Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Правільны дождж і няправільнае рашэнне Норыса. Што яшчэ дапамагло Хэмілтану атрымаць сотую перамогу ў Формуле-1?

Правільны дождж і няправільнае рашэнне Норыса. Што яшчэ дапамагло Хэмілтану атрымаць сотую перамогу ў Формуле-1?

На Гран Пры Расіі ў Сочы Ланда Норыс падарыў сяміразоваму і дзейснаму чэмпіёну Льюісу Хэмілтану яго юбілейную сотую перамогу. Хаця пілот Mercedes, хутчэй за ўсё, атрымаў бы яе і сам.

27 сентября 2021, 18:41
Правільны дождж і няправільнае рашэнне Норыса. Што яшчэ дапамагло Хэмілтану атрымаць сотую перамогу ў Формуле-1?

Фота: formula1.com

На Гран Пры Расіі ў Сочы Ланда Норыс падарыў сяміразоваму і дзейснаму чэмпіёну Льюісу Хэмілтану яго юбілейную сотую перамогу. Хаця пілот Mercedes, хутчэй за ўсё, атрымаў бы яе і сам.

Маладосць і гарачыня супраць досведу і сталага халоднага як надвор’е ў Краснадарскім краі ў мінулыя выхадныя разліку. Першае перамагло б, калі б гонка цалкам была сухой, але не вытрывала іспыт дажджом на апошніх кругах. Такім апісаннем і можна было б абмежавацца, калі б не некаторыя цікавыя акалічнасці і героі другога плану.

Першым і галоўным, канечне, быў Макс Ферстапен. Пакараны стратай трох пазіцый за сутыкненне з Хэмілтанам у Монцы, малады нідэрландскі гоншчык Red Bull у Сочы ўвогуле стартаваў апошнім. Перад расійскім уік-эндам ён атрымаў ужо чацвёртыя рухавік унутранага згарання, турбіну, абодва матор-генератары (кінетычны і цеплавы), назапашвальнік энергіі, блок электронікі і выхлапную сістэму, перабраўшы гадавы ліміт. Таму і ў кваліфікацыі Макс наўмысна не стаў змагацца за праход нават у другі сегмент.

Аднак, улічваючы форму Red Bull у гэтым сезоне, ніхто не сумняваўся, што як мінімум у ачкі Ферстапен заедзе, тым больш што абганяць на сочынскай трасе ён умее. І на старце Макс быў у ліку тых, за кім сачылі асабліва ўважліва. Але не галоўным! І нават Хэмілтан галоўным не быў, таму што кваліфікаваўся толькі чацвёртым, чаму паспрыяла надвор’е.

Дождж. Ад гэтага слова пасля таго, што мы месяц таму бачылі ў Спа, у кожнага прыхільніка гонак ва ўсім свеце яшчэ доўга будзе тузацца павека. Пры гэтым у Бельгіі дождж быў не сказаць каб надта моцным, ён проста быў працяглым. А вось Сочы ў суботу ледзь не падзялілі лёс з вёскай Гадзюкіна з вядомай гумарэскі.

Ліло моцна і доўга, праз што арганізатары Гран Пры Расіі вымушаныя былі адмяніць трэцюю трэніроўку Формулы-1 і перанесці на вечар заезды Формулы-2 і Формулы-3. Пад пытаннем было і правядзенне кваліфікацыі Формулы-1 у суботу і гонкі ў нядзелю. Аднак да трох гадзін па мясцовым часе дождж спыніўся, і сесія нават пачалася без адкладанняў.

Траса, зрэшты, усё роўна заставалася сырой, таму амаль усю кваліфікацыю пілоты правялі на прамежкавых шынах. І толькі ў фінале траекторыя прасохла дастаткова, каб можна было паспрабаваць выехаць на сліках. Што у выніку ўсе і зрабілі, толькі не ўсім гэта дапамагло. Хэмілтан дык нарабіў зашмат памылак: спачатку заламаў пярэдняе антыкрыло на ўездзе на піт-лэйн, затым запароў вырашальны круг, не здолеўшы прагрэць гуму і дапусціўшы разварот…

Карацей, толькі чацвёрты вынік, як я адзначыў вышэй. Ды і цяперашні напарнік Льюіса Валтары Ботас не бліснуў, кваліфікаваўшыся толькі сёмым. Сенсацыю ж на траіх зладзілі Ланда Норыс, Карлас Сайнс і будучы напарнік Хэмілтана – Джордж Расэл. Усе яны перайшлі на слікі першымі або аднымі з першых, дзякуючы чаму паспелі прагрэць шыны і праехаць круг дастаткова хутка.

У выніку гоншчык McLaren заваяваў свой першы ў кар’еры поўл, а іспанец з Ferrari нечакана раздзяліў з ім першы стартавы шэраг. Расэл апынуўся на другім перад сваім зорным суайчыннікам, і ўсё гэта ў цэлым абяцала цікавейшую гонку на наступны дзень. Старт яе, па прагнозу, мусіў быць сухім, і быў такім, але верагоднасць дажджу захоўвалася.

Нябесная канцылярыя ўсё па выніку і вырашыла. Аднак гэты дождж быў правільны – пачаўся на апошніх кругах і быў хай і дастаткова моцным, але гонку працягваць дазваляў. Норыс, які на старце прапусціў Сайнса, а на чатырнаццатым кругу вярнуў сабе першую пазіцыю, займаў яе і да сорак шостага круга, калі на трасу пачалі падаць першыя кроплі.

Ланда, як і Хэмілтан, свой меркаваны апошні адрэзак праводзіў на шынах Hard (кампаўнду C3), але ў тэмпе суайчынніку з Mercedes саступаў. Льюіс ужо ва ўсю выпрабоўваў абарону пілота McLaren, але той выстаяў. І вырашыў ісці да канца нават калі Льюіс накіраваўся на піт-лэйн з прамежкавай гумай.

Груба адмаўляючы свайму гоначнаму інжынеру, Ланда ўпарта не зварочваў у боксы, хоць утрымаць балід на трасе рабілася ўсё меней магчыма. І толькі на пяцьдзесят першым кругу, калі Норыс пачаў ехаць міма кожнага павароту, ён вырашыў усё ж такі паслухацца каманду і адправіўся пераабувацца. Дзіўна нават, што яму ўдалася ўтрымацца ў першай дзясятцы і фінішаваць сёмым.

Ну а Хэмілтану ўжо нішто не перашкодзіла атрымаць яго сотую перамогу ў кар’еры ў Вялікіх Прызах. Гонку ў Сочы ён правёў амаль узорнапаказальна, хіба што на фінішы страціў дзве пазіцыі, аднак удалая стратэгія дазволіла яму не проста мінімізаваць страты, а ўключыцца ў барацьбу за перамогу пасля піт-стопу на дваццаць сёмым кругу. На якім, дарэчы, боксы наведаў і Ферстапен. Макс яшчэ на сёмым кругу пакінуў ззаду Ботаса, які таксама стартаваў з глыбіні пелатона за замену элементаў сілавой устаноўкі. Разлік Тота Вольфа чытаўся выразна: фін павінен быў стрымаць канкурэнта з Red Bull. Але не стрымаў, і у нейкі момант Ферстапен ужо пачаў бачыць Хэмілтана перад сабой.

Тым болей дзіўна, што пасля піт-стопу, на якім Ферстапену замест жорсткіх, на якіх ён стартаваў, паставілі шыны Medium, яго тэмп адносна Хэмілтана запаволіўся. Да шостай пазіцыі нідэрландзец дабраўся (тады як брытанец прабіўся ў першую тройку), ды толькі на трыццаць восьмым кругу яго апярэдзіў Фернанда Алонса, а Макс затым пачаў адставаць ад двухразовага чэмпіёна з Alpine!

Так што дождж і пілоту Red Bull аказаўся на руку. У камандзе выбралі ўдалы момант для піт-стопу Макса на сорак сёмым кругу, што дазволіла яму падняцца на другую пазіцыю пасля таго, як боксы наведалі ўсе астатнія ўдзельнікі гонкі. А вось яго напарніку Серхіа Перэсу не пашанцавала – яго турбацыі на апошніх кругах адкінулі на дзявятае месца, тады як да гэтага мексіканец быў прабіўся на трэцюю пазіцыю.

Ачкоў аўстрыйская каманда рыхтавалася атрымаць болей, чым Mercedes, таму што Ботас пасля свайго піт-стопу апынуўся ў сярэдзіне другой дзясяткі і надоўга там захрас. Аднак далейшыя падзеі вывялі Валтары на пятае месца. Хэмілтану жа з Ферстапенам кампанію на подыуме склаў Сайнс.

Для Карласа гонка ў пэўны момант таксама выглядала сапсаванай, і гэта ён некаторы час займаў пятую пазіцыю. Але на прамежкавыя шыны іспанец перайшоў своечасова, у адрозненні ад свайго напарніка па Ferrari Шарля Леклера, які на фінальных кругах на мокрай трасе пакутаваў на сліках і фінішаваў толькі пятнаццатым.

Па выніках Гран Пры Расіі Хэмілтан ізноў апярэдзіў Ферстапена ў чэмпіянаце, узначаліўшы яго з 246,5 ачка. Што, зрэшты, усяго на два болей, чым у Макса. Ботас, у якога 151 бал, па-ранейшаму трэці. Затое Mercedes моцна адарваўся ад Red Bull у Кубку канструктараў – 397,5 ачка супраць 364,5. Камандзе McLaren тут на трэцяй пазіцыі адносна камфортна – яна мае 234 ачкі (дзякуючы ў тым ліку Даніэлю Рыкарда, які ўчора фінішаваў чацвёртым), тады як у Ferrari іх 216,5.

Час падводзіць вынікі, аднак, усё роўна яшчэ не надышоў – да канца сезону яшчэ сем гонак, і на кожнай падзеі могуць прыняць самы нечаканы абарот. У тым ліку на трасе Істанбул Парк, дзе праз два тыдні, 8-10 кастрычніка, і пройдзе наступны этап – Гран Пры Турцыі. Мінулагодні, калі хто забыўся, як раз быў дажджавым, так што нябесныя сюрпрызы магчымыя. Абы толькі іх доза была правільнай – як учора ў Сочы.

Другие посты блога

Все посты