Гоначная псіхапатыя
Блог

Контрнаступленне моладзі. Этапе WTCR у Вугоршчыне выдатна склаўся для Ацконы, Уруціі і Эрлаше

Фота: fiawtcr.com

Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг наведаў Хунгарарынг, дзе выявіліся два новыя пераможцы гонак у гэтым сезоне і змяніўся лідар асабістага заліку. Аднак запомніўся чацвёрты этап не толькі гэтым.

Так, чацвёртым прыпынкам WTCR стаў менавіта Хунгарарынг, а не італьянская Адрыя, як я анансаваў пасля іспанскага этапу. Каляндар серыі змяніўся, і праз пандэмію былі адмененыя ўсе гонкі за межамі Еўропы. У выніку этап у Адрыі быў перанесены на 6-7 лістапада, а замест этапаў у Кітаі і Паўднёвай Амерыцы з’явіліся тры еўрапейскія.

9-10 кастрычніка сусветны Турынг наведае Аўтадром Мост у Чэхіі, дзе нядаўна свой этап правёў сусветны Супербайк. 16-17 кастрычніка ён пасля доўгага перапынку вернецца ў французскі По, але не гарадскую трасе, якая некалі прымала яшчэ WTCC, а на стацыянарную По-Арно). Затым будзе Адрыя, а завершыцца сезон 27-28 лістапада ў расійскім Сочы. Канечне, калі каронавірус чарговы раз не паўплывае на агучаныя планы.

На спартыўныя ж вынікі ў WTCR часта ўплывае тэхнічны баланс. Да яго можна ставіцца па-рознаму. І раней я пісаў ужо, што, напрыклад, прадстаўнікі каманды Cyan (чытай – кампаніі Lynk & Co) былі ім моцна незадаволеныя. А перад гэтым абураліся ў Hyundai. Думаю, хутка і Honda пачне прад’яўляць прэтэнзіі, таму што і Elantra N TCR, і Civic TCR пасля поспехаў гоншчыкаў, што выступаюць на іх, на папярэдніх этапах цяпер самі былі прыдушаныя.

І вось дык навіна: у кваліфікацыі на Хунгарарынгу перамог чэмпіён яшчэ часоў WTCC (2012 году) Роберт Хаф на CUPRA León Competición TCR, які прадстаўляе як раз вугорскую каманду Zengő Motorsport Services KFT. Праўда, па правілах, першым ён мусіў стартаваць толькі ў другой гонцы, а да яе яшчэ трэба было дажыць, праехаўшы першую, і вось у ёй брытанцу моцна не пашанцавала. Зачапіўшы абмежавальнік з шын, ён пашкодзіў падвеску левага пярэдняга кола свайго аўтамабіля, і другі заезд пачынаў з піт-лэйна, бо механікі не паспелі ўхіліць паломку за адведзены час.

Зрэшты, не толькі Роба ў першай гонцы насцігла няўдача. Для яго былога напарніка яшчэ па завадской камандзе Chevrolet, а цяпер прадстаўніка Cyan Racing Lynk & Co Івана Мюлера яшчэ больш драматычна склаўся старт. Не так драматычна, канечне, як старт Гран Пры Вугоршчыны для Валтары Ботаса, Ланда Норыса, Макса Ферстапена і яшчэ шэрагу пілотаў, але сітуацыя, у якую патрапіў француз, таксама была складанай.

На ўваходзе ў першы паварот яго ззаду паддзеў іспанскі напарнік Хафа Мікел Ацкона, у выніку чаго Іван зрабіў візіт за межы трасы і адкаціўся ў хвост пелатона. Пры гэтым у дзеяннях Ацконы суддзі парушэнняў не пабачылі, і пакаранняў ён пазбег.

А яны былі б надта крыўднымі, бо ў гонцы Мікел выглядаў выдатна. Пакуль бельгійскі гоншчык Comtoyou Team Audi Sport Жыль Магнус, які і пачынаў заезд з першай пазіцыі, захаваўшы яе, кантраляваў ход гонкі (ён жа ў выніку і перамог), а яго напарнік Фрэдэрык Вервіш прыкрываў яго тыл, Ацкона ціснуў на напарніка і пляменніка Мюлера, а таксама дзейснага чэмпіёна Яна Эрлашэ.

У другой палове гонкі іспанец здолеў абысці француза, а тут яму ненаўмысна сваім сходам дапамог Хаф, для эвакуацыі машыны якога заезд быў нейтралізаваны аўтамабілем бяспекі. Які ў сваю чаргу спрасаваў пелатон, дазволіўшы Ацконе падабрацца да Вервіша. Пасля аднаўлення гонкі Фрэдэрык не змог утрымаць ззаду не толькі Ацкону, але і Эрлашэ, фінішаваўшы толькі чацвёртым. Пераможны дубль у гоншчыкаў на Audi RS3 LMS не атрымаўся.

Аднак у нашмат болей складаным становішчы апынуўся Жан-Карл Вернэ, які ў Вугоршчыну прыехаў лідарам Кубку. У яго не задаліся і кваліфікацыя, дзе ён паказаў толькі шаснаццаты вынік, і ў гонцы француз адыграў толькі дзве пазіцыі (адну дзякуючы стартавай няўдачы Мюлера). Другую гоншчык Engstler Hyundai N Liqui Moly Racing Team правёў толькі крыху лепей, і быў трынаццатым на фінішы.

Асноўныя ж яго канкурэнты біліся за пазіцыі ў Топ-5. Уругвайскі гоншчык Cyan Performance Lynk & Co Санцьяга Уруція пасля фактычнай самаліквідацыі Хафа апынуўся першым на старце, атрымаўшы затым другую ў кар’еры перамогу. Астатнім задачу спрасціў аргенцінец ALL-INKL.COM Muennich Motorsport Нэстар Жыраламі, у першым павароце адправіўшы прэч з трасы канкурэнта з BRC Hyundai N LUKOIL Squadra Corse і мясцовага любімца Норберта Міхеліса.

Жыраламі, у адрозненні ад Ацконы, вінаватым прызналі, і пасля фінішу ён атрымаў пяць штрафных секунд, адкаціўшыся з другога месца на пятае. Так што некалькі яго супернікаў, што біліся ў яго за спінай, біліся па факце за подыум. Сярод іх найперш варта выдзяліць Вервіша, які стартаваў дзявятым, аднак з першага павароту выйшаў трэцім. Трэцім жа і фінішаваў, стаўшы другім пасля пакарання Жыраламі. Ацкону на гэты раз француз стрымаў ззаду – іспанец на ніжнюю ступень подыуму і падняўся.

Стратэгічна ж болей за ўсіх выйграў Эрлашэ. Ян стартаваў сёмым, фінішаваў чацвёртым, а ў асабістым заліку па выніках вугорскага этапу захапіў лідарства (француз зрабіў гэта яшчэ пасля першага заезду). У дзейснага чэмпіёна 103 ачкі, але Уруція, які падняўся на другую пазіцыю, саступае яму ўсяго два. Вернэ разам апусціўся на трэці радок, ад лідараў ён адстае моцна – у яго 87 ачкоў. Пры гэтым ад Магнуса і Вервіша яго аддзяляе, адпаведна, тры балы і пяць.

У камандным заліку першыя дзве пазіцыі захавалі за сабой абодва калектывы Cyan – Racing лідзіруе са 181 ачком, Performance другі і мае 174 балы. У каманды Comtoyou Team Audi Sport, што паднялася на трэцюю пазіцыю, іх 166.

Так што ў Мосце, дзе, як было адзначана вышэй, у кастрычніку працягнецца сезон WTCR, яго гонкі дакладна будуць цікавымі і падзейнымі.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные