Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вось бы так у MotoGP! Гонкі сусветнага Супербайка ў Парцімане прайшлі ледзь не па ўсіх магчымых сцэнарыях

Вось бы так у MotoGP! Гонкі сусветнага Супербайка ў Парцімане прайшлі ледзь не па ўсіх магчымых сцэнарыях

Апошні ў гэтым годзе еўрапейскі этап WSBK стаў яшчэ адным люстэркам усяго сезону: розныя пераможцы ва ўсіх трох заездах, у тым ліку нечаканыя, трыумфы і падзенні ў кожнага з фаварытаў і адкрытае пытанне аб чэмпіёнстве. Тытул па-ранейшаму можа дастацца і Джонатану Рэю, і Топраку Разгатліоглу.

7 октября 2021, 21:22
Вось бы так у MotoGP! Гонкі сусветнага Супербайка ў Парцімане прайшлі ледзь не па ўсіх магчымых сцэнарыях

Фота: worldsbk.com

Апошні ў гэтым годзе еўрапейскі этап WSBK стаў яшчэ адным люстэркам усяго сезону: розныя пераможцы ва ўсіх трох заездах, у тым ліку нечаканыя, трыумфы і падзенні ў кожнага з фаварытаў і адкрытае пытанне аб чэмпіёнстве. Тытул па-ранейшаму можа дастацца і Джонатану Рэю, і Топраку Разгатліоглу.

Па-першае, прашу прабачэння ў сваіх чытачоў і, калі сярод іх ёсць турэцкі гоншчык каманды Pata Yamaha with Brixx WorldSBK, у яго таксама за тое, што дагэтуль пісаў яго прозвішча няправільна, з літарай «і», а не «а» у другім складзе. Хоць ва ўсіх афіцыйных дакументах і ў сацсетках Топрака яно напісанае ясна. Выпраўляюся і ў які ўжо раз абяцаю быць уважлівей.

Хоць калі глядзіш гонкі гэтага сезону сусветнага Супербайка, то на правапіс імён і прозвішчаў увагі амаль не звяртаеш. Упершыню за шмат гадоў Джонатан Рэй сустрэў такога суперніка, які захоўвае ўціск на яго ад старту і амаль што да канца. І не проста захоўвае гэты ўціск, але і абганяе шасціразовага і дзейснага чэмпіёна з Kawasaki Racing Team WorldSBK у чэмпіянаце за два этапы да фінішу.

Лідарам Разгатліоглу прыехаў і ў Патругалію, дзе ў яго адразу стала ўсё атрымлівацца. У суботняй гонцы Топрак і стартаваў з першай пазіцыі, і фінішаваў на ёй. Рэй з усяе сілы спрабаваў яму перашкодзіць, і на першых кругах развязаў адчайную, часам кантактную барацьбу з канкурэнтам з Ямахі.

Гэтым, праўда, скарыстаўся быў Скот Рэдзінг з Aruba.it Racing-Ducati, які на чацвёртым кругу абагнаў суайчынніка і турка, захапіўшы лідарства. Рэй змог апынуцца перад Разгатліоглу, але ў самым пачатку пятага круга ў першым павароце прапусціў яго наперад, а ў канцы, у апошнім пятнаццатым павароце, датэрмінова скончыў гонку ў гравіі ў выніку падзення.

З дыстанцыі Джонатан, вядома, сышоў. Але галоўнай праблемай для яго была сітуацыя ў чэмпіянаце, якая ў выніку гэтага сходу рэзка ўскладнілася. Таму што Разгатліоглу, якому хапіла б другога месца, бліжэй да фінішу ўсё ж абагнаў Рэдзінга і перамог. Дарэчы, і Скот, заняўшы другое месца, недвухсэнсоўна абазначыў свае планы на віцэ-чэмпіёнства.

Трэцяе месца ў суботнім заездзе даволі нечакана заняў дасведчаны Лорыс Баз, які, аднак, толькі вярнуўся ў сусветны Супербайк (француз выступае ў камандзе Team GoEleven). Аднак яшчэ больш нечаканым быў выступ у ранішнім нядзельным суперпоўл-спрынце будучага напарніка Рэдзінга – гоншчыка завадской каманды BMW Motorrad WorldSBK Team Міхаэля ван дэр Марка, які і перамог.

Нідэрландцу, які стартаваў пятым, у значнай ступені дапамаглі складаныя надворныя ўмовы – траса была мокрай пасля дажджу. І Разгатліоглу на ёй быў ужо не такім канкурэнтаздольным, як на сухой у суботу. Прапусціўшы Рэдзінга на першых жа кругах, турак затым адкаціўся на пятую пазіцыю, на якой і фінішаваў.

Але ён хаця б фінішаваў, тады як у Рэя гэта ізноў не атрымалася – брытанец упаў у трынаццатым павароце на першым жа кругу! Другі запар сход мог стаць ва ўсіх сэнсах пераломным момантам у чэмпіянаце, але не стаў. Па-першае, Рэй пераломаў і ўвогуле сур’ёзных траўм ізноў пазбег, а па-другое…

Толькі перамога ван дэр Марка ўсё ж вартая, каб звярнуць на яе ўвагу. Калі на пятым кругу Міхаэль абагнаў Рэдзінга, то гоншчык на матацыкле BMW захапіў лідарства ў гонцы ўпершыню з першага заезду на этапе на аўстралійскім Філіп-Айлэндзе ў мінулым годзе. А перамогі баварская марка чакала ажно 2 994 дні – з другой гонцы на трасе Нюрбургрынг у 2013 годзе. Так што поспеху ван дэр Марка ў камандзе радаваліся шчыра, тым больш што ён стаў першым і для новай мадэлі M 1000 RR.

Свае турнірныя задачы, фінішаваўшы другім, выканаў і Рэдзінг – ён захаваў хаця б матэматычныя шанцы на тытул па выніках гэтага сезону. А Лорыс Баз усіх здзівіў яшчэ раз, зноў заняўшы трэцяе месца. Хоць сапраўдная сенсацыя ўік-энду ўсё роўна была яшчэ наперадзе.

Пачалося ўсё – ужо на ізноў сухой трасе – з уражлівага стартавага прарыву Рэя з дзясятай пазіцыі на другую. Пры гэтым брытанец абагнаў і Разгатліоглу, а наперадзе застаўся толькі Рэдзінг. На другім кругу ён прапусціў наперад абодвух сваіх пераследнікаў, а далей назіраў за іх сутычкай збоку.

А назіраць было за чым! Джонатан і Топрак некалькі разоў мяняліся пазіцыямі, пакуль гоншчык Kawasaki на сёмым кругу пасля чарговай контратакі ў адзінаццатым павароце не замацаваўся на лідарскай пазіцыі канчаткова. Разгатліоглу, вядома, не супакоіўся і працягнуў ціснуць на свайго галоўнага канкурэнта і пераследніка ў чэмпіянаце, але на дзясятым кругу у тым самым пятнаццатым павароце, дзе і Рэй напярэдадні, упаў ужо турак.

Гэта была не памылка гоншчыка Ямахі – ад пярэдняй часткі яго YZF R1 яўна аддзялілася нейкая дэталь. Так ці інакш, з барацьбы Разгатліоглу выбыў, тады як Рэй без асаблівых праблем перамог. Рэдзінг фінішаваў другім, а на ніжнюю ступень подыуму пасля спрэчкі з Базам падняўся ўжо не ён (Лорыс прыйшоў да фінішу чацвёртым), а напарнік Разгатліоглу Андрэа Лакатэлі.

 І пасля этапу сусветнага Супербайка ў Парцімане толькі і застаецца пашкадаваць, што ў MotoGP зараз амаль што ўсё вырашана. А лепей бы там было як тут – 24 ачкі паміж двума лідарамі чэмпіянату (478 у Разгатліоглу і 454 у Рэя) за два этапы да фінішу. Праўда, гонак пры гэтым застаецца шэсць, а не тры, як у MotoGP. Затое і ў Рэдзінга шанцы ўмяшацца ў спрэчку за чэмпіёнства не такія ўжо і матэматычныя – ён мае 424 балы.

Наступны і перадапошні этап WSBK пройдзе ўжо ў Аргенціне, на трасе ў Сан-Хуане 15-17 кастрычніка.

Другие посты блога

Все посты