Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Формула Е завяршыла свой першы сезон у рангу чэмпіянату свету. Успамінаем галоўныя падзеі суперфіналу ў Берліне

Формула Е завяршыла свой першы сезон у рангу чэмпіянату свету. Успамінаем галоўныя падзеі суперфіналу ў Берліне

Васямнаццаць прэтэндэнтаў на тытул, дзве драматычныя гонкі і ўцёкі каманд, у тым ліку чэмпіёнскай Mercedes-EQ. Чым яшчэ запомніўся фінал чэмпіянату Formula E ў Берліне?

18 августа 2021, 17:58
Формула Е завяршыла свой першы сезон у рангу чэмпіянату свету. Успамінаем галоўныя падзеі суперфіналу ў Берліне

Фота: fiaformulae.com

Васямнаццаць прэтэндэнтаў на тытул, дзве драматычныя гонкі і ўцёкі каманд, у тым ліку чэмпіёнскай Mercedes-EQ. Чым яшчэ запомніўся фінал чэмпіянату Formula E ў Берліне?

Вось вам і прага электрыфікацыі! Уся вялікая нямецкая тройка аўтавытворцаў – Audi, BMW і Mercedes – дэкларуе хуткі пераход на электрычнасць (у Audi і Mercedes нават кінулі развіваць свае рухавікі ўнутранага згарання), прадстаўляе ўсё новыя серыйныя электрамабілі адзін за адным, а Формулу Е, з дапамогай якой іх можна было б прасоўваць на рынку, сыходзіць у поўным саставе!

Audi з BMW яшчэ перад стартам цяпер ужо мінулага сезону электрычных гонак заявілі аб тым, што ён стане для іх апошнім. А цяпер вось і Mercedes рушыў услед, аб чым было афіцыйна заяўлена акурат сёння. Для Трохпрамянёвай Зоркі, праўда, апошнім стане наступны сезон Формулы Е, але тым не менш Формулу-1 кіраўніцтва канцэрну Daimler па-ранейшаму лічыць больш эфектыўным маркетынгавым сродкам.

Такім чынам, на баліды трэцяга пакалення, якія мусяць з’явіцца ў 2023 годзе (тады ж, дарэчы, чакаецца і вяртанне піт-стопаў, але не са зменай балідаў, а з хуткай падзарадкай!), Mercedes-EQ не пяройдзе. Аднак у яго роўна наперадзе яшчэ цэлы сезон, а ў нядзелю, калі плёткі аб яго зыходзе і пратачыліся вонкі, у яго былі наперадзе яшчэ цэлая гонка. А ў суботу для ўсіх удзельнікаў Формулы Е – яшчэ цэлых два этапы сезону-2021. Абстаноўка на былым лётным полі ўжо закрытага аэрапорта Тэмпельхоф у Берліне была наэлектрызаваная ва ўсіх сэнсах.

Ці ж гэта жарт, калі на чэмпіёнскую карону за два этапы да канца чэмпіянату прэтэндуюць адразу васямнаццаць гоншчыкаў?! У іх лік уваходзілі і абодва пілоты DS Techeetah – Жан-Эрык Вернь і Антоніу Фелікс да Кошта, якія ў суботу стартавалі з першай і другой пазіцый адпаведна. З першага шэрагу, але ў зваротным парадку яны, дарэчы, пачыналі і першую гонку мінулагодняга берлінскага фіналу.

І як і ў мінулым годзе, у суботнім заездзе яго ўдзельнікі рухаліся па 2,4-кіламетровай трасе ў напрамку супраць гадзіннікавай стрэлкі. Захаваць лідарства Верню дапамог перанос поўл-пазіцыі з вонкавага боку трасы на ўнутраны, але ні да Кошта, ні гоншчык Audi Sport ABT Schaeffler Лукас ді Грасі, які ехаў следам за ім, моцна ад француза не адсталі.

Больш барацьбы (у тым ліку кантактнай) і перастановак было ў глыбіні пелатону. Аднак адна з самых лёсавызначальных падзей з гледзішча барацьбы за чэмпіёнства адбылася прыкладна праз дзевяць хвілін пасля старту, калі шанцаў на тытул, амаль адначасова сышоўшы з дыстанцыі, пазбавіліся адразу два пілоты. І калі ў немца з TAG Heuer Porsche Formula E Team Паскаля Верляйна тыя шанцы былі мінімальныя, то брытанскі гоншчык Jaguar Racing Сэм Бёрд перад стартам займаў у чэмпіянаце трэцюю пазіцыю (Верляйн размяшчаўся на адзінаццатай)!

Абодва, праўда, і кваліфікаваліся не сказаць каб удала. Паскаль пачынаў гонку дзявятым, а Сэм увогуле дванаццатым, але набраць ачкі была магчымасць і ў таго, і ў таго. Толькі тэхнічныя праблемы гэтыя планы перакрэслілі. Балід Верлняйна страціў хуткасць перад апошнім паваротам, пасля чаго немец звярнуў у боксы, а Бёрд спыніўся ўжо на выхадзе на галоўную прамую (дакладней, дугу).

Гэта было надзвычай непрыемна не толькі для брытанца, у якога ў Формуле Е раз за разам тытулы выслізгваюць з рук. Яго спыненне вымусіла дырэкцыю гонкі выпусціць на трасу аўтамабіль бяспекі, а шэраг гоншчыкаў ужо як раз паспеў перад гэтым актываваць рэжым максімальнай атакі. Які ў першай гонцы вырашана было зрабіць адзіным, адразу на восем хвілін, а не два па чатыры, як звычайна.

Іншымі словамі, цяпер дадатковая магутнасць марнавалася дарэмна. Аднак пасля рэстарту быў самы час, каб ёй скарыстацца, што на шаснаццатым кругу і зрабіў, напрыклад, напарнік ді Грасі Рэнэ Раст, які адыграў пачаў імкліва прарывацца з нізу першай дзясяткі. Як мінімум не горш справа ішла і ў Лукаса, на руку якому сыгралі праблемы ў Верня. Жан-Эрык праз іх на васямнаццатым кругу вымушаны быў саступіць лідарства напарніку па DS Techeetah, а хутка пасля прапусціў і абодвух пілотаў Audi.

Мяркуючы па ўсім, праблемы, аналагічныя вернеўскім, узніклі і на балідзе да Кошты, бо на дваццаць першым кругу і яго разам абагналі ді Грасі і Раст. Бразілец, праўда, у лідары пасля гэтага выйшаў зусім ненадоўга, бо адразу актываваў рэжым максімальнай атакі. А вось на той момант яшчэ дзейсны чэмпіён Электраформулы працягнуў губляць пазіцыі, нікуды не з’язджаючы.

Што жа ді Грасі, то ён з дадатковай магутнасцю без асаблівых цяжкасцей хутка вярнуў сабе лідарства, абагнаўшы спачатку Нармана Нато, а затым і яго напарніка па ROKiT Venturi Racing Эдоарда Мартару. Вось з апошнім у яго і распачалася бойка на апошніх кругах, калі ў батарэях заставаліся лічаныя працэнты даступнай энергіі (яе колькасць была скарочаная пасля перыяду аўтамабіля бяспекі). Швейцарац прэсінгаваў бразільца да самага фінішу, але ў выніку саступіў яму, фінішаваўшы ўсяго ў 0,141 секунды ззаду.

Ну а Лукас яшчэ і поўнасцю рэабілітаваўся пасля дыскваліфікацыі ў другой гонцы папярэдняга этапу ў Лондане. Пры гэтым высветлілася, што дзеянні бразільца – яго зварот на піт-лэйн пад пэйс-карам – правілам адпавядалі! Бо ён не проста праехаўся ўздоўж боксаў, а спыніўся каля свайго гаража. Толькі спыніўся літаральна на імгненне, і датчыкі зафіксаваць гэтага не паспелі. Таму суддзі і паказалі яму чорны сцяг, хоць дырэктар каманды Алан МакНіш і паспрабаваў аспрэчыць гэта рашэнне, прадставіўшы дадзеныя з іншых датчыкаў.

Вяртаючыся ж да першай берлінскай гонкі, варта вызначыць напарніка Бёрда Мітчэла Эванса, які на апошніх кругах абагнаў Нато, заняўшы ў выніку трэцяе месца. І сам пры гэтым стаў адным з галоўных прэтэндэнтаў на чэмпіёнства, бо Нік д Врыс з Мерсэдэса, які праз пракол фінішаваў на апошняй дваццаць другой пазіцыі. Лідарства ў чэмпіянаце нідэрландзец захаваў, але Мітч саступаў яму ўсяго 5 ачкоў. А Мартара з Джэйкам Дэнісам з BMW i Andretti Motorsport (ён у суботу фінішаваў пятым) – тры і чатыры адпаведна!

Іншымі словамі, хоць спіс прэтэндэнтаў на званне першага чэмпіёну свету Формулы Е скараціўся да чатырнаццаці імёнаў, напал барацьбы усё роўна заставаўся максімальным. І адной з галоўных дзейсных асоб у нядзельнай гонцы, калі траса пераадольвалася ўжо па гадзіннікавай стрэлцы, ізноў стаў Эванс.

Не, новазеландзец стартаваў не з поўлу – гэты гонар выпаў напарніку дэ Врыса Стофелю Вандорну (сам Нік пачынаў гонку толькі трынаццатым), і нават не з другой пазіцыі, якая дасталася брытанскаму пілоту Nissan e.dams Оліверу Роўланду. Але і трэцяя абяцала шмат. Толькі наперадзе была яшчэ цэлая гонка, у якой яшчэ трэба было фінішаваць, а Эванс у ёй нават стартаваць толкам не змог.

Па пакуль што так і не высветленых прычынах, на старце яго балід застаўся на сваім месцы. Многія пілоты, якія стартавалі ззаду, здолелі адрэагаваць і адруліць ад баліду Мітча, што стаяў. А вось Мартара не паспеў, урэзаўшыся ў яго ззаду.

Удар быў моцны, бо хуткасць у Эда дакладна была большай за 100 км/г (да такой адзнакі баліды Формулы Е разганяюцца нават хутчэй за машыны Формулы-1). Перагрузка ў момант сутыкнення склала 26 g, і, нажаль, прывяла да траўмы пазваночніка ў Мартары. Траўмы не надта сур’ёзнай, але ўсё роўна непрыемнай. Таму зычым гоншчыку Venturi хутчэйшага выздараўлення.

Аўтамабілем бяспекі на гэты раз справа не абышлася – гонку прыйшлося спыняць чырвонымі сцягамі. Затое пад пэйс-карам, а не з месца, даваўся рэстарт, хутка пасля якога пелатон застаўся без Дэніса – яшчэ аднаго сушукальніка чэмпіёнства. Праз праблемы з тармазамі ён зляцеў з трасы і сышоў з дыстанцыі, ледзь не прыбраўшы і Себасцьена Буэмі з Ніссана.

Вандорн жа, які спачатку захаваў першую пазіцыю, хутка страціў яе праз уласную памылку, а таксама праз тактычны пралік каманды. Адразу некалькі яго пераследнікаў на чале з Нато, аднымі з першых у пачатку гонкі адправіліся на актывацыю рэжыму максімальнай атакі (якіх гэтым разам было два па чатыры хвіліны). Стофель жа гэтага не зрабіў, ды яшчэ і ў адным з паваротаў памыліўся, адкаціўшыся ў выніку на пятую пазіцыю.

Нато, захапіўшы лідарства пасля праблем у Вандорна, тым часам яго захоўваў (забягаючы наперад, ён у апошняй гонцы сезону і перамог), а ў яго ззаду Роўланд бароўся са сваім суайчыннікам з Mahindra Racing Алексам Сімсам. Спачатку на сямнаццатым кругу Сімс абагнаў Роўланда, падняўшыся на другую пазіцыю. На дваццаць трэцім ужо Олівер атакаваў Алекса, таксама паспяхова.

Пелатон жа працягваў радзець. На тым жа дваццаць трэцім кругу з гонкі выбыў да Кошта. Яму ў гэтым дапамог ді Грасі, які, атакаваўшы партугальца, проста «завёз» таго ў адбойнік. Зрэшты, шанцаў абараніць тытул Антоніу Фелікс на той момант ужо ўсё роўна не меў, ідучы трынаццатым.

На трасу пасля гэтага інцыдэнту (за які ді Грасі атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне) выехаў аўтамабіль бяспекі. І гэтым даволі нечаканым чынам вырашыў скарыстацца Вандорн. Ззаду ў яго на рэстарце (калі, дарэчы, абвастрылася барацьба ў першай тройцы) ўжо знаходзіўся Нік дэ Врыс, аднак вынікаць камандным інтарэсам бельгіец адмовіўся, і замест таго, каб прапусціць напарніка па Мерсэдэсу, які працягваў узначальваць чэмпіёнскую гонку, ён пачаў яму супрацьстаяць.

У выніку іх кантактнай барацьбы Вандорн нават абагнаў Сімса і падняўся на трэцюю пазіцыю, на якой і фінішаваў (Роўланду таксама ўдалася ўтрымаць другу.), а дэ Врыз адкаціўся далёка назад, апынуўшыся сёмым. Пры гэтым Верляйн аказаўся для яго крэпкім арэшкам, і ледзь не паўтарыў з Нікам тое, што раней з да Коштай зрабіў ді Грасі. Па выніку дэ Врыс яшчэ і Бёрда прапусціў, фінішаваўшы толькі восьмым.

Але і гэтага нідэрландскаму гоншчыку Мерсэдэса хапіла, каб з 99 ачкамі стаць першым чэмпіёнам свету ў гісторыі Формулы Е! Мартара хоць і выбыў на самым старце фінальнай гонкі сезону, стаў віцэ-чэмпіёнам, зарабіўшы 92 ачкі. Пры гэтым Дэніс, які замкнуў першую тройку, саступіў яму адзін бал, Эванс два, Робін Фрайнс з Envision Virgin Racing тры, Бёрд і ді Грасі па пяць, а да Кошта шэсць!

У камандным заліку Mercedes-EQ літаральна вырваў перамогу з рук супернікаў. Са 181 ачком ён на чатыры апярэдзіў Jaguar, які стаў другім. Каманда DS Techeetah, чыі гоншчыкі зарабілі 166 ачкоў, заняла трэцюю пазіцыю, на адзін бал апярэдзіўшы Audi і Virgin.

Такі супярэчлівы, але ўсё роўна цікавы, напружаны і непрадказальны сёмы сезон Формулы Е стаў гісторыяй. Застаецца толькі спадзявацца, што не меней цікавымі, нягледзячы на зыход некалькіх каманд (Mercedes можа аказацца і не апошнім, хто развітаецца з электрычнымі гонкамі), будуць і наступныя. Новы пачнецца ў канцы студзеня ў Саудаўскай Аравіі, і «Гоначная псіхапатыя» абавязкова будзе сачыць за ім і пісаць пра яго гонкі.

Ну а ў бліжэйшы ўік-энд пройдзе легендарная гонка 24 гадзіны Ле Мана. Вядома, аўтар гэтага блогу, каб ён адпавядаў сваёй назве, будзе сачыць за ёй ад старту да фінішу. І не толькі за ёй, але і за астатнімі падзеямі на трасе Сартэ на гэтым тыдні (сёння пачынаюцца першыя свабодныя заезды), а таксама за важнымі і цікавымі навінамі адтуль.

Другие посты блога

Все посты