Гоначная псіхапатыя
Блог

Хэт-трык Рэя і драма Разгітліоглу. Для двух лідараў сусветнага Супербайка этап у Асэне склаўся дыяметральна супрацьлегла

Фота: worldsbk.com

Нядоўга доўжылася шчасце Топрака Разгітліоглу – лідарства ў серыі WSBK ён згубіў ужо ў Нідэрландах. А вось Джонатан Рэй выйграў усе тры гонкі на трасе ў Асэне.

Але пачынаць чарговы артыкул пра мотагонкі даводзіцца чарговым сумным напамінам, што наколькі гэты від спорту цікавы і відовішчны для гледачоў, настолькі ж ён небяспечны для яго ўдзельнікаў. Чарговае жыццё ў мінулую нядзелю забрала іспанская траса Мотарлэнд Арагон, дзе праходзіў этап моладзевай серыі FIM CEV Repsol. Усяго толькі 14-гадовы іспанскі ж гоншчык Уга Мільян стаў ахвярай аварыі з удзелам некалькіх сваіх супернікаў, пасля якой быў дастаўлены ў бальніцу, дзе пазней і памёр.

Гэта ўжо другая трагедыя ў мотагонках у гэтым годзе. У канцы мая, нагадаю, на этапе чэмпіянату MotoGP у італьянскім Муджэла загінуў 19-гадовы швейцарац Джэйсан Дзюпаск’е, які выступаў у катэгорыі Moto3. Удзельнікамі той аварыі таксама сталі некалькі гоншчыкаў, некаторыя з іх таксама атрымалі траўмы. «Гоначная псіхапатыя» смуткуе аб Джэйсане, а цяпер і аб Уга. І нагадвае сваім чытачам, што гонкі – асабіста матацыклетныя – смяротна небяспечныя.

Этап WSBK у Асэне, на шчасце, абышоўся без смяротных выпадкаў, але ў суботняй гонцы ў падзеннях пацярпелі два гоншчыкі – француз Лука Маяс з каманды Kawasaki Puccetti Racing і нямецкі прадстаўнік Bonovo MGM Action Йонас Фольгер.

Маяс упаў на пятнаццатым кругу ў трынаццатым павароце, вынікам чаго для яго стаў пералом левай ладкаватай косткі. Падзенне Фольгера ў сёмым на дзевятнаццатым кругу (за два да фінішу) нават прывяло да спынення гонкі чырвонымі сцягамі, а ў гоншчыка дыягнаставалі множныя выцятыя месцы (па-руску кажучы, ушибы) на спіне, а таксама скалынанне мозгу.

Абодва прапусцілі нядзельныя гонкі, абодвум жа мы зычым хутчэйшага выздараўлення. Падалі, дарэчы, не толькі Лука і Йонас. Гоншчыка завадской каманды Honda Альвара Баўцісту такая непрыемнасць падсцерагла ў пачатках і той жа першай гонцы, і нядзельнага ранішняга спрынту (да фінішу іспанец дабраўся толькі ў другім выпадку). Але ці не самым крыўдным у суботу было падзенне ўзыходзячай італьянскай зоркі завадскога калектыву Aruba.it Racing-Ducati Міхаэля Рубэна Рынальдзі.

Стартаваўшы чацвёртым, ён абышоў свайго напарніка Скота Рэдзінга і накіраваўся за двума лідарамі – Рэем і Разгітліоглу, якія змагаліся за першую пазіцыю. Напэўна Міхаэлю Рубэну было што дадаць ад сябе, аднак для яго гонка скончылася лоўсайдам ужо на трэцім кругу ў восьмым павароце, дзе крыху раней з барацьбы выбыў Баўціста.

Сцяг каманды, на шчасце, падхапіў Рэдзінг, які хутка наблізіўся да Рэя з Разгітліоглу. Турак пасля кароткай бітвы з канкурэнтам з Kawasaki Racing Team WorldSBK (на старце ён на кароткі перыяд нават абагнаў брытанца) пачаў ад яго адвальвацца, патрапіўшы пад атакі з боку Скота. Яны з Топракам хуткі час абменьваліся ўдарамі (то бок пазіцыямі), аднак у выніку на сярэдзіне гонкі Рэдзінг схіліў чашу шаляў у свой бок, здзейсніў удалы абгон і заняў другое месца. Разгітліоглу задаволіўся трэцім, а Рэй атрымаў першую перамогу на этапе.

Рынальдзі ж часткова адыграўся ў ранішнім нядзельным спрынце-суперпоўле. Выдатна стартаваўшы разам з Разгітліоглу, ён ненадоўга захапіў лідарства ў гонцы, якое, зрэшты, крыху пазней сабе ўсё ж вярнуў Рэй, каб затым канвертаваць яго ў перамогу. Міхаэлю Рубэну ж прыйшлося супрацьстаяць Разгітліоглу і яго напарніку па камандзе Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK і свайму суайчынніку Андрэа Лакатэлі, якому ўдалася абагнаць Рэдзінга.

Гоншчык Ducati стрымліваў канкурэнтаў з Ямахі да апошняга круга, на якім усё ж прапусціў наперад спачатку Разгітліоглу, а затым і Лакатэлі, фізічна фінішаваўшы чацвёртым. Аднак у выніковым пратаколе спрынта Міхаэль Рубэн усё роўна апынуўся на другім месцы! Высветлілася, што і Разгітліоглу, і Лакатэлі абодва парушылі межы трасы ў васямнаццатым павароце на тым самым апошнім кругу. За гэта яны па чарзе страцілі па адной пазіцыі, і замкнуў першую тройку па выніку Топрак.

Але галоўная непрыемнасць чакала турка ў фінальнай гонцы. На самым яе старце ў першым павароце ён стаў ахвярай амерыканскага райдэра GRT Yamaha WorldSBK Team Гарэта Герлафа, які прарваўся з восьмай пазіцыі ў галаву пелатона, дзе і сустрэўся з Разгітліоглу.

Як і ў выпадку з нядаўнім сутыкненнем Хэмілтана і Ферстапена на Гран Пры Вялікабрытаніі, усё было падобнае на гоначны інцыдэнт, аднак суддзі прызналі вінаватым Герлафа і, з фармуліроўкаю «за безадказнае кіраванне», адправілі яго на штрафны праезд па піт-лэйне. Гарэт паспеў адбыць сваё пакаранне, аднак хутка пасля гэтага ўжо сам пакараў сябе самога яшчэ раз, упаўшы ў дзявятым павароце і сышоўшы з дыстанцыі.

Разгітліоглу натуральна быў засмучаны, бо згубіў шмат важных ачкоў, калі не перамогу нават. Памылку Герлафа ён называў тупой і быў незадаволены яго дзеяннямі. Затое лідарства ў гонцы пасля таго, як ён з яе выбыў, узначаліў яго напарнік Лакатэлі.

Зноў жа не надта каб надоўга – на чацвёртым кругу лідарства сабе вярнуў Рэй, які потым і перамог, набраўшы за этап максімальную колькасць балаў. А на дзевятнаццатым кругу Андрэа абагнаў і Рэдзінг. Тым не менш з другой спробы Лакатэлі ўсё ж заваяваў першы ў сваёй кар’еры ў сусветным Супербайку подыум, падняўшыся на яго ніжнюю ступень.

Ну а Рэй па выніках этапу ў Асэне не толькі вярнуў сабе лідарства ў чэмпіянаце, але і моцна адарваўся ад Разгітліоглу, які апусціўся на другую пазіцыю. У брытанца зараз 243 ачкі, а ў турка 206. Рэдзінг захаваў трэцюю пазіцыю і мае 162 балы.

У заліку вытворцаў Ducati таксама засталася трэцяй, аднак Ямахе, якая працягвае займаць другую пазіцыю і ў якой 226 ачкоў, яна цяпер саступае толькі два. Kawasaki лідзіруе з 253 ачкамі.

Наступны этап сусветнага Супербайка пройдзе 6-8 жніўня ў чэшскім Брно.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные