Гоначная псіхапатыя
Блог

Хатні дубль італьянцаў. Джандаменіка Баса перамог на хатнім этапе ERC, а Андрэа Круньёла заняў на ім другое месца

Фота: fiaerc.com

Мясцовыя гоншчыкі выдатна правялі ў мінулыя выхадныя трэці этап ERC – асфальтавае Rally di Roma Capitale. А што ж іх канкурэнты – дзейсны чэмпіён Аляксей Лук’янюк і яго малады суайчыннік Мікалай Гразін?

Сам перад італьянскім этапам чэмпіянату Еўропы па ралі бачыў у сацсетках жартоўныя пасты, дзе Лук’янюк і Гразін былі прадстаўленыя ў ролях рымскіх імператараў. Зрэшты, абодва мелі права на такое параўнанне, што раней ужо неаднаразова даказалі сваімі перамогамі.

Нават у гэтым годзе Аляксей і Мікалай атрымалі перамогі, адпаведна, на першым этапе ў Польшчы і на другім у Латвіі. Лук’янюк пры гэтым перамог на мінулагоднім этапе еўрапейскага ралійнага першынства ў Вечным Горадзе. І яго цяперашнія амбіцыі былі цалкам апраўданыя. Толькі і канкурэнты расіяніну саступаць не думалі, і ў Рыме перайшлі ў контрнаступ.

Для Гразіна пры гэтым італьянскае ралі не задалося ад пачатку. На першым жа спецучастку ў суботу раніцай ён пашкодзіў правую пярэднюю шыну свайго Volkswagen Polo GTI R5 аб камень, разам праваліўшыся ў агульным заліку на шасцідзясятую пазіцыю. Мікалай не здаўся і працягнуў гонку, але яго выніковае дваццаць чацвёртае месца дакладна не адпавядае яго чаканням і здольнасцям.

У Лук’янюка справы ішлі значна лепей. Так Škoda Fabia Rally2 Evo Джандаменіка Баса і Hyundai i20 R5 Андрэа Круньёлы гэтым разам аказаліся не па зубах Citroën C3 Rally2 расіяніна, аднак трэцюю пазіцыю ён да суботняга восьмага спецучастку займаў упэўнена.

А калі на тым самым восьмым допе Круньёла, які ўвесь папярэдні час змагаўся з Баса за перамогу і лідзіраваў у ралі ад самага другога спецучастку, злавіў пракол левага пярэдняга кола і саступіў лідарства свайму суайчынніку, Аляксей атрымаў магчымасць адабраць у яго і другую пазіцыю. Але замест гэтага Лукас ужо на наступным дзявятым спецучастку сам патрапіў у непрыемнасці.

«У левым павароце было крыху гравію, – распавёў Аляксей пасля. – Я раптоўна страціў кантроль над задняй часткай машыны. Мы выходзілі занадта шырока і зачапілі задняй часткай дрэва, што было там, і захраслі ў кювеце». На гэтым рымскае ралі для Лук’янюка і скончылася – хутка ўхіліць пашкоджанні яго Сітраэна не прадстаўлялася магчымым.

Ну а Баса, які захапіў быў лідарства пасля першага допу, саступіўшы яго затым Круньёле не адпускаў яго далей чым на шэсць з паловай секунд. Таму суботні пракол Андрэа быў надзвычай недарэчным для яго (а потым на яго Hyundai яшчэ і праблемы з задняй падвескай узніклі), і наўрад ці пасля фінішу гонкі, страціўшы магчымую перамогу, ён моцна радаваўся другому месцу.

Тым не менш на пару з Джандаменіка яны правялі выдатнае ралі і прынеслі радасць мясцовым заўзятарам. А вугорац Норберт Херцыг, які выступаў на Škoda Fabia Rally2 Evo, прынёс радасць сваім суайчыннікам, заняўшы на рымскім этапе трэцяе месца.

Лук’янюк жа некалькі ачкоў на італьянскім этапе еўрапейскага чэмпіянату набраў, і маючы зараз 67, па-ранейшаму яго ўзначальвае. Але нарвежац Андрэас Мікельсэн, які ў Рыме заняў восьмае месца, ушчыльную наблізіўся да расіяніна і саступае яму цяпер усяго адзін бал. На трэцюю ж пазіцыю падняўся іспанец Эфрэн Ларэна, у якога 61 ачко. У Італіі ён фінішаваў чацвёртым.

У камандным заліку калектыў Лук’янюка Sainteloc Junior Team апусціўся на чацвёртую пазіцыю і мае 75 ачкоў, як і каманда Yacco ACCR Team, што замыкае Топ-5. Трэцюю пазіцыю займае каманда Porvoon Autopalvelu, у якой 91 ачко, а за лідарства спрачаюцца Toksport WRT і Rallye Team Spain, якія раздзяляе ўсяго два ачкі. Першая з гэтых каманд лідзіруе са 156.

Пасля трох этапаў у чэмпіянаце Еўропы па ралі дакладна нічога не вырашана. Тым цікавейшым будзе трэці этап – таксама асфальтавае Barum Czech Rally Zlín. Яно пройдзе, як зразумела з назвы, у чэшскім Зліне амаль роўна праз месяц – 27-29 жніўня.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные