Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Застацца сябрамі. Развітваючыся з Ducati, Скот Рэдзінг правёў моцны ўік-энд сусветнага Супербайка ў Навары

Застацца сябрамі. Развітваючыся з Ducati, Скот Рэдзінг правёў моцны ўік-энд сусветнага Супербайка ў Навары

Навіна пра пераход Скота Рэдзінга ў наступным годзе з Ducati ў BMW для многіх стала нечаканай. Але брытанец добрасумленна выконвае свае абавязкі перад італьянскай камандай, перамагаючы ў гонках. Вось і на этапе сусветнага Супербайка ў іспанскім Лос-Аркасе ён быў адной з галоўных дзейных асоб.

25 августа 2021, 17:01
Застацца сябрамі. Развітваючыся з Ducati, Скот Рэдзінг правёў моцны ўік-энд сусветнага Супербайка ў Навары

Фота: worldsbk.com

Навіна пра пераход Скота Рэдзінга ў наступным годзе з Ducati ў BMW для многіх стала нечаканай. Але брытанец добрасумленна выконвае свае абавязкі перад італьянскай камандай, перамагаючы ў гонках. Вось і на этапе сусветнага Супербайка ў іспанскім Лос-Аркасе ён быў адной з галоўных дзейных асоб.

Аб прычынах рашэння Скота можна выбудаваць шмат здагадак. Каментуючы яго, сам Рэдзінг адзначыў толькі, што ў BMW «больш страсці і цяга да поспеху». Брытанец паверыў у поспех баварскай маркі, назіраючы за выступамі яе гоншчыкаў Тома Сайкса (якога ён і заменіць) і Міхаэля ван дэр Марка ў гэтым годзе. Але і ў складзе Ducati, дзе яго ў сваю чаргу заменіць Альвара Баўціста (іспанец вернецца ў калектыў з Борга-Панігале пасля двух гадоў выступаў за завадскую Хонду), Рэдзінг дапрацоўвае не як не сваімі рукамі.

Вось і на трасе Навара, што ў іспанскім Лос-Аркасе – новым месцы для сусветнага Супербайка нароўні з чэшскім Мостам, дзе адбыўся яго папярэдні этап – Скот правёў надзвычай моцны ўік-энд. Пабачыўшы яго выступ там, чалавек, з серыяй WSBK не знаёмы, мог бы падумаць, што гэта Рэдзінг, а не яго суайчыннік з завадской каманды Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатан Рэй шасціразовы і дзейсны чэмпіён. Хоць і Рэй ні ў якім разе статыстам у мінулыя выхадныя не быў.

Поўл, напрыклад, ізноў выйграў Джонатан. У мотагонках, праўда, гэта мала што значыць, і ўжо ў першай гонцы ў суботу ад самага старту на яго ўзяўся насядаць Рэдзінг, які кваліфікаваўся другім. Першыя пяць кругоў Рэй яшчэ стрымліваў яго ззаду, але акурат у канцы пятага Скот лепей выйшаў з апошняга павароту, скарыстаўся сліп-стрымам на стартавай прамой і ў першы паварот увайшоў ужо лідарам гонкі. Назад першую пазіцыю Рэю ён ужо не аддаў і атрымаў перамогу.

Рэй задаволіўся другой пазіцыяй, а трэцюю заняў яго галоўны канкурэнт у барацьбе за чэмпіёнства – турэцкі гоншчык Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрак Разгітліоглу. Стартаваў ён, дарэчы, з восьмай пазіцыі, аднак на першым жа кругу прарваўся на чацвёртую, апынуўшыся за спінай у свайго напарніка па камандзе Андрэа Лакатэлі. Толькі ён яго і стрымліваў некаторы час, пакуль на сёмым кругу не дапусціў памылку, шырока ўвайшоўшы ў адзін з паваротаў і прапусціўшы Топрака наперад.

Зноў даводзіцца спойлерыць: на тых жа пазіцыях, што і ў суботнім заездзе, Рэдзінг, Рэй, Разгітліоглу і Лакатэлі, а таксама напарнік Рэя Алекс Лоўс (пяты) і згаданы вышэй Сайкс (шосты) фінішавалі і ў ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце – вось дык стабільнасць! Праўда, сцэнарый кароткай гонкі быў крыху іншым.

Рэдзінг і тут пачаў атакаваць Рэя ўжо на старце, аднак Разгітліоглу на гэты раз прарваўся ўжо на трэцюю пазіцыю, і зблізку назіраў за барацьбой двух брытанцаў. Чым турак і скарыстаўся, на першым жа кругу абагнаўшы Рэдзінга і атакаваўшы Рэя. Толькі Скот у сваю чаргу скарыстаўся кантактам паміж імі, абагнаў спачатку Топрака, а пазней і Джонатана.

І толькі ў фінальнай гонцы ўік-энду пераможца быў іншы – ім стаў ужо Разгітліоглу. Ужо на старце разам з Лакатэлі яны ўключыліся ў барацьбу за першую пазіцыю, прарваўшыся наперад і заняўшы дзве першыя пазіцыі. Андрэа, праўда, праз памылкі хутка з групы лідараў выпаў, тады як Рэй, які сам на пэўны момант апынуўся ззаду Лоўса, і Рэдзінг у ёй засталіся.

Цяпер ужо Топрак быў у адноснай бяспецы і проста кантраляваў адрыў ад брытанцаў, якія ззаду разбіраліся паміж сабой. Рэй доўгі час стрымліваў Рэдзінга, але Скот на сваёй Ducati Panigale V4 R Скота быў, па-першае, хутчэй за Джонатана на Kawasaki ZX-10RR, а па-другое, стабільнейшым за яго.

Пад канец гонкі (магчыма, праз большы знос шын) Рэй пачаў дапускаць памылкі, і пару разоў ледзь не ўпаў. Чым і скарыстаўся Рэдзінг, спачатку наблізіўшыся да суайчынніка, затым пару кругоў папрэсінгаваўшы яго, а на дзевятнаццатым (меней чым за чатыры да фінішу) пасля чарговай памаркі Джонатана і абагнаўшы яго.

Разгітліоглу ж не толькі перамог у гонцы, але і вярнуў сабе лідарства ў чэмпіянаце, страчанае пасля няўдачы ў нідэрланскім Асэне. Аднак яго перавага перад Рэем не тое што мінімальная – яе проста няма. У турка і брытанца роўная колькасць ачкоў, па 311. Адпаведна, Рэдзінг саступае абодвум 38 і сам захоўвае шанцы на чэмпіёнства.

Канечне, адставанне немаленькае, аднак наперадзе яшчэ шэсць этапаў з васямнаццаццю гонкамі, і калі кожную Джонатан будзе праводзіць гэтак жа моцна, то з Aruba.it Racing-Ducati яны развітаюцца на высокай ноце і застануцца сябрамі. Незалежна ад таго, ці выйграе Рэдзінг чэмпіянат.

Да таго ж, у заліку вытворцаў Ducati і так лідзіруе, маючы 334 ачкі. Перавага перад Ямахай, якая займае другую пазіцыю, праўда, амаль што ніякая – усяго тры балы. Kawasaki, якая замыкае першую тройку, таксама адстае не дужа – у яе 325 ачкоў.

Наступны этап сусветнага Супербайка пройдзе на трасе Маньі-Кур у Францыі на наступным тыдні, 3-5 верасня. Нешта падказвае, што барацьба за перамогу на ім будзе вострай і прынцыповай.

Другие посты блога

Все посты