Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Адрыў Разгітліоглу і абарванае жыццё Дзіна Берты Віньялеса. Мінулы мотаўікэнд стаў чорным…

Адрыў Разгітліоглу і абарванае жыццё Дзіна Берты Віньялеса. Мінулы мотаўікэнд стаў чорным…

У мінулую суботу мотагонкі забралі яшчэ адно жыццё – на этапе сусветнага Супербайка ў Херэсе ў аварыі загінуў юны іспанскі гоншчык Дзін Берта Віньялес. Таму ўсім было крыху не да таго, што Топрак Разгітліоглу замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце.

28 сентября 2021, 16:45
Адрыў Разгітліоглу і абарванае жыццё Дзіна Берты Віньялеса. Мінулы мотаўікэнд стаў чорным…

Фота: worldsbk.com

У мінулую суботу мотагонкі забралі яшчэ адно жыццё – на этапе сусветнага Супербайка ў Херэсе ў аварыі загінуў юны іспанскі гоншчык Дзін Берта Віньялес. Таму ўсім было крыху не да таго, што Топрак Разгітліоглу замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце.

Трагедыя здарылася ў гонцы самай малодшай катэгорыі WSBK – Supersport 300. У выніку інцыдэнту з удзелам некалькіх гоншчыкаў у другім павароце на адзінаццатым кругу Дзін Берта Віньялес (стрыечны брат гоншчыка MotoGP Маверыка Віньялеса) атрымаў траўмы грудзі, ад якіх пазней памёр у медычным цэнтры трасы імя Анхеля Ніета.

Гэта ўжо трэці смяротны выпадак у мотагонках высокага ўзроўню ў гэтым годзе. Спачатку ў канцы мая на італьянскім этапе MotoGP у Муджэла у аварыі загінуў швейцарац Джэйсан Дзюпаск’е, затым у ліпені ўжо ў Іспаніі на трасе Мотарлэнд Арагон ахвярай масавага інцыдэнту ў гонцы серыі FIM CEV Repsol стаў Уга Мільян, а цяпер вось не стала і Дзіна Берты…

«Гоначная псіхапатыя» смуткуе разам з усім аўта- і мотаспартыўным светам і зычыць мужнасці родным і блізкім Дзіна Берты, а таксама яго балельшчыкам. А таксама нагадвае ўсім, што мотагонкі смяротна небяспечныя, а таму заклікае Міжнародную мотафедэрацыю зрабіць усё магчымае, каб такія трагедыі больш не паўтараліся.

Праз гэты страшэнны выпадак фармат мінулага ўік-энду сусветнага Супербайка ў Херэсе быў зменены. Усе гоначныя актыўнасці, якія мусілі адбыцца ў суботу следам за гонкай Supersport 300, былі адмененыя. Дакладней, у выпадку з галоўным класам WorldSBK, які сваю кваліфікацыю правесці паспеў, адменены быў ранішні нядзельны спрынт-суперпоўл. Замест яго прайшла першая гонка, якая звычайна праводзіцца ў суботу.

Пачалася нядзеля з жалобнай цырымоніі і хвіліны маўчання ў гонар Дзіна Берты Віньялеса, у якой узялі ўдзел усе гоншчыкі чэмпіянату і прадстаўнікі каманд ва ўсіх класах. Ну а галоўны з іх затым правёў два сваіх заезды. Абодва сабе ў актыў занёс прадстаўнік Pata Yamaha with Brixx WorldSBK Топрак Разгітліоглу.

Падмуркам поспеху турэцкага гоншчыка стаў поўл, што ён здабыў у суботу. Праўда, пабароцца са сваім галоўным канкурэнтам з Kawasaki Racing Team WorldSBK Джонатанам Рэем – шасціразовым і пакуль што дзейсным чэмпіёнам – Топраку ўсё ж такі давялося. Але – толькі ў першай гонцы. Брытанец пасля кароткай сутычкі перахапіў у яго лідарства на першым кругу ў восьмым павароце. Аднак турак ад яго не адстаў, і ўвесь час трымаўся побач.

Першую спробу контратакі Разгітліоглу распачаў на сёмым кругу, паспрабаваўшы «ператармазіць» Рэя перад шпількай шостага павароту. На выхадзе паміж гоншчыкамі нават здарыўся невялічкі кантакт, які, зрэшты, не прывёў да падзення кагосьці з іх. Нават свае пазіцыі абодва захавалі. Аднак да іх наблізіліся напарнік Разгітліоглу па камандзе Андрэа Лакатэлі, а таксама выканаўца ролі другога плану ў гэтым сезоне – гоншчык Aruba.it Racing-Ducati Скот Рэдзінг.

Разгітліоглу з Рэем жа працягнулі сваю дуэль, якая скончылася на карысць першага з іх. У самым пачатку чатырнаццатага круга на тармажэнні перад першым паваротам Топрак абагнаў Джонатана, і наступныя сем кругоў паспяхова абараняўся ад контратак з боку брытанца, атрымаўшы чарговую перамогу.

Рэй заняў другое месца, а трэцім фінішаваў Рэдзінг, які на апошнім кругу заламаў супраціў Лакатэлі ў пятым павароце. Скот такім чынам крыху адыграўся за свайго напарніка Міхаэля Рубэна Рынальдзі, які ў пачатку гонкі сам быў у групе лідараў, але на пятым кругу ўпаў у трэцім павароце і сышоў з дыстанцыі. На шчасце, гэта падзенне было на малой хуткасці, і да траўм не прывяло.

У другой гонцы галоўным раздражняльнікам Разгітліоглу быў ужо не Рэй, а як раз Рэдзінг. Стартаваў завадскі гоншчык Ducati, як і ў першым заездзе, не лепшым чынам, аднак ужо на першым кругу прарваўся на трэцюю пазіцыю, абагнаўшы ў тым ліку і Рэя, у якога ад пачатку гонка не заладзілася. Джонатан усю першую палову дыстанцыі губляў пазіцыі, і фінішаваў у выніку толькі пятым.

З тых, хто яго абагнаў раней, Рэй пакінуў ззаду толькі Рынальдзі. Італьянец нейкі час займаў другую пазіцыю, але на шостым кругу ў трынаццатым павароце яго абагнаў Рэдзінг. А затым ужо ў Міхаэля Рубэна ўпаў тэмп, і губляць пазіцыі пачаў ён. Рэдзінг жа, наблізіўшыся да Разгітліоглу, доўгі час ціснуў на яго, а на сямнаццатым кругу нават здзейсніў удалы абгон. Але на васямнаццатым памыліўся ў апошнім павароце, чым адразу скарыстаўся Топрак, вярнуўшы сабе лідарства.

Скот у сваю чаргу не здаўся, і два апошнія кругі гоншчык Ямахі быў пад уціскам з яго боку. Аднак турак ізноў адбіў усе атакі і ў другі раз за ўік-энд падняўся на вяршыню подыуму. Рэдзінг заняў другое месца, а трэцяе дасталася завадскому гоншчыку Хонды Альвара Баўцісце, які ў наступным годзе і заменіць Скота ў Ducati.

Ну а галоўным вынікам этапу сусветнага Супербайка ў Херэсе стала замацаванае лідарства Разгітліоглу ў чэмпіянаце. Ён мае 449 ачкоў і на 20 апярэджвае Рэя. Рэдзінг замыкае з 375 баламі.

Серыя WSBK нарэшце развітваецца з Іспаніяй. Свой наступны этап яна ўжо ў бліжэйшы ўік-энд правядзе ў партугальскім Парцімане.

Другие посты блога

Все посты