Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Баньяя разышоўся. Другой перамогі ў кар’еры гоншчыку Ducati прыйшлося чакаць усяго адзін тыдзень

Баньяя разышоўся. Другой перамогі ў кар’еры гоншчыку Ducati прыйшлося чакаць усяго адзін тыдзень

Франчэска Баньяя перамог на Гран Пры Сан-Марына і ўзбярэжжа Рыміні. На становішча ў чэмпіянаце MotoGP гэта не надта паўплывала, аднак сігнал усё роўна пазітыўны. Ды яшчэ і не адзіны пазітыўны!

20 сентября 2021, 19:04
Баньяя разышоўся. Другой перамогі ў кар’еры гоншчыку Ducati прыйшлося чакаць усяго адзін тыдзень

Фота: motogp.com

Франчэска Баньяя перамог на Гран Пры Сан-Марына і ўзбярэжжа Рыміні. На становішча ў чэмпіянаце MotoGP гэта не надта паўплывала, аднак сігнал усё роўна пазітыўны. Ды яшчэ і не адзіны пазітыўны!

Да ўчарашняга дня поспех Пека на Гран Пры Арагона тыднёвай даўніны бачыўся збольшага выпадковым. Ну не пашанцавала ў Іспаніі Фабіа Куартарара проста: і траса яму не пасавала, і з ціскам у шынах у яго камандзе тады памыліліся. Наколькі можна зразумець, Эль Д’ябла стартаваў у Альканісе на перакачаных пакрышках, і таму калі ён апынуўся ў шчыльнай групе сваіх супернікаў, жар ад рухавікоў іх матацыклаў дадаткова павысіў ціск у шынах, да таго ж яны хутка выйшлі з аптымальнага тэмпературнага рэжыму, і француз пазбавіўся хуткасці.

У Мізана такой памылкі ў Monster Energy Yamaha MotoGP не паўтарылі, і тэмп лідара чэмпіянату быў высокім цягам усяго мінулага ўік-энду. Толькі і гэтым поўл заваяваў не Куартарара, а Баньяя. Фабіа, канечне, у суботу паспрабаваў угнацца за Франчэска і нават меў усе шанцы заваяваць першую стартавую пазіцыю, аднак упаў на апошніх хвілінах другой кваліфікацыі. Не ён адзін, зрэшты – такія ж непрыемнасці здарыліся і з Маркам Маркесам, і з Алешам Эспаргара. На шчасце, ва ўсіх выпадках падзенні не былі сур’ёзнымі і да траўм не прывялі.

Першы ж шэраг у выніку быў такім жа, як і ў Арагоне – з Баньяяй на поўле, Куртарара на трэцяй пазіцыі і Джэкам Мілерам паміж імі. Пры гэтым аўстраліец напярэдадні заявіў, што гатовы дапамагаць напарніку па Ducati і стрымліваць канкурэнта з Ямахі. Сваё абяцанне Мілер выканаў, але ў Мізана, дзе няма доўгіх прамых, затое багата паваротаў, нават магутны рухавік Desmosedici GP21 не забяспечвае перавагі над шасі Yamaha YZR-M1.

На першым кругу Куартарара страціў толькі адну пазіцыю, прапусціўшы наперад Хорхе Марціна. Аднак ужо на другім пасля кароткай сутычкі француза і іспанца, падчас якой яны некалькі разоў абагналі адзін аднаго, апошні выбыў з барацьбы, злавіўшы лоўсайд у чатырнаццатым павароце. Юны аўтар сенсацый гэтага году з Pramac Racing здолеў падняцца і працягнуць барацьбу, але пасля некалькіх кругоў сышоў з дыстанцыі.

Па ўсяму відаць, Марцін не паспеў прагрэць пярэднюю шыну (менавіта пярэдняе кола ў яго і слізганула) – саставу Medium у адрозненні ад Soft, што паставіў спераду Куартарара. А вось на заднім коле Ямахі Фабіа быў кампаўнд Hard, які і даў яму перавагу на доўгай дыстанцыі. І пасля таго, як мяккая гума, якая стаяла ззаду на Ducati Мілера перастала працаваць, Эль Д’ябла без асаблівых цяжкасцей абагнаў яго на чатырнаццатым кругу, пачаўшы набліжацца і да Баньяі.

І пакуль Мілер працягваў губляць пазіцыі (фінішаваў ён толькі шостым, аднак класіфікаваны быў пятым, бо дзейснага чэмпіёна з Team Suzuki Ecstar Жоана Міра пазбавілі адной пазіцыі за парушэнне меж трасы), Куартарара імкліва даганяў яго напарніка. На апошніх кругах паміж Франчэска і Фабіа не было і паловы секунды, і абгон мог адбыцца ў любы момант і ў любым месцы.

Але абагнаць Пека не так-та і проста, у чым усе пераканаліся яшчэ на Гран Пры Арагона, ды і Куартарара, відаць, разумеў, што ў чэмпіянаце ў яго страты будуць мінімальныя, нават калі ён фінішуе другім. Так ён і зрабіў, дазволіўшы Баньяі усяго праз тыдзень пасля першай перамогі ў прэм’ер-катэгорыі MotoGP атрымаць і другую. Сенсацыяй жа стала не яна, а трэцяе месца гоншчыка Avintia Esponsorama Энэа Басціаніні на пазамінулагодняй Ducati – Desmosedici GP19!

Малады італьянец стартаваў дванаццатым, але доўгі час быў адным з самых хуткіх. А на апошніх кругах – нават хутчэйшым за ўсіх. Напрыклад, трэцюю пазіцыю, абагнаўшы самога Марка Маркеса, ён здабыў на дзевятнаццатым. Пры гэтым на яго заднім коле, як і ў Баньяі з Мілерам, стаў «софт». Верагодна, захаваць гуму ў працаздольным стане Энэа дапамагло надвор’е – было суха, але не спякотна. Аднак вынік выдатны безадносна акалічнасцей.

На фоне Басціаніні Маверык Віньялес, Франка Марбідэлі і Андрэа Давіцыоза сталі героямі другога плану. Хоць усе трое, безумоўна, заслугоўвалі ўвагі. Першы, сышоўшы пасярэдзіне гэтага сезону з завадской Ямахі і падпісаўшы кантракт з будучай завадской Апрыліяй, далучыўся да італьянскай маркі яшчэ ў Арагоне. У складзе Aprilia Racing Team Gresini Топ Ган замяніў Ларэнца Савадоры. І калі на хатнім этапе Віньялес нічым асабліва не бліснуў, фінішаваўшы васямнаццатым, то ўчора ўжо «заехаў» у ачкі, заняўшы трынаццатае месца.

З Марбідэллі нарэшце адбылося тое, што, паклаўшы руку на сэрца, мусіла б адбыцца яшчэ пасля мінулага сезону – дзейсны віцэ-чэмпіён апынуўся на месцы Віньялеса, у завадской Ямахе. Напарнікам Куартарара Франка будзе і ў наступным годзе, і калі ён канчаткова вернецца да сваёй лепшай формы (у яго толькі завяршылася рэабілітацыя пасля аперацыі на калене), то абавязкова будзе адным з прэтэндэнтаў на тытул.

Учора ж італьянец фінішаваў толькі васямнаццатым, але не апошнім. Апошнім – дваццаць першым – да фінішу прыйшоў… Давіцыоза! Андрэа, які ў мінулым сезоне развітаўся з Ducati і ва ўсю праводзіў тэсты ў Апрыліі, каб апынуцца ў сезоне-2022 у складзе яе завадскога калектыву, у выніку застаўся без месца там, якое дасталася якраз Віньялесу.

Сам жа Дові прыйшоў на месца Марбідэлі ў Petronas Yamaha SRT, дзе застанецца як мінімум на адзін год. Праўда, каманда-сатэліт Трох Камертонаў з наступнага году будзе называцца іначай, бо яе спансаванне з боку трасы Сепанг і нафтавага гіганту Petronas падыходзіць да завяршэння. Затое матацыкл як мінімум у Давіцыоза будзе самым новым.

Што ж да галоўных герояў цяперашняга сезону, то Куартарара з 234 ачкамі застаўся лідарам чэмпіянату, а Баньяя, застаўшыся на другой пазіцыі, крыху да яго наблізіўся – у італьянца 186 балаў. Мір мае 167 і пакуль што замыкае першую тройку.

З трасай імя Марка Сіманчэлі ў гэтым годзе MotoGP не развітваецца – чэмпіянат вернецца на яе праз месяц, каб правесці там Гран Пры Эмільі-Раманьі. Але спачатку ён здзейсніць доўгачаканы візіт за межы Еўропы і нават Еўразіі – у Паўночную Амерыку, на Трасу Амерык у Осціне, што ў штаце Тэхас. Этап у ЗША пройдзе 1-3 кастрычніка.

Другие посты блога

Все посты