Іва Мантычэлі прызямліўся на спіну Джэфры Херлінгсу на першым кругу першай гонкі MX GP? Здарэнне мела наступствы для любімца мясцовай публікі, бо яго плячо ў выніку было траўмаванае, і ў другім заездзе нідэрландскі гоншчык завадскога калектыву KTM не стартаваў, бо быў накіраваны ў бальніцу. Калі ён вернецца ў лад, невядома. А наступны этап пры гэтым пачынаецца ўжо заўтра.

Праўда, можа быць, са злосці, але, перасільваючы боль, Херлінгс у гэтай самай першай гонцы перамог. На сваё шчасце, на момант незапланаванай сустрэчы з Мантычэлі Джэфры ўжо быў на трэцяй пазіцыі, а наперадзе былі толькі Рамэн Фэвр і Глэн Колдэнхоф. Ну і Гайсэр, скарыстаўшыся сутыкненнем двух супернікаў, Херлінгса абышоў.

Аднак за дванаццаць хвілін да сканчэння часу (гонкі ў сусветным мотакросе доўжацца 30 хвілін плюс два кругі па лідару) Фэвр, які ўвесь папярэдні час спрабаваў адабраць у Колдэнхофа лідарства, памыліўся і ўпаў на выхадзе з адной са шпілек.

Першым няўдачай французскага гоншчыка Monster Energy Kawasaki Racing Team скарыстаўся Гайсэр, абышоўшы яго. Крыху пазней Фэвр сам паспяхова атакаваў Ціма, змясціўшы яго на трэцюю пазіцыю. Якая хутка пераўтварылася ў чацвёртую, бо Херлінгс увесь час быў паблізу, пры першай жа магчымасці сам пайшоў у атаку  і, на радасць гледачам на трыбунах, увайшоў у Топ-3.

І неўзабаве пачаў набліжацца да Фэвра і Колдэнхофа, якія зноў спрачаліся за лідарства і, як падавалася на той момант, за перамогу ў гонцы. Толькі прарваць пісьменную абарону прадстаўніка Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team аказалася няпроста, і пад канец гонкі Фэвр сам стаў ахвярай Херлінгса.

Справіўшыся з французам, Джэфры амаль адразу распачаў прыгожую барацьбу за першую пазіцыю з Колдэнхофам. Улічваючы фізічны стан Херлінгса, яна магла б працягвацца і долей, аднак суайчынніка ён абагнаў даволі хутка і прыйшоў да фінішу першым. Колдэнхоф заняў другое месца (у другой гонцы Глэн, нажаль, фінішаваў толькі дваццаць другім пасля падзення ў самым пачатку), а замкнуў першую тройку ўсё ж Гайсэр, якога Фэвр прапусціў, памыліўшыся яшчэ раз.

Сам Рамэн фінішаваў чацвёртым, але паспрабаваў адыграцца ў другім заездзе. У першай тройцы ён апынуўся ўжо на старце, распачаўшы бойку за лідарства з яшчэ адным прадстаўніком Red Bull KTM Factory Racing – іспанца Хорхе Прада. Працягвалася яна ўсяго пару кругоў, скончыўшыся пасля таго, як Фэвр няўдала падскочыў на адным з трамплінаў, з’ехаў ўніз па схіле і там ўрэзаўся ў агароджу, ледзь не пераляцеўшы цераз яе да гледачоў. Дзіўна, але многа пазіцый француз не згубіў, абагнаў двух супернікаў і фінішаваў чацвёртым.

За лідарства пасля яго памылкі доўгі час спрачаліся Прада і Гайсэр, а бліжэй да фінішу да іх далучыўся і тытулаваны напарнік Хорхе Антоніа Кайролі. Італьянец доўгі час трымаўся ззаду мясцовага гоншчыка Браяна Богерса, які выступае ў складзе Standing Construct GasGas Factory Racing, абагнаўшы яго прыкладна за восем хвілін да сканчэння часу.

Прада з Гайсэрам да таго моманту ад’ехалі ўжо даволі далёка, таму атака калі Антоніа на апошніх двух кругах пачаў ціснуць на Хорхе, гэта для таго стала нечаканасцю. Гайсэра ён прапусціў наперад незадоўга да сустрэчы з партнёрам па камандзе. Ды і Кайролі доўга за спінай Прада не адседжваўся, абагнаўшы яго на перадапошнім кругу (Хорхе, дарэчы, амаль дагнаў і Фэвр).

Тым часам барацьба за перамогу паміж Кайролі і Гайсэрам. Таталізатар на трасе ў Осе, калі ён там быў, мусіў быў распаліцца дабяла, калі б барацьба тая працягвалася да фінішу, аднак Антоніа абагнаў Ціма яшчэ ў пачатку круга, а да фінішу паспеў адарвацца ад яго амаль на чатыры секунды. Гайсэр атрымаў адмашку клецістым сцягам другім, Прада фінішаваў трэцім.

Аднак выніковую перамогу на мотакросавым Гран Пры Нідэрландаў атрымаў менавіта Гайсэр. Кайролі заняў другое месца, а Фэвр, нягледзячы на свае не заўсёды прыемныя прыгоды, падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Гайсэр, як гаварылася вышэй, застаўся і лідарам чэмпіянату, дзе ў яго зараз 163 ачкі. І ацаніце шчыльнасць барацьбы: у Херлінгса, Кайролі і Фэвра, якія займаюць, адпаведна, другую, трэцюю і чацвёртую пазіцыі, роўная колькасць балаў – 143! Можна сказаць, што яны ўтрох дзеляць другую пазіцыю. У фармальна пятага Прада 132 балы.

Сярод вытворцаў KTM у GP працягвае лідзіраваць, маючы 184 ачкі. Honda на другой пазіцыі са 167 ачкамі, Kawasaki па-ранейшаму на трэцяй, але Yamaha адстае ўсяго на тры балы.

Чэмпіянат свету па мотакросе, як таксама адзначалася вышэй, працягнецца ўжо ў гэты ўік-энд. Яго пяты этап пройдзе ў Чэхіі на трасе ў Локеце.

Другие посты блога

Все посты