Гоначная псіхапатыя
Блог

Эстэбан Акон атрымаў на Гран Пры Вугоршчыны сваю першую перамогу ў Формуле-1. Хто яшчэ быў учора малачынай?

Фота: formula1.com

Учарашняя без усялякай іроніі выдатная гонка ў выкананні Льюіса Хэмілтана можа быць падставай толькі для яго асабістага гонару. А вось перамога Эстэбана Акона ёсць агульным поспехам усёй каманды Alpine.

Сапраўды, калі каманда робіць ледзь не ўсё, каб ты прайграў, а ты ўсё роўна ледзь не выйграеш, гэта сведчыць найперш пра твае ўласныя здольнасці, а не пра форму каманды. Так і лезе ў галаву стары жарт пра тое, што калі пацыент хоча жыць, то медыцына бяссільная.

Вось і Хэмілтан на ўчарашнім Гран Пры Вугоршчыны зрабіў усё ад яго залежнае, каб мінімізаваць страты ад дзеянняў каманднага мосціку Mercedes. Проста ўявіце сабе, як бы ён выступіў, калі перад рэстартам, як і ўсе яго канкурэнты, не застаўся б на прамежкавых шынах, а адправіўся б на піт-лэйн за слікамі.

Брытанец сам адзначаў мэтазгоднасць такога кроку ў радыёперамовах са сваім гоначным інжынерам Піэрам Бонінгтонам на другім установачным кругу. Траса за перыяд чырвоных сцягоў паспела высахнуць, і Льюіс добра гэта адчуваў. Аднак Бона распарадзіўся інакш, і на стартавай рашотцы на рэстарце сяміразовы і дзейсны чэмпіён апынуўся ў адзіноце. Усе астатнія ўдзельнікі гонкі ў гэты час мянялі гуму.

Зразумела, што і пралідзіраваў Хэмілтан пасля гэтага нядоўга, бо адразу вымушаны быў звярнуць у боксы і прапусціць усіх, хто на той момант застаўся ў гонцы. На яго шчасце, засталося ўдзельнікаў не так і шмат, за што дзякаваць Льюіс можа свайму пакуль яшчэ напарніку Валтары Ботасу.

Гэта фін, які разам з Хэмілтанам пачынаў гонку з першага шэрагу, выбіў страйк на старце! Праваліўшы яго спачатку і забуксаваўшы на мокрай пасля дажджу трасе, Валтары затым памыліўся на тармажэнні перад першым паваротам і падпіхнуў пілота McLaren Ланда Норыса, які прарваўся быў з шостай пазіцыі і які ў сваю чаргу, страціўшы кантроль над балідам, падбіў на той момант яшчэ лідара чэмпіянату Макса Ферстапена. Ну а сам Ботас уляцеў у яго напарніка па Red Bull Серхіа Перэса, сышоўшы разам з ім з дыстанцыі.

Не паспелі яшчэ ўлегчыся страсці пасля сутыкнення Хэмілтана з Ферстапенам на Сільверстоўне, як на табе – ужо другі пілот Mercedes падлівае алей у полымя канфлікту паміж сваёй камандай і канкуруючай! Думаю, прыхільнікі тэорый змоў ужо раскрылі патаемныя інструкцыі, якія Ботас атрымаў перад стартам гонкі на Хунгарорынгу.

Наўрад ці, канечне, у гэта вераць Крысціан Хорнэр з Хельмутам Марка, і чакаць другой серыі расследаванняў ад іх не варта. Першая, дарэчы, скончылася нічым – апеляцыя, якую Red Bull падаў перад вугорскім этапам (нібыта ў іх былі новыя доказы таго, што Льюіс наўмысна выбіў Макса) была адхіленая. Ды і калі па-чэснаму, то выглядала яна маханнем кулакамі пасля бойкі. Даказваць жа нешта зараз тым больш сэнсу не мае.

Па-першае, няма ў Ботаса таленту, каб так дакладна разлічыць траекторыю руху машыны Норыса ў боку ферстапенаўскай і сваёй уласнай у бок перэсаўскай. У выніку чаго, нагадаю, Серхіа выбыў з барацьбы, а для Макса яна была моцна ўскладненая, бо на пашкоджаным балідзе ён потым доўгі час не мог абагнаць нават Міка Шумахера з Haas.

Па-другое ж, становіцца зразумела, што ў чыстай барацьбе Mercedes пакуль мала што можа зрабіць з Red Bull. Так, Хунгарорынг Срэбраным Стрэлам пасаваў быццам бы больш чым Чырвоным Быкам. Аднак Хэмілтан як мінімум не быў бы настолькі хутчэйшым за Ферстапена, калі б той не патрапіў пад раздачу ў першым павароце (Макс фінішаваў дзясятым, у той час як Льюіс даехаў да подыуму).

Ботас жа адным махам перакрэсліў усе ўласныя старанні даказаць сваю карыснасць Мерсэдэсу. І тое, што на старце наступнага Гран Пры Бельгіі ён страціць пяць пазіцый за свае дзеянні на старце вугорскага Вялікага Прызу, для яго найменшая праблема. Найбольшую ж па-ранейшаму ўяўляе сабой Джордж Расэл. Учора ён прынёс сваёй камандзе Williams яе першыя за некалькі гадоў ачкі, прытым на пару з Нікаля Лаціфі.

Вугорская кваліфікацыя, дарэчы, была для Джорджа найгоршай у сезоне, бо ўпершыню ён не выйшаў з яе першага сегменту. Аднак у гонцы каманда ўдала скарысталася падзеямі на трасе, у выніку чаго Расэл прарваўся з сямнаццатага месца на дзявятае, а Лаціфі дык увогуле з васямнаццатага на восьмае! Абодва, як і ўся каманда, малайцы незалежна ад абставін, у якіх яны дабіліся гэтага поспеху. Які для Расэла натуральна будзе мець стратэгічнае значэнне з гледзішча яго далейшай кар’еры.

Малайчына і Карлас Сайнс. Суботнюю кваліфікацыю іспанец, як і Расэл, скончыў раней чым было трэба. І не так як было трэба – аварыяй у другім сегменце. Стартаваў ён у выніку пятнаццатым, а фінішаваў чацвёртым. Адзіным, каго Карлас прапусціў, па сутнасці, быў толькі Хэмілтан. А не сыдзі з дыстанцыі ўжо на старце яго напарнік па Ferrari Шарль Леклер…

Манэгаск, зрэшты, мог бы і сам паспрачацца з Льюісам за подыум, калі б не стаў ахвярай ужо Лэнса Строла. Пілот Aston Martin падтараніў яго, выехаўшы на траву, за што таксама будзе пазбаўлены пяці пазіцый на старце Гран Пры Бельгіі. Сышоў канадзец і ўчора, але Леклеру ад таго не лягчэй – фініш на высокай пазіцыі быў для яго магчымым.

Пацярпеў у тым інцыдэнце (ён разам з тым, завадатаем якога быў Ботас, і стаў прычынай чырвоных сцягоў) і Даніэль Рыкарда, у якога пасля тарану з боку Строла ўрэзаўся Шарль. Аўстраліец, у адрозненні ад Норыса, гонку працягнуў, але, як і ў выпадку з Ферстапенам, яго балід быў пашкоджаны, і прынесці хаця б нейкія ачкі МакЛарэну ён не змог, фінішаваўшы дванаццатым.

У Red Bull, дарэчы, паспрабавалі нават згуляць з Mercedes у тактычную гульню. Калі Хэмілтан на дваццатым кругу зрабіў яшчэ адзін піт-стоп, перайшоўшы на свежы Hard (у Вугоршчыне ім быў састаў C2), Ферстапен паспрабаваў узвінціць тэмп і кругам пазней сам пераабуўся аналагічным чынам. Аднак з параненай машынай гэта не дало эфекту – Хэмілтан абагнаў яго калі ён пакідаў боксы, а затым прыняўся прашываць пелатон, тады як Макс надоўга захрас за межамі першай дзясятцы.

Што Льюісу не ўдалася, дык гэта паказаць хутчэйшы круг у гонцы. Дадатковае ачко за яго зышло да пілота AlphaTauri П’ера Гаслі, які і фінішаваў на высокім шостым месцы. Так што ўчора малады француз напэўна зарабіў і нефармальныя ачкі ва ўнытрырэдбулаўскім спаборніцтве, і ён будзе ў спісе прэтэндэнтаў на месца ў старэйшым калектыве побач з Максам. Дарэчы, нядрэнна на Хунгарарынгу выступіў і яго напарнік Юкі Цунода, які заняў сёмае месца.

Ну і, вядома, перамагчы Хэмілтан таксама не змог, але тут, як я адзначыў вышэй, усе пытанні да яго каманды. Себасцьяна Фетэля, які змагаўся з Эстэбанам Аконам за перамогу, брытанец хіба што паспеў дагнаць, да атакі ж справа дайсці не паспела.

Зрэшты, і Фернанда Алонса моцна паспрыяў поспеху свайго маладога напарніка, калі цягам некалькіх кругоў адбіваў адну атаку Хэмілтана за адной. І толькі на шэсцьдзесят пятым кругу іспанец памыліўся ў першым павароце, і прапусціў свайго былога партнёра па McLaren. На Сайнса Хэмілтан выдаткаваў меней сіл і часу.

Таму я і сказаў у самым пачатку, што малайцы ўся каманда Alpine, чыі супрацоўнікі слушна распарадзіліся магчымасцямі, што ў іх з’явіліся. Малайчына і сам Акон, які вытрываў пад уціскам з боку Фетэля (а ціснуў чатырохразовы чэмпіён да самага фінішу). Стартаваўшы восьмым, Эстэбан ужо пасля першага візіту Хэмілтана ў боксы апынуўся на першай пазіцыі, саступаў яе толькі на піт-стопах і стаў першым з Гран Пры Аўстрыі 1983 году французам з цалкам французскай каманды (балідам і маторам з Францыі), які перамог у Формуле-1. Спадзяемся, гэта першая нагода павіншаваць і самога пілота, і яго каманду і прыхільнікаў.

Другое месца Фетэля таксама стала добрай узнагародай для яго, але шчасце працягвалася нядоўга – хутка пасля фінішу пілот Aston Martin быў дыскваліфікаваны за недахоп паліва для аналізу. Замест патрабаванага літру з бакаў яго аўтамабіля было зліта толькі трыста грамаў.

Каманда падала апеляцыю, а сам балід быў выняты для дэталёвага даследавання (бензін застаецца ва ўсёй паліўнай сістэме, і яго яшчэ можа хапіць). Але з папярэдняга фінішнага пратаколу Гран Пры Вугоршчыны Фетэль выключаны, і кожны, хто фінішаваў за ім, аўтаматычна падняўся на адну пазіцыю.

Так што пакуль што і Хэмілтан лічыцца не трэцім, а другім. Адпаведна, і ачкоў ён атрымаў болей, вярнуўшы сабе лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго 195 ачкоў. Ферстапен апусціўся на другую пазіцыю і саступае свайму канкурэнту восем балаў. Норыс са 113 ачкамі застаецца трэцім.

Mercedes у сваю чаргу вярнуў сабе лідарства ў Кубку канструктараў і мае там 303 ачкі. Red Bull другі з 291 балам, а Ferrari паднялася на трэцюю пазіцыю. У Скудэрыі столькі ж ачкоў, колькі і ў McLaren – 163.

Іншымі словамі, адбылося тое, што я прадказваў яшчэ пасля трыумфальнага для Ферстапена і Red Bull Гран Пры Манака – лідары ў абодвух заліках змяніліся ізноў. Толькі змяніліся яны дзякуючы найперш не барацьбе на роўных на трасе, а гоначных інцыдэнтаў на ёй. Таму яшчэ адну змену (магчыма, не апошнюю) я смела прадказваю зноў.

Верагодна, яна адбудзецца ўжо па выніках Гран Пры Бельгіі, які пройдзе на трасе Спа-Франкаршам ужо пасля амаль што месячнай паўзы – 27-29 жніўня. А мы за гэты час паспеем падвесці прамежкавыя вынікі бягучага сезону Формулы-1. У адрозненні ад некалькіх папярэдніх, аналізаваць ёсць што. Сачыце за публікацыямі «Гоначнай псіхапатыі»!

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные