Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Хто стане апошнім «бензінавым» чэмпіёнам свету па ралі-кросе? У Барселоне заяўку на гэта зрабіў Кэвін Хансэн

Хто стане апошнім «бензінавым» чэмпіёнам свету па ралі-кросе? У Барселоне заяўку на гэта зрабіў Кэвін Хансэн

У мінулы ўік-энд у Барселоне стартаваў новы сезон чэмпіянату свету па ралі-кросе – апошні з машынамі, рухавікі якіх працуюць на бензіне. Пераможца першага этапу Кэвін Хансэн можа стаць і апошнім чэмпіёнам паліўнай эры.

4
Хто стане апошнім «бензінавым» чэмпіёнам свету па ралі-кросе? У Барселоне заяўку на гэта зрабіў Кэвін Хансэн

У мінулы ўік-энд у Барселоне стартаваў новы сезон чэмпіянату свету па ралі-кросе – апошні з машынамі, рухавікі якіх працуюць на бензіне. Пераможца першага этапу Кэвін Хансэн можа стаць і апошнім чэмпіёнам паліўнай эры.

Мінулы сезон сусветнага ралі-кросу скончыўся даволі нечакана. Пасля кастрычніцкіх этапаў, якія прыняла тая ж самая траса ў іспанскай Барселоне, серыя WRX планавала візіты на трасы Спа-Франкаршам і Нюрбургрынг. Але абодва праз пандэмійныя праблемы былі адмененыя, і чэмпіянат свае вынікі падвёў пасля васьмі этапаў.

Так свой ужо трэці тытул выйграў Йохан Крыстоферсан, а ў камандным заліку перамог калектыў KYB EKS JC. У які Крыстоферсан у новым сезоне і перабраўся! І цяпер яго зброяй ёсць не Volkswagen Polo, а Audi S1.

Пакуль што яшчэ з 600-сільным бензінавым рухавіком, але ўжо ў наступным годзе і швед, і ўсе яго канкурэнты перасядуць на машыны з двума электраматорамі, агульная аддача якіх складзе ўжо 500 кВт (680 конскіх сіл) – па 250 кВт пярэдні і задні. Рухавікі, батарэі ёмістасцю 52,65 кВт-гадзін, інвертары і сістэму ахалоджвання будзе пастаўляць аўстрыйская кампанія Kreisel Electric.

Усю гэту сістэму можна будзе інтэграваць у шасі машын цяперашняй катэгорыі World RX Supercars, замяніўшы ёй традыцыйныя рухавік унутранага згарання і трансмісію, альбо пабудаваць новае, ужо катэгорыі RX1e. Яго кошт складзе 300 000 еўра плюс яшчэ 100 000 на чатырохгадовае тэхнічнае абслугоўванне.

Спачатку планавалася, што электрычнымі машыны топавага класу чэмпіянату свету па ралі-кросе стануць у гэтым годзе, але праз усё тую ж клятую пандэмію тэхнічная рэвалюцыя была адкладзеная на год. Адбылася яна толькі ў малодшай катэгорыі. Дакладней, малодшая – RX2e – як раз у Барселоне і адсвяткавала сваю прэм’еру, але пра гэта пойдзе асобная размова ніжэй.

У старэйшай жа ў гэтым сезоне моцна хоча бліснуць малодшы з братоў Хансэнаў – Кэвін. Пакуль што яго найвышэйшымі дасягненнямі з’яўляюцца трэція месцы па выніках апошніх двух сезонаў. А сваю апошнюю і пакуль што адзіную перамогу 23-гадовы гоншчык атрымаў у 2019 годзе ў Абу-Дабі. Таму матывацыі ў Кэвіна хоць адбаўляй, што, верагодна, дапамагло яму пачаць з перамогі і сезон-2021.

Не толькі гэта, праўда, але і нечаканая дыскваліфікацыя Крыстоферсана. Дакладней, вынік Йохана проста не быў залічаны ў першай з кваліфікацый (падрабязна пра фармат уік-энду ў WRX я распавядаў у артыкуле пра першы мінулагодні этап у Швецыі) – на яго машыне проста не працаваў транспондар.

Гэта не стала катастрофай для дзейснага чэмпіёна, бо усе тры астатнія кваліфікацыі ён выйграў. А ў сваім паўфінале (другім) фінішаваў трэцім, прайшоўшы і ў фінальны заезд. Перамог там, дарэчы, як раз Кэвін Хансан, што дазволіла яму раздзяліць першы шэраг у фінале са сваім братам Цімі, чэмпіёнам 2019 года і пераможцам першага паўфінальнага заезду.

Як раз з ім Крыстоферсан па большай частцы і спаборнічаў у фінале. Стартаваў ён добра, адразу заняўшы трэцюю пазіцыю. А вось ранні заезд на джокер-пятлю на другім кругу перавагі яму не даў. Таму што Цімі Хансэн, які адправіўся туды на наступным кругу, вяртаючыся на асноўную трасу, абагнаў Йохана.

Абвінаваціць старэйшага з гоначных братоў у тым, што ён наўмысна стрымліваў Крыстоферсана (хоць нічога крымінальнага ў тым і не было б), нават не атрымаецца. Абодва яны, наведаўшы джокер-петлю, апынуліся ззаду павольнага Крысціана Саба на Hyundai i20 каманды GRX-SET World RX Team, які і стаў буферам паміж двума шведамі і адным – лідарам гонкі.

Вырашальным стаў чацвёрты круг, на якім джокер-пятлю наведалі Саба і Кэвін. Першы адразу прапусціў Крыстоферсана і Цімі наперад, што амаль дазволіла ім апярэдзіць і Кэвіна. Аднак той, вяртаючыся на асноўную трасу, развіў высокую хуткасць, абагнаўшы брата і Йохана.

У астатніх месцах абганяць на барселонскай трасе практычна няма дзе, так што два Peugeot 208 каманды Hansen World RX Team так і фінішавалі на першых дзвюх пазіцыях – Кэвін перамог, Цімі заняў другое месца, Крыстоферсан фінішаваў трэцім. Увесь подыум, як гэта часта бывае ў сусветным ралі-кросе, зноў быў акупіраваны шведамі.

Кэвін Хансэн пасля першага этапу лідзіруе з 29 ачкамі і ў чэмпіянаце, але брат Цімі, які займае другую пазіцыю, саступае яму ўсяго два. Крыстоферсан замыкае першую тройку, маючы 20 балаў. Столькі ж у Саба.

На першым этапе новага сезону WRX, як я казаў вышэй, была прадстаўленая новая, а дакладней, другая па старшынстве катэгорыя RX2e. У ёй усе ўдзельнікі выступаюць на аднолькавых машынах з сілавымі ўстаноўкамі кампаніі GCK Energy, якая таксама пастаўляе і зараднае абсталяванне – батарэі ёмістасцю 300 кВт-гадзін з зараднай магутнасцю 50 кВт. Машыны ж у рух прыводзяць два электраматоры агульнай аддачай 250 кВт (340 к.с.) і 510 Ньютан-метраў.

Пераможцам першага этапу тут стаў бельгіец Гіём дэ Рыдэр. Барацьба з фінам Джэсам Каліа, праўда, у яго атрымалася толькі ў першым паўфінале. У вырашальным жа заездзе дэ Рыдэр проста з’ехаў ад пераследнікаў на самым старце. Другое месца заняў нарвежац Оле Хенры Стайнсхольт, трэцім фінішаваў брытанец Патрык О’Донаван.

Самай жа малодшай катэгорыяй сусветнага ралі-кросу ў Барселоне была RX3 еўрапейскага Кубку. Тут трыумф адсвяткаваў расіянін Юрый Бялеўскі на Audi A1, які выступае пад швейцарскай ліцэнзіяй. Увесь ўік-энд яго падганяў хуткі дэбютант з Бельгіі Кобэ Паўэльс на яшчэ адной Audi A1. Але яму не пашанцавала ў фінале – кантакт з супернікам у першым павароце скончыўся для яго сходам з дыстанцыі. Так што другое месца заняў таксама расіянін і таксама на Audi – Цімур Шыгабуддзінаў, у якога і ліцэнзія ўжо расійская. На нямецкім аўтамабілі выступае і бронзавы прызёр іспанскага этапу – вугорац Жолт Жый-Джолі.

Наступны этап чэмпіянату свету па ралі-кросе мусіў быў адбыцца на Нюрбургрынгу ўжо ў гэты ўік-энд, але гэтаму перашкодзіла ўжо чыста прыроднае наступства – страшная паводка ў Германіі. Гоначная траса ў дадзены момант выконвае ролю штабу для выратавальнікаў і шпіталю для пацярпелых. Так што яна прыме два апошнія этапы WRX 27 і 28 лістапада. А другі этап серыі пройдзе 20-22 жніўня ў шведскім Хольесе.

Другие посты блога

Все посты