Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/А вось і не Куартарара! На Гран Пры Арагона першую перамогу ў прэм’ер-катэгорыі MotoGP атрымаў Франчэска Баньяя

А вось і не Куартарара! На Гран Пры Арагона першую перамогу ў прэм’ер-катэгорыі MotoGP атрымаў Франчэска Баньяя

У гэта цяжка паверыць, але лідар чэмпіянату MotoGP Фабіа Куартарара за перамогу на Гран Пры Арагона ў мінулую нядзелю не змагаўся. Для яго гонка склалася надзвычай цяжка, затое Франчэска Баньяя і Марк Маркес зладзілі сапраўднае шоў.

14 сентября 2021, 17:48
А вось і не Куартарара! На Гран Пры Арагона першую перамогу ў прэм’ер-катэгорыі MotoGP атрымаў Франчэска Баньяя

Фота: motogp.com

У гэта цяжка паверыць, але лідар чэмпіянату MotoGP Фабіа Куартарара за перамогу на Гран Пры Арагона ў мінулую нядзелю не змагаўся. Для яго гонка склалася надзвычай цяжка, затое Франчэска Баньяя і Марк Маркес зладзілі сапраўднае шоў.

Узровень тэхнікі як мінімум у завадскіх камандах MotoGP сёння больш ці менш роўны. Нельга сказаць, што адна траса больш пасуе Ducati, таму што рухавікі яе Desmosedici GP21 самыя магутныя, а на якой-небудзь іншай фаварытамі будуць наезнікі Yamaha YZR-M1 дзякуючы выдатным паводзінам японскага шасі ў паваротах. Хутчэй можна гаварыць аб індывідуальным стылі і фізічнай форме гоншчыкаў, што канкрэтна камусьці з іх дае перавагу або наадварот, не дазваляе ім раскрыцца на сто адсоткаў на тым ці іншым трэку.

Раней я ўжо неаднаразова звяртаў увагу на прагрэс, які перад гэтым сезонам зрабілі завадская каманда Monster Energy Yamaha MotoGP і яе гоншчык Фабіа Куартарара, які ў мінулым годзе пэўны час прэтэндаваў на тытул у складзе Petronas Yamaha SRT. Але вось траса Мотарлэнд Арагон у іспанскім Альканісе французу па-ранейшаму не надта падабаецца. Таму не надта дзіўна было, што поўл у суботу дастаўся не яму (Эль Д’ябла кваліфікаваўся трэцім), а як раз яго галоўнаму пераследніку ў чэмпіянаце Франчэска Баньяі з завадской Ducati Lenovo Team.

Аднак асабіста я не сумняваўся, што ўжо ў гонцы Фабіа ну дакладна адыграецца. Можа і саступіць пару пазіцый на самым старце, але потым усё роўна ўсіх дагоніць і абгоніць, што ў гэтым сезоне мы бачылі неаднаразова. Тым больш, напрыклад, што напарніка Баньяі Джэка Мілера пры ўсёй павазе ў фаварыты чэмпіянату не залічыш. Ды і сам Пека ўжо не аднойчы выпускаў з рук перамогу, у тым ліку крыўдным чынам, як на яго хатнім майскім Гран Пры Італіі ў Муджэла.

І наколькі ж дзіўна ў нядзелю было глядзець на тое, як Куартарара, чакана саступіўшы некалькі пазіцый на старце, потым не проста не пачаў вяртаць іх назад, а працягнуў губляць. Дакаціўся лідар сезону ў выніку да восьмай пазіцыі, на якой і фінішаваў, ледзь адбіўшыся ад пераможцы Гран Пры Штырыі Хорхе Марціна з Pramac Racing і японскага гоншчыка LCR Honda Такаакі Накагамі.

Не меней цікава было назіраць за падзеямі ў галаве пелатону. Тут аўтарам сенсацыі ўжо са знакам «плюс» стаў шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес. Як я і прадказваў, падводзячы прамежкавыя вынікі пасля першай паловы сезону, летняя паўза пайшла на карысць іспанскаму гоншчыку Repsol Honda Team. Наступствы яго цяжкай траўмы левага пляча, якую ён атрымаў у мінулым годзе на самым першым этапе ў Херэсе, пераадоленыя яшчэ не цалкам, аднак зараз Марк ужо значна бліжэй да той сваёй чэмпіёнскай формы, да якой усе прывыклі за некалькі папярэдніх гадоў, чым гэта было ў пачатку цяперашняга сезону.

І калі б Гран Пры Арагона быў першым этапам, Маркес дакладна зрабіў бы адназначную заяўку на чэмпіёнства. На старце іспанец упэўнена пакінуў ззаду Куартарара, а ў першым павароце скарыстаўся памылкай Мілера і выйшаў на другую пазіцыю. Затым, праўда, на некаторы час сітуацыя быццам бы стабілізавалася: Баньяя з Маркесам пакрысе ад’язджалі ад Мілера, але паміж імі двума такой ужо вострай барацьбы не назіралася. Аднак бойка, якая пачалася ў іх за чатыры кругі да фінішу, была вартая таго, каб яе дачакацца!

Колькі разоў яны мяняліся пазіцыямі, падлічыць можна было б, але рабіць гэтага не хацелася. Нашмат лепей было расслабіцца і атрымліваць асалоду ад таго, як рашуча і адчайна Маркес атакаваў на ўваходах у павароты, а Баньяя контратакаваў і вяртаў сабе лідарства на выхадах з іх. Па іроніі лёсу, атака на апошнім кругу ў дванаццатым павароце, які названы ў гонар Марка, была няўдалай – гоншчык Хонды выехаў шырока за межы трасы, дазволіўшы Баньяі ад’ехаць на бяспечную адлегласць і атрымаць сваю доўгачаканую першую перамогу ў прэм’ер-класе MotoGP.

Маркес задаволіўся другім месцам, якое, зрэшты, усё роўна стала для яго высокай узнагародай пасля ўсіх прыгод двух апошніх сезонаў. Хоць поспех на Заксэнрынгу, дзе Марк перамог, паўтарыць, канечне, ён хацеў моцна. Аднак дзякавалі яны з Баньяй адзін аднаму за такое спаборніцтва шчыра.

А вось у Мілера падтрымаць тэмп напарніка не атрымалася – аўстраліец памыліўся на адзінаццатым кругу і прапусціў наперад гоншчыка Aprilia Racing Team Gresini Алеша Эспаргара і пакуль яшчэ дзейснага чэмпіёна з Team Suzuki Ecstar Жоана Міра, фінішаваўшы пятым. Крыху пазней Мір абагнаў Эспаргара і ў выніку падняўся на ніжнюю ступень подыуму.

Перамога Баньяі на Гран Пры Арагона дапамагла яму значна паправіць яго становішча ў чэмпіянаце, дзе ён падняўся на другую пазіцыю і мае 161 ачко. Куартарара з 214, праўда, па-ранейшаму далёка, але яшчэ адзін настолькі ж складаны этап, і такая перавага можа значна паменшыцца. Зрэшты, Мір, якога Баньяя змясціў на трэці радок, адстае ад яго ўсяго на чатыры балы, і яшчэ абавязкова паспрабуе вярнуць страчанае.

Наколькі ўдала кожны з удзельнікаў MotoGP справіцца са сваімі задачамі, мы пабачым ужо ў бліжэйшы ўік-энд – чэмпіянат 17-19 верасня працягнецца на трасе імя Марка Сіманчэлі ў італьянскім Мізана, на якой пройдзе Гран Пры Сан-Марына і Рыв’еры Рыміні.

Нажаль, этап у Аргенціне ў гэтым годзе ўжо афіцыйна і канчаткова адменены, так што цяпер іх застаецца толькі пяць, а па той бок Атлантычнага акіяну пройдзе толькі адзін – Гран Пры Амерык на трасе ў тэхасскім Осціне. Яму, здаецца, нішто не пагражае.

Другие посты блога

Все посты