Гоначная псіхапатыя
Блог

Ралі багоў і Кале Раванпэры. На этапе WRC у Грэцыі малады фін адсвяткаваў другі ў сваёй кар’еры трыумф

Фота: wrc.com

Вяртання легендарнага ралі Акропаля ў каляндар чэмпіянату свету чакалі многія яго ўдзельнікі, але перамог на ім той з іх, хто ніколі дагэтуль у Грэцыі не стартаваў – прадстаўнік каманды Toyota Кале Раванпэра. А вось для многіх яго канкурэнтаў мінулы ўік-энд выдаўся цяжкім.

Грэчаскае ралі Акропаля заўсёды лічылася адным з самых складаных. Але, можа быць, якраз сваёй патрабавальнасцю да экіпажаў і машын ўдзельнікам WRC яно пры гэтым і падабалася. І многія з іх, верагодна, сумавалі па ім пасля 2013 году, калі яно адбылося апошні раз, стаўшы затым на пяць гадоў этапам еўрапейскага чэмпіянату.

Гоначная кар’ера Кале Раванпэры, якому зараза 20 гадоў, ў той час яшчэ толькі мелася пачацца. Але паколькі пасля яе старту фін прымаў удзел у нацыянальных чэмпіянатах сваёй краіны і Латвіі, а потым адразу патрапіў у катэгорыю WRC2 чэмпіянату свету, абмінуўшы еўрапейскае першынство, то для яго візіт у Грэцыю ў гэтым годзе быў першым.

Аднак гоншчык Таёты, які праводзіць усяго другі свой поўны сезон у вышэйшай катэгорыі сусветнага ралійнага чэмпіянату, ужо паспеў прымусіць усіх успрымаць сябе ўсур’ёз. Перамога на яго рахунку ўжо была – на ліпеньскім этапе ў Эстоніі, ды і подыумы на лютаўскім Арктычным ралі Фінляндыі і папярэднім этапе ў Бельгіі яскрава дэманстравалі хуткасць Кале.

Былі ў яго, канечне, і няўдачы, у тым ліку ў гэтым годзе. Але без іх не абыходзіцца нават у аднаго з яго партнёраў па камандзе – лідара гэтага чэмпіянату, сяміразовага і дзейснага чэмпіёна Себасцьена Аж’е, які праводзіць свой апошні поўны сезон у WRC. Памылка ў Фінляндыі, у выніку якой француз зляцеў з трасы, дорага яму каштавала.

Умовы ж у наваколлях Афін былі для Сэба падобнымі на лапландскія ў тым сэнсе, што, быўшы лідарам чэмпіянату, ён мусіў быў адкрываць допы і працаваць бульдозерам. Хуткасці гэта, вядома, не дабаўляе, ды яшчэ і з шынамі гадаць даводзіцца, прытым што надвор’е ў Акропалісе ў канцы мінулага тыдня стабільнасцю не адрознівалася.

У чацвер, напрыклад, калі адбыліся шэйкдаўн і першы спецучастак – 980-метровы суперспэшл Cosmote 5G Athens на вуліцах грэчаскай сталіцы, – ішоў дождж. І калі пакуль пад калёсамі быў асфальт, то Аж’е змог нават захапіць лідарства, то ў пятніцу, калі было суха і пачаліся сапраўдныя гравійныя допы, француз ужо пасля трэцяга саступіў Раванпэры першую пазіцыю, а сам адкаціўся на трэцюю.

Наперад тады выйшаў не толькі яго фінскі партнёр па Таёце, але і яе былы гоншчык, які цяпер выступае за Hyundai – чэмпіён 2019 году От Цянак. А ззаду Аж’е пачаў падпіраць яшчэ адзін яго партнёр па камандзе Элфін Эванс. Можа, і чацвёрты прадстаўнік Таёты Такамота Катсута апынуўся б у групе лідараў, але ён у Грэцыі не стартаваў, паколькі часова застаўся без свайго штурмана Кітана Уільямса, у якога ўзніклі непераадольныя сямейныя абставіны.

Партнёры ж Цянака Цьеры Нэвіль, які амаль месяцам раней і выйграў сваё хатняе ралі Іпру, а таксама Дані Сорда сур’ёзнай пагрозы Аж’е не прадстаўлялі. І калі іспанцу проста не хапала хуткасці, то бельгіец адным з першых стаў ахвярай тэхнічных праблем, застаўшыся на чацвёртым спецучастку без узмацняльніка рулявога кіравання.

Праўда, не на яго першага зваліліся непрыемнасці – яшчэ на папярэднім допе з барацьбы за высокія пазіцыі быў выключаны Эванс, на чыім Yaris WRC выйшла з ладу скрыня перадач. Так што сапраўдных прэтэндэнтаў на перамогу ўжо ў першы спаборніцкі дзень засталося толькі трое: Раванпэра, Цянак і Аж’е.

Для кожнага з іх адным з ключавых момантаў быў выбар гумы. Усе спрабавалі розныя камбінацыі кампаўндаў, у тым ліку адрозныя на колах адной восі. У гэтакай рускай рулетцы выйграў Раванпэра, які пятніцу скончыў у рангу лідара ралі. Перавага яго, зрэшты, тады была яшчэ невялікай – Цянак адставаў усяго на 3,7, а Аж’е – на 3,9 секунды.

Прытым што От, напрыклад, таксама сутыкнуўся з некаторымі тэхнічнымі праблемамі: рухавік яго i20 Coupé WRC у пятніцу на ранішняй секцыі некалькі разоў глух, а потым яшчэ перагрэўся адзін з амартызатараў. Да таго ж яму, як і многім іншым, замінаў пыл, што ўздымалі машыны экіпажаў, якія стартавалі раней за яго.

Ну а ўжо з раніцы суботы Цянак пачаў саступаць Раванпэры проста па чыстай хуткасці, таму яго галоўнай задачай стала не прапусціць наперад Аж’е. Той, зрэшты, разумеючы, што на яго лідарства ў чэмпіянаце ні гоншчык Hyundai, ні яго малады партнёр па Таёце не пасягаюць, і сам не надта спяшаўся, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй, якую Сорда ў яго адабраць быў не ў стане.

Так што калі ў суботу Аж’е з Цянакам яшчэ дазволілі сабе адзначыцца лепшымі вынікамі на перадапошнім і апошнім допах адпаведна, то нядзелю, калі надвор'е зноў змянілася і пайшоў дождж, яны аддалі на водкуп Раванпэры. Кале выйграў усе тры спецучасткі апошняга спаборніцкага дня, узяўшы максімальныя 30 ачкоў, уключаючы 5 бонусных за лепшы час на фінальным суперспэшле Tarzan 2. Хоць другая ў яго кар’еры перамога на этапе WRC, канечне, найгалоўная за ўсё астатняе.

Грэчаскі трыумф дазволіў Кале амаль дацягнуцца да першай тройкі чэмпіянату. Нэвілю, які пакуль што яе замыкае са 130 ачкамі, фін саступае ўсяго адно. Цьеры, дарэчы, здолеў у Акропалісе дацягнуцца да восьмага месца і ўзяў два бонусных балы за чацвёрты час на фінальным суперспэшле. На якім Эванс фінішаваў з другім вынікам і зарабіў чатыры бонусных балы, ды і ў генеральнай класіфікацыі размясціўся вышэй – на шостым месцы. Так што другую пазіцыю ў чэмпіянаце валіец захаваў. Нэвіля ён апярэджвае на шэсць ачкоў. Ну а Аж’е, у якога цяпер 180 ачкоў, застаўся лідарам.

Toyota дзякуючы вынікам Раванпэры і Аж’е і чарговым праблемам у канкурэнтаў з Hyundai не толькі захавала лідарства ў заліку вытворцаў, але і павялічыла адрыў ад карэйскай каманды – у іх цяпер 397 і 340 ачкоў адпаведна. M-Sport Ford, чыім лепшым прадстаўніком у Грэцыі стаў Гас Грынсміт, які заняў пятае месца, са 153 ачкамі па-ранейшаму трэці.

Стартавалі на ралі Акропаля і прадстаўнікі малодшых катэгорый WRC2 і WRC3. У першай пераможны дубль адсвяткавала каманда Toksport – Андрэас Мікельсэн заняў першую пазіцыю (і дзявятую ў абсалюце), а Марка Буласіа другую. Нарвежац і балівіец на двух Škoda Fabia Rally2 увесь ўік-энд спаборнічалі паміж сабой, тады як расіянін Мікалай Гразін, які фінішаваў трэцім, пакуль што прывыкае да Ford Fiesta Rally2 каманды M-Sport. На новай машыне ён часта прамахваўся міма паваротаў і ў выніку адстаў ад Мікельсэна болей чым на тры хвіліны.

Наперадзе Гразіна (ён у абсалютным заліку размясціўся на трынаццатым месцы) апынуліся і два прызёры WRC3. Якіх можа было б і тры, калі б не дыскваліфікацыя Йохана Русэля, які спачатку перамог. І як перамог! Па выніках першага дня француз саступаў лідарам амаль паўхвіліны, аднак у суботу наступіў на акселератар свайго Citroën C3 Rally2, пачаў адыгрывацца і ў нядзелю фінішаваў з перавагай у 19,1 секунды перад Каетанам Каетанавічам на Шкодзе, які заняў другое месца.

Брытанец Крыс Інграм, які таксама выступае на аўтамабілі чэшскай маркі, фінішаваў на трэцяй пазіцыі, але хутка яна пераўтварылася ў другую. Высветлілася, што пярэдні падрамнік Сітраэна Русэля цяжэйшы, чым дазваляе рэгламент. Маса дэталі не павінна перавышаць 12 857,25 грама (проста ацаніце дакладнасць!), тады як кантрольнае ўзважванне паказала роўна 12 950 грамаў.

Магчыма, Citroën Racing падвялі пастаўшчыкі, якія не патрапілі ў поле допускаў, прычым зрабілі яны гэта ўжо другі раз за сезон – аналагічнае парушэнне на аўтамабілі Русэля было выяўлена яшчэ на чэрвеньскім ралі Сардыніі. Тады каманда была аштрафаваная на 30 000 еўра, аднак сплаціла толькі палову – астатнія 15 000 засталіся вісець у якасці умоўнага пакарання, калі такое ж парушэнне будзе дапушчанае на канца сезону. На такую ж суму Citroën аштрафавалі і цяпер, аднак сплацілі французы толькі 5 000. Рэшту ім прыдзецца заплаціць, калі парушэнне паўторыцца цягам наступных дванаццаці месяцаў.

Так ці інакш, перамога ў WRC3 у выніку дасталася Каетанавічу, а Інграм, як было адзначана вышэй, заняў другое месца. Замкнуў першую тройку фінскі гоншчык Эміль Ліндхольм, які гэтак жа як і паляк з брытанцам выступае на Škoda Fabia Rally2.

Нажаль, у гэтым годзе чэмпіянат свету па ралі таксама не прыедзе ў Японію, чаго варта было чакаць пасля адмены этапаў у гэтай краіне Формулы-1, чэмпіянату свету па гонках на цягавітасць і чэмпіянату MotoGP. Аднак этапаў WRC усё роўна застаецца тры, бо замена знайшлася. Як і ў мінулым годзе, сезон скончыцца ў італьянскай Монцы, што можна толькі вітаць, памятаючы, якім ралі вакол Храма Хуткасці было ў мінулым снежні. Толькі што цяпер яно пройдзе 19-21 лістапада, але розніца невялікая. Ну а наступны этап WRC – доўгачаканае Ралі 1000 азёр у Фінляндыі – адбудзецца 1-3 кастрычніка.

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные