Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Роберт Кубіца – чэмпіён! А з ім Луі Дэлетраз і Е Іфэй. Але 4 гадзіны Спа запомніліся не толькі гэтым

Роберт Кубіца – чэмпіён! А з ім Луі Дэлетраз і Е Іфэй. Але 4 гадзіны Спа запомніліся не толькі гэтым

Нарэшце пасля ўсіх выпрабаванняў лёсу Роберт Кубіца стаў чэмпіёнам. Хай пакуль што толькі ў Еўрапейскай серыі Ле Ман і не адзін, а разам са сваімі партнёрамі па экіпажу каманды Orlen Team WRT Луі Дэлетразам і Е Іфэем, але і гэты тытул прэстыжны. Ды і гонка 4 гадзіны Спа выйшла цікавай у цэлым.

23 сентября 2021, 20:33
Роберт Кубіца – чэмпіён! А з ім Луі Дэлетраз і Е Іфэй. Але 4 гадзіны Спа запомніліся не толькі гэтым

Нарэшце пасля ўсіх выпрабаванняў лёсу Роберт Кубіца стаў чэмпіёнам. Хай пакуль што толькі ў Еўрапейскай серыі Ле Ман і не адзін, а разам са сваімі партнёрамі па экіпажу каманды Orlen Team WRT Луі Дэлетразам і Е Іфэем, але і гэты тытул прэстыжны. Ды і гонка 4 гадзіны Спа выйшла цікавай у цэлым.

Страшэнная аварыя на ралі Рондзі ді Андора ў лютым 2011 года, у якой Роберт ледзь не загінуў, цяжкае вяртанне пасля яе ў гонкі, да слёз крыўдны сход з дыстанцыі на апошнім кругу нядаўняга марафону 24 гадзіны Ле Мана экіпажа, у якім Кубіца выступаў і які на той момант лідзіраваў у катэгорыі LM P2.

Аднак намаганні польскага гоншчыка нарэшце ўзнагароджаныя – ён са сваімі паплечнікамі па сорак першым экіпажы Orlen Team WRT у ELMS датэрмінова заваяваў чэмпіёнскі тытул у гэтым сезоне. А гэта, дарэчы, ёсць аўтаматычным пропускам на старт сутачнага марафону ў Ле Мане ў наступным годзе. Так што і на кальцы Сартэ Кубіца яшчэ атрымае шанцы адыграцца.

Што ж да яго з Дэлетразам і Іфэем перамогі ў Еўрапескай серыі Ле Ман, то яна стала вынікам выдатнай працы экіпажа і каманды па ходу бягучага сезону. Які, негледзячы на перамогі на этапах у Барселоне і Шпільбергу, нельга было назваць лёгкім для польска-швейцарска-кітайскага трыа. І напярэдадні гонкі ў Бельгіі яго чэмпіёнства не было гарантавана.

Напрыклад, перахапіць лідарства або хаця б адкласці вырашэнне пытання аб прыналежнасці чэмпіёнства да фіналу ў Парцімане магла каманда G-Drive Racing. У прыватнасці яе дваццаць шосты экіпаж у складзе Рамана Русінава, Франка Калапінта і Ніка дэ Фрыса. Для гэтага, праўда, ім трэба было як мінімум набраць шмат ачкоў, а вось з гэтым узніклі праблемы.

Стартавая пазіцыя ў гонках на цягавітасць вырашальнага значэння не мае, але ўсё роўна лепей каб яна была як можна вышэй. Стартуючы з першых шэрагаў, вы хаця б страхуецеся ад магчымага ўдзелу ў завалах, якія часам здараюцца напачатку гонак у першых паваротах. Такіх, асабліва, як La Source на трасе Спа-Франкаршам.

Вось у ім для Русінава, Калапінта і дэ Фрыса ўсё фактычна і скончылася на першых жа секундах гонкі 4 гадзіны Спа. Стартаваў дваццаць шосты экіпаж G-Drive Racing з сёмай пазіцыі, і таму ад пачатку знаходзіўся ў шчыльнай групе. І ў той самай «Крыніцы» Русінаў, які традыцыйна праводзіў стартавы адрэзак, не раз’ехаўся за Саліхам Ёлукам з трыццаць чацвёртага экіпажу Racing Team Turkey, у якім таксама выступаюць Чарлі Іствуд і Гары Цінкнэл.

Турак двойчы паддзеў расіяніна (не наўмысна, канечне), у выніку чаго «джы-драйваўскую» Oreca 07 развярнула. Прататып атрымаў пашкоджанні, Раман адправіўся ў боксы для хуткага рамонту, вярнуўся быў у гонку, але не праехаў пасля гэтага і аднаго цэлага круга, сышоўшы з дыстанцыі праз нейкія болей сур’ёзныя паломкі, атрыманыя ў стартавым інцыдэнце. Ну а трыццаць чацвёрты экіпаж пазней атрымаў за яго штрафны праезд па піт-лэйне.

Русінаў быў не адзіным, хто пераадольваў La Source з прыгодамі, таму ўжо на другім кругу на трасу быў выпушчаны аўтамабіль бяспекі. Што часткова дапамагло будучым пераможцам гонкі, якія стартавалі трэцімі, а цяпер апынуліся непасродна за поўл-сітэрамі – трыццаць сёмым экіпажам гоншчыкаў каманды Cool Racing Александрэ Куаньі, Нікаля Лап’ерам і Шарлем Мілесі. Проста дваццаць другі экіпаж United Autosports, у якім выступаюць Філ Хансан, Джонатана Абердэйн і Том Гамбл і які стартаваў другім, на першым жа кругу наведаць боксы для замены праколатай шыны задняга левага кола.

А пазней пра сябе яшчэ раз нагадаў Ёлук, які мусіў быў адбыць пакаранне за сутыкненне з Русінавым, але замест спачатку зляцеў з трасы паміж паваротамі Les Combes і Bruxelles, што прывяло да рэжыму жоўтых сцягоў па ўсёй трасе. Што было на руку калектыву Orlen Team WRT, таму што дзякуючы ўдалай папярэдняй тактыцы піт-стопаў на рэстарце іх экіпаж узначаліў гонку. Толькі далёка адарвацца ад пераследнікаў яму перашкодзіў Дыега Менчака з дваццаць чацвёртага экіпажу Algarve Pro Racing, у якім ён выступае разам з Фердынандам Габсбургам і Рычардам Брэдлі.

Мексіканец пад канец першай гадзіны зляцеў з трасы ў Les Combes пасля кантакту з прататыпам Ligier JS P320 малодшай катэгорыі LM P3 каманды RLR MSport, за стырном якога знаходзіўся Майкл Бэнам (ён выступае разам з Алексам Кападзіяй і Мальтэ Якабсэнам). У гравіі Менчака не захрас і здолеў вярнуцца на гоначнае палатно. Шкада толькі, што зрабіў ён гэта не дужа бяспечным чынам, і ззаду ў яго ўрэзалася Ferrari 488 GTE Evo пяцьдзясят пятага экіпажу каманды Spirit of Race, якой кіраваў Данкан Кэмеран. Перадаць машыну сваім партнёрам Мэцью Грыфіну і Дэвіду Перэлу брытанец не змог, бо сышоў з дыстанцыі разам з Менчакай, а на трасу ізноў выехаў аўтамабіль бяспекі.

Так што пасля рэстарту Кубіцы прыйшлося адбіваць атакі з боку Патрыка Піле з дваццаць восьмага экіпажу IDEC Sport, у якім таксама выступаюць Поль Лафарг і Поль-Люп Шатэн. Пасля чарговай хвалі піт-стопаў яны нават на кароткі час выйшлі ў лідары, але Іфэй, які змяніў Кубіцу ў какпіце іх машыны, хутка дагнаў экіпаж канкурэнтаў, абагнаў яго і пачаў адрывацца.

А ззаду тым часам бароліся паміж сабой і абганялі супернікаў будучыя срэбраныя і бронзавыя прызёры 4 гадзін Спа – трыццаты экіпаж Duqueine Team у складзе Трыстана Гамендзі, Рэнэ Біндэра і Мэма Рохаса і шсэцьдзесят пяты Panis Racing у складзе Жульена Каналя, Вільяма Сцівэнса і Джэймса Алена – пераможцаў папярэдняга этапу ў Монцы.

І калі першыя дабраліся да прызавой пазіцыі адносна лёгка, то другім за ніжнюю ступень подыуму давялося пазмагацца з трыццаць другім экіпажам United Autosports – Йобам ван Уітэртам, Нікаля Жамэнам і Мануэлем Мальданада. Вырашальным тут стаў абгон ван Уітэрта Сцівэнсам на фінальнай гадзіне.

У малодшай катэгорыі прататыпаў пераможную серыю, што доўжыцца з этапу ў Ле Кастэле, атрымаў чацвёрты экіпаж каманды DKR Engineering. У Францыі разам з Лорэнцам Хёрам выступаў Жан-Філіп Дайро, а пачынаючы з Італіі пару немцу складае Мацьё дэ Барбуа, які, аднак, слабым звяном дакладна не з’яўляецца.

Вось і ў Спа чацвёрты экіпаж і з поўлу стартаваў, і гонку правёў моцна. Толькі што на старце ў згаданым завале ў La Source, ледзь пазбегшы ўдзелу ў ім, нямецка-французскі дуэт страціў дзве пазіцыі, аднак затым вярнуў сабе лідарства і эфектыўна абараняўся ад супернікаў.

У тым ліку ад дзевятнаццатага экіпажу Cool Racing – Нікаля Маліні, Мэцью Бэла і Нікласа Круэтэна. Апошняга з іх Хёру нават давялося абагнаць на сярэдзіне дыстанцыі на прамой Kemmel і вярнуць сабе першую пазіцыю пасля чарговага піт-стопу. Гоншчыкі Cool Racing у выніку занялі другое месца, а замкнуў першую тройку другі экіпаж United Autosports – Уэйн Бойд, Роберт Уэлдан і Эдуард Кагоп.

У кузаўной катэгорыі LM GTE другую пасля гонкі на Рэд Бул Рынгу перамогу ў сезоне атрымаў восемдзесят восьмы экіпаж AF Corse ў складзе Франсуа Перадо, Эмануэля Калара і Алесіа Равэры. Ім таксама часткова дапамог стартавы хаос, бо праз яго сваю першую пазіцыю, здабытую ў кваліфікацыі, страціў дзевяноста трэці экіпаж Proton Competition, у якім выступаюць Майкл Фасбэндэр, Феліпэ Лазэр і Рыхард Літц. Іх Porsche 911 RSR пашкоджаны не быў, і чацвёртымі яны ўсё ж фінішавалі.

Будучыя ж пераможцы стартавалі трэцімі, і ў гонцы супрацьстаялі гоншчыкам і гоншчыцам Iron Lynx. Да гонару Рахель Фрей, Сары Баві і Мішэль Гацінг з восемдзесят трэцяга экіпажу гэтай каманды, поўнасцю дзявочага, як можна здагадацца, за пазіцыі яны біліся рашуча і проста так іх нікому не саступалі.

У прыватнасці, Рахель на апошніх хвілінах прыгожа абагнала Лазэра, чым прынесла свайму экіпажу трэцяе месца. Другое ж занялі нашмат болей дасведчаныя партнёры дзяўчат з васьмідзясятага экіпажу – Матэа Крэсоні, Рына Мастранардзі і Мігель Маліна.

Вяртаючыся ж да Кубіцы, Дэлетраза і Іфэя, варта адзначыць, што, атрымаўшы перамогу ў Спа, яны забяспечылі не толькі ўласнае чэмпіёнства ў ELMS, але і перамогу ў ім сваёй каманды Orlen Team WRT у адпаведным заліку. Колькасць ачкоў, зрэшты, тут супадае – іх роўна 100 і ў пілотаў, і ў калектыву. G-Drive Racing і Русінаў з Калапінта займаюць другую пазіцыю з 64 баламі, і цяпер мусяць абараняцца ад Panis Racing і Каналя са Сцівэнсам, якія, займаючы трэці радок, адстаюць усяго на паўтары ачкі. Ім, зрэшты, мікраскапічную палову балу саступаюць United Autosports і Хансан, Абердэйн і Гамбл.

У LM P3 усё вырашыцца на фінальным этапе ў Парцімане. Cool Racing і Бэл, Маліні і Круэтэн пакуль што захоўваюць лідарства, маючы 98 балаў, але DKR Engineering і Хёр, якія займаюць другую пазіцыю, адстаюць цяпер толькі на пяць ачкоў. United Autosports і Уэлдан, Бойд і Кагоп падняліся на трэці радок, але адстаюць моцна – у іх 56,6 бала.

Iron Lynx з Крэсоні, Мастранардзі і Малінай узначальваюць турнірную табліцу ў LM GTE, маючы 101 ачко, аднак магчымая няўдача ў Партугаліі можа дорага ім абысціся – Перадо, Калар і Равэра, падняўшыся на другую пазіцыю, адстаюць на дваццаць балаў. Хоць і ім належыць адстойваць здабытае ў спаборніцтве са Spirit of Race і Перэлам з Кэмеранам, якія апусціліся на трэці радок і маюць 77 ачкоў.

Фінальная гонка Еўрапейскай серыі Ле Ман на аўтадроме Альгарвэ ў Парцімане адбудзецца роўна праз месяц – 24 кастрычніка. А напярэдадні этапу ў Спа была апублікаваная папярэдняя версія календара ELMS на наступны год. Сезон складзецца з шасці этапаў, пачнецца ў красавіку ў Ле Кастэле, а скончыцца ізноў у кастрычніку ў Парцімане. Пры гэтым Монца і Шпільберг у 2022-м замененыя Імалай і Хунгарарынгам.

Другие посты блога

Все посты