Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Дзіўны новы свет Формулы Е. Успамінаем дзівацтвы лонданскіх этапаў электрычных гонак

Дзіўны новы свет Формулы Е. Успамінаем дзівацтвы лонданскіх этапаў электрычных гонак

Мы ўжо прывычныя да таго, што ў Формуле Е дзіўнае ўсё: тэхніка, правілы, судзейскія рашэнні. Але на этапах у Лондане дзівілі сваімі паводзінамі і некаторыя ўдзельнікі электрычнага чэмпіянату свету.

Дзіўны новы свет Формулы Е. Успамінаем дзівацтвы лонданскіх этапаў электрычных гонак

Фота: fiaformulae.com

Мы ўжо прывычныя да таго, што ў Формуле Е дзіўнае ўсё: тэхніка, правілы, судзейскія рашэнні. Але на этапах у Лондане дзівілі сваімі паводзінамі і некаторыя ўдзельнікі электрычнага чэмпіянату свету.

Не, вы толькі не падумайце, што суддзі ў Формуле Е змянілі сабе самім і перасталі штрафаваць гоншчыкаў за ўсё. Перарасход энергіі тут па-ранейшаму страшнае парушэнне, якое караецца дыскваліфікацыяй. Такое спагнанне зведалі пасля суботняй гонкі абодва пілоты Nissan e.dams – Себасцьен Буэмі і Олівер Роўланд.

Пры гэтым швейцарац у заедзе дванаццатага этапу фінішаваў на зусім нядрэннай чацвёртай пазіцыі. Стартаваў ён, праўда, трэцім, і бліжэй да фінішу прапусціў Ніка дэ Врыса з Mercedes-EQ, які на дваццаць дзявятым кругу, выкарыстаўшы Fan Boost, абагнаў яшчэ і канкурэнта з Mahindra Racing Алекса Ліна, заняўшы ў выніку другое месца. Аднак і за чацвёртае Буэмі атрымаў бы шмат важных ачкоў.

Не пашанцавала, зрэшты, не толькі яму з напарнікам, але і на той момант лідару чэмпіянату і пераможцу гонак у Дырые і Нью-Йорку Сэму Бёрду. Брытанскі гоншчык Jaguar Racing сышоў на першым жа кругу са зламанай пярэдняй падвескай. Пры гэтым у сутыкненнях Сэм быццам бы не ўдзельнічаў, у адрозненні ад яго напарніка Мітчэла Эванса. Праз яго на тым жа першым кругу пасля сутыкнення са сцяной сышоў з дыстанцыі напарнік і цёзка Ліна па прозвішчы Сімс. Сам Эванс фінішаваў чатырнаццатым.

Ну а за перамогу ў суботняй гонцы спрачаліся згаданы Лін і Джэйк Дэніс з BMW i Andretti Motorsport. Абодва стартавалі з першага шэрагу, але прадстаўнік Махіндры быў на поўле. На старце Лін сваю пазіцыю захаваў, а лідзіраваў да дванаццатага круга, калі ў другі раз адправіўся на актывацыю рэжыму максімальнай атакі. Чым і скарыстаўся Дэніс, перахапіўшы ў яго лідарства.

Павышаная магутнасць пры гэтым не дазволіла Ліну наблізіцца да Дэніса для атакі, а блакіроўка колаў на адным з тармажэнняў толькі павялічыла яго адставанне ад суайчынніка з BMW. У якога пры гэтым яшчэ заставаўся адзін нявыдаткаваны рэжым максімальнай атакі. Амаль адразу пасля пымылкі Алекса Джэйк яго і выкарыстаў, яшчэ павялічыўшы адрыў і атрымаўшы другую ў сезоне перамогу, а Лін, як я адзначыў вышэй, яшчэ і дэ Врыса прапусціў, замкнуўшы ў выніку першую тройку.

Цікава, што пасля суботняй гонкі лідарам чэмпіянату яшчэ заставаўся Бёрд, але ад Дэніса яго аддзялілі ўсяго толькі два ачкі. Кваліфікацыя пры гэтым у Сэма не задалася і ў нядзелю – у другой гонцы ў Лондане ён стартаваў толькі дваццаць першым (у першай васямнаццатым).

Хіба што прарывацца і заставалася, з чым гоншчык Ягуара пэўны час спраўляўся, але яго атака на канкурэнта з ROKiT Venturi Racing Нармана Нато на дваццаць восьмым кругу была занадта рызыкоўнай. У выніку яе абодва гоншчыкі сустрэліся са сцяной і выбылі з гонкі. Так што асабісты залік чэмпіянату ў любым выпадку ўзначальваў ужо нехта іншы.

Але аўтарамі ці не самых дзіўных дзеянняў і лонданскіх этапаў Формулы Е, і усёй серыі ўвогуле сталі каманда Audi Sport ABT Schaeffler і яе гоншчык Лукас ді Грасі. Спачатку яна была ў ролі пацярпелага боку, калі на шостым кругу Буэмі пайшоў ў па-сапраўднаму вар’яцкую атаку на пілота нямецкай каманды Рэнэ Раста. Іх баліды сутыкнуліся двойчы, у выніку чаго машына Раста спынілася са зламанай падвескай (Буэмі за гэты эпізод пазней пакаралі 10-секундным Stop&Go).

Пакуль пашкоджаны балід прыбіралі з трасы, пелатон за сабой да восьмага круга вадзіў аўтамабіль бяспекі. Аднак трасу ён пасля гэтага пакінуў ненадоўга, бо ўжо на дванаццатым кругу на галоўнай прамой сутыкнуліся гоншчык TAG Heuer Porsche Formula E Team Андрэ Лотэрэр і дзейсны чэмпіён Формулы Е Антоніу Фелікс да Кошта з DS Techeetah. Партугалец атакаваў немца, але той жорстка бараніўся, у выніку чаго да Кошта ўрэзаўся ў сцяну і сышоў з дыстанцыі.

Сцюарды зноў узяліся за эвакуацыю пашкоджанай машыны, на трасу зноў выехаў аўтамабіль бяспекі. І калі Лотэрэр за інцыдэнт з да Коштай пазней атрымаў ад суддзяў праезд па піт-лэйне, то ді Грасі акурат пад пэйс-карам наведаў яго па ініцыятыве сваёй каманды! Гэта дазволіла бразільцу абагнаць увесь пелатон і пераскочыць з восьмай пазіцыі на першую.

Калі вам падалося, што гэта не тое каб адпавядае правілам, то вы маеце рацыю. Малі яе ў дадзеным выпадку і суддзі, якія заклікалі ді Грасі і Audi вярнуцца на восьмае месца. Але тыя не падпарадкаваліся, і пад канец гонкі Лукас пабачыў чорны сцяг, які ў гонках азначае дыскваліфікацыю.

Сапраўды, цяжка зразумець, чым кіраваліся і на што разлічвалі ў Audi. Хіба што іх гоншчык пакрасаваўся на першай пазіцыі, фізічна на ёй гонку і скончыўшы. Толькі які ў гэтым быў сэнс з чорным сцягам? Лін, які стартаваў трэцім і па ходу гонкі спаборнічаў з Роўландам і дэ Врысам (апошні яго нават не некаторы час пакінуў ззаду), на апошніх кругах з актываваным рэжымам максімальнай атакі прарваўся на другую пазіцыю, але ді Грасі, ведаючы пра яго парушэнне, нават не атакаваў, атрымаўшы першую ў сваёй кар’еры ў Формуле Е перамогу.

Яна, дарэчы, магла б дастацца і Роўланду альбо пілоту Мерсэдэса Стофелю Вандорну. Абодва пачыналі нядзельны заезд з першага шэрагу – Вандорн з поўлу, а Роўланд з другой пазіцыі. За другую яны пазней і бароліся, пакуль на трынаццатым кругу брытанец не ўрэзаўся ў бельгійца, у выніку чаго абодва фінішавалі за межамі першай дзясятцы, а Роўланд дык яшчэ і са штрафам у пяць секунд.

Пераможца суботняй гонкі Джэйк Дэніс у нядзелю выступіў горш. Ён, у адрозненні ад Роўланда з Вандорнам, стартаваўшы сямнаццатым, у першую дзясятку патрапіў, але набраў толькі два ачкі за дзявятае месца. Дэ Врысу пашанцавала нашмат больш – заняўшы другое месца, ён яшчэ і ў лідары чэмпіянату выйшаў. Ды і Эванс скончыў уік-энд у Лондане на пазітыве – на трэцім месцы ў другой гонцы.

Лідарства дэ Врыса за дзве гонкі да канца сезону выражаецца 95 ачкамі. Робін Фрайнс з Envision Virgin Racing, які ў суботу заняў трынаццатае месца, а ў нядзелю чацвёртае, у чэмпіянаце падняўся на другую пазіцыю і мае 89 ачкоў. Бёрд апусціўся на трэці радок, у яго 81 бал – столькі ж, колькі і ў Дэніса і ўсяго на адзін болей чым у да Кошты.

У камандным заліку Envision Virgin Racing вырваліся на першую пазіцыю – у іх 165 ачкоў. Аднак пераследнікі вельмі блізка: у Mercedes-EQ, якія цяпер другія, 158 балаў, а ў Jaguar Racing, якія замыкаюць першую тройку, 156.

Так што вынікі гэтага сезону Формулы Е, такога неадназначнага, але напружанага, мы дакладна будзем падводзіць пасля яго фіналу. Ён ужо блізка – два апошнія этапы пройдуць на трасе на тэрыторыі былога аэрапорту Тэмпельхоф у Берліне 14 і 15 жніўня.

Другие посты блога

Все посты