Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Канец дамінавання Рэя? Чэшскі этап сусветнага Супербайка не прынёс аніводнай перамогі шасціразоваму і дзейснаму чэмпіёну

Канец дамінавання Рэя? Чэшскі этап сусветнага Супербайка не прынёс аніводнай перамогі шасціразоваму і дзейснаму чэмпіёну

На трасе ў Мосце і Топрак Разгітліоглу, і Скот Рэдзінг былі хутчэйшыя за Джонатана Рэя. Пры гэтым гоншчык Kawasaki Racing Team WorldSBK яшчэ і памылкі дапускаў. Выглядае, што другая палова сезону будзе значна весялейшай за першую.

11 августа 2021, 18:19
Канец дамінавання Рэя? Чэшскі этап сусветнага Супербайка не прынёс аніводнай перамогі шасціразоваму і дзейснаму чэмпіёну

Фота: worldsbk.com

На трасе ў Мосце і Топрак Разгітліоглу, і Скот Рэдзінг былі хутчэйшыя за Джонатана Рэя. Пры гэтым гоншчык Kawasaki Racing Team WorldSBK яшчэ і памылкі дапускаў. Выглядае, што другая палова сезону будзе значна весялейшай за першую.

Найперш жа я мушу папрасіць прабачэння ў сваіх чытачоў, бо пасля папярэдняга этапу WSBK у Асэне наступны анансаваў у Брно. Пры гэтым на афіцыйным сайце серыі быў ясна ўказаны менавіта Аўтадром Мост. У чарговы раз падвяла самаўпэўненасць, ды і прывык я за столькі гадоў, што вялікія гонкі ў Чэхіі прымае менавіта Аўтадром імя Масарыка.

Напрыклад, менавіта на ім сваю першую ў кар’еры ў прэм’ер-класе MotoGP перамогу ў мінулым годзе атрымаў завадскі гоншчык KTM Брэд Біндэр. Нажаль, тая гонка можа аказацца апошняй у гісторыі гэтай трасы, якую многія гоншчыкі (што двух-, што чатырохколавай тэхнікі) любілі. Па апошніх звестках, аўтадром прададзены за пазыкі і ў хуткім часе будзе знесены, а на яго месцы з’явіцца жылы комплекс.

Ніхто не спрачаецца з патрэбай чэхаў у якасным жытле, але і гоначны трэк шкада. На шчасце, ён у Чэхіі не адзіны. Як мінімум не меней цікавы ёсць і ў горадзе Мосце, прычым існуе ён аж з 1983 году, карыстаючыся з тых часоў папулярнасцю ў аматараў хуткасці са ўсёй Еўропы. А вось для сусветнага Супербайка Аўтадром Мост – месца абсалютна новае. Можа быць, дзякуючы гэтаму і першыя гонкі другой па старшынстве пасля MotoGP мотагоначнай серыі на ім выдаліся цікавымі.

Канечне, відовішчнасці паспрыяла і канфігурацыя трасы. Яна зусім не звышхуткасная (максімалка матацыклаў катэгорыі WSBK тут ледзь сягае 300 км/г), затое супертэхнічная. Пры даўжыні 4 212 метраў на ёй дваццаць адзін паварот (сем левых і ўдвая болей правых). І, як выявілася ў мінулы ўік-энд, памыліцца лёгка ў любым з іх нават для суперзорак.

Той жа самы Джонатан Рэй у кваліфікацыі яшчэ выгрыз поўл у канкурэнта з Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK Топрака Разгітліоглу, а вось у першай гонцы ў суботу саступіў яму лідарства ужо на старце. Брытанец паспрабаваў быў контратакаваць на другім кругу ў васямнаццатым павароце, але не толькі не абагнаў турка, але і прапусціў наперад суайчынніка з Aruba.it Racing-Ducati Скота Рэдзінга. Які амаль адразу на галоўнай прамой абагнаў і Разглітліоглу і сам увайшоў у першы паварот лідарам гонкі.

Топрак і Джонатан пасля гэтага распачалі барацьбу паміж сабой. Чэмпіён увесь час ціснуў на канкурэнта з Ямахі, абазначаючы свае намеры абагнаць яго, пакуль у пачатку чатырнаццатага круга не ўпаў у першым павароце, злавіўшы лоўсайд. Імкнучыся кампенсаваць ачковыя страты, Рэй падняў свой Kawasaki ZX-10RR і вярнуўся ў гонку, але за пяць кругоў да фінішу ўжо ў дваццатым павароце ўпаў ізноў, канчаткова аформіўшы сход з дыстанцыі.

У апраўданне Рэю, падзенне ў першай гонцы перажыў не толькі ён. Праз такую ж непрыемнасць прайшоў і яго напарнік па камандзе Алекс Лоўс. Аднак той хаця б фінішаваў, заняўшы перадапошняе трынаццатае месца. Іншымі словамі, ў першым заездзе Супербайка не было разыгранае нават апошняе ачко за пятнаццатую пазіцыю, бо акрамя Рэя праз падзенні сышлі яшчэ сямёра гоншчыкаў, а прадстаўнік Bonovo MGM Racing Йонас Фольгер да фінішу не дабраўся праз праблемы з рухавіком яго BMW M 1000 RR.

Падзенне чэмпіёна апошніх шасці гадоў, аднак, не азначала канец усяго цікавага ў першай гонцы. Разгітліоглу, якога Рэй увесь час падганяў, яшчэ на момант яго першага падзення меней чым на секунду падабраўся да Рэдзінга. І на апошніх кругах паміж імі распачалася прыгожая бойка за перамогу, якая скончылася на карысць турка літаральна ў апошніх паваротах фінальнага кругу.

Рэдзінг заняў другое месца, а ў Pata Yamaha with BRIXX WorldSBK радаваліся не толькі чарговай перамозе Топрака, але і трэцяму месцу другога свайго райдэра Андрэа Лакатэлі, які па ходу заезду пакінуў ззаду свайго суайчынніка і напарніка Рэдзінга Міхаэля Рубэна Рынальдзі. Што ж да Разгітліоглу, то гэта перамога на чэшскім этапе стала для яго першай з дзвюх.

Таму што першынстваваў турэцкі гоншчык і ў ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце. Лідарства ў ім ён зноў захапіў ужо на старце, а затым проста кантраляваў адрыў ад Рэя. Які за тры кругі да фінішу у першым павароце дапусціў яшчэ адну памылку. Гэтым разам падзення брытанец пазбег, але вымушаны быў праехаць па зоне бяспекі, падпусціўшы занадта блізка да сябе Рэдзінга.

Сам Скот на старце прапусціў наперад Лакатэлі, аднак пазней вярнуў сабе трэцюю пазіцыю. А ў самым пачатку апошняга круга адабраў у Рэя другую, ёй і задаволіўшыся (Разгітліоглу было ўжо не дагнаць). Рэй фінішаваў трэцім, набраўшы, нарэшце, першыя ачкі на чэшскай трасе. Але ў чэмпіянаце яшчэ бліжэй да сябе падпусціў і Рэдзінга, і – што самае галоўнае – Разгітліоглу. Якія абодва яшчэ скарацілі сваё адставанне ад лідару турнірнай табліцы па выніках фінальнай гонкі.

Пачалася яна ізноў хол-шотам Разгітліоглу, чаму паспрыяла і яго першая пазіцыя, што прынесла яму перамога ў спрынце. Рэдзінг пры гэтым зноў стартаваў не ідэальна, прапусціўшы наперад Лакатэлі і амаль прапусціўшы Рэя. Аднак у першы паварот (дзе гонка адразу скончылася для некалькіх удзельнікаў у хвасце пелатона) англічанін здолеў увайсці на трэцяй пазіцыі, на трэцім кругу ў дваццатым павароце паспяхова разабраўся з Лакатэлі, а ў самым пачатку пятага круга на галоўнай прамой пакінуў ззаду і Разгітліоглу.

Верагодна, у камандзе Скота зрабілі правільныя высновы пасля першых дзвюх гонак, слушна скарэктаваўшы налады яго Ducati Panigale V4 R перад апошняй. Калі так, то гэта дало плён – Рэдзінг атрымаў перамогу і быў недасягальным нават для Разгітліоглу, які заняў другое месца.

Ды і ў чэмпіянаце, дзе Рэй, які заняў трэцяе месца ў фінальным заездзе, з 266 ачкамі працягвае лідзіраваць, Рэдзінг, застаўшыся на трэцяй пазіцыі, саступае яму не 81 ачко, як раней, а 50. Пры гэтым Скот сціпла кажа, што не думае пра барацьбу за тытул.

Тады як думкі Разгітліоглу, які займае другую пазіцыю, як раз толькі пра гэта – Рэй апярэджвае яго ўсяго на тры ачкі! Толькі ў заліку вытворцаў усё наадварот: тут ужо Yamaha, маючы 283 балы, на тры абганяе Kawasaki, у якой перахапіла лідарства. Ducati па-ранейшаму замыкае першую тройку і мае 277 ачкоў.

Карацей, нават калі Рэй у гэтым годзе заваюе сёмы тытул, яму давядзецца моцна пастарацца – абодва яго канкурэнты набралі моц і прадстаўляюць сабой рэальную пагрозу. Тым больш што і наступны этап сустветнага Супербайка пройдзе 20-22 жніўня на новым для ўсіх месцы – на трасе Навара ў іспанскім Лос-Аркасе (гэта дакладна, некалькі разоў пераправерыў!). Змены лідараў чэмпіянату яшчэ як магчымыя!

Другие посты блога

Все посты