Гоначная псіхапатыя
Блог

Прадказальны і драматычны Ле Ман-2021. Сутачная гонка гэтага году запомнілася не толькі чарговай перамогай Таёты

Фота: fiawec.com

Поспех Таёты ў гонцы 24 гадзіны Ле Мана, што прайшла ў мінулыя выхадныя, быў практычна запраграмаваны. Аднак цікавых падзей у восемдзесят дзявятым сутачным марафоне хапала, і ўдзельнічала ў іх у тым ліку і японскі калектыў.

Канечне, увесь гоначны свет чакае з’яўлення ў Ле Мане і ў чэмпіянаце свету па аўтагонках на цягавітасць у цэлым моцных канкурэнтаў Таёты. Ці хаця б проста павелічэння колькасці ўдзельнікаў топавай катэгорыі WEC. Што, на шчасце, ужо не за гарамі.

Напрыклад, з наступнага году да чэмпіянату далучаецца Peugeot. Зброяй французскай каманды стане экстравагантны гіперкар 9X8 без задняга антыкрыла, які быў паказаны яшчэ па ходу этапу ў Монцы. Працаздольнасць такой рэвалюцыйнай канцэпцыі натуральна выклікае пытанні (адразу ўспамінаецца 2015 год і спроба каманды Nissan прыйсці ў WEC з пярэднепрывадным (!) прататыпам), але выглядае машына эфектна, нечага і казаць.

Peugeot 9X8 будзе, як і Toyota GR010, будзе гібрыдным і поўнапрывадным, і ўжо таму мае шанцы быць канкурэнтаздольным на фоне японскага гіперкара (ізноў жа, калі спрацуе незвычайнае аэрадынамічнае афармленне). Ён будзе абсталяваны 680-сільнай 2,6-літровай V-вобразнай «шасцёркай» з дзвюма турбінамі, якая праз сяміступеністую секвентальную скрыню перадач будзе круціць заднія колы. Пярэднія ж праз аднаступеністы рэдуктар будуць прыводзіцца 200-кілаватным (272 к.с.) электраматорам, які будзе атрымліваць энергію ад 900-вальтовай батарэі.

Адзінае што, у адпаведнасці з правіламі, выдаваць усе свае сукупныя 952 «каня» разам РУЗ і электраматор не змогуць. Затое дапамога бензінаваму рухавіку пры яго нізкіх абаротах ад электрычнага будзе значнай, што будзе асабліва заўважна на выхадах з павольных паваротаў.

Французы таксама падабралі моцны склад гоншчыкаў, кожны з якіх мае досвед у доўгіх гонках. Былы пілот Формулы-1 Кэвін Магнусэн, праўда, набіраецца яго акурат цяпер, перыядычна выступаючы разам са сваім бацькам Янам у адным экіпажы ў дацкай камандзе High Class Racing у катэгорыі LM P2. А вось у яшчэ двух выхадцаў з каралеўскіх аўтагонак Жана-Эрыка Верня і Пола ді Рэсты гэтага досведу ўжо багата, не кажучы ўжо пра Лойка Дзюваля, Мікела Йенсэна і Густава Менэзэса. Так што цікава будзе ў любым выпадку.

Яшчэ цікавей будзе ў 2023 годзе, калі са сваім гіперкарам у WEC прыйдзе Ferrari (яе тэхнічным партнёрам будзе каманда AF Corse). Ну а галоўнае, што як раз тады на сваіх прататыпах катэгорыі LMDh пачнуць выступаць Audi і Porsche. Абедзвюм кампаніям шасі пабудуе канадскі Multimatic, а яшчэ яны абазначылі намер прадаваць свае машыны і кліенцкім камандам, як, дарэчы, і BMW.

Завадской жа камандай баварцы з таго ж 2023 года прыйдуць ў амерыканскую серыю IMSA, дзе іх канкурэнтам будзе таксама Acura. Катэгорыя LMDh цікавая і для General Motors – амерыканскі канцэрн можа прыйсці ў яе са сваім брэндам Cadillac. Але тут усё будзе залежыць ад рашэнняў арганізатараў WEC і Ле Мана – Міжнароднай аўтамабільнай федэрацыі і Заходняга аўтамабільнага клубу – наконт катэгорыі Gran Turismo, асобная гаворка пра што пойдзе ніжэй.

Так што будучыня вышэйшага класу чэмпіянату па гонках на цягавітасць і Ле Мана на дадзены момант выглядае светлай. Пакуль жа адзіныя канкурэнты Таёты – гэта каманда Alpine, якая дакочвае гэты сезон на старым «задушаным» прататыпе LM P1, а таксама рамантык Джэймс Глікенхаўз. Рамантык на самой справе – сваю кампанію Scuderia Cameron Glickenhaus ён у гонар сваёй жонкі. І Ле Ман – гэта даўняя мара спадара Джэймса, якая ў гэтым годзе стала рэальнасцю.

Пра перамогу ў першай жа гонцы на кальцы Сартэ былы галівудскі кінапрадусар, канечне, не марыў (магчыма, сапраўдная галівудская гісторыя нас чакае наперадзе). Перамогай быў бы – і, забягаючы наперад, стаў! – ужо фініш у сутачным марафоне. Ды і старт у ім сам па сабе значыў шмат.

Слабая ж напоўненасць катэгорыі гіперкараў была камандзе Glickenhaus Racing толькі на руку, і ў гіперпоўл (фінальную частку кваліфікацыі, куды праходзілі па шэсць найхутчэйшых па выніках першага сегменту экіпажаў у кожнай з катэгорый) аўтаматычна патрапілі абодва яе экіпажы. Там ужо, праўда, нават з Alpine спрачацца было цяжка (і трыццаць шосты экіпаж французскай каманды ў складзе Андэ Нэграна, Нікаля Лап’ера і Мацьё Ваксів’ера заняў у выніку трэцюю пазіцыю), і падначаленыя Джэймса Глікенхаўза размясціліся на двух ніжніх радках катэгорыі: Луіс Феліпэ Дэрані, Франк Майо і Алів’е Пла (экіпаж №708) на чацвёртым, а Раян Брыска, Рычард Вэстбрук і Рамэн Дзюма (экіпаж №709) – на пятым.

Поўл жа паміж сабой разыгрывалі экіпажы Таёты. Сёмы экіпаж пераможцаў 6 гадзін Монцы і будучых пераможцаў сутачнага марафону Майка Конвэя, Камуі Кабаяшы і Хосэ-Марыі Лопеса у выніку апярэдзіў восьмы Себасцьена Буэмі, Казукі Накаджымы і Брэндана Хартлі – на той момант яшчэ лідараў чэмпіянату. Апярэдзіў, дарэчы, на 0,295 секунды, паказаўшы час 3:23,9.

Дарэчы, і саміх сябе мінулагодніх Конвэй, Кабаяшы і Лопес таксама апярэдзілі. У 2020-м яны ў Ле Мане таксама ўзялі поўл з вынікам 3:15,267, а цяпер – ужо на гіперкары, а не на прататыпе LM P1 – былі павольнейшыя болей чым на восем з паловай секунд. Прыкладна на столькі ж павялічыліся і часы круга ў гоначным рэжыме. Калі ў мінулым годзе складалі 3:19,2-3:23, то цяпер не перавышалі 3:27,6.

Што, зрэшты, наўрад ці было істотна для балельшчыкаў, якія ў гэтым годзе былі дапушчаныя на трыбуны кальца Сартэ. Праўда, іх колькасць не перавышала 50 000 чалавек, тады як у лепшыя часы даходзіла да 400 000, але і так іх эмоцыі, якіх моцна бракавала ў мінулым годзе, заўважна павышалі градус падзей на трасе.

А падзей хапала, і адна з самых важных адбылася ўжо на старце гонкі. Дакладней, у пачатку першага баявога круга, бо праз дождж гонка пачалася і пару кругоў працягвалася пад аўтамабілем бяспекі. І адразу пасля таго, як ён пакінуў трасу, у шыкане Dunlop восьмая Таёта была тарпедаваная семсот восьмым Глікенхаузам, якімі кіравалі, адпаведна, Буэмі і Пла. Француз хоць і дасведчаны, але раней не пілатаваў свой 007 LMH у дождж нават на тэстах, і цяпер на мокрай трасе дапусціў памылку.

Аднак памыляўся на першых кругах не толькі Алів’е. Дождж пасля поўнасцю сухога тыдня стаў нечаканасцю для ўсіх, і асвойвацца ў новых умовах прыйшлося ўсім. У тым ліку і экіпажу Alpine, які таксама не пазбег памылкі і развароту на першых кругах. Так што на другой пазіцыі на пэўны час апынуўся… семсот восьмы Глікенхаўз!

Ненадоўга, канечне. Дождж хутка скончыўся, траса пачала сохнуць і восьмая Таёта хутка адыгрывалася, вярнуўшыся на другую пазіцыю за першыя гадзіны. Ды і прататып Alpine A480 па-ранейшаму хутчэйшы за гіперкары Glickenhaus, якія ў выніку хутка вярнуліся на свае першапачатковыя чацвёртую і пятую пазіцыі. Спаборнічаць экіпажам амерыканскай каманды прыйшлося з прадстаўнікамі малодшай катэгорыі LM P2. Аднак, пазбегшы праблем з надзейнасцю, яны ўсё роўна фінішавалі абодва ў Топ-5 не толькі катэгорыі Hypercars, але абсалютнага заліку, з чым іх можна шчыра павіншаваць. Дэрані, Майо і Пла занялі чацвёртае месца, Брыска, Вэстбрук і Дзюма фінішавалі пятымі.

Аўтамабіль Нэграна, Лап’ера і Ваксів’ера таксама выявіўся і хуткім, і надзейным, таму яны без праблем утрымалі трэцюю пазіцыю да самага фінішу. А вось у Таёты па ходу гонкі тэхнічныя праблемы ўзнікалі. Спачатку ўжо на ранішнім адрэзку, на дзевятнаццатай гадзіне, раптам запаволілася, а потым увогуле спынілася на трасе восьмая машына. Нешчаслівы момант ізноў выпаў на змену Буэмі, аднак швейцарац змог справіцца з праблемамі, перазагрузіўшы бартавыя сістэмы свайго GR010, і ўтрымаўся на другой пазіцыі.

На ёй ён з Накаджымай і Хартлі і фінішавалі, але і ім, і іх партнёрскаму экіпажу, які атрымаў сваю першую перамогу ў Ле Мане, давялося панервавацца – па ходу гонкі ў Таёты ўзніклі праблемы з заправачным абсталяваннем. Аднак і іх каманда выправіла, атрымаўшы чарговы пераможны дубль.

Так, Таёце пакуль што бракуе роўных супернікаў, і хтосьці можа сказаць, што гэта абясцэньвае яе поспех. Але, па-першае, нават гэта не гарантуе перамогу ў Ле Мане, а па-другое, ну ці можа сапраўднага беларуса не радаваць, што на першых дзвюх пазіцыях у легендарнай гонцы, што ў мінулыя выхадныя праходзіла ў восемдзесят дзявяты раз, фінішавалі машыны ў бел-чырвона-белай афарбоўцы?

Пагаджуся толькі, што драмы ўсё ж хацелася б большай. Такой, напрыклад, якая была ў малодшай катэгорыі прататыпаў LM P2. Прэтэндэнтаў на перамогу тут было багата: і каманда Jota, і супернікі па Еўрапейскай серыі Ле Ман United Autosports, Team WRT, G-Drive Racing і Panis Racing.

З поўлу гонку пачынаў экіпаж як раз Jota – трыццаць восьмы ў складзе Рабэрта Гансалеса, Антоніу Фелікса да Кошты і Энтані Дэвідсана. Ён жа і лідзіраваў, пакуль суботні вечар не прынёс з сабой яшчэ адну порцыю дажджу. Пад ім Дэвідсан і памыліўся, зляцеўшы з трасы. Добра што хоць моцнай аварыі брытанец пазбег, і яго экіпаж змог працягнуць гонку, фінішаваўшы ў ёй восьмым у класе і трынаццатым у абсалюце.

Вось іх супернікам з United Autosports і G-Drive пашанцавала куды як меней. Дажджавыя хмары толькі паскорылі змярканне, а адну з самых сур’ёзных памылак у першым павароце дапусціў Мануэль Мальданада з трыццаць другога экіпажу United Autosports, у якім ён выступае разам з Нікаля Жамэнам і Джонатанам Абердэйнам. І добра б, калі б венесуэлец проста зрабіў візіт за межы трасы. Вяртаючыся ж на яе, ён у шыкане Dunlop урэзаўся ў прататып сяброўскага дваццаць трэцяга экіпажа Пола ді Рэсты, Алекса Ліна і Уэйна Бойда.

Для трыццаць другой машыны гонка на гэтым і скончылася, а дваццаць трэцяя яе працягнула і нават фінішавала на чацвёртай пазіцыі. Магчыма, у United Autosports адзначыліся б і лепшым вынікам, бо ў брытанска-амерыканскага калектыву быў яшчэ і дваццаць другі экіпаж у складзе Філа Хансана, Фабіа Шэрэра і Філіпэ Альбукерке, але для іх мінулы Ле Ман фактычна скончыўся ў пяць гадзін раніцы, калі на іх Oreca 07 узніклі праблемы з генератарам. На трасу экіпаж пасля доўгага рамонту вярнуўся, але стаў апошнім з тых, хто атрымаў класіфікацыю ў гонцы.

Прадстаўнікі G-Drive жа сталі ўдзельнікамі нават некалькіх інцыдэнтаў. Спачатку – хутка пасля аварыі экіпажаў United Autosports – Франка Калапінта, які ў дваццаць шостым экіпажы выступаў разам з Раманам Русінавым і Нікам дэ Врысам, сутыкнуўся перад паваротам Porsche з першай машынай чыста жаночага экіпажу каманды Richard Mille Racing Team, за стырном якой знаходзілася Сафія Флёрш (какпіт яна дзеліць з Таццянай Кальдэрон і Бэйцке Вісэр). І гэта было толькі пачаткам гісторыі.

Пакуль Калапінта накіроўваўся да боксаў для рамонту (пазней ён усклаў віну за інцыдэнт на Флёрш – маўляў, яна нечакана затармазіла занадта рэзка, скінуўшы адразу дзве перадачы), сама нямецкая гоншчыца спрабавала працягнуць гонку. Здаўшы назад, Сафія спынілася пасярод трасы, і ў прамянях сонца, што заходзіла, ды яшчэ і побач з вялікім яркім тэлеэкранам яе не заўважыў бельгіец Том Клоэ з семдзесят чацвёртага экіпажу каманды Racing Team India Eurasia (разам з брытанцам Джэймсам Уінслоў і аўстралійцам Джонам Корбэтам ён выступаў на адзіным у пелатоне прататыпе Ligier JSP217), які і ўдарыў яе ў бок.

На гэтым гонка для дзявочага экіпажу была скончаная, бо саму Флёрш накіравалі ў медычны цэнтр (магчыма, спрацаваў датчык небяспечнай перагрузкі). Аднак маладая немка, якая ў 2018 годзе патрапіла ў страшэнную аварыю падчас гонкі Формулы 3 у Макао, моцна пашкодзіўшы пазваночнік (пашукайце ў Інтэрнэце запіс таго яе палёту на звышмалой вышыні ў фатографскую будку), на гэты раз траўмы атрымала хіба што маральныя.

Дваццаць шосты экіпаж пасля працяглага рамонту ў гонку вярнуўся, але Русінаў ноччу атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне за сутыкненне з сорак дзявятым экіпажам High Class Racing, у якім як раз і выступалі бацька і сын Магнусэны, а таксама іх суайчыннік Адэрс Ф’ёрдбах. Раман і старэйшы Магнусэн, якія ў той момант і кіравалі прататыпамі, пасля разваротаў працягнулі рух, але для бацькі Кэвіна праблемы на гэтым толькі пачаліся – ён і з месца крануўся не адразу, і аб адбойнік прыклаўся (відаць, у кантакце з Русінавым былі пашкоджаныя шына або задняя падвеска).

Фінішаваць-та Кэвін, Ян і Андэрс фінішавалі, але толькі сямнаццатымі ў класе і дваццаць дзявятымі ў абсалюце. А вось у іх партнёраў па камандзе Дэніса Андэрсэна, Рыкі Тэйлара і Марка Сорэнсэна з дваццатага экіпажу гонка склалася лепей – яны занялі васямнаццатае месца ў абсалютным заліку, трынаццатае ў LM P2 і чацвёртае ў падкатэгорыі Pro-Am.

Экіпаж Русінава, Калапінта і дэ Врыса таксама да фінішу дабраўся, але толькі на сёмым месцы ў LM P2 і дванаццатым у абсалюце. А вось іх партнёры па камандзе з дваццаць пятага экіпажу Джон Фалб, Раберта Мэры і Руі Андрадэ выбылі на сёмай гадзіне пасля таго, як Андрадэ ў першым павароце разбіў прататып.

Абодва экіпажы Team WRT пры гэтым непрыемнасцей пазбягалі, а тыя, што зваліліся на іх канкурэнтаў, дапамаглі ім заняць дзве першыя пазіцыі ў LM P2. Справа ішла да пераможнага дублю, пакуль на самым апошнім кругу сутачнага марафону, калі таймер ужо адлічыў 24 гадзіны і пачаў адлічваць дадатковы час, на трасе не спынілася сорак першая машына цяперашніх лідараў сезону ELMS і пераможцаў этапаў у Барселоне і Шпільбергу Роберта Кубіцы, Луі Дэлетраза і Е Іфэя, якія на той момант лідзіравалі!

Кубіца пазней абверг здагадкі, што на прататыпе скончылася паліва, але што здарылася, так і застаецца незразумелым. Машына проста перастала рэагаваць на націск на педаль акселератару, і Іфэй, які быў за стырном у той момант, проста не змог рухацца далей. Для таго, каб атрымаць класіфікацыю ў Ле Мане, трэба абавязкова перасекчы фінішную рысу. Інакш ваш экіпаж апынецца на апошняй пазіцыі, нават калі вы на сотню кругоў апярэджваеце бліжэйшага суперніка.

Гэта з экіпажам Кубіцы, Дэлетраза і Іфэя і здарылася. Перамога ж у LM P2 дасталася іх партнёрам па камандзе Робіну Фрайнсу, Фердзінанду Габсбургу і Шарлю Мілесі з трыццаць першага экіпажу. Другім фінішаваў дваццаць восьмы экіпаж Jota ў складзе Шона Гелаэля, Стофеля Вандорна і Тома Бломквіста, а замкнулі першую тройку нядаўнія пераможцы этапу ELMS у Монцы – Жульен Каналь, Уіл Сцівэнс і Джэймс Ален з шэсцьдзесят пятага экіпажу Panis Racing.

Яшчэ ў пачатку сезону WEC яго арганізатары абяцалі да этапу ў Ле Мане сфармуляваць будучыню катэгорыі LM GTE. Быццам бы яны так і зрабілі, але пытанняў стала ці не болей. Пакуль што абвешчана, што цяперашнюю тэхніку GTE ў 2024 годзе заменіць GT3, вядомая, у прыватнасці, па серыі GT World Challenge Europe (з гэтага году, дарэчы, на яе перайшла і нямецкая кузаўная серыя DTM). Аднак важныя дэталі пакуль што не раскрытыя. Невядома, напрыклад, ці будуць патрабаванні GT3 проста перанесеныя ў WEC. Бо магчымы і варыянт іх мадыфікацыі пад чэмпіянат свету з перайменаваннем будучай катэгорыі ў GT3 Pro або GT3+.

Калі коратка, то цяперашнія машыны GT3 па канструкцыі значна бліжэй да серыйных аналагаў. Porsche 911 RSR з WEC, напрыклад, мае не задне-, як дарожны «дзевяцьсот адзінаццаты», а сярэднематорную кампаноўку. Таксама аўтамабілі GT3 абсталяваныя электроннымі сістэмамі дапамогі (не толькі трэкшн-кантролем, але і ABS). Карацей, проста так адны ў іншыя не возьмеш і не пераробіш. Такі фокус магчымы хіба што з больш універсальнай ад пачатку Ferrari 488.

Паўстае і пытанне тэхнічнага балансавання. У той жа серыі GT World Challenge гэтым займаецца яе арганізатар – кампанія Стэфана Ратэля SRO, і вытворцы машын на гэты працэс не ўплываюць (што і ёсць падмуркам цікавых гонак, пра якія «Гоначная псіхапатыя» таксама піша). WEC жа мае на ўвазе ўдзел завадскіх каманд, якія і зараз часта незадаволеныя існуючым балансам прадукцыйнасці (Balance of Performance ці скарочана BoP), а таму то прыходзяць, то сыходзяць. Ці задаволіць іх ратэлеўскі?

Выйсце арганізатары WEC і Ле Мана бачаць у забароне на ўдзел у новай катэгорыі поўнасцю завадскіх каманд. Але гэта ўжо не адпавядае чэмпіянату свету, у якім яны мусяць быць па статусе. Ці будзе аўтавытворцам цікавае нешта кшталту серыі WTCR (яна, дарэчы, у мінулы ўік-энд правяла этап на Хунгарорынгу, пра які «Гоначная псіхапатыя» абавязкова распавядзе), але з тэхнікай GT3?

Затое ўжо прыватнікі дакладна будуць давольныя, і іх у новай катэгорыі можа стаць шмат, бо і машыны GT3 распаўсюджаныя па ўсім свеце і адносна танныя. Так што хапіла б толькі ўсім месца на старце, якога і так стане меней пасля прыходу новых удзельнікаў у гіперкары і LMDh. Зрэшты, зараз у аматарскай катэгорыі LM GTE Am іх і так нямала.

Вось у прафесійнай LM GTE Pro, куды за апошнія гады паспелі прыйсці і сысці адтуль і Ford, і BMW, іх зараз мала. Дык, можа, і не варта будзе ліць па ім слёзы? Калі на пастаяннай аснове тут прысутнічаюць толькі Porsche з Ferrari (якія і так наважваюцца ў LMDh і гіперкары), чакаць тут вострай барацьбы, ды яшчэ пры не заўсёды зразумелым і лагічным BoP, усё роўна не варта.

Пры гэтым каманды Corvette Racing, якая нарэшце прывезла ў Ле Ман свае новыя сярэднематорныя Chevrolet Corvette C8.R, у сувязі з будучым пераходам чэмпіянату на тэхніку GT3, узнікае свая праблема. Іх машыну, што адпавядае патрабаванням GTE, не пераробіш так проста ў GT3, а гатовага Карвету такой катэгорыі ў кампаніі зараз няма.

А бачыць у Ле Мане гэтыя эфектныя і прыгожыя амерыканскія спорткары было вельмі прыемна. Прызнаюся, хоць я мушу і быць нейтральным і бесстароннім, але заўзеў за экіпажы на іх (і таму, канечне, што проста люблю шмат чаго амерыканскага: і машыны, і іншую тэхніку, і музыку).

Перад сутачным марафонам арганізатары дазволілі камандзе палегчыць іх на сем кілаграмаў, адначасова паменшыўшы ціск наддуву і аб’ём паліўнага баку (на адзін літр) на Ferrari 488 GTE Evo. У кваліфікацыі гэта Карвету, зрэшты, не надта дапамагло. Яго шэсцьдзесят чацвёрты экіпаж у складзе Томі Мілнэра, Нікаласа Тандзі і Александра Сімса па выніках гіперпоўлу стаў толькі трэцім, а іх партнёры з шэсцьдзесят трэцяга экіпажу Антоніа Гарсія, Джордан Тэйлар і Нікі Катсбург туды ўвогуле не патрапілі, заняўшы апошнюю пазіцыю.

Поўл жа выйграў семдзесят другі экіпаж каманды HUB Auto Racing – Дрыс Вантор, Альвара Парэнтэ і Максім Марцін на Porsche 911 RSR-19. Другая стартавая пазіцыя дасталася ўжо прадстаўнікам AF Corse – Даніэлю Сэры, Мігелю Маліне і Сэму Бёрду. Але ўжо на першым баявым кругу і шматлікіх здарэнняў на мокрай трасе на першай пазіцыі апынуліся як раз Карветы!

Пры гэтым шэсцьдзесят трэці экіпаж быў наперадзе і выглядаў хутчэйшым за шэсцьдзесят чацвёрты. Што і пацвердзілася пазней, калі Гарсію, Тэйлара і Катсбурга апярэдзілі толькі будучыя пераможцы – Алесандра П’ер Гуідзі, Джэймс Калада і Ком Ледагар з AF Corse, а Мілнэр, Тандзі і Сімс пачалі губляць пазіцыі і фінішавалі толькі шостымі.

Затое самі Гарсія, Тэйлар і Катсбург занялі ў выніку другое месца, фінішаваўшы нават у адным кругу з П’ер Гуідзі, Калада і Ледагарам. Сэры, Маліне і Бёрду, якія спачатку мелі болей шанцаў на поспех, не пашанцавала – кантакты з супернікамі ў ўзрыў правай пярэдняй шыны на дзевятнаццатай гадзіне адкінулі іх далёка назад, не дазволіўшы ім фінішаваць вышэй пятага месца.

Трэцяя і чацвёртае ж занялі прадстаўнікі каманды Porsche GT. Дзевяноста другі экіпаж Кэвіна Эстрэ, Ніла Яні і Міхаэля Крыстэнсэна фінішаваў перад дзевяноста другім у складзе Джанмарыі Бруні, Рыхарда Літца і Фрэдэрыка Макавецкі. Вантор, Парэнтэ і Марцін жа дабраліся да фінішу толькі сёмымі.

Найбольшая колькасць перастановак і найшчыльнешая барацьба, як і заўсёды, былі ў катэгорыі LM GTE Am. Перамогу (першую ў Ле Мане) і тут узялі прадстаўнікі AF Corse – Франсуа Перадо, Ніклас Нільсэн і Алесіа Равэра з восемдзесят трэцяга экіпажу. Аднак ім за прыйшлося натуральна біцца, прарываючыся з сярэдзіны пелатону.

Ды і Бэн Кіцінг, Дзілан Перэйра і Феліпэ Фрага з трыццаць трэцяга экіпажу TF Sport бо таксама пасля не самай удалай кваліфікацыі адыграліся ў гонцы, заняўшы другое месца. І гэта пры там, што Фрага ўвечары суботы, памыліўшыся ў першай шыкане Mulsanne, пашкодзіў свой Aston Martin Vantage AMR аб бар’ер з шын.

Не так, праўда, як свой аўтамабіль той жа маркі Маркас Гомес з дзевяноста восьмага экіпажу завадской каманды (ён выступае разам з Полам Дала-Ланай і Нікі Тіімам). Памылка на тармажэнні перад паваротам Indianapolis прывяла да яго вылету з трасы і сутыкненнем на вялікай хуткасці з бар’ерам бяспекі. Экіпаж, зразумела, сышоў з дыстанцыі, аднак Маркас сур’ёзных траўм не атрымаў.

Трэцяе месца ў LM GTE Am заняў васьмідзясяты экіпаж каманды Iron Lynx у складзе Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Калума Айлата. Следам за імі фінішавалі іх партнёры з шасцідзясятага экіпажу Клаўдзіа Скіавоні, Паола Рубэрці і Рафаэле Джыамарыя. Экіпаж, які пачынаў гонку з поўлу – восемдзесят восьмы каманды Dempsey-Proton Racing у складзе Жульена Андлаэ, Дамініка Басцьена і Лэнса Арнольда – заняў толькі трынаццатае месца, апроч іншых праблем сутыкнуўшыся на апошніх гадзінах і з праколам.

З прычыны важнасці 24 гадзін Ле Мана, ачкі па іх выніках у залік WEC налічваюцца ў двайным памеры. Таму Лопес, Кабаяшы і Конвэй, атрымаўшы па пяцьдзясят (і яшчэ па аднаму за поўл), ўзначалілі залік гоншчыкаў гіперкараў і маюць цяпер 120. У Хартлі, Накаджымы і Буэмі, якія апусціліся на другую пазіцыю, 111 балаў. Нэгран, Ваксів’ер і Лап’ер, маючы 90 ачкоў, па-ранейшаму трэція. Toyota, як няцяжка здагадацца, працягвае лідзіраваць у заліку вытворцаў гіперкараў, дзе мае ўжо 141 ачко. Alpine з 90 ачкамі другі, Glickenhaus, у якога 37 балаў, замыкае першую тройку.

Лідарамі трафею гоншчыкаў LM P2 пасля Ле Ману сталі Гелаэль, Вандорн і Бломквіст, у якіх 89 ачкоў. Усяго адно ім саступаюць Мілесі, Габсбург і Фрайнс, якія падняліся на другую пазіцыю. Ды і Дэвідсан, да Кошта і Гансалес недалёка – на трэцяй пазіцыі з 81 балам.

П’ер Гуідзі і Калада вярнулі сабе лідарства ў трафеі гоншчыкаў GT, дзе ў іх цяпер 124 ачкі, на дванаццаць болей чым у Эстрэ і Яні, якія апусціліся на другую пазіцыю. Замыкаюць першую тройку Бруні і Літц, у якіх 75 балаў.

Чэмпіянат свету па аўтагонках на цягавітасць пасля Ле Мана сыходзіць у доўгі адпачынак. Свой наступны – і перадапошні – этап ён правядзе 29-30 кастрычніка ў Бахрэйне. Так што бліжэйшай марафонскай гонкай з удзелам прататыпаў (толькі катэгорый LM P2 і LM P3) стануць 4 гадзіны Спа-Франкаршам 19 верасня.

А напярэдадні сутачнага марафону была апублікаваная папярэдняя версія календара WEC на наступны год. У ім шэсць этапаў, першым з якіх 18 сакавіка стане гонка 1000 міль Сэбрынгу (12-13 сакавіка гэтая ж вядомая амерыканская траса прыме перадсезонныя тэсты), а апошнім – 8 гадзін Бахрэйна, якая пройдзе 12 лістапада.

Ле Ман пакуль што запланаваны на традыцыйны для яго чэрвень (з 11-га на 12-е). Зноў спадзяемся, што пандэмія не перашкодзіць усе этапы правесці па плане.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные