Гоначная псіхапатыя
Блог

Наступ Віаля і Херлінгса. Гоншчыкі KTM дамінавалі на этапе чэмпіянату свету па мотакросе ў Рыола Сарда

Фота: mxgp.com

Том Віаль і Джэфры Херлінгс у мінулы ўік-энд выйгралі абедзве гонкі сусветнага мотакросу ў сваіх катэгорыях на трасе Рыола Сарда на выспе Сардынія. Пры гэтым Херлінгс яшчэ і перахапіў у Ціма Гайсэра лідарства ў чэмпіянаце ў старэйшай катэгорыі MXGP. А што Гайсэр і іншыя ўдзельнікі?

Застаецца толькі здагадвацца, як цесна было б Максіму Рэно на яго лідарскай пазіцыі ў чэмпіянаце ў катэгорыі MX2, калі б Том Віаль не выбыў з барацьбы на некалькі этапаў праз траўму на этапе ў Вялікабрытаніі. Безумоўна, гоншчык Monster Energy Yamaha Factory Racing выступае моцна і, што не меней важна, роўна, без моцных правалаў. Але і яго суайчыннік і канкурэнт з Red Bull KTM Factory Racing падчас жнівеньскай паўзы аднавіў фізічную форму, што стала заўважна ўжо на этапах у Турцыі, на якіх ён на абодвух перамог.

Ну а на Сардыніі стала зразумела, што тыя поспехі Віаля былі не выпадковымі. 1 750-метровая траса Рыола Сарда лічыцца адной з самых складаных, самі гоншчыкі MXGP параўноўваюць яе з Ломелем. Яна патрабуе быць агрэсіўным, але за памылкі карае бязлітасна, што ў мінулую нядзелю зрабіла са многімі ўдзельнікамі гонак сусветнага мотакросавага першынства. Напрыклад, на старце абодвух заездаў а абедзвюх катэгорыях далёка не ўсе гоншчыкі паспяхова пераадолелі першы паварот.

У першай гонцы MX2 адной з ахвяр завалу там стаў прадстаўнік Honda 114 Motorsports Рубэн Фернандэс, які ў выніку сышоў з дыстанцыі. Ды і проста праехаць без прыгод першы круг атрымалася не ва ўсіх: на ім упалі Маціс Байрам з F&H Kawasaki Racing, Джэд Бітан з Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing, а таксама партнёр Рэно па завадской Ямахе Яга Гіртс.

Сам жа Рэно такіх непрыемнасцей пазбег, хіба што стартаваў не лепшым чынам, тады як Віаль захапіў лідарства ўжо на старце. Аднак Максім, апынуўшыся спачатку на шостай пазіцыі, хутка пачаў прарывацца наверх і абганяць супернікаў. Некаторыя з іх пры гэтым працягвалі падаць, як, напрыклад, яшчэ адзін суайчыннік і партнёр Максіма па камандзе Цібольт Беністан прыкладна на сярэдзіне дыстанцыі, калі ён займаў трэцюю пазіцыю. І як адзін з партнёраў Віаля па KTM Рэнэ Хофер на дзясятым кругу. Яго, праўда, за імгненні да гэтага Рэно абышоў і так, дабраўшыся да першай тройкі.

Неўзабаве Рэно дагнаў і яшчэ аднаго прадстаўніка аўстрыйскай каманды і свайго пакуль што галоўнага пераследніка ў чэмпіянаце – Маціа Гуаданьіні. Італьянец доўгі час ішоў на другой пазіцыі, але яўна саступаў канкурэнту з Ямахі ў тэмпе, таму на дванаццатым кругу прапусціў яго практычна без бою.

Віаль да таго моманту паспеў ад’ехаць на бяспечную адлегласць. Але, атрымаўшы аператыўную прастору, Рэно пачаў хутка яго даганяць. І на перадапошнім кругу справа дайшла да рэальнай сутычкі паміж двума французамі. Том, зрэшты, абараняўся эфектыўна, у тым ліку прыкрываючыся кругавымі, і ўтрымаў лідарства да фінішу. Рэно фінішаваў другім у адной з невялічкім секундзе за ім, Гуаданьіні скончыў гонку на трэцяй пазіцыі.

Па-сапраўднаму Маціа не пашанцавала ў другім заездзе. Непрыемнасцей на старце ён пазбег, у адрозненні ад Байрама і гоншчыка DIGA Procross GasGas Factory Racing Сімона Лагенфельдэра, якія ўпалі незалежна адзін ад аднаго перад першым паваротам (Лагенфельдэр яшчэ і Хофера ледзь не прыбраў – іх матацыклы счапіліся адзін з адным). Але праз некалькі паваротаў, атакуючы Віаля, які ізноў захапіў лідарства хол-шотам на старце, упаў і Гуаданьіні. Італьянец, страціўшы шмат пазіцый, гонку працягнуў, але пазней упаў яшчэ раз і сышоў з дыстанцыі, не здолеўшы завесці матор свайго KTM.

Рэно і ў другой гонцы стартаваў не лепей за ўсіх, аднак да першай тройкі дабраўся значна хутчэй. Праўда, свае планы на подыум былі і ў Гіртса. Пасля старту ён апынуўся паблізу ад свайго французскага партнёра па камандзе, але потым адпусціў яго, затрымаўшыся ззаду ў іншых канкурэнтаў. На тое, каб з імі разабрацца, бельгійцу спатрэбілася шмат часу, аднак ён быў у шчыльнай групе. У выніку абганяць Яга спатрэбілася толькі Басціана Боўг-Дама з WZ Racing Team. А Беністан і сам упаў, і гоншчыка Rockstar Energy Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа з сабою прыбраў (нідэрландзец не паспеў аб’ехаць француза і ўехаў у яго).

Так што трэцяя пазіцыя Гіртсу дасталася лягчэй, ды яшчэ і траса перад ім стала свабоднай, чым ён скарыстаўся, каб дагнаць Рэно. Якога ён не толькі дагнаў, але і абагнаў на апошніх кругах, каб затым фінішаваць другім. Рэно атрымаў адмашку клецістым сцягам трэцім, а Віаль перамог, дабіўшыся другога пасля старту гэтага сезону ў Расіі дубля на этапе. Адпаведна, і выніковая перамога дасталася дзейснаму чэмпіёну. Рэно заняў другое месца, а дэ Вольф замкнуў першую тройку.

Ды і ў чэмпіянаце Віаль, у якога цяпер 277 ачкоў, сваё становішча моцна паправіў, падняўшыся на шостую пазіцыю. Рэно, зразумела, пакуль што ўсё роўна далёка – у яго 403 балы, і лідарству ягонаму ніхто не пагражае. Гуаданьіні захаваў другую пазіцыю, але саступае Максіму ўжо 71 ачко, а Гіртса, які ў сваю чаргу застаўся трэцім, апярэджвае толькі на сем. Вось у заліку вытворцаў спаборніцтва за першую пазіцыю шчыльнае. Yamaha з 446 ачкамі лідзіруе, але KTM, займаючы другую пазіцыю, саступае ёй усяго дзесяць балаў. Husqvarna адстае ад яго роўна на сто ачкоў і па-ранейшаму замыкае першую тройку.

Пашанцавала на Сардыніі завадской камандзе KTM і ў старэйшай катэгорыі MXGP, дзе ў ролі дамінатара выступіў жалезны Джэфры Херлінгс. У першай гонцы, праўда, яму ў нейкім сэнсе пашанцавала, бо адной з ахвяр стартавага завалу ў першым павароце стаў дзейсны чэмпіён і на той момант лідар чэмпіянату Цім Гайсэр. Каштавала гэта славенцу дорага, хоць некалькі ачкоў, фінішаваўшы дзясятым, ён і выратаваў. Толькі што хуткасці на Рыола Сарда завадскому гоншчыку Хонды ўсё роўна не хапала, і ў другім заедзе ён фінішаваў восьмым, быўшы не ў стане ўгнацца за фаварытамі этапу.

У іх ліку мог быць і шматразовы чэмпіён Антоніа Кайролі, які на мінулым тыдні аб’явіў аб тым, што гэты сезон MXGP стане для яго апошнім. Аднак сур’ёзная аварыя на трэніроўках вывела яго з барацьбы. Траўм італьянец быццам бы не атрымаў, у адрозненні ад яго матацыкла, на якім адламалася правая ручка стырна, аднак у камандзе вырашылі не рызыкаваць яго здароўем. Шкада, бо на хатнім этапе Тоні меў усе шанцы бліснуць.

Затое адыграліся яго партнёры па камандзе – згаданы Херлінгс і Хорхе Прада. Яны прынеслі KTM дубль у абедзвюх гонках. І не магу ўтрымацца ад спойлера: і ў першым, і ў другім заездзе аднолькава выглядала ўся першая чацвёрка! Трэцім усе разы фінішаваў французскі гоншчык Monster Energy Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, а чацвёртым – нідэрландзец Калвін Влаандэрэн з каманды Gebben Van Venrooy Yamaha Racing.

У першай гонцы Херлінгс усіх проста раскатаў, стартаваўшы з хол-шотам і фінішаваўшы з перавагай перад Прада амаль у сорак дзве з паловай секунды. А вось іспанцу за другую пазіцыю прыйшлося пабароцца з прадстаўніком завадской Ямахі Бэнам Уотсанам. Нядоўга, праўда – Хорхе хутка зламаў супраціў брытанца, які затым адкаціўся на сёмую пазіцыю, на якой і фінішаваў. У фінальным заездзе ўік-энда Прада, які запісаў хол-шот на сваё імя, давялося з палову кругоў абараняцца ад атак з боку Херлінгса, але ў выніку іспанец саступіў нідэрландскаму партнёру. Задаволіўшыся другім месцам па выніку не толькі гонкі, але і ўсяго этапу.

Фэвр падняўся на ніжнюю ступень подыуму, а Херлінгс, натуральна, на вышэйшую. Што яшчэ больш важна, Джэфры стаў новым лідарам чэмпіянату – у яго пасля візіту на Сардынію 371 ачко, што ўсяго на адно болей, чым у Гайсэра. Ды і Фэвр, які застаўся трэцім, з яго 367 баламі блізка. KTM, маючы 473 ачкі, дамінуе над усімі ў заліку вытворцаў у MXGP. Honda з 379 баламі пакуль што застаецца на трэцяй пазіцыі, але Kawasaki, займаючы трэцюю, саступае ёй толькі сем ачкоў.

Наступны этап MXGP пройдзе ў нямецкім Тойчэнтале 1-3 кастрычніка, аднак вялікія мотакросавыя гонкі адбудуцца і ў гэты ўік-энд. На трасе ў італьянскай Мантаве, на якой у лістападзе гэты сезон завершыцца, пройдзе так званая мотакросавая алімпіяда – Мотакрос Нацый. У залік чэмпіянату ён не ўваходзіць, але ўсё роўна будзе цікава!

Комментарии

Возможно, ваш комментарий – оскорбительный. Будьте вежливы и соблюдайте правила
  • По дате
  • Лучшие
  • Актуальные