Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Правал чэмпіёнаў, трыумф Штольца і Энгеля і іншыя падзеі валенсійскага этапу серыі GT World Challenge Europe

Правал чэмпіёнаў, трыумф Штольца і Энгеля і іншыя падзеі валенсійскага этапу серыі GT World Challenge Europe

Для новых чэмпіёнаў Кубку Sprint серыі GT World Challenge Europe Шарля Вітса і Дрыса Вантора этап у Валенсіі склаўся катастрафічна, прычым у тым ліку па віне аднаго з іх. А вось Луке Штольцу і Мара Энгелю няма на што наракаць – яны перамаглі ў абедзвюх гонках.

29 сентября 2021, 17:02
Правал чэмпіёнаў, трыумф Штольца і Энгеля і іншыя падзеі валенсійскага этапу серыі GT World Challenge Europe

Для новых чэмпіёнаў Кубку Sprint серыі GT World Challenge Europe Шарля Вітса і Дрыса Вантора этап у Валенсіі склаўся катастрафічна, прычым у тым ліку па віне аднаго з іх. А вось Луке Штольцу і Мара Энгелю няма на што наракаць – яны перамаглі ў абедзвюх гонках.

Здавалася б, выйгралі тытул – можна і супакоіцца. Але гэта ізноў жа калі карыстацца логікай звычайнага чалавека. А Віртс і Вантор – гоншчыкі высокага ўзроўню, і калі яны апынаюцца ззаду сваіх канкурэнтаў, то абавязкова спрабуюць іх абагнаць пры першай жа магчымасці. Канечне, не заўсёды атрымліваецца зрабіць гэта паспяхова і беспамылкова.

Абганяць гоншчыкам трыццаць другога экіпажу Team WRT у мінулую нядзелю (абодва заезды прайшлі ў адзін дзень) было каго. Кваліфікаваліся бельгійцы толькі восьмымі, што, аднак, не сведчыла аб тым, што ім бракавала хуткасці. Проста шчыльнасць вынікаў у кваліфікацыі была такой, што ў адной секундзе ўмясціліся шаснаццаць экіпажаў!

Поўл, дарэчы, як і ў Брэндс-Хэтчы, заваяваў трыццаць восьмы экіпаж каманды Jota – Бэн Барнікот і Олівер Уілкінсан. Толькі першымі ж і фінішаваць ім зноў не было наканавана. І зноў у выніку кантакту з аўтамабілем супернікаў! На гэты раз усё абышлося без вылетаў за агароджу – зоны бяспекі на трасе імя Рыкарда Торма шырокія – але меней крыўдна ад гэтага не было.

Лідарства ў гонцы брытанцы саступілі будучым пераможцам, якія стартавалі другімі, яшчэ на піт-стопе. А крыху болей чым за дванаццаць хвілін да сканчэння часу першай гонцы яны страцілі шмат пазіцый праз кантакт з Lamborghini Huracan GT3 Evo чатырнаццатага экіпажу Emil Frey Racing (машына Рыкарда Фелера і Алекса Фантаны), які іх не надта акуратна атакаваў.

У выніку Барнікот і Уілкінсан фінішавалі дваццаць другімі і апошнімі. Фантана з Фелерам, праўда, скончылі гонку паблізу – на сямнаццатым месцы. Іх аўтамабіль таксама крутанула, пасля чаго ён нават апынуўся за межамі трасы, аднак не захрас там. McLaren 720S GT3 Барнікота з Уілкінсанам пры гэтым застаўся на гоначным палатне, але Олівер, які ў той момант быў за стырном, не адразу змог вярнуцца ў гонку.

Ну а Віртс, які ў сваім экіпажы пачынаў заезд, ужо праз васямнаццаць гадзін прыкладна ў тым жа месцы, дзе потым сутыкнуліся McLaren каманды Jota і Lamborghini каманды Emil Frey Racing, паспрабаваў атакаваць сто сёмую Bentley Continental GT3 калектыву CMR. Ёй на той момант кіраваў Уліс дэ По, з якім какпіт дзяліў П’ер Александр Жан і які пацярпеў болей за свайго крыўдніка. Яго аўтамабіль захрас заднімі коламі ў гравіі, тады як Audi R8 LMS GT3 Віртса паехаў далей.

Канечне, экіпаж Team WRT пазней быў прызнаны вінаватым у гэтым інцыдэнце і атрымаў штрафны праезд па піт-лэйне (класіфікаваны ён быў у выніку шаснаццатым), але дэ По з Жанам лягчэй ад гэтага не было. Хіба што лёс дадаткова адыграўся на Віртсы і Ванторы ў другой гонцы, дзе яны сышлі з дыстанцыі пасля ўдзелу ў масавым сутыкненні ў самым пачатку.

Што ж да трыумфатараў этапу ў Валенсіі з шостага экіпажу каманды Toksport WRT, то яны ў першай гонцы проста ўсё зрабілі правільна, не дапусціўшы памылак. Кампанію на подыуме ім склалі Леа Русэль і Крыстафер Хаас з дваццаць пятага экіпажу каманды Sainteloc Racing, а таксама Цімур Багуслаўскі і Рафаэле Марчэла з восемдзесят восьмага экіпажу Akka ASP.

У другой жа гонцы Штольцу з Энгелем нават прарывацца не прыйшлося – яны стартавалі з поўлу. Так што той самы інцыдэнт з удзелам машыны Віртса і Вантора і яшчэ трох, у тым ліку сто чатырнаццатай Lamborghini Emil Frey Racing, іх дакладна не тычыўся. Ну а добры тэмп іх Mercedes-AMG GT3 і ўдалы піт-стоп прывялі іх да другой за ўік-энд перамогі.

На подыуме, праўда, побач з імі былі ўжо іншыя іх супернікі, бо Багуслаўскі з Марчэла, напрыклад, кваліфікаваліся дрэнна, стартавалі дваццаць трэцімі, а фінішавалі васямнаццатымі. Затое за іх адпомсцілі іх калегі па калектыву з восемдзесят дзявятага экіпажу – Пэтру Разван Умбрарэску і Жуль Гунон, якія фінішавалі другімі. Трэцяе месца занялі Норберт Зідлер і Альберт Коста са сто шэсцьдзесят трэцяга экіпажу Emil Frey Racing.

Лука Штольц і Мара Энгель дзякуючы двайной перамозе ў Валенсіі падняліся на трэцюю пазіцыю ў асабістым зводным заліку серыі GT World Challenge Europe, дзе ў іх 110 ачкоў. Пры гэтым Марчэла, які пакуль што застаўся на другім радку, апярэджвае іх толькі на пяць з паловай. Лідзіруюць жа Віртс з Ванторам, у якіх 167,5 бала – амаль што ў кішэні ў іх і чэмпіёнства ва ўсёй серыі. Ды і ў Team WRT усё вельмі нядрэнна – яна лідзіруе ў камандным заліку, маючы 192,5 ачкі. Akka ASP па-ранейшаму на другой пазіцыі, а Emil Frey Racing на трэцяй – у іх 158 і 131 бал адпаведна.

Наступны этап GT World Challenge Europe будзе і апошнім у гэтым сезоне. Ён пройдзе – ужо ў фармаце Endurance – 8-10 кастрычніка ў Барселоне.

Другие посты блога

Все посты